АДЭ́ЛЯ З УСТРО́НІ,

бел. паэтэса сярэдзіны 19 ст. Жыла ў фальварку Устронь Лідскага пав. У 1850 нап. бел. паэму «Мачаха» (апубл. 1993, рукапіс у б-цы Ягелонскага ун-та ў Кракаве). У творы адчуваецца ўплыў рамантызму, творча выкарыстаны нар.-песенныя матывы. «Мачаха» прасякнута любоўю да Наднёманскага краю, вызв.-патрыят. настроямі. Аўтар спачувае абяздоленай сіротцы, шчасцю якой перашкаджае злая мачаха. Сярод дзеючых асоб персаніфікаваныя сілы прыроды: злая бура, наднёманскі лес, «літоўчык»-Нёман, які абараняе смелага юнака-плыўца. Пісала вершы і на польск. мове.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́РЫЦКІЯ ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ.

Тры лагеры, створаныя ням. фашыстамі ў сак. 1944, недалёка ад пярэдняга краю абароны, каля г.п. Азарычы, вёсак Дзерць і Падасіннік Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. Больш за 50 тыс. непрацаздольных грамадзян фашысты трымалі на адкрытых балоцістых мясцінах, размясціўшы сярод вязняў сыпна-тыфозных хворых з мэтай распаўсюдзіць эпідэмію сярод наступаючых часцей Чырв. Арміі. Да вызвалення (18—19.3.1944) жывымі асталіся 33 480 чал., з іх дзяцей да 13 гадоў 15 960, жанчын 13 072, старых 4448. На месцы лагераў каля г.п. Азарычы мемарыяльны комплекс.

Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ РА́ДНЫ»,

часопіс, орган муніцыпалітэтаў т.зв. самаўрадаў у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 27.11.1927 да 16.2.1929 (неперыядычна) у Вільні на бел. мове. Рэдактары-выдаўцы Я.​Ярош, Т.​Вернікоўскі, кіраўнік рэдакцыі Г.​Канапніцкі. Асвятляў становішча ў Зах. Беларусі, дзейнасць органаў мясц. самакіравання і адносіны да іх польск. ўрада. Інфармаваў пра стан адраджэння краю, зруйнаванага 1-й сусв. вайной, пра яго прыродныя багацці і патэнцыяльныя эканамічныя магчымасці. Змяшчаў муніцыпальную і краёвую хроніку, юрыд. парады, матэрыялы па навуцы і тэхніцы і інш. Выйшла 12 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЯЖЭ́НКА (Беліжэнка) Барыс Паўлавіч

(н. 5.6.1937, в. Промыслы Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, журналіст. Скончыў БДУ (1965) і Мінскую ВПШ (1970). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, на парт. рабоце. Друкуецца з 1958. Выдаў зб-кі вершаў «Крыгалом» (1973), «Жытнёвае поле» (1977). Асн. тэмы твораў — любоў да роднага краю, праблемы грамадскага жыцця сучаснікаў, мужнасць нар. мсціўцаў у Вял. Айч. вайну. Аўтар аповесці-дэтэктыва «Каляровыя фотакарткі» (1988), вянка санетаў «Вышыня» (1974), паэмы «Свята пумы» (1977), гумарэсак, песень, тэксту кантаты «Памяць роднага горада» (1974, муз. Я.​Касалапава) і інш.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗЕ́Й (Віктар Канстанцінавіч) (н. 19.8.1946, в. Малыя Круговічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1984). Працаваў у час. «Беларусь», «Родная прырода», з 1989 у час. «Маладосць». Аўтар паэтычных зб-каў «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994), празаічных зб-каў «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984), «Карані вечнага дрэва» (1988), «Уратуй ад нячыстага» (1992, Літ. прэмія І.​Мележа 1993). Гал. ў яго творчасці — маральна-этычныя і сац. праблемы сучаснай вёскі, людзі і прырода роднага краю.

