вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Зальвянка, на скрыжаванні аўтадарог Масты—Зэльва і Ваўкавыск—Шчучын. Цэнтр сельсавета. За 14 км на ПдУ ад горада і 16 км ад чыг. ст. Масты, 74 км ад Гродна. 816 ж., 284 двары (2000). Рамонтны з-д, філіял Ваўкавыскага акц.т-ва «Беллакт», млын, лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, філіял раённага камбіната быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: касцёл Маці Божай Ружанцовай (1918), Мікалаеўская царква (1870). Каля вёскі археал. комплекс (7 стаянак каменнага веку і 4 селішчы сярэдневякоўя), Пескаўскае агаленне рачных адкладаў.
Вядомы з 17 ст. як уладанне Сапегаў. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886 мястэчка, 1352 ж., 43 двары, школа, царква, касцёл, капліца, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, яўр. багадзельня, гарбарня, 5 вадзяных млыноў, заезны дом, 14 крам. 6 корчмаў, кірмаш. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Мастоўскага раёна. У 1962—65 у Ваўкавыскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗВЕ́ЦКІ КЛЯШТА́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
архітэктурны комплекс 18 ст. Драўляны кляштар базыльян пабудаваны ў 1643 на паўн. беразе воз. Глыбокае каля в.Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае Віцебскай вобл.) паводле фундацыі старосты мсціслаўскага Я.Корсака. Пры кляштары дзейнічала школа, у якой выкладаліся прыродазнаўчыя навукі і замежныя мовы. У 1756—63 на месцы старых будынкаў узведзены новы мураваны кляштар з царквой — адзін з лепшых узораў віленскага барока. Гал. 2-вежавы фасад царквы вылучаўся пластычнай формай, дынамічнай святлоценявой кампазіцыяй. Аўтарам праекта царквы лічаць віленскага дойліда І.К.Глаўбіца, над дэкорам з 1753 працаваў архітэктар і лепшчык Ян Табіяш Дыдрыштэн (Дыдрыхштэн). У канцы 18 ст. комплекс уключаў царкву з араторыумам (зімовая капліца, прыбудаваная ў 1766—76), жылыя і гасп. карпусы, школу і сад, абнесеныя мураванай агароджай з брамай. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі кляштар перададзены правасл. мужчынскаму манастыру (1847—74), пазней — жаночаму. У 1919 царква перайшла да католікаў, у манастырскіх будынках размяшчаўся польскі корпус аховы сумежжа. У 1930-я г. комплекс рэстаўрыраваны (з удзелам Ф.Рушчыца, Я.Булгака, Ю.Клоса, Я.Ромера і інш.). У Вял.Айч. вайну на тэр. манастыра ням. фашысты стварылі Беразвецкі лагер смерці. У 1960-я г. царква разбурана.
В.В.Гліннік.
Беразвецкі кляштар базыльян. Галоўны фасад царквы. Здымак 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1605—1830. Засн. луцкім біскупам М.Шышкоўскім у Валынскім прадмесці Брэста пры ўпадзенні р. Мухавец у Буг. Побач з драўлянымі будынкамі была і мураваная капліцасв. Дароты. Пасля пажару 1617 кляштар адбудаваны на сродкі ваяводы мсціслаўскага і старосты берасцейскага Г.Хадкевіча. У 1623 Я.Галімскі пры фін. падтрымцы канцлера ВКЛ Л.Сапегі збудаваў мураваны касцёл Яна Хрысціцеля і св. Ганны — трохнефавая базіліка з закрытай галерэяй. Да касцёла прылягаў мураваны будынак кляштара, у 1647 у ім жыло 30 манахаў. У спецыяльна прыбудаванай да касцёла капліцы знаходзілася копія абраза «Маці Божая» з рымскага храма Санта-Марыя Маджорэ, атрыманая П.Пацеем ад папы рымскага Клімента VIII разам з візантыйскім абразом «Хрыстос». Кляштар значна пацярпеў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У якасці кампенсацыі кляштар атрымаў з дзярж. скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля Яна Казіміра і П.Сапегі, які завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касцёле. У 18 ст. праведзена рэстаўрацыя (тут працаваў архітэктар і мастак Б.Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я.Бяляўскі). З пач. 19 ст. пры кляштары дзейнічала школа. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1830 памяшканні кляштара і касцёла заняты пад Брэсцкі кадэцкі корпус. Разбураны ў час Вял.Айч. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 16—1-й пал. 19 ст. ў в. Будслаў (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.). Упершыню ўпамінаецца ў дакументах у 1504, калі вял.кн.ВКЛ Аляксандр даў віленскім бернардзінцам 6 тыс. маргоў лесу ў Мінскім пав. Манахі жылі па 2—4 чал. ў шалашах («будах»), мелі капліцу. У 1591 пабудаваны драўляны касцёл Наведання Марыяй Елізаветы, у якім знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, прывезены ў 1598 Я.