ПРУСА́ЦТВА,
мілітарысцкія традыцыі юнкерства Прусіі, а пасля 1871 і аб’яднанай вакол яе Германіі. П. называюць таксама і мілітарысцкі паліцэйска-бюракратычны рэжым у Прусіі і Герм. імперыі. Адметныя рысы П. — шавінізм, нянавісць да інш., асабліва слав. народаў, агрэсіўныя памкненні, культ грубай сілы, вернападданства, пагардлівыя адносіны да культуры і прагрэсу, адданасць палачнай дысцыпліне.
т. 13, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РНА-НАВУКО́ВАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ пры Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі.
Існавала з 14.11.1920 да вясны 1923 у Маскве. Засн. студэнтамі-беларусамі. Мэта асацыяцыі: спрыянне культ.-гасп. адраджэнню Беларусі, вывучэнне розных галін гаспадаркі, арг-цыя навук.-даследчых экспедыцый па Беларусі, навук. і культ. падрыхтоўка бел. студэнтаў для працы на радзіме. Летам 1922 сябры асацыяцыі ўдзельнічалі ў экспедыцыі Наркамзема Беларусі па вывучэнні вытв. сіл Міншчыны і Мазыршчыны. Разам з Бюро бел. студэнцкіх арг-цый у Маскве выдала літ.-навук. альманах «Маладая Беларусь» (1922). Рыхтавала да друку альбомы «Нявывучаная Беларусь», спец. навук. зборнікі, час. «Беларускі гаспадар» (1923, са студэнтамі Горацкага с.-г. ін-та). З вясны 1922 дзейнасць асацыяцыі выклікала крытыку і абвінавачванне ў «навуковым ухілізме», нацыянал-шавінізме і апалітычнасці. Вясной 1923 у Маскве пачалі стварацца альтэрнатыўныя бел. пралетарскія зямляцтвы і асацыяцыя вымушана была спыніць сваё існаванне. Старшыні Г.І.Гарэцкі (да ліст. 1922), П.Жук.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САНА́ЦЫЯ,
неафіцыйная назва групы бел. дзеячаў у Зах. Беларусі. Створана ў сярэдзіне 1929. Лідэры А.Луцкевіч, Р.Астроўскі, Я.Станкевіч, Ф.Акінчыц. Друкаваны орган — газ. «Наперад». Была выразнікам той часткі крыла нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, што ва ўмовах узмацнення рэпрэсій польскіх улад, а таксама рэпрэсіўнай палітыкі бальшавікоў у БССР адзіна магчымым шляхам культ.-нац. развіцця лічыла пошук кампрамісаў з «санацыйным» урадам Ю.Пілсудскага, не выключаючы парламенцкіх сродкаў барацьбы. За гэта сярод бел. грамадскасці, што арыентавалася на КПЗБ і Камінтэрн, група атрымала назву «санацыя» (лац. sanatio аздараўленне). Пад арганізац. кіраўніцтвам групы знаходзіліся Т-ва бел. асветы, Бел. навук. т-ва, Бел. дабрачыннае т-ва, Бел. студэнцкі саюз, інш. культ.-асв. і дабрачынныя арг-цыі і суполкі. Адсутнасць адзінства і рознагалоссі сярод лідэраў групы, а таксама імкненні польскіх улад унесці разлад у яе дзейнасць прывялі да канчатковага расколу Беларускай санацыі ў 1934.
У.Ф.Ладысеў.
т. 2, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗНІ́, Газна,
горад на ПдУ Афганістана, у даліне р. Газні. Адм. ц. правінцыі Газні. Вядомы з 7 ст. Каля 50 тыс. ж. (1992). Трансп. вузел на шашы Кабул—Кандагар. Стараж. цэнтр апрацоўкі металу. Саматужная вытв-сць паласаў, абутку, шуб з аўчыны, баваўняных тканін. Выраб скур. Гандаль футрам, воўнай, сушанымі фруктамі. У сярэднія вякі — важны культ., гандл. і паліт. цэнтр Сярэдняга Усходу. У наваколлі арх. помнікі 10—19 ст., у т. л. маўзалей султана Махмуда Газневі.
Упершыню ўпамінаецца ў 7 ст. Дасягнуў росквіту ў 10—11 ст., калі быў сталіцай дзяржавы Газневідаў, гандл. і культ. цэнтрам на Сярэднім Усходзе. У сярэдзіне 12 ст. разбураны Гурыдамі. У 1215—21 пад уладай Харэзмшахаў, з 1221 цюрка-манголаў, Куртаў, Цімурыдаў, з пач. 16 ст. Вялікіх Маголаў. З 1747 у складзе Афг. дзяржавы. Газні — стараж. цэнтр маст. апрацоўкі металу. Каля Газні 2 мемарыяльныя вежы 12 ст.
т. 4, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУ́БНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
самастойныя культ.-асв. ўстановы, якія дзейнічаюць у сферы вольнага часу людзей з мэтай стварэння спрыяльных умоў для адпачынку, развіцця творчых здольнасцей, задавальнення культ. запатрабаванняў розных груп насельніцтва. Тыпы К.у. вызначаюцца ў залежнасці ад асн. кірункаў дзейнасці. Бываюць аднапрофільныя і шматпрофільныя. Да К.у. належаць клубы, дамы, цэнтры і палацы культуры — сельскія, гар., занальныя, раённыя, абл., рэсп., прамысл. прадпрыемстваў, дзярж. устаноў, грамадскіх арг-цый, навуч. устаноў, аўтаклубы, плаваючыя культбазы (перасоўныя К.ў.) і інш. Асн. задачы К.у.: зберажэнне і развіццё традыцый нац. культуры; развіццё самадзейнай маст. творчасці; раскрыццё і падтрымка творчых індывідуальнасцей і талентаў; садзейнічанне самаадукацыі ў галіне л-ры, мастацтва, гісторыі і інш.; стварэнне ўмоў для рэалізацыі інтэлектуальна-творчага патэнцыялу і павышэння духоўнасці чалавека; падтрымка творчых ініцыятыў аматарскіх аб’яднанняў, клубаў і інш.
