МАГІЛЁЎСКІЯ ТЫТУНЁВЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ.
З тытунёвыя мануфактуры і 1 ф-ка, якія дзейнічалі ў Магілёве ў 1863—1914. Перапрацоўвалі тытунёвы ліст, які прывозілі з Бесарабіі, Крыма, Каўказа, Саратаўскай губ. Выраблялі махорку, тытунь усіх гатункаў, папяросы, цыгары. Мелі паравыя і вадзяныя рухавікі, чыгунныя станкі і інш. абсталяванне. На прадпрыемствах працавала ад 52 да 88 чал.
т. 9, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛІК-ШАХ, Малік-шах Абуль-Фатх Джалал-ад-дзін (жн. 1055 — ліст. 1092), правіцель (султан) Сельджукскай дзяржавы [1072—92]. Пры ім Сельджукская дзяржава дасягнула найб. магутнасці і ахоплівала тэрыторыю ад г. Кашгар ва Усх. Туркестане да Міжземнага м. Падпарадкаваў Караханідаў дзяржаву (1089). Спрыяў навукам і мастацтву, ажыццявіў рэформу календара. Пасля яго смерці дзяржава распалася.
т. 10, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТУЗ (Уладзімір Іванавіч) (18.2.1924, в. Бяланавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 5.9.1996),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Данскім, Паўд.-Зах., 2-м і 3-м Укр. франтах. Камандзір аддз. разведкі сяржант М. вызначыўся ў ліст. 1943 пры вызваленні Украіны, у жн. 1944 — Малдовы, у сак. 1945 — Венгрыі.
т. 10, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́НЦІМ,
ням. Аўшвіц, найбуйнейшы ням.-фаш. канцэнтрацыйны лагер і лагер смерці ў 2-ю сусв. вайну. Створаны ў 1940 каля г. Асвенцім (Польшча), у 1941—42 пашыраны. Пл. 500 га. Складаўся з трох лагерных комплексаў: асн. лагера, лагера смерці Біркенаў (польск. Бжазінка; існаваў у студз. 1942—ліст. 1944 на месцы пабудаванага ў кастр. 1941 лагера для ваеннапалонных) і лагера, што выкарыстоўваў працу вязняў на ваен. патрэбы Германіі. У ліст. 1942 — маі 1944 у Асвенцім былі вывезены каля 5700 вязняў з Гродна, Мінска і Віцебска. За гады вайны нацысты загубілі ў газавых камерах і спалілі ў 4 крэматорыях Асвенціма каля 1,5 млн. чал. амаль з усіх краін Еўропы і акупіраванай тэр. СССР. У Асвенціме дзейнічала падп. арг-цыя Супраціўлення, у кастр. 1944 адбылося няўдалае ўзбр. выступленне вязняў. Уцалелых 7500 зняволеных вызваліла Чырв. Армія 27.1.1945. На тэр. б. лагера створаны дзярж. музей Асвенцім-Бжазінка, у 1967 адкрыты Міжнар. помнік пакутніцтва.
т. 2, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДА ПРА́ЦЫ»,
газета рэвалюцыйна-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася 1.10.1927—16.12.1928 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. З мэтай канспірацыі мела розныя назвы: «Наша праца» (1—29 кастр.), «Праца» (5—23 ліст.), «Права працы» (7—24 снеж.), «Навагодняя праца» (27 снеж.), у 1928 — «Думка працы» (4—28 студз.), «Сіла працы» (1—24 лют.), «Воля працы» (12—31 сак.), «Красавік» (5 крас.), «Голас працы» (14 крас.—30 мая), «Зара працы» (2—29 чэрв.), «Сцяг працы» (4—31 ліп.), «Доля працы» (3—29 жн.), «Рэха працы» (1—29 вер.), «Слова працы» (5—31 кастр.), «За працу» (5—27 ліст.), «Да працы» (1—16 снеж.). Працягвала традыцыі газет Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Асвятляла сац.-эканам. і паліт. становішча ў Зах. Беларусі, нац.-вызв. рух, выбары і работу польскага сейма і інш. Змяшчала інфарм. паведамленні пра ход суд. працэсу над удзельнікамі БСРГ, матэрыялы пра культ. жыццё, маст. творы бел. пісьменнікаў. Усяго выйшла 118 нумароў (51 канфіскаваны). Закрыта польскімі ўладамі.
С.В.Говін.
т. 5, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМА́,
пара года, кліматычны сезон паміж восенню і вясной. У астраноміі — перыяд ад дня зімовага сонцастаяння да веснавога раўнадзенства (з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўн. паўшар’і, з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўднёвым). Паводле календара зімовыя месяцы ў Паўн. паўшар’і снежань, студзень, люты, у Паўд. — чэрв., ліп., жнівень. На тэр. Беларусі пачаткам З. як клімат. сезона лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок паніжэння, за канец — праз 0 °C у бок павышэння. На ПнУ З. пачынаецца ў 2-й дэкадзе ліст., на ПдЗ у канцы ліст., заканчваецца адпаведна ў канцы сак., у 2-й дэкадзе сакавіка. Устойлівае снегавое покрыва ўстанаўліваецца на працягу снеж. і трымаецца ад 75 на ПдЗ да 125 дзён на ПнУ. На тэр. Беларусі З. вызначаецца адмоўным радыяцыйным балансам, узмоцненай атмасфернай цыркуляцыяй, пахмурным надвор’ем, туманамі, мяцеліцамі, частай зменай марозных і адлігавых перыядаў, спыненнем вегетацыі раслін, спячкай або анабіёзам у многіх відаў жывёл.
