ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ЗМЕ́НЫ ГУ́КАЎ у мовазнаўстве,

гукавыя змены, якія нельга вытлумачыць фанетычнымі пазіцыямі ў слове, характэрнымі для кожнага гука сучаснай мовы. Адбываюцца на працягу пэўнага гіст. часу, пасля чаго іх дзеянне спыняецца. Вынікам гістарычнай змены гукаў з’яўляецца знікненне асобных гукаў, з’яўленне новых гукаў або супадзенне некалькіх гукаў у адным.

Так у гісторыі бел. мовы, як і большасці інш. слав. моў, зніклі кароткія (рэдукаваныя) галосныя «ь» і «ъ»; у выніку першай палаталізацыі заднеязычных «г», «х» з’явіліся невядомыя раней «ч», «ж», «ш»; гукі «е» і «ѣ» зліліся ў адным гуку «е». У сучаснай бел. мове гістарычныя змены гукаў адлюстраваліся ў гіст. чаргаваннях: пасля падзення кароткіх «ь», «ъ» з’явілася чаргаванне галосных «е», «о» з нулём гука (напр., «дзень — дня», «сон — сну»); першая палаталізацыя заднеязычных дала чаргаванне «к» — «ч», «г» — «ж», «х» — «ш» (напр., «рука — ручка», «нага — ножка», «страха — стрэшка»). Супадзенне «е» і «ѣ» у адным гуку прывяло да таго, што ў тых словах, дзе быў гук «е» (у т. л. і ўзнікшы «ь») назіраецца чаргаванне «е» — «о» (напр., «вясна — вёсны»), а там, дзе быў «ь» такое чаргаванне (за рэдкімі выключэннямі) не назіраецца (напр., «хлябы — хлеб»). Абсалютную храналогію гістарычнай змены гукаў устанавіць цяжка, а то і немагчыма, таму карыстаюцца адноснай. Так, напр., відавочна, што працэс пераходу «е» ў «о» завяршыўся раней, чым «е» і «ѣ» супалі ў адным гуку.

Літ.:

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1989;

Vexler P. A historial phonology of Byelorussian. Heidelberg, 1977.

А.​І.​Падлужны.

т. 5, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧАСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма, якая ўзыходзіць да фінікійскага пісьма. Верагодна ўзнікла ў 9—8 ст. да н.э. У грэчаскім пісьме, акрамя літар, якія абазначаюць зычныя, былі ўведзены самаст. літары для перадачы галосных гукаў, што было новым этапам у развіцці пісьменства. Класічны агульнагрэч. алфавіт склаўся ў 5—4 ст. да н.э. Напрамак пісьма — злева направа. Кожная літара мела і лічбавае значэнне. Знакі «стыгма», «копа» і «сампі» выкарыстоўваліся толькі для абазначэння лічбаў і пазней выйшлі з ужытку. Новагрэч. алфавіт мае 24 літары.

Алфавітнае грэчаскае пісьмо падзялялася на 2 галіны: усх.-грэч. і зах.-грэч. пісьмо. Усх.-грэч. развілося ў класічнае стараж.-грэч. і візантыйскае пісьмо, стала асновай копцкага, гоцкага, слав. кірылічнага (гл. Кірыліца), а магчыма, армянскага і часткова груз. пісьма (гл. адпаведныя арт.). Зах.-грэч. пісьмо было зыходным для этрускага, стараж.-герм. рунічнага і лацінскага пісьма. Найб. стараж. помнікі грэчаскага пісьма датуюцца 8—7 ст. да н.э. Грэчаскае пісьмо прадстаўлена некалькімі тыпамі: манум. пісьмо на цвёрдых прадметах — камені, метале, кераміцы (з 8 ст. да н.э.); уніцыяльнае — на папірусе (з 4 ст. да н.э.), на пергаменце (з 2 ст. да н.э.); курсіўнае (з 3 ст. да н.э.). У 13 ст. развіваецца малодшы мінускул (гл. Мінускульнае пісьмо), які паслужыў узорам для першага грэч. друкарскага шрыфту (15 ст.). Сучасныя друкаваныя грэч. літары створаны ў 17 ст.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987;

Guarducci M. Epigrafia greca. Vol. 1—2. Roma, [1967—69].

А.​М.​Рудэнка.

Да арт. Грэчаскае пісьмо. Грэчаскі алфавіт.

