«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,

газета дэмакр. кірунку. Выдавалася з 28.4 да 27.7.1919 у Вільні на бел. мове 3 разы на тыдзень. У газеце супрацоўнічала інтэлігенцыя пераважна сацыялістычнай арыентацыі. Выступала за цэласнасць і непадзельнасць Беларусі, выкрывала анексійныя замахі Польшчы, заклікала да аб’яднання ўсе дэмакр. элементы краю, узнімала надзённыя пытанні розных пластоў і груп насельніцтва. Шырока асвятляла падзеі на Беларусі. Выйшла 56 нумароў. Закрыта польскай акупац. адміністрацыяй.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА»,

часопіс інспектарыята бел. школ пры генеральным камісары Беларусі. Выдаваўся ў студз.снеж. 1942 у Мінску (друкаваўся кірыліцай і лацінкай у Вільні) на бел. мове пад кантролем герм. улад. Выходзіў раз у 2 месяцы. Складаўся з 2 частак — для настаўнікаў і вучняў. Друкаваў пераважна метадычныя і вучэбныя матэрыялы. Выйшла 6 нумароў. З 1943 замест «Беларускай школы» выдаваўся час. «Школа і жыццё».

С.​У.​Жумар.

т. 2, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУ́ЧАНЫ БАНК,

расійскі банк у 1909—17 у Маскве. Узнік у выніку санацыі і зліцця Маскоўскага міжнар. гандлёвага, Арлоўскага камерцыйнага і Паўднёва-Рускага прамысл. банкаў. У 1914 яму належалі філіялы ў Брэсце, Вільні, Віцебску, Гомелі, Дзвінску, Магілёве, Оршы, Полацку. Па колькасці філіялаў З.б. займаў 1-е месца ў Беларусі, аднак па аб’ёме банкаўскіх аперацый уступаў Азоўска-Данскому і Руска-Азіяцкаму банкам.

В.​М.​Сяховіч.

т. 7, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЫГАЛО́М»,

літаратурна-мастацкі часопіс. Выйшаў адзін нумар у лют. 1935 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Ю.​Кіпель. Змясціў матэрыялы пра грамадскае і літ. жыццё Зах. Беларусі. Сярод публікацый — інфармацыя пра 1-ы Усесаюзны з’езд сав. пісьменнікаў, вершы М.​Танка, Ф.​Грышкевіча, вытрымкі з прац К.​Маркса, Г.​В.​Пляханава, П.​А.​Гольбаха, Э.​Сінклера. Меў рубрыку «Культурная хроніка». Канфіскаваны і забаронены польскімі ўладамі.

т. 8, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУ́РНЫ ФРОНТ СЯЛЯ́НСКА-РАБО́ЧЫХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ,

арганізацыя рэвалюцыйна настроеных пісьменнікаў Зах. Беларусі. Існаваў з 10.12.1933 да сак. 1934. Створаны нелегальна па ініцыятыве КПЗБ і рэдакцыі «Беларускай газеты» ў Вільні з мэтай выхавання маладых літаратараў. Праграма фронту выкладзена ў «Дэкларацыі групы паэтаў...» (апубл. ў час. «Літаратурная старонка», 1934, № 1). Распаўся ў выніку арыштаў актыву — В.​Таўлая, Я.​Чабора, П.​Пестрака, А.​Дубровіча, Я.​Міско, выдаўца «Беларускай газеты» А.​Карповіча.

т. 9, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ЧНІК ЛІТЭРА́ЦКІ»

(«Rocznik Literacki», «Літаратурны штогоднік»),

літаратурна-навуковы альманах. Выдаваўся ў 1843—49 на польск. мове Р.​Падбярэскім. Выйшлі 4 тамы: т. 1—3 у Пецярбургу, т. 4 у Вільні. Прайшоў пэўную эвалюцыю ў прагрэс., дэмакр. кірунку, арыентаваўся на шырокае кола чытачоў. Вылучаўся высокім узроўнем афармлення. Друкаваў матэрыялы Падбярэскага, творы В.​Рэута, упершыню змясціў бел. вершы Я.​Баршчэўскага «Дзеванька» і «Гарэліца».

У.​І.​Мархель.

т. 13, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНТ). Існавала ў Вільні ў 1918—39. Заснавальнікі В.​Ластоўскі, І. і А.​Луцкевічы, В.​Святаполк-Мірскі, Я.​Станкевіч, У.​Талочка і інш. Кіруючы орган — урад, які выбіраўся на агульным сходзе членаў БНТ. Задачы: заснаванне і ўтрыманне музеяў, бібліятэк, навук. устаноў, арганізацыя выставак, лекцый, курсаў і навук. з’ездаў, выдавецкая дзейнасць. Напачатку займалася распрацоўкай бел. навук. тэрміналогіі і яе кадыфікацыі, праблемамі перакладу на бел. мову. Пры БНТ быў арганізаваны Беларускі музей імя І.​Луцкевіча і б-ка; дзейнічалі гіст., літ.-мастацкія і краязнаўча-экскурсійныя секцыі.