У Беларусі на 1.1.1997 каля 5 тыс. К.у., у т. л. ў сістэме Мін-ва культуры 4246, з іх 3273 у вёсцы.
В.Т.Маліноўскі.
т. 8, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАНО́ВІЧ (Антон Васілевіч) (н. 30.10. 1959, г. Беласток, Польшча),
бел. гісторык у Польшчы, грамадска-культ. дзеяч. Д-р гуманіт. н. габілітаваны (1997), праф. (1998). Скончыў філіял Варшаўскага ун-та ў Беластоку (1982). З 1986 выкладаў у Ін-це гісторыі Варшаўскага ун-та, потым у Ін-це гісторыі ў Беластоку (філіял Варшаўскага ун-та). Старшыня Бел. асветніцкага т-ва ў Польшчы (1999), першы старшыня Бел. гіст. т-ва ў Польшчы (1993—96), нам. старшыні Бел. дэмакр. аб’яднання ў Рэспубліцы Польшча. Даследуе гісторыю правасл. царквы ў Польшчы і краінах Усх. Еўропы, бел.-польскія культ. сувязі ў эпоху феадалізму, праблемы бел. нац. меншасці ў Польшчы. Аўтар кніг «Супрасль як культурна-рэлігійны цэнтр у XVI ст.» (1984), «Падляшскія праваслаўныя цэнтры і арганізацыі ў XVI і XVII ст.» (1991), «Праваслаўе і унія ў часы панавання Яна Казіміра» (2-е выд. 1997) і інш.
С.А.Яцкевіч.
т. 10, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Магдалена Іванаўна) (дзявочае Завіша, у 1-м шлюбе Красінская; 8.7.1861, Варшава — 6.1.1945),
дзеяч бел. культ. руху, мецэнатка. Дачка Яна (Івана) Казіміра Завішы. Пасля смерці бацькі спадчынніца яго маёнткаў на Беларусі і ў Вял. Польшчы. Была выхавана ў духу бел. культуры, сімпатызавала хрысціянскім дэмакратам. Фінансавала выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», «Беларускае выдавецкае таварыства, газ. «Беларус», т-вы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш. Адкрыла бел. школы ў сваіх уладаннях у Кухцічах, Уздзе, Каменцы. Яе маёнтак у Кухцічах (цяпер пас. Першамайск у Уздзенскім р-не) наведалі І. і А.Луцкевічы, Р.Скірмунт, А.Уласаў і інш. дзеячы бел. нац.-культ. руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг М.Багдановіча, К.Буйло і інш.; у знак удзячнасці І.Луцкевіч змясціў герб Завішаў «Лебедзь» на тытульным лісце зб. вершаў Багдановіча «Вянок». Пасля 1917 у эміграцыі ў Польшчы, Літве, Германіі, з 1932 у Швейцарыі.
М.К.Багадзяж.
т. 13, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЕ́ТАЧ»
(«Swietač»),
грамадска-палітычная газета ліберальна-асветніцкага кірунку. Выдавалася з 1(14).11 да 31.12.1916 (13.1.1917) у Петраградзе на бел. мове лацінкай штотыднёва. Рэдактар-выдавец Э.Будзька. Прызначалася для беларусаў-католікаў. Прапагандавала ідэі культ.-нац. адраджэння Беларусі з клерыкальна-каталіцкім ухілам. Выступала за пашырэнне кааперацыі, школ на роднай мове, газет, культ.-асв. гурткоў. Інфармавала пра падзеі 1-й сусв. вайны, дзейнасць Бел. т-ва ў Петраградзе па аказанні Дапамогі пацярпелым ад вайны, паведамляла пра бел. вечарынку, на якой ставіліся п’есы М.Крапіўніцкага «Па рэвізіі» і А.Валодзьскага «Як яны жаніліся». Друкавала творы А.Паўловіча, А.Зязюлі, высока цаніла творчасць Г.Сянкевіча, падкрэслівала, што ён выводзіў «свае тыпы з нашага краю». У арт. «Думкі да граматыкі» Будзькі (пад псеўд. Акцуб) адзначалася неўнармаванасць бел. мовы ў выданнях «Нашай нівы» і суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», прапаноўваліся нормы правапісу. Выйшла 7 нумароў.
М.В.Біч.
т. 14, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НДАР-СЕ́РЫ-БЕГАВА́Н (Bandar Seri Begawan),
горад, сталіца Брунея. 52 тыс. ж. (1988). Порт на паўн.-зах. беразе в-ва Калімантан, каля вусця р. Кедаян. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр. Дрэваапрацоўка, суднарамонт. ЦЭС. Ун-т. Музей У.Чэрчыля. Гісторыка-культ. музей. Вёска-музей на пáлях. Палац султана. Мячэць (найб. на Д. Усходзе). Старт. Цэнтр.
т. 2, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ГО́ЛАС»,
грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 1952 у г. Таронта (Канада) на бел. мове. Заснавальнік С.Хмара. Асвятляе паліт. і культ. жыццё бел. эміграцыі і Беларусі. У 1957—66 выдаваў дадаткі «Сігналы» і «Маланка», у 1967 — «Беларусы ў Канадзе», у 1970 — дадатак з нагоды 20-годдзя бел. прэсы ў Канадзе.
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)