Пацам з Рыма (дар папы Клімента VIII) і ў 1613 перададзены ў храм. У 1643 пабудаваны новы касцёл, у 1750 — жылы корпус кляштара. 29.6.1767 закладзены новы касцёл, у яго аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўвайшоў як бакавая капліца касцёл св. Варвары, пабудаваны ў 1643. У 1783 касцёл асвячоны ў гонар Успення Маці Божай. На працягу 2-й пал. 18 ст. прыбудаваны розныя кляштарныя памяшканні. З 1756 пры кляштары працавала муз. школа (15 вучняў), у 1793—1842 — 2-класная школа (15 вучняў) і шпіталь, у 1731—97 у духоўнай школе кляштара 7—10 слухачоў вывучалі маральную тэалогію і рыторыку. Манахаў было 4—17 чал. Пасля закрыцця кляштара (1852) некаторыя яго манахі (Г.Т.Вольскі, Манстовіч, П.Багдановіч, Загорскі, Маркевіч) бралі ўдзел у паўстанні 1863—64. Касцёл захаваўся як парафіяльны (гл.Будслаўскі касцёл бернардзінцаў). Побач з ім захаваўся будынак плябаніі 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЎЕЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры пач. 17 ст. Мае рысы ранняга барока. Пабудаваны каля 1600 у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. Станіславам Кішкам. У 1631 мсціслаўскі ваявода Мікалай Кішка засн. пры касцёле кляштар бернардзінцаў. Будынкі спалены ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пазней адноўлены. Складаецца з Петрапаўлаўскага касцёла і жылога корпуса (захаваліся зах. і часткова ўсх. крылы будынка), Кляштар аддзелены ад вуліцы насыпам, які меў абарончае значэнне.
Касцёл — трохнефавы двухвежавы храм. Гал. фасад сім. кампазіцыі аздоблены тонкімі пілястрамі і завершаны 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі і фігурным атыкавым франтонам паміж імі. У 2-й пал. 18 ст.гал. фасад часткова перабудаваны. Касцёл асвячоны ў 1787. У 19 ст. да паўн. сцяны касцёла прыбудавана капліца. У інтэр’еры 6 алтароў 2-й пал. 18 ст.Гал. алтар мураваны, двух’ярусны, раскрапаваны калонамі і пілястрамі, размаляваны пад мармур. Сцены і скляпенні размаляваны ў 1-й пал. 20 ст.Жылы корпус пабудаваны каля 1633. Двухпавярховы будынак утвараў прамавугольны ў плане ўнутр. двор. Вуглавыя памяшканні выступалі з агульнага прамавугольнага абрысу плана. У інтэр’еры ўсх. крыла будынка печ, абліцаваная тэракотавай кафляй 17 ст. з раслінным і геам. арнаментам. У 1858 кляштар зачынены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМА́ЙСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры пач. 17—18 ст. Пабудаваны ў 1603—06 у в. Камаі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. У стылявой трактоўцы касцёла спалучаны прыёмы і формы абарончага дойлідства, готыкі і рэнесансу.
Напачатку меў падоўжна-восевую кампазіцыю, быў 3-нефавы, 4 слуповы, перакрыты крыжовымі і зорчатымі скляпеннямі (захаваліся ў апсідзе). Пасля пажару ў сярэдзіне 17 ст. слупы разабраны, асн. памяшканне перакрыта драўляным люстраным скляпеннем. У 1778 да паўд. сцяны прыбудавана вял. прамавугольная ў плане капліца з крыптай, перакрытай цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі.
Мураваны 2-вежавы квадратны ў плане храм з вял. паўцыркульнай апсідай, сакрысціяй і хорамі над бабінцам. Гал. фасад асн. аб’ёму завершаны трохвугольным шчытом, раскрапаваны ў верхняй частцы 4 плоскімі арачнымі нішамі з байніцамі, фланкіраваны 2 магутнымі цыліндрычнымі вежамі (выш. 16 м, дыям. 6 м) з байніцамі. Усе скляпенні касцёла размаляваны арнаментамі ў тэхніцы грызайль. Захаваліся арган 18 ст., аздоблены разнымі па дрэве гірляндамі кветак, скульпт. выявамі анёлаў і муз. інструментаў, 4 разныя драўляныя алтары. Дэкаратыўна аформлены цэнтр. 2-ярусны алтар 2-й пал. 18 ст., у аснове якога 4 калоны карынфскага ордэра. Захаваўся алтарны абраз «Маці Божая з дзіцем» (17 ст.) у сярэбраным чаканным абкладзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ СВЕ́РЖАНЬ,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Стоўбцы—Нясвіж. Цэнтр сельсавета. За 4 км на Пд ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 82 км ад Мінска. 2277 ж., 789 двароў (2000). Стаўбцоўская райаграпрамтэхніка, лесазавод, тарарамонтнае прадпрыемства. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Навасвержанская Успенская царква, Навасвержанскі Петрапаўлаўскі касцёл.