т. 5, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́ЛЬСКІЯ МО́ВЫ,

моўная сям’я, якая ўключае 2 групы моў: фіна-угорскую (гл. Фіна-угорскія мовы) і самадзійскую (ненецкая, энецкая, нганасанская і інш.; некат. вучоныя разглядаюць іх як групу моў у складзе генет. аб’яднання У.м.). Найб. верагодная прарадзіма У.м. — тэр. вакол Уральскага хрыбта. Спецыфічнай рысай усіх моў з’яўляецца тое, што слова складаецца з кораня, які нясе лексічнае значэнне, і ланцужка суфіксаў, кожны з якіх выконвае адну функцыю і мае толькі адно грамат. значэнне. Вакалізм такога слова характарызуецца гармоніяй галосных — галосныя суфіксаў прыпадабняюцца да галоснага кораня. Марфал. будова У.м. аглюцінатыўная, у сістэме скланення шмат месных склонаў. У лексіцы выяўляецца ўзаемадзеянне з некат. індаеўрап., у т. л. слав. мовамі. У.м. не маюць помнікаў стараж. пісьменства, ёсць помнікі пісьменства асобных моў адносна позняга часу. 1-ы пісьмовы помнік венг. мовы створаны каля 1200, 2 кароткія надпісы на карэльскай мове на наўгародскіх берасцяных граматах датуюцца пач. 13 ст., 1-я помнікі на стараж. комі мове напісаны ў 14 ст., найб. старажытныя фін. і эст. помнікі ўзыходзяць да 16 ст. Помнікі пісьменства стараж. фіна-угорскіх народаў адносяцца да канца 17—пач. 18 ст. У сучасных уральскіх народаў пісьменства развіта дастаткова нераўнамерна. Побач з мовамі з даўняй літ. традыцыяй (венг., фін., эст.) ёсць мовы са слаба развітым пісьменствам (ненецкая, хантыйская, мансійская) і беспісьмовыя або пісьменства якіх распрацоўваецца (водская, вепская і інш.).

Літ.:

Хайду П. Уральские языки и народы: Пер. с венг. М., 1985.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНАЛО́ГІЯ (ад фана... + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае функцыянальны бок гукавога ладу мовы — адрозненне значымых адзінак (марфем, слоў, сказаў) і адрознівальныя сродкі. Вылучылася з фанетыкі, часта разглядаецца як яе раздзел. Зарадзілася ў рас. мовазнаўстве (І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, М.​С.​Трубяцкой, Л.​У.​Шчэрба і інш.).

У Ф. вызначаюць 3 функцыі гукаў: кульмінатыўную (вяршынеўтваральную), дэлімітатыўную (размежавальную) і дыстынктыўную (сэнсаадрознівальную). На аснове апошняй вылучаюць фанемы. Ф. падзяляецца на фанематыку (сегментную Ф.), прасодыку (суперсегментную Ф.); апісальную і тэарэтычную Ф. Фанематыка вывучае функцыянаванне сегментных элементаў (фанем), прасодыка — суперсегментных элементаў, якія пашыраюцца больш як на адзін сегмент (націск, інтанацыя). Фанематыка выяўляе таксама сістэмныя адносіны паміж фанемамі, якія ў бел. мове грунтуюцца на проціпастаўленні цвёрдых і мяккіх, звонкіх і глухіх, шыпячых і свісцячых, выбухных і афрыкатыўных зычных, галосных верхняга і няверхняга пад’ёму, агубленых і неагубленых. Тэарэт. Ф. даследуе прыроду фаналагічнай рэальнасці і распрацоўвае апарат яе паняццяў, апісальная Ф. вывучае фаналагічную сістэму моў, адкрывае універсальныя фаналагічныя заканамернасці (сінхранічная Ф.), аналізуе развіццё фаналагічных сістэм канкрэтных моў (дыяхранічная Ф.). У сучаснай Ф. некалькі кірункаў, якія адрозніваюцца разуменнем прыроды фаналагічнай рэальнасці і азначэннем яе асн. адзінак. Гал. з іх склаліся ў межах Пражскай лінгвістычнай школы, гласематыкі, дэскрыптыўнай лінгвістыкі, параджальнай граматыкі. У рас. навуцы найб. пашыраны канцэпцыі Маскоўскай і Пецярбургскай фаналагічных школ. Фаналагічныя даследаванні на Беларусі вядуцца ў Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі (М.​В.​Бірыла, А.​А.​Крывіцкі, А.​І.​Падлужны) і Мінскім лінгвістычным ун-це.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​Л.​Падлужны.