Т-ва правяло святкаванне 400-годдзя бел. кнігадрукавання (1925), 400-годдзя Статута ВКЛ 1529 (1929). Выдала навук. зб-кі «Гадавік Беларускага навуковага таварыства ў Вільні» (1933), «Запісы Беларускага навуковага таварыства» (1938), кнігі А.​Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі, 1525—1925» (1925), А.​Луцкевіча «Праўда пра «камеру Конрада» (1923, на польск. мове) і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з далучэннем Зах. Беларусі да БССР.

А.​С.​Ліс.

Да арт. Беларускае навуковае таварыства. Урачыстая акадэмія ў 10-я ўгодкі з дня смерці І.​Луцкевіча. Вільня. 1929.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,

дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны. Існавала ў 1915 — сярэдзіне 1920-х г. у Вільні. Т-ва арганізоўвала пункты харчавання, сталовыя, інтэрнаты, аказвала мед. дапамогу бежанцам. Сродкі складаліся з членскіх узносаў, ахвяраванняў, прыбыткаў з дабрачынных мерапрыемстваў. Адкрыла аддзелы ў Мінску, Дзісне, Вілейцы, Друскеніках, Полацку. Гуртавала вакол сябе дзеячаў бел. нац. руху, набыло значэнне прадстаўніка нац. інтарэсаў бел. насельніцтва. Займалася культ.-асв. працай. Пры ім была створана школьная камісія, якая арганізоўвала бел. школьніцтва, настаўніцкія курсы. У канцы 1916 у мяст. Свіслач пачала працаваць бел. настаўніцкая семінарыя. На курсах і ў семінарыі выкладалі А. і І.​Луцкевічы, В.​Ластоўскі, А.​Пашкевіч (Цётка) і інш. З канца 1918 дзейнасць т-ва ў сувязі са складанай ваен. і паліт. сітуацыяй на Віленшчыне, адсутнасцю грошай пачала згортвацца, на пач. 1920-х г. зводзілася да ўтрымання дзіцячага прытулку ў Вільні. Звесткі пра функцыянаванне т-ва пасля 1925 не выяўлены.

А.​М.​Бабкоў, С.​С.​Рудовіч.

Статуты Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны 1915 і 1921.

т. 2, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСІ́ЦКІ ((Łasicki) Ян) (каля 1534, в. Ласіцы Сахачоўскага пав. Раўскага ваяв., Польшча — пасля 1599),

польскі гісторык, бібліёграф, пратэстанцкі рэліг. дзеяч. У 1556—61 вучыўся ва ун-тах Страсбурга, Жэневы, Лазаны, Цюрыха, Парыжа, Падуі і інш. Займаўся кнігазнаўствам, напісаў некалькі кніг па гісторыі вывучэння рэлігіі (пераважна кальвінізму). З 1581 у Вільні. Быў настаўнікам і выхавальнікам сыноў мінскага кашталяна Я.​Глябовіча. Апошнія гады жыцця правёў у Заслаўі каля Мінска, цікавіўся этнаграфіяй народаў Рэчы Паспалітай, тэорыяй культуры. Пісаў на лац. мове. У зб. прац розных аўтараў, куды ўключыў і сваю «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» (1582), апісваюцца (часам з акцэнтацыяй увагі на негатыўным) сямейныя абрады, нар. адзенне, стравы і інш. бакі матэрыяльнай культуры беларусаў, асаблівасці архітэктуры Полацка, Вільні і інш. гарадоў. Яго твор «Пра багоў самагітаў, іншых сарматаў і несапраўдных хрысціян» (1615) пра свет язычніцкіх вераванняў жыхароў тагачаснай Літвы.

Тв.:

Бел. пер. — у кн. Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

У кн.: Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986.

Літ.:

Barycz H. Jan Łasicki. Wroclaw, 1973.

У.​А.​Васілевіч.

т. 9, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНО́ЎСКІ (Антон) (10.7.1781, г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 3.1.1855),

выдавец, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, Віленскі ун-т (1807). Адзін з арганізатараў і актыўны член т-ва шубраўцаў, Віленскага друкарскага т-ва (1818—22). У 1816—22 рэдактар сатыр. час. «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»), у 1817—39 рэдактар-выдавец газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»), у 1819—30 — першага на Беларусі і ў Літве навук.-літ. час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»). У 1817 заснаваў у Вільні друкарню, дзе выдаў каля 400 назваў кніг па розных галінах ведаў, у т. л. «Летапісец Літвы і руская хроніка» ў апрацоўцы І.​Даніловіча (1827), «Гісторыю літоўскага народа» Т.​Нарбута (т. 1—9, 1835—41), творы І.​Красіцкага, Ф.​Князьніна, І.​Легатовіча і інш. Аўтар прац па педагогіцы, антыпрыгонніцкай сатыры «Машына для біцця хлопаў» (пад псеўд. Патэлё, 1817), мемуараў (зберагаліся ў Р.​Зямкевіча, загінулі ў 2-ю сусв. вайну). Адзін са складальнікаў «Збору старажытных грамат і актаў гарадоў: Вільні, Коўна, Трок...» (ч. 1—2, 1843). Мяркуюць, што ў 1812 пісаў на бел. мове адозвы да сялян супраць памешчыкаў.

Г.​В.​Кісялёў, А.​В.​Мальдзіс.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)