КАЗЕ́Й (Марат Іванавіч) (10.10.1929, в. Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 11.5.1944),
піянер-партызан.
Герой Сав. Саюза (1965). У Вял.Айч. вайну з ліст. 1942 у партыз. атрадзе «25 год Кастрычніка», са жн. 1943 разведчык штаба 200-й партыз. брыгады імя К.К.Ракасоўскага Мінскай вобл. У снеж. 1943 здабыў ваен.карты і планы камандавання праціўніка. 11.5.1944 пры выкананні баявога задання каля в. Хароміцкія Уздзенскага р-на К. быў акружаны карнікамі. Адстрэльваўся да апошняга патрона, потым гранатай падарваў сябе і гітлераўцаў, якія наблізіліся да яго. Пахаваны на радзіме, дзе ў 1987 створаны мемарыял. У Мінску К. пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ ((Kamieński) Міхал) (24.11.1879, Магілёўская губ. — 18.4.1973),
польскі астраном, стваральнік польскай каметнай школы. Чл.-кар. Польскай АН (1927). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1903). У 1903—08 у Пулкаўскай астр. абсерваторыі, у 1909—20 у рас. ваенна-марскім флоце, дзе займаўся гідраграфічнымі і астр. даследаваннямі. З 1923 праф. Варшаўскага ун-та і дырэктар астр. абсерваторыі (да 1945). Навук. працы па каметнай астраноміі, гідраграфіі, астраметрыі і метэаралогіі. Выдаў сінаптычныя картыУсх. Сібіры, арганізаваў сетку пунктаў па назіранні арктычных ільдоў ад г. Уладзівасток да Берынгава праліва. Залаты медаль Лонданскага каралеўскага астр.т-ва 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСКАГА Я.Ф. МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1964 на радзіме Я.Ф.Харскага ў в. Лаша Гродзенскага р-на пры сярэдняй школе. Больш за 1,1 тыс. экспанатаў (1998): дакументы і матэрыялы, звязаныя з жыццёвым і творчым шляхам вучонага. Сярод іх асабістыя рэчы, прадметы хатняга ўжытку, скульпт. партрэты, фотаздымкі, аўтографы. фотакопіі рукапісаў, карты, выданні яго навук. прац, а таксама кнігі з аўтографамі бел. пісьменнікаў і вучоных, мікрафільм аднаго з дакладаў Карскага, дасланы з Пражскай АН, успаміны родных і знаёмых (дачкі Н.Я.Баркоўскай-Карскай, унучкі Т.С.Карскай, рус. мовазнаўца акад.АНСССР В.І.Баркоўскага) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАФОТАЗДЫ́МКА,
здымка мясцовасці ва ўсіх дыяпазонах аптычнага спектра з лятальных апаратаў. Ажыццяўляецца спец. аэрафотаапаратамі пры вертыкальным (планавая аэрафотаздымка) або нахільным (перспектыўная аэрафотаздымка) становішчы аптычнай восі. Уключае лётна-здымачны і фоталабараторны перыяды, фотаграмметрычную работу. Выконваецца з падоўжаным на маршруце (да 60%) і папярочным паміж суседнімі маршрутамі (на 30—40%) перакрыццем. У залежнасці ад фотаматэрыялаў бывае чорна-белая, каляровая і спектразанальная. На аснове аэрафотаздымкі ствараюцца тапаграфічныя і спец. планы і карты, якія выкарыстоўваюцца пры інж. разведцы пад буд-ва, пры геал. і гідралагічным, глебава-геабат. і метэаралагічных даследаваннях, леса- і землеўпарадкаванні, вывучэнні прыродных рэсурсаў, для арыентавання на мясцовасці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫЗАНТА́ЛІ, ізагіпсы,
лініі (ізалініі) на картах, якія злучаюць аднолькавыя абсалютныя вышыні рэльефу Зямлі, Месяца і інш. планет. З’яўляюцца асн. спосабам адлюстравання рэльефу на тапагр., агульнагеагр., фіз. і гіпсаметрычных картах. Уяўляюць сабой праекцыі сячэння рэльефу ўзроўневымі паверхнямі, праведзенымі праз зададзены для карты інтэрвал (асноўныя гарызанталі), які наз. вышынёй сячэння рэльефу. Для больш падрабязнага адлюстравання паверхні гарызанталі наносяць праз палавіну (або чвэрць) асн. сячэння (дадатковыя гарызанталі). На Зямлі гарызанталі праводзяцца звычайна адносна ўзроўню Сусветнага ак. (на Беларусі ад узроўню Балтыйскага м. па футштоку ў Кранштаце). Выкарыстоўваюцца для вызначэння абс. і адносных вышынь, стромкасці схілаў, расчлянення і інш. марфалагічных характарыстык рэльефу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства ўрачоў Гродзенскай губерні. Засн. ў 1869 у Гродне. Адно з першых у Рас. імперыі. Мела на мэце сан. вывучэнне губерні, складанне яе медыка-тапагр. і сан.карты, барацьбу з эпідэміямі, арганізацыю мед. дапамогі сельскаму насельніцтву, вывучэнне краявой паталогіі, сан. асвету насельніцтва і інш.; давала рэкамендацыі па пытаннях сан. добраўпарадкавання, рэгістрацыі інфекц. захворванняў і смяротнасці. Старшынямі т-ва ў розны час былі А.Ф.Рэйнпольскі, М.Д.Беклямішаў. Выдала 2 зборнікі пратаколаў за 1890/91 і 1895/96. У 1913 спыніла існаванне. Аднавіла работу пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР. З 1954 дзейнічаюць абл. спецыялізаваныя мед.навук. т-вы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКЕА́РХ (грэч. Dikaiarchos; каля 347, г. Месена, цяпер г. Месіна, Італія — 278 да н.э.),
