КАМІ́Н (ням. Kamin ад грэч. kaminos печ, ачаг),

прысценная печ з адкрытай топкай у выглядзе нішы і прамым дымаходам. Прызначаецца для награвання памяшкання (пераважна за кошт цеплавога выпрамянення агню ў час згарання дроў ці вугалю) і аздаблення інтэр’ера. Бываюць таксама электрычныя, газавыя К. Будуюць іх з каменю, цэглы, дрэва, атынкаванага гіпсам. Аздабляюць маёлікай, металам, керамічнай пліткай. Прылады да К. — экран (размаляваная або вышываная тканіна, нацягнутая на каркас), рашотка. шчыпцы, шуфлік, качарга — звычайна выконваюцца на высокім маст. узроўні.

Вядомы ў Стараж. Рыме, з 12 ст. ў Зах. і Паўн. Еўропе. У сярэдневяковых К. наверша выносілася на кансолях далёка наперад, звужалася ўверсе, дасягала скляпенняў. У перыяд готыкі К. набыў адметныя арх. формы, багата ўпрыгожваўся і быў дэкар. дамінантай інтэр’ера. Паступова наверша знікала (дымаход будавалі ў сцяне) або захоўвалася ў якасці дэкар. элемента. Рэнесансавыя і барочныя К. вылучаліся пышным аздабленнем разьбой, барэльефам, гарэльефам, скульптурай і інш. У 17—19 ст. пераважала строгая класіцыстычная форма прамавугольнага К. З гарыз. плітой уверсе, на якую звычайна ставілі гадзіннік, падсвечнік і інш.

На Беларусі захаваліся К. з 16 ст. Іх будавалі ў замках, палацах, сядзібах, гар. асабняках (замак у Нясвіжы). Цяпер К. будуюць у інтэр’ерах грамадскіх будынкаў (камінныя залы гасцініцы спарт. комплексу «Раўбічы» пад Мінскам, Дома літаратара ў Мінску, санаторыя «Беларусь» у Крыме), дамах індывід. забудовы.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

т. 7, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАГРА́ФІЯ (ад літа... + ...графія),

від тыражнай графікі; спосаб плоскага друку, твор, выкананы літаграфскім спосабам. Друкарскай формай у Л. з’яўляецца гладкая (для ўзнаўлення пёравай графікі) або зярністая (для ўзнаўлення алоўкавага малюнка) паверхня літаграфскага каменю, часам цынкавай ці алюм. пласцінкі, на якую нанесена выява тлустай тушшу (пяром або пэндзлем) ці літаграфскім алоўкам. Часам выяву пераносяць на камень з малюнка, выкананага на спец. пераводнай паперы — корнпапіры. Пасля спец. хім. апрацоўкі каменю, паслядоўнага нанясення на яго паверхню вады і фарбы праводзяць друкаванне. Л. ўласцівы вял. свабода аўтарскага выканання, разнастайнасць маст. сродкаў пры вял. дакладнасці ўзнаўлення, параўнальная прастата тэхнікі. Мадыфікацыі Л. аўталітаграфія, амаграфія, хромалітаграфія і інш.

Вынайдзена А.Зенефельдэрам у Германіі ў 1798. У 19—20 ст. Л. адыграла важную ролю ў развіцці карыкатуры, ілюстрацыі, плаката, прыкладной графікі. Сярод вядучых майстроў 19 ст. П.​Гаварні, А.​Дам’е, Э.​Дэлакруа, Ф.​Гоя, Т.​Жэрыко. Новыя маст. магчымасці Л. былі адкрыты майстрамі імпрэсіянізму (Э.​Манэ, А.​Рэнуар, Э.​Дэга, К.​Пісаро), ням. экспрэсіяністамі (М.​Ліберман), мастакамі ЗША (Дж.​Уістлер). У канцы 19 — пач. 20 ст. асаблівую вастрыню. драматызм і адначасова дэкар. выразнасць прыўнеслі ў Л. Э.​Вюяр, П.​Пікасо, А.​Рэдон, А. дэ Тулуз-Латрэк у Францыі, Ф.​Ропс у Бельгіі, Э.​Мунк у Нарвегіі, Р.​Кент у ЗША, Я.​Кібрык, П.​Кузняцоў, М.​Ларыёнаў, Н.​Ганчарова, М.​Радзіёнаў у Расіі.

