ЛЕ́ВШ (Levine) Філіп (10.8.1900, r. Клецк Мінскай вобл. — 18.10.1987),

амерыканскі імунолаг і бактэрыёлаг; адзін з заснавальнікаў імунагематалогіі. Чл. Нац. АН ЗША (1966), Амер. т-ва клінічнай паталогіі (1942). Ганаровы чл. Міжнар. т-ва пералівання крыві (1978), Нью-Йоркскай АН (1978) і інш. З 1908 у ЗША. Скончыў Корнелскі ун-т (г. Ітака, 1925). З 1925 у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў (Нью-Йорк), з 1932 ва ун-це штата Вісконсін, з 1935 у шпіталі Бетс Ісраел (г. Ньюарк), з 1944 у Даследчым фондзе Орта ў г. Рарытан (у 1944—65 кіраўнік імунагематалагічнай лабараторыі, з 1965 носіць яго імя). Навук. працы па бактэрыялогіі, гематалогіі, імуналогіі. Адкрыў (з К.Ландштайнерам) групы крыві M, N і P у чалавека (1928). Раней і незалежна ад Ландштайнера і А.​С.​Вінера адкрыў (з Р.​Стэтсанам) рэзус-фактар у крыві чалавека (1939), выявіў сувязь паміж рэзус-фактарам і гемалітычнай хваробай нованароджаных (разам з інш., 1941). Устанавіў эфект т.зв. ABO-несумяшчальнасці груп крыві (1958), адкрыў шэраг рэдкіх груп крыві.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДЭРСТВА,

уплыў чалавека ці сац. групы на інш. людзей з мэтай арганізацыі сумеснай дзейнасці. Існуе некалькі тэорый Л. Прыхільнікі тэорыі рыс тлумачаць прыроду Л. выдатнымі якасцямі пэўнай асобы; лідэрам лічаць чалавека з асаблівым комплексам псіхал. якасцей. Прыхільнікі тэорыі Л. як функцыі пэўнай сітуацыі зыходзяць з таго, што тыя або інш. рысы лідэра мяняюцца ў залежнасці ад канкрэтных сітуацый. У тэорыі, якая вызначае ролю паслядоўнікаў, на першае месца ставіцца не сам лідэр, а яго паслядоўнікі, іх сац., псіхал. патрэбнасці, інтарэсы і запатрабаванні. Прыхільнікі інтэрактыўнай тэорыі Л. сцвярджаюць, што лідэрам можа стаць любы чалавек, які займае адпаведнае месца ў сістэме міжасобасных узаемаадносін. У сучасным грамадстве Л. ўяўляе сабой спосаб асобасных узаемадзенняў, заснаваных на інтэграцыі розных сац. слаёў (груп) з дапамогай дзеянняў спецыфічных механізмаў вакол праграмы (канцэпцыі) лідэра па вырашэнні розных сац. праблем і задач грамадскага развіцця. На ўзроўні малой групы лідэр кіруе дзеяннем групы, бярэ на сябе адказнасць, знаходзіць аптымальныя спосабы задавальнення групавых інтарэсаў і г.д. На ўзроўні вял. сац. груп лідэр абавязаны найперш выражаць інтарэсы дадзенай сац. групы, прадстаўляць іх у розных структурах. На ўзроўні грамадства існуе асаблівы тып Л. — палітычнае, калі лідэр інтэгрыруе інтарэсы вял. груп людзей у паліт. праграмы, каардынуе іх намаганні па рэалізацыі патрэбнасцей і ператварае мэты і задачы ў канкрэтныя дзеянні. Ням. сацыёлаг М.​Вебер адзначаў 3 тыпы Л.: традыцыйнае, заснаванае на веры ў непарушнасць традыцый, калі фармальнае Л. пераходзіць ад бацькі да сына, па сваяцкай лініі і г.д.; рацыянальна-легальнае, або бюракратычнае, якое базіруецца на законах, правілах, нормах; харызматычнае Л., заснаванае на веры мас у свайго лідэра, у незвычайныя здольнасці правадыроў; некаторыя лічаць, што харызма ідзе ад Бога і што яна надае магічную сілу тым, хто ёю валодае. Ад канкрэтных праяў Л. ў многім залежыць развіццё грамадства, жыццё і дабрабыт людзей.

І.​В.​Катляроў.

