КАЛО́МЕНСКАЕ,

помнік рус. архітэктуры 16—17 ст.; б. сяло на ПдУ Масквы (з 1960 у межах горада). Размешчана на высокім беразе р. Масква. Упершыню згадваецца каля 1339, у 15—17 ст. сядзіба рус. цароў. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Ушэсця (1532; адзін з першых мураваных шатровых храмаў у Расіі), Адсячэння галавы Іаана Прадцечы ў Дзякаўскім (1547), храм-званіца Георгія Перамаганосца (16 ст.), Казанская царква (1660-я г.), 2 уязныя брамы (1670-я г.). У 1667—71 тут быў узведзены драўляны палац (арх. С.​Пятроў, І.​Міхайлаў; у 1681 часткова перабудаваны С.​Дзяменцьевым), у аснове якога спалучэнне малых і вял. (у некалькі паверхаў) зрубаў, накрытых разнастайнымі па форме дахамі. Палац меў багата аздобленыя інтэр’еры. Усе разьбярныя работы выконвалі выхадцы з Беларусі майстры К.Міхайлаў, Г.Акулаў, Я.Іваноў (кіравалі работамі Міхайлаў і старац Арсеній). Арцель жывапісцаў узначальваў С.Ушакоў. Палац разабраны ў 1768. Цяпер у К. музей-запаведнік.

Літ.:

Коломенское: Путеводитель. М 1981.

Галоўны фасад палаца ў Каломенскім. 18 ст. Гравюра Ф.​Гільфердзінга.

т. 7, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЖЫ,

востраў у паўн. частцы Анежскага воз., у Карэліі, Расія. На востраве ансамбль драўляных збудаванняў Кіжскага (Спаскага) пагоста. З 14 ст. знаходзіўся на шляху Ноўгарад—Беламор’е (цераз возера). Кіжскі пагост з 14 ст. быў адм. цэнтрам вёсак, размешчаных на астравах Анежскага возера, у 16 ст. ўключаў больш за 100 вёсак.

У ансамблі К. драўляныя цэрквы: 22-купальная Праабражэнская (1714, у інтэр’еры 4-ярусны іканастас 18 ст.), 9-купальная Пакроўская (1764) і шатровая званіца (1874, будаўнік С.​Пятрухін), узведзеныя нар. майстрамі без выкарыстання цвікоў. Пластычныя, маляўнічыя па сілуэце пабудовы ўдала ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе, утвараючы гарманічны ансамбль. У 1960 на тэр. К. створаны музей-запаведнік нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі. Тут размешчаны драўляныя цэрквы (у т. л. Лазараўская Мурамскага манастыра, 14 ст.), сял. хаты, гасп. пабудовы 17 — пач. 19 ст., характэрныя для мясц. дойлідства. К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Тюриков И.П., Фролов А.И. Кижи. 3 изд. Петрозаводск, 1983.

Кіжы.

т. 8, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры позняга барока ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Касцёл узведзены ў 1780, у 1846 перабудаваны ў псеўдавізант. стылі ў Мікалаеўскую царкву. Касцёл — 3-нефавая мураваная базіліка з 5-граннай апсідай. Гал. фасад падзелены развітым антаблементам на 3 ярусы. Сцены цэнтр. нефа расчлянёны пілястрамі, на гал. фасадзе спараныя абапал высокага паўцыркульнага акна 2-га яруса і гал. ўвахода на 1-м ярусе, па абодва бакі іх неглыбокія нішы. 3-і ярус — невысокая вежа-званіца з купалком на 8-гранным барабане. Аконныя праёмы гал. фасада з паўцыркульным і арачным завяршэннем. На Пн ад касцёла 2-павярховы Г-падобны ў плане мураваны корпус кляштара. Гал. фасад вырашаны ў лаканічных формах, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. На паўд. тарцовым фасадзе вонкавая мураваная лесвіца, агароджаная падпорнай сцяной і ўмацаваная масіўным контрфорсам. Кляштар скасаваны ў 1831.

Т.​І.​Чарняўская, А.​Л.​Ярашэвіч.

Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў. Будынак кляштара.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЧА́НСКІ АНДРЭ́ЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1901 з цэглы. Касцёл — прамавугольная ў плане 3-нефавая бязвежавая базіліка з 3-граннай апсідай, накрытая агульным 2-схільным дахам. Гал. фасад з 2-схільным шчытом расчлянёны слаістымі контрфорсамі на 3 часткі: цэнтральную са стральчатым парталам і акном-ружай і бакавыя, крапаваныя арачнымі нішамі. Стракаты сілуэт фасада ствараюць пластычна насычаныя фіялы контрфорсаў. Апсіда завершана трохвугольным гранёным шчытом і шатровай вежай-ліхтаром.

Плоскасныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках, апяразаны прафіляваным карнізам і аркатурным фрызам. Каларыстычнае багацце дасягаецца высакаякаснай «адкрытай» цаглянай муроўкай насычанага чырвонага колеру і паліхромнай муроўкай цокаля, выкладзенага з вапнавых блокаў. Інтэр’ер дэкарыраваны арнаментальнай размалёўкай ракайльнага малюнка. Амбон, алтары і арган выкананы ў Вільні ў стылі неаготыкі, аздоблены разьбой і скульптурай. Побач з касцёлам стаіць званіца — помнік драўлянага дойлідства 19 ст. 4-граннае 3-яруснае зрубна-каркаснае збудаванне, завершанае шатровым дахам.

А.​М.​Кулагін.

Нарачанскі Андрэеўскі касцёл.

т. 11, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́МА,

збудаванне пераважна яруснай кампазіцыі з каменю ці дрэва, з гал. уваходам або праездам у замак, горад, сядзібу ці інш. замкнёны комплекс пабудоў. Звычайна была звязана з абарончымі сценамі або агароджай гарадоў, замкаў і асобных комплексаў.

У еўрап. архітэктуры найб. пашыраны ў 14—17 ст. Першапачаткова мелі абарончы характар (брама «Субач» у Вільні), з 16 ст. набылі складаныя дэкар. формы і багатае вонкавае аздабленне (у архітэктуры рэнесансу і барока). Своеасаблівы тып брамы — арка трыумфальная. Будаваліся з каменю, цэглы, дрэва, часам мелі мяшаную канструкцыю («прускі мур»).

На тэр. Беларусі ўзніклі ў жал. веку як збудаванні, якія ахоўвалі ўезд на гарадзішча, пашырыліся ў стараж.-рус. крапасным буд-ве. У 14—18 ст. існавалі брамы гарадскія (іх ставілі на ўездах у горад, былі часткай сістэмы вонкавых абарончых умацаванняў), замкавыя (праезныя брамы-вежы), сядзібныя, палацавыя, кляштарныя, манастырскія і інш. З’яўляліся самаст. збудаваннямі або часткай арх. комплексу. У гар. брамах былі абарончыя памяшканні, мытня, кардэгарда, капліца і інш., іх будавалі ў выглядзе вежападобных і ярусных кампазіцый (гл. Нясвіжская Слуцкая брама, Нясвіжская замкавая вежа). Замкавыя брамы мелі пад’ёмныя масты, барбаканы і інш. У ніжнім ярусе і скляпах размяшчаліся памяшканні для варты, склады, турма, наверсе — баявыя, жылыя памяшканні, капліца (гл. ў арт. Мірскі замкава-паркавы комплекс, Кобрынскія замкі, Радашковіцкі замак). З 16 ст. замкавыя брамы паступова страчвалі абарончыя рысы, у замкава-палацавых комплексах 17—18 ст. ператварыліся ў багата дэкарыраваныя парадныя ўезды рэнесансавых і барочных палацавых рэзідэнцый і падкрэслівалі вось кампазіцыі ансамбля (уязная брама палацава-паркавага комплексу ў Нясвіжы). У 18 ст. брамы набылі пышнае дэкар. афармленне картушамі і інш. дэталямі, некат. ярусныя вежы ўпрыгожаны атыкамі, складанымі франтонамі (Ружанскі палацавы комплекс). У 19 ст. ўвайшлі ў палацава-паркавыя ансамблі, мелі рысы класіцызму і несапраўднай готыкі. У драўляным сядзібным дойлідстве брамы будавалі ў 1—3 ярусы. Асаблівы тып брамы — брама-званіца ў манастырах або пры цэрквах; мела звычайна 2 ярусы: унізе праход, гасп. і жылыя памяшканні, наверсе — званіца. Брамы адыгрывалі таксама маст. ролю ў кампазіцыі грамадскіх будынкаў: ратуш, гандл. радоў, аўстэрый, гасціных двароў. У выглядзе брамы вырашаюцца некаторыя вароты ў нар. жыллі 19—20 ст.

Уязная брама ў Ружанскім палацавым комплексе (Пружанскі раён Брэсцкай вобл.).
Уязная брама ў Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе (Мінская вобл.).
Брама-вежа Мірскага замка (Карэліцкі раён Гродзенскай вобл.).