т. 7, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯКО́Ў (Іван Яўцеевіч) (н. 25.11.1914, г. Гомель),
дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. Герой Сац. Працы (1973). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1949). Працаваў на камсам. рабоце ў Гомелі, Магілёве, Куйбышаве. У Вял. Айч. вайну адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камсам.-маладзёжнага падполля і партыз. руху ў Гомельскай вобл. З ліст. 1942 сакратар Гомельскага падп. абкома ЛКСМБ, у жн.—ліст. 1943 камісар 1-й Гомельскай партыз. брыгады. З канца 1943 1-ы сакратар Гомельскага, Мінскага абкомаў ЛКСМБ. З 1949 на сав. і парт. рабоце. У 1977—85 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета БССР, адначасова да 1985 нам. Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Чл. ЦК КПБ з 1952, чл. Прэзідыума ЦК КПБ у 1965—66, чл. Бюро ЦК КПБ у 1966—85. Канд. у чл. ЦК КПСС у 1961—66, чл. ЦК КПСС у 1966—85. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1951—59, 1977—90, Вярх. Савета СССР у 1958—89. Аўтар успамінаў.
т. 12, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМАКО́Ў (Яўген Максімавіч) (н. 29.10.1929, Кіеў),
расійскі дзярж. і паліт. дзеяч, Акад. Рас. АН (1979, чл.-кар. з 1974), д-р эканам. н. Скончыў Маскоўскі ін-т усходазнаўства (1953). Працаваў у Дзярж. к-це СССР па радыёвяшчанні і тэлебачанні (1953—62), газ. «Правда» (1962—70), Ін-це сусв. эканомікі і міжнар. адносін АН СССР (1970—77). Дырэктар ін-таў усходазнаўства (1977—85), сусв. эканомікі і міжнар. адносін (1985—89) АН СССР. У 1989—90 канд. у чл. Палітбюро ЦК КПСС, старшыня Савета Саюза Вярх. Савета СССР. У вер.—ліст. 1991 першы нам. старшыні КДБ, у ліст. — снеж. 1991 дырэктар Цэнтр. службы разведкі СССР. Дырэктар Службы знешняй разведкі (1991—96), міністр замежных спраў (1996—98), старшыня ўрада (вер. 1998 — май 1999) Рас. Федэрацыі. Са снеж. 1999 кіраўнік фракцыі «Айчына — уся Расія» ў Дзярж. думе Расіі. Працы па эканам., сац.-паліт. гісторыі і міжнар. адносінах краін Б. Усходу. Дзярж. прэмія СССР 1980.
Тв.:
Анатомия ближневосточного конфликта. М., 1978;
Восток после краха колониальной системы. М., 1982.
т. 13, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Іван Яфімавіч) (30.9.1896, г. Трубчэўск Бранскай вобл., Расія — 7.4.1958),
савецкі военачальнік. Ген. арміі (1944), Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1918. Скончыў ваен. вучылішча (1917), курсы ўдасканалення камсаставу (1926, 1931). Удзельнік грамадз. вайны. У вял. Айч. вайну камандзір стралк. дывізіі на Паўд. фронце (ліп.—кастр. 1941), каманд. войскамі Прыморскай арміі (кастр. 1941 — ліп. 1942 і ліст. 1943 — лют. 1944), 44-й арміі (жн.—кастр. 1942), Чарнаморскай групы войск Закаўк. фронту (кастр. 1942 — сак. 1943), Паўн.-Каўк. фронту (май—ліст. 1943), 33-й арміі Зах. фронту (сак.—крас. 1944), Беларускага фронту другога (крас.—чэрв. 1944), 4-га Укр. фронту (жн. 1944 — сак. 1945) і нач. штаба 1-га Укр. фронту (крас.—чэрв. 1945). Адзін з кіраўнікоў абароны Адэсы (1941) і Севастопаля (1941—42). Пасля вайны на камандных і штабных пасадах у Сав. Арміі, у т. л. каманд. войскамі Туркестанскай ваен. акругі (1945—52) і 1-ы нам. галоўнакаманд. Сухапутнымі войскамі (1955—56).
т. 13, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ДЗЕЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў вер. 1941—ліп. 1944 у г. Скідзель і раёне Беластоцкай (цяпер у Гродзенскай) вобл. пад кіраўніцтвам скідзельскіх раённых антыфаш. к-та (з ліст. 1942), падп. райкомаў ЛКСМБ (з вер. 1943) і КП(б)Б (з ліст. 1943), у цесным кантакце са Скідзельскай раённай антыфашысцкай арганізацыяй. Складалася з падп. арг-цый і груп у г. Скідзель, вёсках Бандары, Кашублінцы, Княжаводцы, Крушнікі, Лаўна, Хвайняны, Чарлёны (кіраўнікі М.С.Дзелянкоўскі, А.І.Зелянкоўскі, У.С.Кізевіч, Ф.І.Макарчук, А.К.Ролік, І.А.Сеўрук, І.М.Сініца, І.А.Шчасны і інш.). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі для партызан зброю, боепрыпасы, харч. прадукты, адзенне, медыкаменты, разведданыя пра фаш. гарнізоны і апорныя пункты, рух варожых падраздзяленняў па чыг. і шашэйных дарогах, удзельнічалі ў дыверсійных аперацыях партызан. У барацьбе з акупантамі загінула 13 падпольшчыкаў. У г. Скідзель ў гонар падПОЛЛЯ ПОМНІК.
Л.В.Аржаева.
т. 14, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)