ПУ́РВІТ, Пурвітыс (Purvīts, Purvītis) Вільгельмс (3.3.1872, хутар Яўжы, Латвія — 14.1.1945), латышскі жывапісец-пейзажыст. Акад. Пецярбургскай АМ (1913). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1890—97) у А.Куінджы. У 1909—16 дырэктар Рыжскай гар. маст. школы, у 1919—34 рэктар Латвійскай АМ у Рызе і кіраўнік яе пейзажнай майстэрні (1921—44). Творы вызначаюцца дэкаратыўнасцю кампазіцыйна-каларыстычных пабудоў, абагульненасцю вобраза прыроды і эмацыянальнасцю яе ўспрыняцця, часам інтэнсіўнасцю колеру: «Апошні снег» (1897—98), «Сакавіцкі вечар. Зімовы пейзаж» (каля 1901), «Пачатак вясны» (1900), «У садзе Віестура» (каля 1914), «Восень» (каля 1929), «Летні вечар», «Пейзаж са стагамі сена», «Калі абуджаецца бор» (усе 1936) і інш. Іл. гл. да арт. Латвія.
т. 13, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНДЖЫКЕ́НТ, Пенджыкент,
руіны стараж. сагдыйскага горада на паўд.-усх. ускраіне сучаснага г. П. (Таджыкістан). Інтэнсіўнае жыццё тут адбывалася ў 6 — сярэдзіне 8 ст. У 1-й чвэрці 8 ст. горад разбураны арабамі. У час археал. раскопак (з 1946) выяўлены сеткі вуліц, пабудовы ў выглядзе храмаў даісламскага часу, жылыя будынкі, рамесныя майстэрні і крамы; шматлікія помнікі выяўл. мастацтва, эпіграфікі (на сагдыйскай і араб. мовах), знойдзена некалькі тысяч бронзавых і сярэбраных манет (у т. л. мясц. чаканкі), манетныя скарбы, побытавыя рэчы з гліны, металаў і інш. Некропаль складаўся з невял. скляпоў (наусаў), куды ў асуарыях змяшчалі косці нябожчыкаў.
Літ.:
Скульптура и живопись древнего Пянджикента. М., 1959.
т. 13, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЕР (Гаўрыла Сямёнавіч) (6.4.1890, в. Пуцунтэй Аргееўскага р-на, Малдова — 7.3.1964),
бел. жывапісец. З 1905 вучыўся і працаваў у Мінску ў іканапіснай майстэрні П.Курбатава, у 1910—12 вучыўся ў Пецярбургу ў мастака С.Ягорава, скончыў там Школу т-ва заахвочвання мастацтваў (1916). У 1921 вярнуўся ў Мінск, працаваў дэкаратарам у т-ры «Чырвоная зала», выкладаў у чыг. тэхнікуме і інш. Аўтар твораў «Малады мастак» (1923), «Старое і новае» (1927), «Суботнік» (1932), «Маладыя спартсмены» (1934). Лепшыя творы гіст. жанру: «Курлоўскі расстрэл» (1924), «Лядовае пабоішча» (1938), «3 ліпеня 1944 года ў Мінску» (1945); з партрэтаў — «Змітрок Бядуля» (1924), «Сямейны партрэт» (1927), «Кандрат Крапіва» (1938) і інш.
Г.М.Ярмоленка.
т. 4, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТУ́НІЧЫ,
селішча і курганны могільнік канца 10 — пач. 13 ст. каля в. Аўтунічы Гараднянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна. У 1987—92 даследавана каля паловы плошчы селішча (больш за 15 тыс. м²) і ўвесь некропаль (64 насыпы). Асн. кірунак гасп. дзейнасці насельніцтва — здабыванне гліны і падрыхтоўка яе да ганчарнай вытв-сці, выраб і абпальванне посуду, лясны промысел, с.-г. работы. Выяўлены рэшткі 662 наземных і паглыбленых у зямлю пабудоў, у т. л. ганчарныя майстэрні, смалакурні, дзягцярні, шмат ганчарных горнаў, кар’еры для здабычы гліны і месцы захоўвання сыравіны. У большасці курганоў пахавальны абрад — трупапалажэнне ў падкурганных ямах, у 11 — на гарызонце, у 9 — кенатафы; інвентар традыцыйны для ўсх. славян: кераміка, скроневыя кольцы, бранзалеты і інш.
т. 2, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «СТРОМАЎТАЛІ́НІЯ», Гомельскі завод па вырабе абсталявання ў аўтаматычную лінію для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Засн. ў 1895 як рамонтна-мех. майстэрні «Рухавік» па рамонце лесапільных, маслабойных з-даў і млыноў. У 1920-я г. наз. «Рухавік рэвалюцыі», выпускаў с.-г. машыны. З 1930 спецыялізаваўся на рамонтных работах і вытв-сці запчастак для трактароў. У Вял. Айч. вайну эвакуіраваны ў г. Аткарск Саратаўскай вобл. Пасля аднаўлення ў Гомелі (1943—44) выпускаў тарфяныя машыны. З 1966 Гомельскі з-д тарфянога машынабудавання («Тарфмаш»). З 1983 сучасная назва. Асн. Прадукцыя (1997): абсталяванне і запчасткі для прадпрыемстваў прам-сці буд. матэрыялаў. Пастаўляе прадукцыю ў краіны СНД, супрацоўнічае з Фінляндыяй, Германіяй, Францыяй, Італіяй, Кубай, Сірыяй.
