БЕЛАРУ́СКАЯ ФІЛАРМО́НІЯ, Беларуская дзяржаўная філармонія. Створана ў 1937 у Мінску. Вядзе канцэртную, лекцыйную, муз.-асв. дзейнасць. У складзе філармоніі (1996): Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р.Р.Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І.Жыновіча, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь, ансамблі нар. музыкі «Свята», інструментальны «Кантабіле», вакальны «Камерата», філармонія для дзяцей і юнацтва (з 1992), аддзел камернай музыкі, тэатр пантамімы «Рух», вакальны гурт нар. песні «Купалінка», бел. паэтычны т-р аднаго акцёра «Зніч». У 1939 у самаст. арг-цыю вылучаны сектар эстрады «Белдзяржэстрада». Маст. кіраўнік Ю.Гільдзюк (з 1983).
Літ.:
Загородний Г.Н. Белорусская государственная филармония. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ ПАЛА́Ц,
помнік архітэктуры канца 18 ст. Пабудаваны ў 1778—87 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. для кн. Р.А.Пацёмкіна, у 1840-я г. рэканструяваны. Мураваны П-падобны ў плане 2-павярховы будынак накрыты пакатым 2-схільным дахам. Арх. вырашэнне гал. фасада мае рысы несапраўднай готыкі: цэнтр вылучаны рызалітам, раскрапаваным гранёнымі пілонамі, вуглавыя пілоны завершаны зубцамі і нагадваюць вежы, аконныя праёмы стральчатай формы. Астатнія фасады расчлянёны пілястрамі. Тарцы бакавых крылаў вырашаны ў строгіх класіцыстычных формах, завершаны трохвугольнымі франтонамі. Інтэр’еры залаў і пакояў мелі багатую ляпную аздобу, мармуровыя каміны, кафляныя печы. Перад палацам быў пейзажны парк (захаваўся часткова), за ім — П-падобны ў плане будынак стайні і пладовы сад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕНО́Н (лац. Xenon),
Xe, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 54, ат. м. 131,29; адносіцца да інертных газаў. Прыродны К. (вылучаны з паветра) складаецца з 9 ізатопаў, найб. колькасць (у % па аб’ёме): 129Xe (26,44%), 131Xe (21,18%), 132Xe (26,89%). У атмасферы 0,8610−5% па аб’ёме. Адкрыты ў 1898 (гл.Крыптон), названы ад грэч. xenos — чужы.
Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп-108,1 °C, шчыльн. 5,85 кг/м³ (0 °C). Першае злучэнне інертных газаў XePtF6 атрымаў амер. хімік Н.Бартлет (1962). Непасрэдна К. узаемадзейнічае толькі з фторам, утварае фтарыды XeF2, XeF4, XeF6, з якіх атрымліваюць інш.хім. злучэнні. Выкарыстоўваюць для напаўнення лямпаў напальвання, магутных газаразрадных і імпульсных крыніц святла; фтарыды — як моцныя акісляльнікі і для фтарыравання ў неарган. і арган. сінтэзах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ УНІВЕРМА́Г.
Пабудаваны ў 1951 у Мінску (арх. Л.Мілегі, Р.Гегарт). У аснове кантактнага Г-падобнага ў плане 4-павярховага будынка жалезабетонны каркас. На сіметрычна вырашаным фасадзе, арыентаваным на праспект Скарыны, на 1-м паверсе вылучаны 3 арачныя праёмы, якія ўтвараюць парадны ўваход. Для арх.-маст. аблічча характэрна наяўнасць вял. зашклёных праёмаў розных памераў, а таксама складанага дэкору — шматлікіх франтончыкаў, ліштваў, уставак, геральдычных паяскоў, прафіляваных цяг, маёлікавых дэталей, парапета. Дэкар. элементы класічнай спадчыны (ляпныя дэталі, вітражы і інш.) шырока выкарыстаны і ў інтэр’ерах. На 1—3-м паверхах размешчаны гандл. залы, злучаныя паміж сабой цэнтр. трохмаршавай параднай і 2 бакавымі лесвіцамі, на 4-м і ў падвалах — складскія і інш. службовыя памяшканні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЦЫРК, Мінскі дзяржаўны цырк Беларусі. Пабудаваны ў 1959 (арх. В.Жукаў) на перакрыжаванні водна-зялёнага дыяметра горада (р. Свіслач і зялёная зона ўздоўж яе поймы) і праспекта Скарыны. Адыгрывае важную кампазіцыйную ролю ў фарміраванні сістэмы ансамбляў цэнтра Мінска. Трохпавярховы аб’ём, у якім выкарыстаны формы і дэкор класічнай спадчыны, накрыты сферычным купалам. Гал. ўваход вылучаны шматкалонным порцікам карынфскага ордэра. Па перыметры будынка пілястры. Глядзельная зала мае арэну (дыяметр 13 м), 1668 месцаў, размешчаных амфітэатрам. Вакол відовішчнай часткі фае, гардэробы, памяшканні для артыстаў і абслуговага персаналу, залы для рэпетыцый, спец. памяшканні для жывёлы і інш. У 1959—74 працаваў Беларускі цыркавы калектыў. У М.ц. няма сталай трупы. У праграмах М.ц. ўдзельнічаюць замежныя цыркавыя калектывы, у т. л. СНД.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫДАКСІ́Н, вітамін B6, адэрмін C8H11NO3,
група водарастваральных злучэнняў, вытворных 2-метылпірыдзіну. Вылучаны з паліраванага рысу ў 1932. У прыродзе пашыраны 3 яго формы: П., пірыдаксаль, пірыдаксамін, якія лёгка пераўтвараюцца ў арганізме адна ў адну.