т. 16, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНЦУ́ЗСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў. Афіц. мова Францыі, Манака, Бельгіі (разам з нідэрландскай і ням. мовамі), Швейцарыі (разам з ням. і італьян.), Канады (разам з англ.), Люксембурга (разам з ням.), Андоры (разам з ісп. і каталанскай), Вануату (разам з англ.); адзіная ці адна з афіц. моў у шэрагу краін Афрыкі. Адна з афіц. і рабочых моў ААН. Мае дыялекты: франсійскі (дыялект Іль-дэ-Франса, гіст. аснова сучаснай Ф.м.), паўночныя (нармандскі, пікардскі, валонскі ў Бельгіі), заходнія (анжуйскі, гало і інш.), паўд.-заходнія (пуацевінскі і інш.), цэнтральныя, паўд.-ўсходнія (латарынгскі, шампанскі), франка-правансальскія (займаюць прамежкавае становішча паміж Ф.м. і аквітанскай). У наш час назіраецца распад дыялектаў і фарміраванне рэгіянальных мадыфікацый агульнафранц. мовы. У Ф.м. набылі крайнюю ступень выражэння многія агульныя гіст. тэндэнцыі раманскіх моў. Ф.м. ўласцівы: у фанетыцы — проціпастаўленне галосных паводле пад’ёму, рада, лабіялізацыі, назалізацыі; адсутнасць дыфтонгаў; сістэма зычных бяднейшая, чым у інш. раманскіх мовах (менш палаталізаваных фанем, няма афрыкат); націск заўсёды на апошнім складзе; у марфалогіі — аналітызм, тэндэнцыя да марфал. нязменнасці слова, шырокае ўжыванне службовых слоў; у сінтаксісе — тэндэнцыя да двухсастаўнасці сказа, дзеяслоўнасці выказніка, фіксаванага і прагрэс. парадку слоў; у лексіцы — большасць слоў лац. паходжання, ёсць запазычанні з герм., англ., грэч. і інш. моў. На аснове Ф.м. ўзніклі некат. крэольскія мовы (на Гаіці, у штаце Луізіяна ЗША, на Малых Антыльскіх і Маскарэнскіх а-вах). Мае нац. варыянты ў Бельгіі, Швейцарыі, Канадзе, а таксама асаблівасці, якія датычацца пераважна фанетыкі і лексікі ў краінах Афрыкі. Першыя пісьмовыя сведчанні Ф.м. — «Рэйхенаўскія глосы» (8 ст.), першы звязны тэкст — «Страсбургскія клятвы» (842). Пісьменства на аснове лац. алфавіта (з дадаткам дыякрытычных знакаў і лігатур).

Літ.:

Гак В.Г. Введение во французскую филологию. М., 1986.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 16, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРВА́ЦКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група). Вядома таксама пад назвамі серб(ск)ахарвацкая, харвацкасербская, што з’яўляецца адлюстраваннем асаблівасцей гіст. і сац.-паліт. развіцця паўд. славян у 19—20 ст.: прыняцце харватамі і сербамі на хвалі нац.-вызв. барацьбы 19 ст. агульных асноў літ. мовы на базе сербскіх штокаўскіх гаворак, а пазней — выкарыстанне ў дзяржаве Югаславія (1918—91) агульнай мовы харватаў, сербаў, чарнагорцаў і мусульм. часткі жыхароў Босніі і Герцагавіны (нашчадкаў этн. славян, якія ў час тур. панавання прынялі іслам). З 1991 за харвацкім і сербскім варыянтамі заканадаўча замацаваны статус сербскай мовы (у Саюзнай Рэспубліцы Югаславія, з 2003 Сербія і Чарнагорыя) і Х.м. (у Рэспубліцы Харватыя).