На Беларусі Л. існуе з 1-й пал. 19 ст. У яе развіцці значную ролю адыграла Віленская літаграфская майстэрня, засн. ў 1819—21. Сярод першых літографаў Ф.​Славецкі, Я.​Рустэм, К.​Кукевіч. Да Л., у т. л. каляровай, звярталіся Ю.​Азямблоўскі, К.​Бахматовіч, А.​Бартэльс, Я.​Дамель, М.​Кулеша, Н.​Орда, І.​Хруцкі і інш. У 1920-я г. літаграфская майстэрня ўзнікла пры Віцебскім маст.-практычным ін-це (з 1923 маст. тэхнікум). У 1920—40-я г. ў тэхніцы Л. працавалі Я.​Горыд, Н.​Галоўчанка, П.​Гуткоўскі, М.​Малевіч, Н.​Сасноўская, М.​Філіповіч, Ф.​Фогг, М.​Чураба. Вял. значэнне для развіцця бел. Л. мела стварэнне эстампных майстэрняў пры Бел. тэатр.-маст. ін-це (1953) і Маст. фондзе Беларусі (1956). Літаграфічныя станковыя серыі, сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, партрэты, краявіды, ілюстрацыі, экслібрысы і інш. выкананы бел. мастакамі В.​Александровічам, Л.​Асецкім, У. і М.​Басалыгамі, С.​Волкавым, Ю.​Выхадцавым, С.​Герусам, П.​Дурчыным, Ю.​Зайцавым, А.​Кашкурэвічам, А.​Лось, Г. і Н. Паплаўскімі, А.​Паслядовіч, У.​Пашчасцевым, У.​Піменавым, С.​Раманавым, І.​Раманоўскім, У.​Савічам, У.​Сакаловым, М.​Селяшчуком, Ю.​Тышкевічам, В.​Шаранговічам і інш. Л. — адна з гал. форм бел. эстампа. Іл. гл. таксама да арт. Графіка.

Літ.:

Суворов П.И. Искусство литографии. 4 изд. М., 1964;

Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг. Мн., 1975;

Яго ж. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979.

В.​Я.​Буйвал, І.​Л.​Чэбан.

Да арт. Літаграфія. Я.Кібрык. Ласачка. Ілюстрацыя да рамана Р.​Ралана «Кала Бруньён». 1934—36.
Да арт. Літаграфія. А. дэ Тулуз-Латрэк. Японская канапа. 1893.
Да арт. Літаграфія. Р. Кент. Вяршыня.
Да арт. Літаграфія. Н.Паплаўская. Нядзеля. 1993.

т. 9, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТЭ́ЛЬ (ад франц. castel невял. замак),

сярэдневяковы замак, цытадэль з абарончымі сценамі, вежамі, жылымі карпусамі, храмам і ўнутр. дваром. Выконвалі ролю рэгіянальных цэнтраў абароны і місіянерства, былі месцам кірмашоў, збору падаткаў. Будавалі К. звычайна ў цяжкадаступным месцы, каля буйных населеных пунктаў, на мяжы заваяванай тэрыторыі, на гандл. шляхах ці скрыжаваннях стратэг. дарог.

Першыя К. паявіліся ў Стараж. Рыме — невял. прамавугольныя ў плане ўмацаванні, якія спалучалі формы рым. ваен. лагера з рысамі замка. Пасярэдзіне кожнага з 4 бакоў знаходзіліся брамы, што звычайна фланкіраваліся 2 вежамі. Вежы часта ўзводзілі і па вуглах умацавання. Памяшканні для жаўнераў і стайні прымыкалі да ўнутр. бакоў мураваных сцен або схілаў валоў. Пазней форму К. запазычылі візантыйцы і народы Зах. Еўропы. У 12—14 ст. іх узводзілі крыжакі і лівонскія рыцары ў Прыбалтыцы.

На Беларусі К. будавалі ў 13—1-й пал. 14 ст. для абароны ад крыжакоў. Яны адрозніваліся ад крыжацкіх большымі памерамі, узводзілі іх на невял. пясчаных выспах, ці штучных насыпах. Уяўлялі сабой пляцоўку, замкнёную высокімі (да 15—16 м) сценамі, змураванымі з палявога каменю, і 1—2 вежамі. З найб. небяспечных бакоў рабілі равы, якія часта абвадняліся. Гарнізонныя памяшканні будавалі з дрэва па ўнутр. баках сцен. Сярод пабудоў вылучаўся памерамі дом кашталяна (таксама драўляны). Пасярэдзіне К. выкопвалі 1—2 студні. Паводле планавай кампазіцыі да К. блізкія Лідскі замак і Крэўскі замак. У час варожых набегаў на замкавым двары знаходзілі паратунак жыхары навакольных вёсак.