старажытнагрэчаскі вучоны. Вучань Арыстоцеля і Тэафраста. Большую ч. жыцця правёў у Спарце, адкуль ажыццяўляў падарожжы з навук. мэтамі. Аўтар тв. «Жыццё Элады», у якім выкладаў гісторыю стварэння грэч. дзяржаў, іх дасягненні ў галіне л-ры, музыкі і інш. мастацтваў. Пісаў гісторыка-літ., біягр. і філас. творы, выступаў як аратар: У творы «Трыпалітыкон» крытычна падышоў да вучэння Платона аб дзяржаве. Стараж. крыніцы называюць Д. аўтарам твора «Апісанне Зямлі» і карты, на якой межы айкумены значна пашыраны ў параўнанні з картамі папярэдняй эпохі. На падставе ўласных вымярэнняў даволі дакладна для свайго часу вызначыў акружнасць Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКА́ЗНЕНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у в. Іказнь Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся на паўд.-ўсх. краі вострава Замак на воз. Іказнь. Закладзены ў 1504 браслаўскім старостам Я.Сапегам. У 1515 асаджаны войскамі рус. ваявод. Польскі гісторык А.Гваньіні ў 2-й пал. 16 ст. адзначаў, што «Іказнь — замак мураваны і места драўлянае... ад Браслава ў 2 мілях ляжыць». У Лівонскую вайну 1558—83 у І.з. размяшчаўся значны гарнізон наёмных войск. У 1654 замак узяты рус. войскамі, у 1655 тут знаходзіліся атрады шведаў. Разбураны ў Паўн. вайну 1700—21.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КНІ́ГА ВЯЛІ́КАМУ ЧАРЦЯЖУ́»,
тэкставае апісанне (па гал. рэках) найбуйнейшай карты Расіі 17 ст. (не захавалася). Складзена ў 1627 у Разрадным прыказе. Была практычным дапаможнікам для служылых людзей, якіх пасылалі ў розныя мясцовасці краіны, з канца 17 і ў 18 ст. выкарыстоўвалася як школьны падручнік па геаграфіі Расіі. Распаўсюджвалася ў рукапісных спісах; існуе 8 асн. рэдакцый кнігі (у ёй прыведзены каля 2 тыс. тапонімаў і больш за 1,5 тыс. велічынь адлегласцей). Уведзена ў навук. абарачэнне В.М.Тацішчавым; упершыню надрук. ў 1775 М.І.Навіковым пад назвай «Старажытная расійская ідраграфія, якая змяшчае апісанне Маскоўскай дзяржавы рэк, праток, азёр, крыніц, і якія на іх урочышчы і на якой яны адлегласці».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАГРАФІ́ЧНЫЯ ПРАЕ́КЦЫІ,
матэматычныя спосабы адлюстравання паверхні зямнога шара (эліпсоіда) або інш. нябеснага цела падобнай формы на плоскасці. К.п. ўстанаўліваюць аналітычную залежнасць (адпаведнасць) паміж геагр. каардынатамі пунктаў зямнога эліпсоіда і прамавугольнымі каардынатамі тых жа пунктаў на плоскасці. Вывучэннем К.п. займаецца картаграфія. Праекцыі, як правіла, маюць скажэнні даўжынь ліній, плошчаў, вуглоў і форм (існуюць праекцыі, у якіх адсутнічаюць скажэнні вуглоў ці плошчаў). Агульную характарыстыку скажэнняў дае эліпс скажэнняў (адлюстроўвае на плоскасці бясконца малыя акружнасці, узятыя ў розных месцах эліпсоіда). На карце адрозніваюць маштабы гал. (роўны маштабу мадэлі зямнога эліпсоіда, паменшанаму ў зададзеных адносінах) і прыватны (адносіны бясконца малога адрэзка, узятага ў дадзеным месцы карты па дадзеным напрамку, да адпаведнага адрэзка на паверхні эліпсоіда). Адносіны прыватнага маштабу да гал. характарызуюць скажэнне даўжынь. Паводле характару скажэнняў К.п. падзяляюцца на роўнавугольныя (перадаюць вуглы без скажэнняў), роўнавялікія (перадаюць плошчы без скажэнняў) і адвольныя (скажаюцца і вуглы і плошчы). Сярод адвольных вылучаюцца роўнапрамежкавыя (скажаюцца вуглы і плошчы ў аднолькавых прапорцыях). У залежнасці ад становішча восі сферычных каардынат (арыенціроўка дапаможнай паверхні адносна палярнай восі) вылучаюць К.п.: нармальныя (вось каардынат супадае з воссю вярчэння зямлі), папярочныя (вось каардынат ляжыць у плоскасці экватара), косыя (вось каардынат размяшчаецца пад вуглом да зямной восі).
