ЛЯНКЕ́ВІЧ (Аляксандр Алаізавіч) (псеўд. Ляндэр ; 1823, Гродзенская губ. — ?),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі, Літве і Польшчы. У 1840—61 у арміі, падпалкоўнік. Пасля адстаўкі жыў у сваім фальварку Панюкі Гродзенскага пав. 2.5.1863 падняў паўстанне ў Гродзенскім пав. Пасля аб’яднання з ваўкавыскімі паўстанцамі — вайсковы нач. Гродзенскага і Ваўкавыскага пав. 3.6.1863 каля в. Мілавіды (Баранавіцкі р-н) на чале аб’яднаных сіл гродзенскіх, ваўкавыскіх, слонімскіх і навагрудскіх паўстанцаў нанёс паражэнне урадавым войскам. 1.8.1863 разам з лідскімі паўстанцамі перайшоў Нёман і дзейнічаў у Аўгустоўскай губ. Паўстанцкія ўлады надалі яму званне палкоўніка. У вер. 1863 выехаў за мяжу. Завочна прыгавораны да пакарання смерцю.
Г.В.Кісялёў, Р.Ч.Лянькевіч.
т. 9, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Свіслацкі раён (Гродзенская вобл.) 1/196; 4/14; 9/55, 446— 447 (к.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,
сярэдняя спец. навуч. ўстанова ў 1915—33 у мяст. Баруны Ашмянскага пав. (Гродзенская вобл.). Рыхтавала настаўнікаў пач. школ. Засн. як рус. настаўніцкая семінарыя. У 1-ю сусв. вайну эвакуіравана ў г. Ціхвін Наўгародскай губ. У 1920 у Барунах у будынку б. манастыра базыльян адкрыта бел. настаўніцкая семінарыя, стваральнікам і дырэктарам якой быў С.А.Рак-Міхайлоўскі. У 1921 бел. семінарыя зачынена польск. ўладамі. На яе аснове створана польск. мужчынская настаўніцкая семінарыя. Выкладаліся польск., ням. мовы, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, фізіка, матэматыка, музыка і спевы, рэлігія, батаніка, заалогія, анатомія і фізіялогія чалавека, фізкультура і інш. Пры семінарыі працавала пач. школа (з 1922), у якой семінарысты праходзілі практыку. Семінарыя скасавана ў выніку школьнай рэформы.
т. 2, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ (Іван) (Ян) Станіслававіч (каля 1803, Гродзенская губ. — не пазней 1854),
удзельнік руху дзекабрыстаў. Уваходзіў у тайнае т-ва «Заране» ў Свіслацкай гімназіі (1823). З 1824 у Беластоку, у 1825 уступіў у т-ва «Ваенныя сябры», быў адным з кіраўнікоў яго арганізацыі ў Беластоку. 14.5.1826 арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю. Па царскай канфірмацыі (1827) пазбаўлены дваранства і прыгавораны да крапасных работ тэрмінам на 5 гадоў з далейшым пасяленнем у Сібіры. Летам 1827 сасланы ў Омскую, потым у Усць-Каменагорскую крэпасці. У 1830 прызначаны радавым у Сібірскія лінейныя батальёны. Служыў у г. Петрапаўлаўск Табольскай губ. У 1845 звольнены ў адстаўку, жыў у Петрапаўлаўску пад тайным наглядам паліцыі.
В.В.Швед.
т. 4, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІЯ ВЕ́ЖЫ,
умоўная назва манум. абарончых вежаў, якія будавалі ў 2-й пал. 13—14 ст. на Валыні, Беларусі і ў Польшчы. Былі цэнтрамі абароны буйных населеных пунктаў, каманднымі пунктамі і ўмацаваным жыллём феадалаў. Адпавядалі тактыцы абароны і метаду аблогі актыўным штурмам пры дапамозе каменекідальных машын, арбалетаў, а з 15 ст. і бамбардаў. Былі прамавугольныя ці круглыя ў плане. На Беларусі да Валынскіх вежаў адносяцца Брэсцкая вежа, Гродзенская вежа-стоўп, Навагрудскія вежы на Малым замку і замку, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш. Тэрмін «Валынскія вежы» ўвёў у навук. ўжытак П.А.Рапапорт пасля вывучэння вежаў на тэр. Валынскай зямлі.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII ст. Мн., 1978.
т. 3, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДСКІ СУД, замкавы суд,
крымінальны і цывільны суд для шляхты, мяшчан і сялян у Польшчы (14—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). У Беларусі Гродскі суд ліквідаваны ў 1795, у 1797 адноўлены ў Літоўскай губ. (пазней Віленская і Гродзенская губ.), канчаткова скасаваны ў 1831. Напачатку размяшчаўся ў гродзе (замку, адсюль назва). Дзейнічаў у двух складах — вышэйшым (як 1-я і 2-я інстанцыі) і ніжэйшым (толькі як 1-я інстанцыя). У вышэйшы Гродскі суд уваходзілі гал. суддзя (ваявода, староста або дзяржаўца) і прадстаўнікі феадалаў. Ніжэйшы Гродскі суд складаўся з намесніка гал. суддзі, шляхціцаў і пісара. Гродскі суд разглядаў справы пра найб. цяжкія крымінальныя злачынствы асоб, якія былі затрыманы на месцы злачынства, цывільныя справы аб выпатрабаванні чэлядзі нявольнай і залежных сялян.