Літ.:

Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.

М.​А.​Ткачоў.

т. 8, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПТУ́Н,

восьмая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, знак . Адкрыты ў 1846 ням. астраномам І.​Гале паводле тэарэт. прадказанняў У.Ж.Левер’е і Дж.К.Адамса.

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 4504,4 млн. км. Перыяд абарачэння вакол Сонца 164,788 года, вакол восі 16 гадз 6 мін. Экватарыяльны дыяметр 49 528 км. Нахіл экватара да плоскасці арбіты 29°. Маса 1,03∙10​26 кг (17,22 масы Зямлі). сярэдняя шчыльн. 1640 кг/м³. Унутраныя ​2/3 часткі Н. складаюцца з сумесі літага каменю, вады. вадкага аміяку і метану; вонкавая трэць — з сумесі нагрэтых газаў (вадароду, гелію. метану) і пары вады. Састаў атмасферы: метан, вадарод, гелій Нетры Н. вылучаюць вял. колькасць энергіі. Атрымлівае ад Сонца ў 2.5 раза менш энергіі, чым Уран; т-ра атмасферы Н. (каля 214 °C) амаль такая ж, як ва Урана. Адна з гіпотэз існавання ўнутр. крыніц энергіі — эвалюцыйнае сцісканне планеты. Простым вокам Н. не бачны (яго бляск каля 7,8 візуальнай зорнай велічыні). Паглынанне чырвоных прамянёў атмасферным метанам абумоўлівае сіні колер планеты. Мае 8 спадарожнікаў (гл. Спадарожнікі планет). Выяўлена 5 кольцаў на адлегласці ад 41,9 тыс. да 62.9 тыс. км ад цэнтра планеты, якія складаюцца з пылу. Большасць звестак пра Н. атрымана пры дапамозе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр».

Літ.:

Тейфель В.Г. Уран и Нептун — далекие планеты-гиганты. М., 1982;

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

Агульны выгляд планеты Нептун (фотаздымак атрыманы аўтаматычнай міжпланетнай станцыяй «Вояджэр-2»).

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́МУС (ад ням. Lehmhaus),

старадаўні тып гасп. пабудовы для захоўвання харч. прадуктаў, збожжа, адзення, каштоўнай маёмасці, прылад працы, а таксама для жылля ўлетку. Быў пашыраны ў Літве, Польшчы, некаторых раёнах Украіны. На Беларусі вядомы ў 2-й пал. 16 — 1-й пал. 20 ст. Будавалі з дрэва, цэглы, каменю або ў тэхніцы «прускага муру». Пад Л. рабілі паграбы. Л. былі 1—3-павярховыя (у ніжнім паверсе гасп. памяшканні, у верхніх — жылыя), прамавугольныя або квадратныя ў плане, завершаныя 2-схільнымі вальмавымі, шатровымі ці ламанымі дахамі. Сцены часам звонку атынкоўвалі.

Паводле кампазіцыі Л. падзяляліся на цэнтрычныя і франтальныя. Цэнтрычныя мелі квадратны ці шматвугольны (звычайна 8-гранны) план. 2-і і 3-і паверхі з балюстраднымі галерэямі па перыметры, якія кансольна навісалі над ніжнім паверхам або апіраліся на мураваныя ці драўляныя слупы (в. Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Нова-Ясневічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.). Л. франтальнай кампазіцыі былі звычайна 2-павярховыя, мелі ў плане форму выцягнутага прамавугольніка (радзей квадрата), з галерэямі на гал. фасадзе (Гродзенскі лямус) або па перыметры ўсяго будынка. У некаторых замках 18 ст. (г. Камянец Брэсцкай вобл.) Л. размяшчалі над брамамі. У канцы 18—19 ст. пад уплывам стыляў класіцызму і ампір Л. набылі манум. выгляд: цэнтр гал. фасада вылучаўся прамавугольным парталам з калонамі дарычнага ці тасканскага ордэра, ашаляваныя звонку сцены былі ўпрыгожаны фрызамі з трыгліфамі і метопамі, над будынкам узвышаўся бельведэр (в. Дунілавічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.).

Ю.​А.​Якімовіч.

Лямус у вёсцы Вялікае Мажэйкава Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 1970-я г.

