ЧК, гл. Усерасійская Надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́КЦЫЯ МЕТЭАРЫ́ТАЎ Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Створана ў 1950 на аснове 8 узораў, выдзеленых з фонду Камітэта па метэарытах АН СССР, і знойдзеных на тэр. Беларусі метэарытаў «Брагін» і «Грэск». Складаецца (1998) з 57 узораў метэарытаў (93 экз.), сярод якіх узоры унікальных метэарытаў «Стэйнбах» (1724, Германія), «Мільз» (1992, Аўстралія) і інш. К.м. знаходзіцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Навук. кіраўніцтва і каардынацыю работ па пошуку метэарытаў на тэр. рэспублікі, іх даследаванні, папулярызацыі ведаў па метэарытыцы забяспечвае Камісія па метэарытах Нац. АН Беларусі, створаная ў 1984.
Літ.:
Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.
У.Я.Бардон, В.Ф.Вінакураў.
т. 7, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАПА́ТЫ,
урочышча пад Мінскам, за 200 м на ПнЗ ад мікрараёна Зялёны Луг, на тэр. Бараўлянскага с/с Мінскага р-на; месца масавых расстрэлаў. У крас. — маі 1988 у лясным масіве К. былі знойдзены астанкі людзей. У чэрв. 1988 створана ўрадавая камісія, Пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа. У працэсе расследавання правяраліся 2 версіі. Паводле адной, тут да вайны супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсіраваных жыхароў рэспублікі, паводле другой, у К. ляжаць ахвяры фаш. генацыду. У ходзе расследавання знойдзены шкілетныя астанкі людзей, рэчы загінуўшых. Вядзенне крымінальнай справы працягваецца. На ўшанаванне памяці ахвяр у К. пастаўлены крыжы, камень, шчыты з надпісамі, мемар. пліта.
т. 9, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы, якія ўзнікаюць пры ўздзеянні на арганізм прафесійных шкоднасцей. Адрозніваюць 5 асн. груп П.х.: ад уздзеяння хім. прамысл. фактараў (бензол, ртуць, свінец і інш.; гл. Атручэнне), пылу (гл. Пнеўмаканіёз, Сілікоз), статычнага перанапружання мышцаў і апорна-рухальнага апарату, фіз. фактараў (гл. Вібрацыйная хвароба, Прамянёвая хвароба), біял. фактараў. Дадаткова вылучаюць алергічныя захворванні і новаўтварэнні прафес. паходжання.
Бываюць вострыя, падвострыя і хранічныя. Прыкметы залежаць ад часу і інтэнсіўнасці ўплыву прафес. шкоднасцей, рэзістэнтнасці і рэактыўнасці арганізма. Расследаванне выпадкаў П.х. праводзіць спец. камісія. Хворых на П.х. пераводзяць на інш. працу або накіроўваюць на Мед.-рэабілітацыйную экспертную камісію для вызначэння ступені страты прафес. працаздольнасці або групы інваліднасці.
Э.А.Вальчук.
т. 13, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРПО́Л (англ. International Criminal Police Organization),
скарочаная назва Міжнар. арг-цыі крымін. паліцыі. Рашэнне пра стварэнне І. прынята на кангрэсе ў Манака ў 1914. Першапачаткова створана ў 1923 як Міжнар. камісія крымін. паліцый (МККП) з цэнтрам у Вене, з 1938 у Берліне. Аднавіла дзейнасць у 1946 з цэнтрам у Сен-Клу каля Парыжа, з 1956 сучасная назва. І. выступае ў якасці міжнар. цэнтра рэгістрацыі злачынцаў, ажыццяўляе таксама каардынацыю пошукаў злачынцаў (падазроных; асоб, якія прапалі без вестак; выкрадзеных каштоўнасцей). Вышэйшы орган І. — Генеральная Асамблея, у якасці пастаянных спец. органаў дзейнічаюць Ген. сакратарыят і нац. цэнтральныя бюро. Членамі І. з’яўляюцца больш за 170 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь; у кожнай дзяржаве створана цэнтр. нац. бюро І.
т. 7, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАЛО́ГІЯ [ад грэч, kyōn (kynos) сабака + ...логія],
навука пра сабак; аснова сабакагадоўлі. Вывучае анатомію і фізіялогію сабак, у т. л. заканамернасці іх вышэйшай нерв. дзейнасці і паводзін, паходжанне і эвалюцыю парод, магчымасці выкарыстання для палявання, службовых і дэкаратыўных мэт, навук. эксперыментаў, распрацоўвае метады і спосабы іх гадоўлі, селекцыі, выхавання і дрэсіроўкі, прафілактыкі хвароб, лячэння. Існуе Міжнар. кіналагічная федэрацыя (г. Цюэн, Бельгія), у яе складзе працуе навук. камісія па К. Бел. кіналагічная федэрацыя створана ў 1992, аб’ядноўвае 40 клубаў.