Паводле віду дапаможнай паверхні для праектавання вылучаюць некалькі тыпаў праекцый. У азімутальных К.п. паверхня зямнога эліпсоіда праектуецца на датычную або сякучую плоскасць. У нармальных азімутальных праекцыях мерыдыяны паказваюцца прамымі, якія сыходзяцца ў адзін пункт (полюс), а паралелі — канцэнтрычнымі акружнасцямі, якія праводзяцца з агульнага цэнтра (полюса). У косых і большасці папярочных азімутальных праекцыях мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) і паралелі — крывыя лініі; экватар у папярочных праекцыях — прамая лінія. У цыліндрычных К.п. дапаможнай паверхняй служыць бакавая паверхня цыліндра, што датыкаецца да эліпсоіда або перасякае яго. У нармальных цыліндрычных праекцыях мерыдыяны і паралелі — прамыя лініі, у папярочных і косых праекцыях паралелі і мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) — крывыя лініі. У канічных К.п. паверхня эліпсоіда праектуецца на бакавую паверхню конуса, што датыкаецца да эліпсоіда ці перасякае яго. У нармальных канічных праекцыях мерыдыяны — прамыя лініі, якія сыходзяцца ў полюсе, а паралелі — дугі канцэнтрычных акружнасцей з цэнтрам у полюсе. У косых і папярочных канічных праекцыях паралелі і мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) — крывыя лініі. У поліканічных К.п. сетка мерыдыянаў і паралелей праектуецца на некалькі конусаў, кожны з якіх разгортваецца ў плоскасць. Паралелі (за выключэннем прамалінейнага экватара) — дугі эксцэнтрычных акружнасцей, цэнтры якіх ляжаць на прадаўжэнні сярэдняга мерыдыяна, што мае выгляд прамой лініі. Астатнія мерыдыяны — крывыя, сіметрычныя да сярэдняга. Псеўдаазімутальныя К.п. маюць паралелі нармальнай сеткі ў выглядзе канцэнтрычных акружнасцей, мерыдыяны — крывыя, якія сыходзяцца ў полюсе і сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Трапляюцца сеткі, пабудаваныя ў косым і папярочным варыянтах, дзе паралелі і мерыдыяны — крывыя лініі. Псеўдаканічныя К.п. маюць паралелі ў выглядзе дуг канцэнтрычных акружнасцей, мерыдыяны — крывыя лініі, сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Псеўдацыліндрычныя К.п. маюць прамыя паралелі, мерыдыяны — крывыя лініі, сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Кругавыя К.п. маюць мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) і паралелі (за выключэннем экватара) у выглядзе эксцэнтрычных акружнасцей; сярэдні мерыдыян і экватар — прамыя. Пры пабудове ўмоўных К.п. не карыстаюцца дапаможнай геам. паверхняй.
Выбар К.п. залежыць ад прызначэння і тэматыкі карты, маштабу і геагр. становішча тэрыторыі, яе канфігурацыі і памераў, спецыфічных патрабаванняў да карты і інш. Прызначэнне карты вызначае характар скажэнняў (даўжынь, плошчаў, вуглоў). Напр., для карт, прызначаных для вымярэння плошчаў, выбіраюць роўнавялікія праекцыі, для вымярэння вуглоў і азімутаў — роўнавугольныя, для сусв. карт — поліканічныя, нармальныя цыліндрычныя, псеўдацыліндрычныя і інш., для карт паўшар’яў, мацерыкоў і частак свету — папярочныя і косыя азімутальныя і інш.