т. 9, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТАЯ РАСПРАЦО́ЎКА РАДО́ВІШЧАЎ карысных выкапняў,

спосаб здабычы карысных выкапняў непасрэдна з паверхні зямлі. Ажыццяўляецца з вырабатак — кар’ераў. Складаецца з падрыхтоўкі паверхні, асушэння радовішчаў, горна-капітальных, раскрыўных і здабыўных работ. Падрыхтоўка паверхні звязана з ліквідацыяй перашкод, якія ўскладняюць адкрытыя распрацоўкі радовішчаў (планіроўка паверхні, выдаленне расліннасці і г.д.). Асушэнне радовішчаў — комплекс мерапрыемстваў для аховы радовішчаў ад прытоку вады, у т. л. шляхам адпампоўвання і водапаніжэння. Горна-капітальныя работы — пабудова капітальных траншэй для трансп. камунікацый кар’ера, разразных траншэй для першапачатковай работы і расстаноўкі абсталявання (экскаватараў, гідраманітораў і інш.), капітальнае раскрыццё першапачатковага агалення карыснага выкапня. Раскрыўныя работы — аддзяленне ад масіву і транспарціроўка ў адвалы покрыўных парод. Здабыўныя работы — працэс непасрэднага выбірання карыснага выкапня з горнага масіву. Адкрытая распрацоўка радовішчаў забяспечвае здабычу каля 75% цвёрдых карысных выкапняў, у т. л. да 100% прыродных буд. матэрыялаў, 75—80% бурага вугалю, 65—75% нярудных, 45—50% рудных выкапняў, большасць рассыпных карысных выкапняў. Прадукцыйнасць працы ў кар’ерах у 2—6 разоў вышэйшая, чым у шахтах, вытв. магутнасць у 3—5 разоў большая, буд-ва іх у 2—5 разоў хутчэйшае. На Беларусі адкрытая распрацоўка радовішчаў выкарыстоўваецца пры здабычы прыродных буд. матэрыялаў (буд. і абліцовачнага каменю, буд. пяску і пясчана-жвіровых матэрыялаў, сыравіны для керамічнай цэглы, лёгкіх запаўняльнікаў, шкла і цэменту, мелу і інш.). Дзейнічаюць буйнейшыя ў Еўропе кар’еры па здабычы даламітаў (радовішча Гралева ў Віцебскай вобл.) магутнасцю 6 млн. т у год, гранітаў (радовішча Мікашэвічы ў Брэсцкай вобл.) магутнасцю каля 5 млн. м³ у год і інш.

П.​З.​Хоміч.

Схема адкрытай распрацоўкі радовішча: 1 — кар’ер; 2 — капітальная траншэя; 3 — разразная траншэя; 4 — нахіленая выпрацоўка для транспарціроўкі карыснага выкапня; 5 — адвал пустых парод.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў 2—3 — сярэдзіне 5 ст. н.э. жылі на сучаснай тэр. Кіеўскай (Пн), Чарнігаўскай і Сумскай абл. Украіны, на У Гомельскай і Пд Магілёўскай абл. Беларусі, Пд Бранскай і З Курскай абл. Расіі. Вылучыў у 1953 укр. археолаг М.​В.​Даніленка. Назва ад помнікаў, выяўленых у Кіеве і яго наваколлі. Насельніцтва жыло на селішчах пл. 0,5—2 га (зрэдку да 6—8 га), займалася пераважна земляробствам і жывёлагадоўляй. Іх жыллё было 2 тыпаў: прамавугольныя ў плане паўзямлянкі, паглыбленыя ў зямлю на 0,4—1,2 м, пл. 8—24 м², і наземныя слупавой канструкцыі з адкрытымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; перапаленыя косці змяшчаліся ў круглыя ці авальныя ямкі глыб. 0,2—0,6 м; вядомы і урнавыя пахаванні. Пахавальны інвентар: побытавыя рэчы, прадметы ўпрыгожання, рэшткі трызны. Кераміка (гаршкі, міскі, пасудзінкі малых памераў, дыскі-накрыўкі і інш.) ляпная, зрэдку арнаментаваная насечкамі і пальцавымі ўцісканнямі па краях ці расчосамі грэбеня па тулаве; сустракаецца глянцаваны посуд. З жалеза і сталі выраблялі нажы, свердлы, нажніцы, сярпы, зброю і інш.; з косці — іголкі, спіцы, шылы; з гліны — тыглі, льячкі, грузілы, прасліцы; з каменю — тачыльныя брускі, зерняцёркі, жорны. Тыповыя для плямён Верхняга Падняпроўя — вырабы з выемчатай эмаллю (бронзавыя падвескі, фібулы і інш.). З рымскіх правінцый на тэр. плямён К.к. траплялі чырваналакавая кераміка, бронзавыя пасудзіны, пінцэты, шкляныя пацеркі, манеты. Большасць даследчыкаў лічыць, што К.к. сфарміравалася на аснове позназарубінецкіх старажытнасцей з уключэннем некат. традыцый, запазычаных у плямён пшэворскай культуры і штрыхаванай керамікі культуры. Існуе меркаванне, што насельніцтва К.к. — продкі славян, некат. лічаць іх усх. балтамі. Найб. вядомыя помнікі К.к. на Беларусі — Тайманава, Новы Быхаў.