Большасць сучасных парод сабак выведзена ў сярэднія вякі. Узнікненне К. звязана з утварэннем клубаў сабакаводаў у канцы 19 ст. (1873, Англія). Пазней клубы сталі аб’ядноўвацца ў кіналагічныя т-вы. Гл. таксама Дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі, Паляўнічыя сабакі, Службовыя сабакі.
Л.П.Шкляроў.
т. 8, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ УЗБРО́ЕНЫХ СІЛ,
апазіцыйны паліт. рух у асяроддзі партуг. афіцэраў, які падрыхтаваў і ажыццявіў Партугальскую рэвалюцыю 1974. Узнік у вер. 1973 як лабісцкая арг-цыя прафес. вайскоўцаў; з канца 1973 палітызаваўся, да сак. 1974 наз. Рух капітанаў. У сак.—крас. 1974 «цэнтр. камісія» руху распрацавала план узбр. выступлення супраць аўтарытарнага рэжыму М.Каэтану (пераемнік дыктатара А.Салазара). Абапіраўся на капітанаў (каля 2 тыс. чал. у 1974) і інш. афіцэраў партуг. узбр. сіл. Пасля перамогі рэвалюцыі (крас. 1974) праграма руху (у т. л. дэмакратызацыя дзярж. ладу, спыненне вайны у афр. калоніях Партугаліі) прызнана праграмай Часовага ўрада Партуг. Рэспублікі. У снеж. 1975 рэарганізаваны, страціў паліт. значэнне.
Літ.:
Гл. пры арт. Партугальская рэвалюцыя 1974.
У.Я.Калаткоў.
т. 13, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́ТАРСКАЕ КІНО́, кінааматарства,
від самадзейнага мастацтва. Узнікла з часу вынаходніцтва кінематографа (1895). У Зах. Еўропе і ЗША пашырана з пач. 1930-х г., у б. СССР — з 1925, больш актыўна развівалася пасля 1957, калі пры Саюзе кінематаграфістаў краіны была створана Усесаюзная камісія па працы з кінааматарамі. Праводзіліся фестывалі, конкурсы аматарскага кіно.
На Беларусі аматарскае кіно развіваецца з канца 1950-х г., створаны шматлікія самадз. студыі. З 1960 штогод праводзіліся абл. і рэсп. Конкурсы-агляды аматарскага кіно. Бел. аматары ўдзельнічалі ва ўсесаюзных і міжнар. фестывалях, іх фільмы неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі. Росту маст. ўзроўню аматарскага кіно спрыяла секцыя па рабоце з кінааматарамі пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі. Асобныя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі. Істотныя змены ў кінааматарскі рух унесла развіццё відэазапісу.
т. 1, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Вовк) Фёдар Кандратавіч
(17.3.1847, с. Крачкоўка Палтаўскай вобл., Украіна — 30.6.1918),
украінскі этнограф, антраполаг, археолаг. Вучыўся ў Новарасійскім (Адэскім) і Кіеўскім ун-тах. За ўдзел ва ўкр. нац. руху цярпеў ганенні. У 1879—1905 у эміграцыі ў Францыі. З 1907 прыват-дацэнт, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. Удзельнічаў у выданні «Кабзара» Т.Р.Шаўчэнкі (Прага, 1876), «Матэрыялаў да ўкраінска-рускай этналогіі» (з 1899), якія выпускала Этнагр. камісія Навук. т-ва імя Шаўчэнкі ў Львове. У працах «Антрапалагічныя асаблівасці ўкраінскага народа» і «Этнаграфічныя асаблівасці ўкраінскага народа» (абедзве 1916) адмаўляў агульнасць культур укр., рус. і бел. народаў, лічыў, што ўкраінцы па антрапал. прыкметах складаюць адзіны тып, які рэзка адрозніваецца ад антрапал. тыпу рускіх і беларусаў. Даследаваў палеаліт. Мезінскую стаянку.
т. 4, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЕ ГАНЬБАВА́ННЕ,
адзін з відаў крымінальнага пакарання ў праве Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД, а таксама мера ўздзеяння, якая выкарыстоўваецца камісіямі па справах непаўналетніх і таварыскімі судамі. Як мера пакарання заключаецца ў публічным выказванні судом грамадскага ганьбавання вінаватаму з давядзеннем пра гэта да ведама грамадскасці праз друк або інш. спосабам. Назначаецца судом як асн. мера пакарання за малазначныя злачынствы, і з’яўляецца мерай выхаваўча-папераджальнага ўздзеяння. Камісія па справах непаўналетніх можа вынесці грамадскае ганьбаванне бацькам і асобам, якія іх замяняюць, пры няправільных адносінах да дзяцей, злосным невыкананні абавязкаў па выхаванні дзяцей, а таксама ў сувязі з правапарушэннямі іх непаўналетніх дзяцей. Таварыскі суд прымяняе грамадскае ганьбаванне да асоб, вінаватых у правапарушэннях і інш. правіннасцях, разгляд якіх аднесены да кампетэнцыі таварыскіх судоў.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 5, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)