Мае дыялекты: наваштокаўскі, чакаўскі, кайкаўскі. Х.м. ўласцівы: у фанетыцы — адсутнасць рэдукцыі ненаціскных галосных, у сістэме кансанантызму не развіта мяккасць, цвёрдыя зычныя не змякчаюцца перад галоснымі пярэдняга раду, звонкія зычныя на канцы пераважна не аглушаюцца, націск політанічны (4 тыпы); у марфалогіі — 3 асн. тыпы скланення назоўнікаў, клічны склон у адзіночным ліку, выяўленне катэгорыі адушаўлёнасці толькі ў адзіночным ліку мужчынскага роду, скланенне запазычаных назоўнікаў і абрэвіятур, складаная сістэма спрагальных і неспрагальных форм дзеяслова; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў у сказе, рэгламентуецца толькі месца і паслядоўнасць ужывання энклітык; у лексіцы — істотны герм. і раманскі ўплыў на раннім этапе развіцця мовы, стварэнне замест новых запазычанняў з неслав. моў новых слоў на базе элементаў сваёй мовы або запазычанне лексікі з блізкароднасных моў, пераважна з чэшскай.

Першыя пісьмовыя помнікі: глагалічны тэкст дарчага надпісу, высечаны на Башчанскай пліце (каля 1100), глагалічны рукапіс рэліг. зместу «Венскія лісткі» (12 ст.). У аснове харвацкай лацініцы (гаіцы ці гаевіцы) традыц. лац. пісьмо, адаптаванае да гукавога складу мовы ўвядзеннем дыякрытычных знакаў і стварэннем дыграфаў.

Літ.:

Булахов М.Г. Славянские языки: происхождение, история, современное состояние. Мн., 2001.

Л.​В.​Лявонава.

т. 16, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ МО́ВА,

адна з заходнеславянскай групы славянскіх моў, мова палякаў, дзярж. мова Польшчы. Мае 5 дыялектаў: велікапольскі, малапольскі, мазавецкі, шлёнскі, або сілезскі, кашубскі.

У фанетыцы: захаванне насавых [о], [э]; адсутнасць рэдукцыі галосных; чаргаванні ’e—’o, ’e—’a, ę—ą, ’er—’ar і інш.; палаталізаваныя зычныя p’, b’, m’, f’, v’; палатальныя n’, l’, j’, c’, dz’, s’, z’, k’, g’, ch’, якім (апрача j) адпавядаюць цвёрдыя; замена t’, d’, r’ на c’, dz’ rz’; наяўнасць альвеалярнага l (перад a, o, e, u і зычнымі) побач з цвёрдымі ł ([ł] або [u]) і мяккім l’ (у спалучэнні li); 8 шыпячых зычных; сталы націск на перадапошнім складзе. У марфалогіі: ужыванне асабовых паказчыкаў у 1-й і 2-й асобах адз. л. прошлага часу ў дзеясловах miałem — «я меў», miałeś — «ты меў», miał — «ён меў»; наяўнасць энклітык і праклітык; ужыванне дзеяслоўнай звязкі być («быць») у цяперашнім часе. П.м. флектыўная, мае 7 склонаў (з клічным), 2 лікі, 3 роды (у мн. л. — 2 з-за катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці мужчынскай асобы); 3 скланенні з 5 маюць мяккую і цвёрдую разнавіднасці; дзеясловам уласцівы катэгорыі трывання, часу, стану, ладу, асобы, ліку, дзеяслоўным формам і дзеепрыметнікам на ł — катэгорыі роду і асобы-неасобы. У сінтаксісе — асаблівы парадак слоў: група дзейніка стаіць перад групай выказніка, дапасаванае азначэнне ва ўстойлівых зваротах знаходзіцца пасля азначаемага слова і інш. Узбагачэнне лексікі адбывалася за кошт запазычанняў з лац., ням., італьян., франц., рус. (асабліва пасля 2-й сусв. вайны), а таксама бел. моў (duha — «дуга», boćwina — «бацвінне», borowik — «баравік» і інш.). У бел. лексіку трапіла шмат запазычаннях з П.м. (гл. Паланізм).

Літ. мова склалася на аснове велікапольскіх, малапольскіх і, пазней, мазавецкіх гаворак. Найб. прынятая перыядызацыя літ. мовы: старапольскі (сярэдзіна 12 — пач. 16 ст.), сярэдняпольскі (пач. 16 — сярэдзіна 18 ст.), навапольскі (з сярэдзіны 18 ст. — 1945), сучасны польскі перыяды. Пісьменства з 13 ст.: рэліг. песня «Багародзіца», Свентакшыскія казанні, Фларыянскі псалтыр (14 ст.) на аснове лацінскага алфавіта.