В.К.Гардзей.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РУС (Іван Іосіфавіч) (н. 1.8.1903, станіца Каняўская Краснадарскага краю, Расія — 28.10.1995),

савецкі вучоны ў галіне аграноміі. Д-р с.-г. н., праф. (1947). Скончыў Кубанскі с.-г. ін-т (1925). З 1930 у Паўн.-Каўказскай практычнай с.-г. акадэміі, з 1934 у Кубанскім, Кішынёўскім і Стаўрапольскім с.-г. ін-тах. У 1955—78 у Бел. аграрным тэхн. ун-це. Навук. працы па асваенні новых алейных культур, удасканаленні тэхналогіі вырошчвання азімых збожжавых.

Тв.:

Перезимовка и продуктивность озимых хлебов. М., 1970 (разам з П.​А.​Забазным, І.​І.​Коўтунам).

т. 5, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕЕГАЛО́Ў (Channa argus),

рыба сям. змеегаловых атр. акунепадобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Акліматызаваны ў Сярэдняй Азіі. Жыве ў зарослых пратоках, залівах з невял. колькасцю кіслароду.

Даўж. да 85 см, маса да 7 кг. На целе бурыя плямы, за вачыма 2 доўгія вузкія цёмныя паласы да задняга краю шчэлепнай накрыўкі. Галава пляскатая, укрыта зверху і з бакоў луской, нагадвае галаву змяі (адсюль назва). Спінны і анальны плаўнікі доўгія. Можа дыхаць атм. паветрам, без вады жыве некалькі дзён. Драпежнік. Аб’ект промыслу і развядзення.

Змеегалоў.

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РЫН (сапр. Табашнікаў) Мікалай Анфілохіевіч

(н. 25.12.1917, ст. Чарняўская Чэлябінскай вобл., Расія),

бел. артыст эстрады. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў тэатр. студыю Чэлябінскага драм. т-ра (1939). Працаваў у філармоніях Чэлябінска, Арла, Бранска. У 1948—81 чытальнік Бел. філармоніі. Творчай манеры ўласціва высокая патэтыка. Рэжысёр і выканаўца літ. кампазіцый: «Вецер з Волгі» А.​Вялюгіна, «Паэзія роднага краю» (П.​Броўкі, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка), «Кніга пра байца» (па творах А.​Твардоўскага), «Паэты ўсміхаюцца і смяюцца» (па творах А.​Пушкіна, М.​Лермантава, У.​Маякоўскага) і інш.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́БКА,

1) у беларусаў традыц. прылада для зімовай лоўлі рыбы. Пасудзіна з конусападобна ўвагнутым дном з адтулінай (горлам) пасярэдзіне. Выраблялі з драніцы, лубу, выпляталі з дубцоў; часта выкарыстоўвалі старыя рашоты, дно якіх замянялі мешкавінай, горла падтрымлівалася вяровачкамі, прымацаванымі да верхняга краю рашот. Устанаўлівалі ў палонках, якія разам з К. закрывалі галінкамі, каб вада не замярзала. Рыба, якая імкнулася да свежай вады, заплывала ў К. Пашырана на Палессі.

2) Ёмістасць для ручной сяўбы; тое, што сявенька.

3) Ёмістасць для захоўвання і пераноскі зерня, круп і інш. сыпучых рэчываў.

І.​М.​Браім.

Каробка.

т. 8, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТЭ́НКА (Анатоль Іванавіч) (н. 27.1.1940, хутар Мацвееў Краснаармейскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. ваенны дзеяч, дыпламат. Ген.-палк. (1989). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1970) і Генштаба (1981). Служыў у групе сав. войск у Германіі, Бел. (1970—79) і Далёкаўсх. ваен. акругах. З 1987 1-ы нам. камандуючага, з 1989 каманд. войскамі Бел. ваен. акругі. З 1992 1-ы нам. міністра, у ліп. 1994 — чэрв. 1995 міністр абароны Рэспублікі Беларусь. З 1996 аташэ па пытаннях абароны, ваенны і ваенна-паветр. аташэ пры пасольстве Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)