т. 5, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПО́ВІЧ (Алесь) (1908, Гродзенская вобл. — 27.11.1992),
бел. кампазітар, музыкант, музыказнавец. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937), выкладаў у Бел. кансерваторыі (1937—41). У Вял. Айч. вайну друкаваў артыкулы па гісторыі бел. музыкі ў «Беларускай газэце». З 1944 у Германіі, друкаваўся ў бел. эмігранцкіх выданнях. Аўтар навук. працы «Імпрэсіянізм у музыцы» (1932—37), манаграфій пра творчасць бел. кампазітараў А.Багатырова, М.Аладава, А.Туранкова, Я.Цікоцкага, П.Падкавырава, М.Равенскага і інш. Асн. муз. творы: музыка да балета «Саламея» (1932—37), рамансы на вершы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Н.Арсенневай, Л.Геніюш, М.Сяднёва, М.Кавыля і інш., струнныя квартэты, санатнае алегра (1932—37), п’еса для фп., апрацоўкі бел. нар. песень (1937—41), прэлюдыі, тарантэла (1941—44), вальс (1945—52).
С.Б.Сачанка.
т. 8, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТО́ЎСКІ ФАНЕ́РНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т.
Створаны ў 1959 у г. Масты Гродзенскай вобл. на базе лесапільнага (1924) і фанернага (з 1927) з-даў. Складаўся з цэхаў: лушчыльнага, клеявога, сартавальнага, мяккай мэблі, лесапільнага; пабудаваны цэхі гнутаклееных дэталей (1961), драўнянастружкавых пліт (1972). З 1971 галаўное прадпрыемства Мастоўскага вытв. дрэваапр. аб’яднання «Мастоўдрэў», куды як філіялы ўваходзілі Мастоўская, Слонімская (вылучылася ў 1997) і Гродзенская (вылучылася ў 1993) мэблевыя ф-кі; з 1979 — Гродзенскі дрэваапр. камбінат (вылучыўся ў 1988), Гродзенскі леспрамгас (перайменаваны ў Мастоўскі леспрамгас), Смаргонскі лесазавод (ліквідаваны ў 1989). У 1994 аб’яднанне пераўтворана ў адкрытае акц. т-ва «Мастоўдрэў». Асн. прадукцыя (1999): фанера, драўнянастружкавыя пліты, драўняныя пліты з арыентаванай стружкай, піламатэрыялы; мэбля: корпусная, мяккая, кухні, спальні, крэслы; жывіца, шкіпінар, драўняны вугаль і інш.
т. 10, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРУ́ТА (сапр. Даравінская Амелія; 1863, в. Ройсталі, цяпер у межах Вільнюса — 27.7.1891),
бел. і польская фалькларыстка і этнограф. Адукацыю атрымала ў Варшаве. Настаўнічала, запісвала бел. фальклор і вяла этнагр. даследаванне Лідскага пав. (Гродзенская вобл.). Друкавалася ў час. «Wisła» («Вісла»), дзе ў 1889 змясціла апісанне дажынак з песнямі ў в. Шаўры Лідскага пав., паданні «Сосны ў Лідзе», «Паданне пра Пілакальскую гару» з Ваўкавыскага пав. Найб. значная публікацыя — «Беларускія песні з Лідскага павета» ў час. «Zbiór wiadomości do antropologii krajowej» («Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі», 1892), куды ўвайшлі сямейна-бытавыя, любоўныя, лірычныя, рэкруцкія і салдацкія песні. Манаграфію «Народ Лідскага павета» цэнзура забараніла. Рукапісы Біруты зберагаюцца ў архівах Варшавы і Вільнюса.
Літ.:
Саламевіч Я. Даследчыца беларускага фальклору // Полымя. 1969. № 11;
Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ АХВЯ́РАЎ ПАЛІТЫ́ЧНЫХ РЭПРЭ́СІЙ (БААПР),
добраахвотнае аб’яднанне грамадзян, якія пацярпелі ад паліт. рэпрэсій. Створана 8.2.1992 у Мінску. Вышэйшы орган — з’езд, кіруючы — рада, выканаўчы — управа. Мэты БААПР: удзел у рабоце па аднаўленні парушаных правоў і інтарэсаў беспадстаўна рэпрэсіраваных грамадзян, садзейнічанне поўнай і публічнай рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій; аказанне прававой, матэрыяльнай, сац.-бытавой і інш. дапамогі пацярпелым ад паліт. рэпрэсій; пошукі месцаў пахавання рэпрэсіраваных, стварэнне Кніг памяці; садзейнічанне дэмакр. пераўтварэнням і барацьба супраць актаў беззаконня і дыскрэдытацыі; развіццё прававой і гуманітарнай свядомасці грамадзян; арганізацыя сумесна з архіўнымі ўстановамі выставак і інш. асв. мерапрыемстваў, прысвечаных памяці ахвяраў рэпрэсій, і інш. У БААПР уваходзяць Брэсцкая, Гомельская, Гродзенская абласныя, Бабруйская, Брэсцкая, Баранавіцкая, Барысаўская, Маладзечанская гарадскія, Карэліцкая, Пухавіцкая, а таксама Ленінская, Першамайская, Фрунзенская г. Мінска раённыя асацыяцыі ахвяраў паліт. рэпрэсій.
У.І.Адамушка.
т. 2, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)