Літ.:

Тихомирова Т.С. Курс польского языка. М., 1988;

Кіклевіч А.К., Кожынава А.А., Кур’ян І.У. Польская мова. Мн., 2000.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 12, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ЙСКІЯ МО́ВЫ, індаарыйскія мовы,

1) група генетычна роднасных моў, якія паходзяць ад стараж.-інд. мовы і разам з дардскімі і іранскімі мовамі адносяцца да індаіранскай моўнай агульнасці, што ўваходзіць у індаеўрап. сям’ю моў (гл. Індаеўрапейскія мовы). У гісторыі развіцця І.м. адрозніваюць стараж.-інд. (мова ведаў у сярэдзіне 2-га тыс. да н.э., санскрыт з пач. 1-га тыс. да н.э.), сярэднеінд. (з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. паралельна з санскрытам развіваліся палі і пракрыты, якія адлюстроўвалі пэўныя з’явы жывой мовы), новаінд. (пасля 10 ст.) мовы. Новаінд. мовы падзяляюць на 3 галіны: унутраную (зах. хіндзі мова, урду мова, пенджабі, гуджараці, раджастані і інш.),

прамежкавую (усх. хіндзі) і знешнюю, якая падзяляецца на групы: паўн.-зах. (лахнда, сіндхі), паўд. (маратхі), усх. (орыя, біхары, бенгалі, асамская). Некат. вучоныя да ўнутр. галіны, апрача цэнтр. групы, далучаюць і мовы пахары, якія паходжаннем належалі да дардскай групы, але яшчэ ў пракрыцкую эпоху зазналі ўплыў І.м. Да І.м. належыць таксама цыганская мова.

Стараж. І.м. былі тыповымі флектыўнымі мовамі з унутр. і вонкавай флексіямі, чаргаваннем галосных, багатай марфалогіяй (3 роды, 3 лікі, 8 склонаў, разгорнутая сістэма часоў і ладоў дзеяслова і дзеепрыметнікаў); у фанетыцы — групы зычных, дыфтонгі, складовыя «р» і «л», муз. націск. У сярэднеінд. мовах адбывалася пэўнае спрашчэнне сістэмы часоў і ладоў, выкарыстанне дзеепрыметнікаў для абазначэння прошлага часу, выпрацоўваўся больш стандартны парадак слоў. Новаінд. мовы пры спрашчэнні марфал. выражэння скланення і спражэння развіваюць аналіт. спосабы перадачы склонавых значэнняў (паслялогі) і дзеяслоўных катэгорый; трацяцца зычныя на канцы слова і ў групах, у слоўнік пранікаюць многія запазычанні з санскрыту, з моў Усходу і еўрапейскіх. І.м. выкарыстоўваюць розныя алфавіты (гл. Індыйскае пісьмо). Некат. мовы карыстаюцца араба-перс. графікай. Вывучае І.м. індалогія.

2) Умоўная, не зусім дакладная назва моў, пашыраных на тэр. Індыі, Пакістана, Бангладэш, Шры-Ланкі, Мальдываў і Непала. Б.ч. іх — індаеўрап. ўласна І.м., іранскія (у т. л. пушту і белуджская), пашыраныя толькі ў Індастане дардскія мовы (у т. л. кашмірская), якія займаюць прамежкавае становішча паміж іранскімі і індыйскімі. Тут пашыраны таксама дравідыйскія мовы, мунду, некат. тыбета-бірманскія і мон-кхмерская мовы.

Літ.:

Зограф Г.А. Языки Индии, Пакистана, Цейлона и Непала. М., 1960;

Яго ж. Морфологический строй новых индоарийских языков. М., 1976;

Чаттерджи С.К. Введение в индоарийское языкознание: Пер. с англ. М., 1977.

А.​Я.​Супрун.