В.​С.​Вяргей.

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́НА (франц. colonne ад лац. columna),

архітэктурна апрацаваная верт. апора, звычайна круглая ў папярочным сячэнні; стрыжнёвы элемент будынка (збудавання), нясучай канструкцыі і інш. Служыць пераважна для ўспрымання верт. нагрузкі. Бывае каменная, мураваная (з цэглы, каменю, бетону), жалезабетонная, металічная, драўляная.

Вядома са старажытнасці як элемент стоечна-бэлечнай канструкцыі. У архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма распрацаваны своеасаблівыя маст. формы К., якія ўвайшлі ў сістэму арх. ордэраў. У класічнай архітэктуры гал. элемент К. — ствол, звычайна патанчаўся ўверсе, меў энтазіс (патаўшчэнне ў сярэдняй ч.), апрацоўваўся канелюрамі, завяршаўся капітэллю. Маст. выразнасць К. вызначаецца яе прапорцыямі, чляненнямі, пластычнай апрацоўкай, адносінамі вышыні і дыяметра К. да інтэркалумнія (пралёт паміж 2 калонамі) і да абсалютных памераў збудавання. К. выкарыстоўвалі ў кампазіцыі фасадаў і інтэр’ераў як элемент порціка, партала, галерэі, каланады, а таксама для арх. апрацоўкі сцен (трохчвэртныя К., паўкалоны, прыстаўныя К.). У выглядзе свабодна стаячай К., звычайна завершанай скульптурай, рабілі мемар. збудаванні (калона Траяна ў Рыме, Александрыйская К. ў Санкт-Пецярбургу).

На Беларусі К. пашыраны ў архітэктуры Адраджэння, барока, класіцызму (палацы ў Паставах, Гомелі, касцёлы ў Мядзелі, Валожыне). У 18 ст. іх ставілі як помнікі (вёскі Дзярэчын Зэльвенскага, Лявонпаль Міёрскага р-наў). З 1950-х г. К. выкарыстоўваюць як найб. выразныя элементы фасада (будынкі драмтэатра ў Віцебску, БПА, цырка ў Мінску). У сучаснай архітэктуры К. — адзін з асн. элементаў каркаса. Маст. вырашэнне звычайна сціплае, вызначаецца прапорцыямі, колерам, фактурай.

С.​А.​Сергачоў, Ю.​А.​Якімовіч.

Калоны: 1, 2 — папірусападобныя (Старажытны Егіпет); 3 — калоны з Кноса (крыта-мікенская культура); 4 — калона з Персепаля (Старажытная Персія); 5 — дарычная; 6 — іанічная; 7 — карынфская; 8, 9 — раманскія; 10 — гатычная; 11, 12 — эпохі Адраджэння; 13 — спіралепадобныя ў стылі барока.

т. 7, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЯ́НСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС.