т. 3, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКАЯ СПАСА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Пабудавана ў г. Заслаўе (Мінскі р-н) як кальвінскі збор, пазней вядома як касцёл св. Міхаіла-архангела, з 1840 Спаса-Праабражэнская царква. Размешчана на высокім узгорку, абкружаным ровам і высокім валам з 4 землянымі бастыёнамі па вуглах (гарадзішча «Вал»). Мае рысы стылю рэнесансу. Мураваны 1-нефавы прамавугольны ў плане храм пад высокім 2-схільным дахам; да яго прыбудавана 35-метровая вежа-званіца. Развіты атык, знадворны і ўнутр. парталы, гарыз. і верт. чляненні франтона і інш. надаюць невял. будынку манументальнасць. Сцены знадворку дэкарыраваны пілястрамі і руставанымі вугламі-выступамі. У інтэр’еры самкнутыя скляпенні на падпружных арках пераходзяць у пілястры з прафіляванымі капітэлямі і базамі. Над уваходам драўляныя хоры. Пад царквой 2-часткавая крыпта (пахавальня) з цыліндрычнымі скляпеннямі. Храм перабудоўваўся ў 1678 і 1865, рэстаўрыраваны ў 1968—72. Уваходзіць у Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік. У 1978—90 у будынку царквы размяшчаўся Заслаўскі музей рамёстваў і народных промыслаў. Храм перададзены праваслаўнай абшчыне.

В.​В.​Калнін.

т. 6, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ДЗЕЛЬСКІ СТАНІСЛА́ВАЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры позняга барока ў г. Мядзел Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1752—54 А.​Кошчыцам разам з заснаваным ім кляштарам босых кармелітаў. Кляштар зачынены ў 1840, касцёл у 1866 перароблены пад царкву, пры гэтым забелены размалёўкі. У 1920 вернуты католікам, зачынены пасля Вял. Айч. вайны, з 1989 аддадзены вернікам. Мураваны храм мае цэнтрычную кампазіцыю. Ніжні кубічны аб’ём завершаны масіўным 8-гранным барабанам, накрытым пластычным гранёным купалам з 4 люкарнамі і ажурным ліхтаром у цэнтры. У аздобе фасадаў выкарыстаны прафіляваныя карнізы, раскрапоўкі, разарваныя франтоны, калоны, валюты, каваныя агароджы балкончыкаў. Аконныя праёмы з паўцыркульнымі і лучковымі арачнымі завяршэннямі. Дэкар. афармленне інтэр’ера мае элементы ракако. Па ўсім перыметры сцен здвоеныя пілястры з капітэлямі, аб’яднаныя прафіляваным карнізам. У інтэр’еры захаваліся фрагменты фрэсак. Касцёл — рэдкі для бел. барока помнік цэнтрычнай кампазіцыі, не мае аналагаў сярод кармеліцкіх храмаў. Кампазіцыйнае вырашэнне будынка несіметрычнае. Паверхня сцен мае строгую і лаканічную арх. апрацоўку. Побач з касцёлам мураваная 2-павярховая плябанія і званіца.

А.​А.​Ярашэвіч.

Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ЎСКІ КРЭМЛЬ, Кром,

помнік стараж.-рус. дойлідства ў г. Пскоў. Узведзены ў 13—16 ст. у цэнтры стараж. ч. горада на мысе пры зліцці рэк Вялікая і Пскава. Асн. буд. матэрыял — мясц. камень-плітняк. У плане — няправільны шматграннік, выцягнуты з Пн на Пд. Ад магутнай цыліндрычнай вежы ў ніжняй ч. Крома крапасная сцяна ўступамі злучана з высокай паўн. вуглавой вежай Куцякрома (1400) і цягнецца да паўд. Смердзяй вежы (перабудавана ў 19 ст.). У сярэдзіне 13 ст. ўзведзена паўд. ч. сцяны, т.зв. Першы, ці Персі (перабудавана ў 1337, 1393—94, 1400, 1425, рэстаўрыравана ў 1886). Крапасная сцяна 13 ст., што выходзіць да р. Вялікая, працягваецца ўмацаваннямі Даўмонтава і Сярэдняга гарадоў. Фартыфікацыйныя збудаванні П.к. належаць да Пскоўскай школы дойлідства. На тэр. П.к. захаваліся 4-стоўпны 5-купальны Троіцкі сабор (1682—99, перабудаваны ў 18—19 ст.), 7-гранная вежападобная званіца (канец 17 ст., верхні ярус і шпіль — пач. 19 ст.). У стараж. планіроўцы горада вылучаліся радыяльныя вуліцы, што былі працягам важных шляхоў, якія сыходзіліся да Крома.

І.​Л.​Чэбан.

Пскоўскі крэмль.