Вядома з 1568 як мястэчка Свержань Навагрудскага пав. з замкам, царквой і млынам. З 1578 уласнасць Радзівілаў, пры якіх у 1588 заснаваны касцёл, у 1592 — уніяцкая царква, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі кляштар з семінарыяй, пабудавана Свержанская фаянсавая мануфактура. У 17—18 ст. у складзе Мірскага графства. У 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 спалена шведамі. У 18 ст. атрымала назву Н.С. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр Свержанскай вол. Мінскага пав. У 1860-я г. 178 двароў, нар. вучылішча, школа. царква, касцёл, капліца, сінагога, 2 млыны, каля 20 крам, карчма, паштовая станцыя, штогод 2 кірмашы, у 1897—1749 ж., 297 двароў. З 1921 у Польшчы ў Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 1940 вёска, цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́СА,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе воз. Пліса, каля вытоку р. Мнюта, на аўтадарозе Глыбокае—Полацк. Цэнтр сельсавета. За 21 км на ПнУ ад г. Глыбокае, 166 км ад Віцебска, 10 км ад чыг. ст. Падсвілле. 672 ж., 297 двароў (2000).
З пісьмовых крыніц вядома з пач. 16 ст. Пазначана на карце Полацкага ваяв. (1579) С.Пахалавіцкага. У розны час маёнтак П. належаў К.Астрожскаму, М.Пётуху, Р.І.Падбіпенту, В.П.Корсаку, Дэшпатам-Зяновічам. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У канцы 18—19 ст. ў мястэчку і фальварку П. існавалі школа, уніяцкая царква. капліца, сінагога, бровар, вадзяны млын, 6 крам, 2 корчмы. У 1897 у П. 899 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—50 цэнтр Пліскага раёна. У ліп. 1941—ліп. 1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія спалілі ў П. 197 двароў, загубілі ў П. і раёне 1676 чал. З 1962 у Глыбоцкім р-не.
Працуюць ПМК-33, сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Параскеўская царква (1887). Каля вёскі паселішча эпохі неаліту, бронз. і ранняга жал. вякоў, геал. помнік прыроды Пліскія тры вялікія камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛТА́НАЎКА,
вёска ў Дашкаўскім с/с Магілёўскага р-на. На р. Салтан. За 12 км на Пд ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Чарназёмаўка. 424 ж., 134 дамы (2002). Пач. школа, дзіцячы сад, клуб, магазін. Помнік рус. воінам. Салтанаўская мемарыяльная капліца. Помнікі археалогіі — стаянкі каменнага веку.
У вайну 1812 каля С. 22—23 ліп. адбылася бітва паміж 7-м пях. корпусам ген. М.М.Раеўскага (17 тыс.чал.) і франц. войскамі маршала Л.Даву (22 тыс.чал.). 20 ліп. корпус Даву захапіў Магілёў і заняў пазіцыі каля С. 2-я Зах.рус. армія ген. П.І.Баграціёна адыходзіла з Бабруйска на Магілёў, каб злучыцца з 1-й Зах.рус. арміяй ген. М.Б.Барклая дэ Толі (знаходзілася ў раёне Віцебска). Атрымаўшы загад Баграціёна вызваліць Магілёў, корпус Раеўскага 23 ліп. атакаваў французаў пад С. Калі высветлілася, што прарыў праз Магілёў немагчымы, Баграціён з арміяй пад прыкрыццём корпуса Раеўскага адышоў да Новага Быхава і пераправіўся цераз Дняпро. 24 ліп. пакінуў свае пазіцыі каля в. Дашкаўка і Раеўскі. Бітва каля С. дазволіла 2-й Зах. арміі адарвацца ад праціўніка, пераправіцца цераз Дняпро і злучыцца з 1-й Зах. арміяй каля Смаленска. Страты рускіх склалі 2548 чал. забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак, французаў — паводле розных падлікаў ад 3 да 5 тыс. чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫГА́ЛАЎ,
вёска ў Мазырскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Мазыр—Петрыкаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на З ад горада і чыг. ст. Мазыр, 166 км ад Гомеля. 808 ж., 338 двароў (2001). Участак камунальнага унітарнага прадпрыемства «Камунальнік Палесся». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Капліца (1906), царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі курганныя могільнікі (10—13 ст.).
У гіст крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1497 у ВКЛ у сувязі з нападам татараў і забойствам у вёсцы кіеўскага мітрапаліта Макарыя. У 16 ст. каралеўскі маёнтак, потым прыватнае ўладанне. З 1782 мястэчка ў Мазырскім пав. З 1793 у Рас. імперыі. З 1861 цэнтр воласці. У 1863 адкрыта земскае нар. вучылішча. У 1886 у С. 495 ж., 57 двароў, школа. царква, яўр. малітоўны дом, крама, у 1909 — лесапільны з-д, урачэбны пункт. З канца 1930-х г. — вёска. З 20.8.1924 да 14.10.1926 і з 3.7.1939 цэнтр сельсавета ў Мазырскім р-не, з 15.10.1926 у Слабодскім, з 4.8.1927 у Петрыкаўскім р-нах. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў С. 53 чал., 40 чал. вывезены на катаржныя работы ў Германію.