т. 7, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫПАЛО́ГІЯ МО́ЎНАЯ,

параўнальна-супастаўляльнае даследаванне структурна-функцыянальных уласцівасцей адзінак мовы ў сінхранічным плане без уліку генетычных сувязей моў. Разам з параўнальна-гіст. кірункам у мовазнаўстве (гл. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства) з’яўляецца тэарэт. базай для фарміравання і фармулявання палажэнняў агульнага мовазнаўства, агульнай тэорыі натуральных моў. Абапіраючыся на даныя, атрыманыя ў сінхранічным даследаванні паасобных моў, у т. л. мёртвых, Т.м. імкнецца да фармулявання палажэнняў, якія датычацца або ўсіх вядомых моў (гл. Універсаліі моўныя), або пэўных груп (тыпаў) моў. Т.м. грунтуецца на ўліку таго, што ў мовах, якія супастаўляюцца, ёсць і агульнае, і адрознае, спецыфічнае. Адносіны, што ўзнікаюць пры гэтым паміж фактамі, элементамі, уласцівасцямі прыватнымі і агульнымі, адзінкавымі і пашыранымі ў многіх мовах, грунтуюцца на сувязі паміж разнароднымі формамі і адпавядаючым ім адным і тым жа сэнсе, г.зн. функцыі. На падставе функцыянальнай агульнасці форм розныя мовы могуць быць аб’яднаны ў групы, або тыпы (гл. Тыпалагічная класіфікацыя моў). У залежнасці ад таго, якія фармальныя адзінкі разглядаюцца, Т.м. падзяляецца на тыпалогію фаналагічную, марфал., сінтакс. і лексічную. Фаналагічная тыпалогія моў грунтуецца на ўліку таго, якія фанет. ўласцівасці гукаў і ў якой ступені выкарыстоўваюцца фаналагічна, г.зн. для адрознення значэння марфем і слоў. На гэтай падставе вылучаюць мовы вакалічныя (напр., французская) і кансанантычныя (напр., польская). Інш. фаналагічная групоўка моў атрымліваецца пры ўліку фаналагічнага выкарыстання прасадычных рысаў галосных і складоў ці фаналагічнай структуры саміх складоў. Марфалагічная тыпалогія абапіраецца пераважна на адрозненні моў па наяўнасці ці адсутнасці ў іх сістэмах такой адзінкі, як слова, а таксама па тыпах і характары спалучэнняў марфем у слове ці сказе. Сінтаксічная тыпалогія будуецца на аналізе структурных схем сказаў, у якіх знаходзяць увасабленне прыватныя і агульныя моўныя заканамернасці сувязей членаў сказа, парадку элементаў у словазлучэнні і сказе, іх катэгарыяльныя і семантычныя ўласцівасці, правілы пабудовы складаных сінтакс. адзінак і г.д. Лексічная тыпалогія заснавана на якасных і колькасных характарыстыках слоўнікаў асобных моў, на высвятленні разгалінаванасці, члянімасці і багацці разнастайных груповак слоў, на аналізе тыпаў значэнняў, спосабаў намінацыі з’яў, прадметаў і інш. Тыпалагізацыя моў можа грунтавацца таксама на сацыялагічных, арэальных, культуралагічных, экспрэсіўна-ацэначных і інш. падставах. Т.м. дае магчымасць вылучыць і апісаць такія ўласцівасці моў, што не могуць быць заўважаны пры інш. падыходах і служыць для навук. арыентацыі ў бязмежнай рэальнай разнастайнасці натуральных моў у свеце. Асобны выпадак Т.м. — тыпалагічнае даследаванне адной, асобна ўзятай мовы, але гэта магчыма толькі пры ўмове наяўнасці папярэдне пабудаванай дэдуктыўнай семіялагічнай мадэлі, з якой супастаўляецца даследуемая мова.

Літ.:

Общее языкознание: Методы лингвистич. исслед. М., 1973;

Мечковская Н.Б. Общее языкознание: Структурная и социал. типология языков. М., 2000;

Language typology 1985. Amsterdam, 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАЖЫТНАРУ́СКАЯ МО́ВА.

агульнаўсходнеславянская мова, агульная мова ўсходніх славян 10—14 ст. Сфарміравалася ў эпоху стварэння стараж.-рус. дзяржавы на базе дыялектаў усх.-слав. плямён, што вылучыліся ў выніку распаду праславянскай мовы. З яе вылучыліся старарус., стараўкр. мовы і старабеларуская мова, на аснове якіх сфарміраваліся 3 усх.-слав. роднасныя мовы: беларуская мова, руская мова і ўкраінская мова.