Бясколернае крышт. рэчыва, добра раствараецца ў вадзе і спірце. Сінтэзуецца мікраарганізмамі, зялёнымі раслінамі, у жвачных жывёл і чалавека — кішэчнай мікрафлорай. Біял. функцыі П. ажыццяўляе ў форме 5-пірыдаксальфасфату, які выконвае ролю каферменту ў рэакцыях абмену амінакіслот (напр.пераамінаванне). Удзельнічае ў азоцістым, тлушчавым абмене, у сінтэзе сератаніну. Недахоп П. ў арганізме выклікае анемію, сутаргі, дэрматыт і інш. Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека ў П. 1,5—2,8 мг, дзяцей — 0,5—2 мг. Найб. П. маюць рысавае і пшанічнае вотруб’е, боб, дрожджы, печань млекакормячых. Выкарыстоўваюць у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры позняга класіцызму ў г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1850 з цэглы. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і 2 сакрысціямі абапал яе. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты 2-схільным дахам, апсіда — больш нізкім. Гал. фасад вылучаны ў цэнтры глыбокім рызалітам і завершаны 2-схільным шчытом. Квадратныя 4-ярусныя вежы прарэзаны скразнымі арачнымі праёмамі, круглымі люкарнамі і завершаны шлемападобнымі купаламі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і шырокімі пілястрамі ў прасценках. Інтэр’ер перабудаваны. Часткова захавалася керамічная падлога з арнаментальным малюнкам. Перад касцёлам брама з 3 арачнымі праходамі, аздобленая на гал. фасадзе паўкалонамі і завершаная лучковым франтонам. У касцёле хрысцілі Я.Купалу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ ПАНТЭО́Н,
помнік стараж.-рым. архітэктуры ў Рыме. Узведзены каля 118—125 (арх. Апаладор з Дамаска) у гонар усіх багоў пры імператару Адрыяне на месцы аднайм. храма часоў імператара Агрыпы (27 да н.э.). Велічная ратонда, перакрытая паўсферычным купалам (дыяметр больш як 43 м) з кесонамі, у цэнтры з адтулінай (дыяметр каля 9 м) для асвятлення інтэр’ера. Уваход вылучаны порцікам з 16 калон з карынфскімі капітэлямі. У інтэр’еры па перыметры размешчаны нішы прамавугольнай і круглай формы. У сярэднія вякі Р.п. ператвораны ў касцёл ; цяпер — нац. маўзалей, дзе пахаваны Рафаэль, арх. Б.Перуцы і Дж.Віньёла, каралі Віктар. Эмануіл II, Умберта I, каралева Маргарыта і інш. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЭ́ШЫНСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Стрэшын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. Пабудавана ў 1807 з цэглы. Храм цэнтрычны, складаецца з асн. аб’ёму (у плане квадрат са зрэзанымі вугламі) і прылеглых да яго з 4 бакоў паўкруглых аб’ёмаў. Асн. аб’ём мае сферычнае пакрыццё, завершаны круглым светлавым барабанам-ратондай з невял. купалам. Аналагічныя вежачкі-ратонды пазначаюць вуглы аб’ёму, грані якога завершаны трохвугольнымі франтонамі. Фасады аздоблены пілястрамі і паўцыркульнымі нішамі, у якіх размешчаны аконныя праёмы. Ў стварэнні арх. рытму фасадаў выкарыстаны авальныя, круглыя і паўкруглыя люкарны. Тры ўваходы вылучаны высокімі мураванымі ганкамі. Пад будынкам зроблена крыпта, у якую вядуць 2 лесвіцы, размешчаныя ў тоўшчы сцяны. У 1989 храм рэстаўрыраваны (арх. В.Калнін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛУО́Л, метылбензол,
араматычны вуглевадарод, C6H5CH3, У 1838 вылучаныфранц. хімікам А.Сент-Клер Дэвілем з талуанскага бальзаму (адсюль назва Т.).
Бясколерная вадкасць, tпл 110,62 °C, шчыльн. 866.9 кг/м³. Добра раствараецца ў большасці арган. растваральнікаў. мала — у вадзе. Рэакцыі замяшчэння ў бензольным ядры адбываюцца лягчэй, чым у бензоле (гл.Араматычныя злучэнні). Пры акісленні па CH3-групе ў залежнасці ад умоў утвараюцца бензілавы спірт, бензойны альдэгід або бензойная кіслата. У прам-сці вылучаюць з каменнавугальнай смалы, прадуктаў каталітычны рыформінгу бензінаў. Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці бензолу, фенолу, капралактаму, нітраталуолаў (тратылу) і інш., а таксама як растваральнік для палімераў, нітрацэлюлозных, алкідных лакаў і эмалей, высокаактанавы кампанент бензінаў. Аказвае слабае наркатычнае ўздзеянне, ГДК 50 мг/м³.