т. 9, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АДУКА́ЦЫЯ»,

легальнае т-ва асветнага кірунку ў Віцебску ў студз.—вер. 1913. Аб’ядноўвала 1268 чл. розных сац. груп і паліт. партый. Заснавальнікі і кіраўнікі: Р.​Н.​Шулепнікаў (старшыня), К.​В.​Пісарэнка (нам. старшыні), В.​А.​Прус. Мэта т-ва — падрыхтоўка да стварэння нар. ун-та. Сацыял-дэмакраты Віцебска выкарыстоўвалі «Адукацыю» як легальную трыбуну для рэв. прапаганды. Закрыта за антыўрадавую дзейнасць.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЦЭРАФАСФАТЫ́ДЫ, фосфагліцэрыды,

адна з груп фосфаліпідаў (фасфатыдаў). Да гліцэрафасфатыдаў адносяцца вытворныя 1,2-дыацыл-sn-гліцэрол-3-фасфату (фасфатыднай к-ты). Найб. распаўсюджаны дыацылгліцэрафасфатыды і плазмалагены. Гліцэрафасфатыды адыгрываюць ролю асн. фосфаліпіднага кампанента клетачных мембран жывёл, раслін і мікраарганізмаў, вызначаючы іх будову і пранікальнасць, а таксама актыўнасць шэрагу лакалізаваных у мембранах ферментаў. З бялкамі ўтвараюць ліпапратэінавыя комплексы. Розным біял. мембранам уласцівы пэўны састаў гліцэрафасфатыдаў.

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНАПАРТЫ́ЗМ,

гістарычны тэрмін, якім першапачаткова пазначалі паліт. рэжымы Напалеона I і Напалеона III у Францыі. Ужываецца з 19 ст. Адметны абаронай інтарэсаў буйной буржуазіі, апорай на армію і кансерватыўныя слаі сялянства, лавіраваннем паміж рознымі паліт. сіламі грамадства, спалучэннем дэмагогіі з палітыкай наступлення на дэмакр. свабоды і рэв. рух. У шырокім сэнсе банапартызм — антыдэмакр. дыктатура пэўных сац. груп, што лавіруюць паміж рознымі сіламі грамадства.

т. 2, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДЗІ́Н Цімафей Сцяпанавіч (жн. 1917, Гомель — 20.6.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Гомельскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). Вучыўся ў Маскоўскім паліграф. ін-це (1941). У Айч. вайну арганізаваў і ўзначаліў групу падпольшчыкаў. З ліст. 1941 кіраўнік Гомельскага падп. аператыўнага цэнтра па каардынацыі дзейнасці падп. груп. У маі 1942 з некалькімі чл. групы арыштаваны фашыстамі і расстраляны.

Ц.С.Барадзін.

т. 2, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВЕРГЕ́НЦЫЯ (ад позналац. divergentia разыходжанне) у біялогіі, разыходжанне прыкмет і ўласцівасцей у першапачаткова блізкіх груп арганізмаў у працэсе іх эвалюцыі. Тэрмін увёў Ч.​Дарвін (1859) для тлумачэння ўзнікнення сартоў культ. раслін, парод свойскіх жывёл і біял. відаў у прыродзе. Адбываецца пад уздзеяннем розных умоў існавання, у выніку чаго з аднаго зыходнага віду ўтвараюцца новыя разнавіднасці або віды. Процілегласць Д. — канвергенцыя.

т. 6, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫ́ТНАЯ БЛАКА́ДА,

адзін з відаў эканам. блакады краіны або групы краін з боку інш. краін або міжнар. фінансава-крэдытных арг-цый, які заключаецца ў адмове ад прадастаўлення крэдытаў. Выкарыстоўваецца з мэтай перашкодзіць яе эканам. развіццю і прымусіць выконваць пэўныя патрабаванні (абавязацельствы), у т. л. і палітычныя. К.б. можа ўжывацца і ў адносінах да асобных прадпрыемстваў або іх груп унутры краіны.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБІ́ЗМ (ад англ. lobby кулуары),

спецыфічны спосаб (механізм) уздзеяння прыватных і грамадскіх арг-цый — паліт. партый, прафсаюзаў, карпарацый, прадпрымальніцкіх саюзаў і г. д. (т. зв. груп ціску) на працэс прыняцця рашэнняў парламентам. Выкарыстоўваецца пры вырашэнні пытанняў аб бюджэтных асігнаваннях, фін. датацыях, прызначэнні на кіруючыя пасады ў парламенцкіх к-тах і інш. Упершыню ўзнік у ЗША, дзе лабісцкая дзейнасць з 1946 рэгулюецца федэральным заканадаўствам.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛЁТ,

раптоўнае нападзенне дыверсійна-разведвальных груп, партызан і інш., а таксама авіяцыі, артылерыі на аб’екты праціўніка. Шырока выкарыстоўваліся ў час 2-й сусв. вайны. У тактыцы дзеянняў бел. партызан у Вял. Айч. вайну пераважалі Н. на ням.-фаш. гарнізоны, чыг. станцыі, масты, эшалоны, абозы і інш. У сучасных умовах агнявыя Н. ажыццяўляе артылерыя, ваен.-паветр. авіяцыя, у т. л. з выкарыстаннем высокадакладнай зброі.

т. 11, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)