Перыяд моўнага адасаблення ўсх. славян адзначаны развіццём тых. моўных асаблівасцей, якія выразна акрэслівалі і выдзялялі ўсх. групу слав. племянных дыялектаў. Гэта першае поўнагалоссе: стараж.-рус. «борода» праслав. *borda, «голова» < *glova і інш. (параўн. балг. «брада», «глава»; польск. «broda», «głova»). Развіццё гукаў «ч’», «ж’» на месцы агульнаслав. спалучэнняў tj, dj або kt, gt перад галоснымі пярэдняга раду («свѣча» < *svetja, «межа» < *medja, «ночь» < *nokt і інш. (параўн. балг. «свеща», «межда», «нощ»; польск. swiecą, miedza, пос). З’яўленне гукаў «ў», «’а» як рэфлексаў агульнаслав. насавых галосных: «судъ» < *sądъ, «мꙗсо» < *męso (параўн. чэш. soud, maso, польск. *sąd, mięso). Усх.-слав. моўная зона адасаблялася таксама за кошт фарміравання ў той час спецыфічнай усх.слав. лексікі: «логъ», «семья»: «бѣпка», «собака», «утъка», «ковьръ», коврига», «лапътъ», «чара», «вира» і інш. Фанетычная сістэма С.м. характарызавалася дзеяннем закону адкрытага складу, наяўнасцю рэдукаваных гукаў «ь» і «ъ», дыфтангічнага гука «ё» (абазначаўся літарай і), няпоўным проціпастаўленнем звонкіх—глухіх, мяккіх—цвёрдых зычных, адсутнасцю гука «ф», дыялектнай варыянтнасцю гукаў «г» (выбухнога або фрыкатыўнага) і «в» (губна-губнога або губна-зубнога). У грамат. ладзе С.м. вызначалася мнагатыпнасцю іменнага скланення (у залежнасці ад тыпаў праслав. іменных асноў, напр.: «братъ — брата», «сынъ — сыну», «дьнь — дьне», «гость — гости»); наяўнасцю форм адз., мн. і парнага ліку, 4 формамі прошлага і 3 формамі будучага часу, поўнай парадыгмай форм загаднага ладу. С.м. ўласціва «дапасаванне паводле сэнсу» дзейніка і выказніка, шырокае ўжыванне беспрыназоўнікавых канструкцый, недастатковае развіццё злучнікавых сувязей у структуры складанага сказа. На працягу 12—13 ст. дыялектнае чляненне С.м. паглыбілася ў сувязі са значным аслабленнем цэнтралізаванай стараж.-рус. дзяржавы. У выніку агульнаўсх.-слав. працэсу падзення рэдукаваных узнікаюць новыя дыялектныя адрозненні, якія проціпастаўляюць паўн. і паўн.-ўсх. землі паўд. і паўд.-заходнім. Да 14 ст. адбылося паліт. і эканам. адасабленне зах. і паўд.-зах. зямель, якія ўвайшлі ў ВКЛ, паўн. і паўн.-ўсх. землі аб’ядналіся ў складзе Маскоўскай дзяржавы.

Пісьмовыя помнікі С.м. вядомы з сярэдзіны 11 ст. З 10 ст. дайшлі толькі асобныя надпісы на прадметах, а таксама дагаворы Русі з Візантыяй (захаваліся ў складзе «Аповесці мінулых гадоў» у спісе 14 ст.). Значную ролю ў станаўленні літ. С.м. адыграла стараславянская мова. Найб. адчувальны яе ўплыў на мову рэліг.-павучальных твораў («Сказанне пра Барыса і Глеба», «Жыціе Феадосія Пячэрскага», творы мітрапаліта Іларыёна, Кірылы Тураўскага). Мова «Слова аб паходзе Ігаравым», «Задоншчыны», «Малення Данііла Заточніка», летапісаў вызначаецца сінкрэтызмам стараслав. і стараж.-рус. моўных сістэм. Мова дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», дагаворы і духоўныя граматы) у большай меры апіралася на нар.-размоўны варыянт С.м., які найб. выразна адлюстраваўся ў берасцяных граматах.

Літ.:

Обнорский С.П. Очерки по истории русского литературного языка старшего периода. М.; Л., 1946;

Филин Ф.П. Образование языка восточных славян. М., 1962;

Яго ж. Происхождение русского, украинского и белорусского языков. Л., 1972;

Ларин Б.А. Лекции по истории русского литературного языка (X — середина XVIII в.). М., 1975.

А.​І.​Яновіч.

т. 15, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)