Створаны ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. ў гонар 200-годдзя перамогі рас. войск над шведскім корпусам ген. А.​Левенгаўпта ў бітве пад Лясной 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21. Уключае манумент у гонар перамогі рус. войск (1906, скульпт. А.​Обер), мемар. капліцу (1912, арх. А.​Гаген) і мармуровы абеліск на брацкіх могілках рас. воінаў. Кампазіцыйны цэнтр — цагляная капліца цэнтрычнай шмат’яруснай кампазіцыі з рысамі рамант. кірунку рус. мадэрна. Завершана 8-гранным шатром з невял. барабанам і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 40,9 м). Квадратнае ў плане (15 × 15 м) збудаванне. 1-ы ярус пастаўлены на п’едэстал (выш. 2,1 м) з вял. гранітных блокаў, мае 3-арачныя парталы з белага каменю і завершаны поясам несапраўдных машыкуляў, 2-і ярус — кубічны аб’ём, прарэзаны з 4 бакоў высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і завершаны зубцамі ў выглядзе ластаўчынага хваста. Сцены абліцаваны залацістай керамічнай пліткай, уваходы, перамычкі, паяскі і карнізы аздоблены пераважна белым пясчанікам. Капліцу ўпрыгожваюць мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе (на выш. больш за 10 м) і ў нішы паміж вокнамі 1-га яруса ўсх. фасада (на выш. 3 м). Будынак з’яўляецца прыкладам арган. сінтэзу архітэктуры і мастацтва. У капліцы размешчаны музей гісторыі бітвы пад Лясной. Манумент — дынамічная скульпт. кампазіцыя на пастаменце ў выглядзе скалы (граніт), на яе вяршыні павернутая на У выява арла (бронза), які рве кіпцюрамі шведскі сцяг з разламаным дрэўкам. На пастаменце дошка з рэльефным надпісам: «У памяць бітвы пры Лясной. Маці Палтаўскай перамогі — 1708. 28 верасня 1908 г.». На процілеглым баку бронзавая дошка са спісам палкоў — удзельнікаў гіст. бітвы. У ансамбль уваходзіла таксама Пятроўская царква, пабудаваная ў 1708 (не захавалася).

В.​М.​Чарнатаў.

Ляснянскі мемарыяльны комплекс.

т. 9, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКЕ́МБРЫЙ,

найстаражытнейшыя тоўшчы зямной кары і час, адпаведны іх утварэнню. Папярэднічаў кембрыйскай сістэме (перыяду). Ахоплівае ​6/7 геал. гісторыі Зямлі. Працягласць фарміравання слаёў Д. — ад узнікнення найстаражытнейшых парод з радыеметрычным узростам (больш за 3,9 млрд. гадоў назад) да пачатку кембрыю (каля 540—530 млн. гадоў назад).

Падзяляецца на архей, які ўключае глыбокаметамарфізаваныя і гранітызаваныя пароды (гнейсы, мігматыты, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, мармуры і інш.), і пратэразой, што аб’ядноўвае менш змененыя асадкавыя і вулканагенныя тоўшчы. Мяжа паміж імі праходзіла прыкладна 2,5 млрд. гадоў назад. З 1990 прынята больш дэталёвае стратыграфічнае расчляненне Д.: архей падзелены на ніжні і верхні (з раздзелам каля 3150 млн. гадоў); ніжні пратэразой — на ніжні і верхні (з раздзелам каля 1900 млн. гадоў); верхні пратэразой — на рыфей (ніжні, сярэдні, верхні) і венд (ніжні і верхні) з раздзелам каля 650 млн. гадоў. Адклады ранняга Д. (архей і ніжні пратэразой) складаюць фундамент стараж. платформаў. Яны выходзяць на паверхню шчытоў (Балтыйскага, Украінскага, Паўд.-Афрыканскага, Канадскага і інш.), а таксама знаходзяцца ў ядрах складкавых утварэнняў геасінклінальных абласцей. Д. — час павышанай тэктанічнай актыўнасці (гл. Дакембрыйская складкавасць). Мяркуюць, што з Д. звязаны пачатак працэсаў тэктонікі пліт, утварэнне асн. аб’ёму (60—80%) кантынентальнай зямной кары, узнікненне кіслароднай атмасферы, гідрасферы і зараджэнне жыцця, аб чым сведчаць шматлікія рэшткі блакітна-зялёных водарасцей, страматаліты, а таксама прыкметы існавання бесшкілетных жывёл. З Д. звязаны буйнейшыя радовішчы жалезных, уранавых, марганцавых, хромавых, сульфідных нікелевых, кобальтавых і інш. руд, радовішчы алюм. сыравіны, золата, поліметалаў. У верхніх слаях Д. трапляюцца паклады нафты.

На тэр. Беларусі ўтварэнні Д. развіты ўсюды. Тоўшчы ранняга Д. падзяляюцца на серыі, шчучынскую і кулажынскую (архей); аколаўскую і жыткавіцкую (ранні пратэразой) і складаюць крышт. фундамент, у якім выяўлены радовішчы рэдкіх металаў, 2 радовішчы буд. каменю, 2 праяўленні жалеза (Аколаўскае і Навасёлкаўскае) і шэраг дробных — жалеза, каляровых і рэдкіх металаў, валастаніту, графіту. У верхнім Д. выяўлены вял. запасы падземных вод.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)