т. 13, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры барока з рысамі рэтраспектыўна-рус. стылю ў в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Пабудавана ў 1730—93 з цэглы як храм уніяцкага манастыра (засн. ў 1702, скасаваны ў 1839) на сродкі прыхаджан, кн. Сангушкі і членаў Ракаўскага брацтва св. Ганны. У 1866 храм пераасвячоны ў правасл. царкву. 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак з выцягнутай паўкруглай апсідай, да якой з паўн. боку далучана рызніца, з паўд. — Мікалаеўская капліца з 3-граннай апсідай. Гал. фасад завершаны трохвугольным франтонам і быў фланкіраваны вежамі (захаваліся 1-я ярусы). Сцены рытмічна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках, апяразаны па перыметры прафіляваным карнізам. У 1866 па цэнтры 2-схільнага даху надбудаваны магутны драўляны 8-гранны барабан, накрыты сферычным гранёным купалам з галоўкай, над апсідай — макаўка на 8-граннай шыі. Пад царквой крыпта, у якой хавалі мясц. памешчыкаў (у 1866 засыпана). Перад храмам — мураваная 2-ярусная пірамідальная брама-званіца ў рэтраспектыўна-рус. стылі.

А.​М.​Кулагін.

Ракаўская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 13, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКАЯ ЛА́ЎРА,

мужчынскі правасл. манастыр у Кіеве. Засн. ў 1051 пры князю Яраславе Мудрым манахамі Антоніем і Феадосіем у пячэрах (адсюль назва) на правым беразе Дняпра. У 11 ст. адзін з гал. цэнтраў распаўсюджання хрысціянства на Русі, стараж. кніжнасці (вялося летапісанне, складзены зб. жыціяў манахаў «Кіева Пячэрскі пацярык»), стараж.-рус. і ўкр. іканапісу. У 1096 манастыр моцна пацярпеў ад набегу полаўцаў, у 1240 разбураны войскамі хана Батыя, у 1482 разрабаваны і спалены крымскім ханам Менглі-Гірэем. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў антыкаталіцкага і антыуніяцкага руху на Украіне. З 1598 манастыр меў статус лаўры, пры якой у пач. 17 ст. адкрыта друкарня (у 2-й пал. 17 ст. надрукавана больш за 120 назваў кніг), у 1631 заснавана школа (гл. Кіеўская акадэмія). Да часу секулярызацыі (1786) К.-П.л. належалі 3 гарады, 7 мястэчак, каля 200 вёсак і хутароў (больш за 70 тыс. прыгонных), 2 папяровыя ф-кі, 11 цагельняў, 6 шклозаводаў і інш. У 1917 у лаўры было 300 манахаў, 6700 дзесяцін зямлі. З 1926 музей-запаведнік, у 1929 зачынены манастыр (часова дзейнічаў у 1942—61). У 1988 адчынены Свята-Успенскі Кіева-Пячэрскі манастыр, у 1989 — духоўная семінарыя. У 1187—1870 у Феадосіевай пячоры лаўры знаходзіліся мошчы Ефрасінні Полацкай.

Арх. комплекс Верхняй лаўры і ансамбля Блізкіх і Далёкіх пячор склаўся ў 11—19 ст. Найб. стараж. пабудовы: гал. храм — Успенскі сабор (1073—78, рэстаўрыраваны ў 1723—29, зруйнаваны ў 1941), Троіцкая надбрамная царква (1106—08, перабудавана ў 1722—29) з размалёўкамі ўкр. майстроў і разным іканастасам. У стылі ўкр. барока пабудаваны каменныя абарончыя сцены (1690—1702), царква Усіх святых (1696—98) над Эканамічнай брамай, царква Спаса на Бераставе (1113—25, зруйнавана, адноўлена ў 1-й пал. 17 ст.) са званіцай (1813—14, арх. А.​І.​Мяленскі, класіцызм), Коўніраўскі корпус (1744—72, арх. С.​Дз.​Коўнір), цэрквы Узвіжання (1700) на Блізкіх і Раства Багародзіцы (1696) са званіцай (1754—61) на Далёкіх пячорах. Гал. вертыкаль лаўры, што звязвала ўсе тры ансамблі ў адзіную прасторавую кампазіцыю — Вял. лаўрская званіца (1731—45, арх. Ф.​Васільеў, будаваў Г.​І.​Шэдэль, выш. 96,5 м). З 1926 гіст.-культ. музей-запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Киево-Печерская лавра, заповедник-музей: Краткий путеводитель. 4 изд. Киев, 1975.

Кіева-Пячэрская лаўра.
Троіцкая надбрамная царква ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Вялікая званіца Кіева-Пячэрскай лаўры.

т. 8, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)