т. 5, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў-ВАНО́ (Іван Пятровіч) (8.2.1900, Масква — 25.3.19 87),
расійскі кінарэжысёр, мастак, сцэнарыст. Нар. арт. Расіі (1969), нар. арт. СССР (1985). Праф. Усесаюзнага ін-та кінематаграфіі (з 1952). Скончыў Вышэйшыя дзярж. маст.-тэхн. майстэрні (1923). Адзін з пачынальнікаў сав. мультыплікацыі. У мультыплікацыйным кіно з 1924. Сярод фільмаў: «Блэк энд Уайт» (1932, з Л.Амальрыкам), «Тры мушкецёры» (1938), «Мыйдадзір» (1939, 1954). Лепшыя фільмы — экранізацыі рус. нар. казак і твораў рус. класікі: «Канёк-Гарбунок» (1948, 1975), «Гусі-лебедзі» (1950), «Казка пра мёртвую царэўну і сем багатыроў» (1951), «Снягурка» (1952), «Дванаццаць месяцаў» (1956), «Ляўша» (1964), «Сеча пры Кержанцы» (1971), стэрэамультфільм «Чароўнае возера» (1979), «Казка пра цара Салтана» (1984, з Л.Мільчыным) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1970.
т. 7, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРО́Ў (Георгій Лаўрэнцьевіч) (10.1. 1896, в. Балахнята Сафонаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 24.5.1967),
расійскі і бел. архітэктар. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1926). Працаваў у Маскве, у 1928—34 у Мінску. Работы на Беларусі: гал. корпус і карпусы ф-таў БДУ (1928—31), клінічны гарадок (1931), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Беларуская політэхнічная акадэмія, лабараторны корпус і друкарня імя Ф.Скарыны Нац. АН Беларусі (1934) — усе ў Мінску, інтэрнат і навук. корпус Бел. с.-г. акадэміі ў г. Горкі Магілёўскай вобл. (1930—33), будынак кінатэатра ў Оршы (1932). Сярод інш. работ: кінастудыі ў г. Алматы, Ашгабаце, Бішкеку (1956—59, у сааўт.), кінатэатры ў Бухарэсце (1956), Сафіі (1958) і інш.
А.А.Воінаў.
т. 9, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НДЗЬЕЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура энеаліту (4—1-я пал. 3-га тыс. да н.э.) на тэр. Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі, Усх. Германіі і Зах. Украіны. Назва ад паселішча каля в. Лендзьель недалёка ад г. Печ у Венгрыі. Насельніцтва займалася матычным земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах, размешчаных на высокіх мысах каля рэк, у паўзямлянках з глінянымі печамі і гасп. ямамі. Вядомы майстэрні для вытв-сці крамянёвых прылад працы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы або трупаспаленне. Вырабляліся крамянёвыя, касцяныя і медныя прылады працы, прадметы побыту, упрыгожанні. Характэрны керамічныя амфары, чашы, міскі, келіхі, арнаментаваныя размалёўкай белага ці чорнага колеру, штампамі, разнымі ўзорамі Сустракаюцца гліняныя антрапаморфныя фігуркі і мадэлі жытлаў.
А.В.Іоў.
т. 9, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й А́ЗГУРА З.І. ў Мінску,
філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты ў 2000 у творчай майстэрні З.І.Азгура, пабудаванай у 1984 (арх. В.Аладаў). Пл. экспазіцыі каля 330 м². Экспанаты размешчаны ў скульптурным і мемар. залах, фарматорскай, мемар. кабінеце. У зборы музея: скульптура і мадэлі манум. твораў, створаных Азгурам пачынаючы з 1940-х г. (420 адзінак), больш за 30 твораў жывапісу Г.Азгур, Г. і Ю. Гарэлавых (яго жонкі і сваякоў), М.Бельскага, А.Волкава, Я.Зайцава, В.Казачэнкі, Л.Лейтмана, Т.Разінай, В.Цвіркі, А.Шыбнёва, падараваных скульптару, архіў фотаздымкаў, дакументаў, рукапісаў Азгура (2 тыс. адзінак). Музей мае лекцыйны і канферэнц-залы, бібліятэку.
А.Л.Багданава.
т. 10, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЙКЕ́НД,
сярэдневяковы горад на тэр. Узбекістана (яго руіны за 35 км на ПдЗ ад г. Бухара). Паселішча на месцы П. ўзнікла ў першыя ст. н.э.; у 5—7 ст. П. — буйны гандл -рамесны цэнтр. Найб. росквіту дасягнуў у 9—10 ст. У гэтыя часы займаў пл. каля 20 га; быў абкружаны сценамі з вежамі, складзенымі з цэглы-сырцу і гліняных блокаў (захаваліся ў зах. частцы). Унутры горада знаходзіліся цытадэль, культавыя і свецкія збудаванні, жытлы, майстэрні (пераважна ганчарныя). У наваколлі П. размяшчаліся замкі і ваен. фарты. У 11 ст. П. заняпаў; у пач. 12 ст. і ў 14—15 ст. часткова адрадзіўся. Археалагічна вывучаўся ў 1914, 1939—40, 1954—56.
т. 11, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)