Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ ДЗЯРЖА́ЎНЫМ СУВЕРЭНІТЭ́ЦЕ БЕЛАРУ́СКАЙ САВЕ́ЦКАЙ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ,
акт урачыстага абвяшчэння суверэнітэту Беларусі. Прынята Вярх. Саветам БССР 27.7.1990. 25.8.1991 Дэкларацыі нададзены статус канстытуцыйнага закону. Складаецца з прэамбулы і артыкулаў. Беларусь абвешчана суверэннай дзяржавай, усталяванай на аснове права бел. нацыі на самавызначэнне, дзяржаўнасці бел. мовы, вяршэнства народа як носьбіта і адзінай крыніцы дзярж. улады. Мэты дзярж. суверэнітэту: свабоднае развіццё і дабрабыт, забеспячэнне правоў асобы, ператварэнне сваёй тэрыторыі ў бяз’ядзерную зону, а Беларусі ў нейтральную дзяржаву. Вызначэнне суверэнітэту абумовіла прыняцце прававых норм, якія замацавалі грамадзянства Беларусі, уласнасць бел. народа на зямлю, нетры, паветр. прастору, нац., культ. і гіст. каштоўнасці, непадзельнасць і недатыкальнасць тэрыторыі, права на стварэнне сваіх фін.-крэдытнай і грашовай сістэм, на ўласныя ўзбр. сілы, права заключаць добраахвотныя саюзы з інш. дзяржавамі і выходзіць з гэтых саюзаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙМЕ́НШЫХ КВАДРА́ТАЎ МЕ́ТАД,
адзін з метадаў памылак тэорыі для ацэньвання невядомых велічынь па выніках вымярэнняў. Выкарыстоўваецца для статыстычных апрацовак.
Прапанаваны К.Гаўсам (1794—95) і А.Лежандрам (1805—06). Першасна прызначаўся для апрацоўкі астр. і геад. вымярэнняў. Строгае матэм. абгрунтаванне і вызначэнне межаў дастасавальнасці Н.к.м. далі А.А.Маркаў і А.М.Калмагораў. Паводле Н.к.м., калі n вынікаў вымярэнняў y1, y2, ..., yn звязаны з m (m < n) пераменных x1, x2, ..., xm зададзенай функцыянальнай залежнасцю yi = 𝑓(x1, x2, ..., xm) + σi, дзе σi — невядомыя выпадковыя хібнасці, ацэнкамі для xi бяруцца такія Xi, для якіх сума квадратаў
, дзе pi — зададзеныя лікі, будзе найменшая. Для мінімізацыі S першыя частковыя вытворныя па невядомых велічынях прыраўноўваюць да нуля. Рашэнне сістэм ураўненняў
дае ацэнкі для Xi.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГІ РУХО́МАЙ ПРЫ́НЦЫПу біялогіі,
вызначэнне стану дынамічнага балансу (гамеастазу), які падтрымліваецца за кошт адноснага пастаянства асн. якасна-колькасных характарыстык пэўнага прыроднага комплексу (экасістэмы). Сфармуляваны рас. батанікам А.Яленкіным (1921). Баланс бесперапынна абнаўляецца ў сістэме рэчыва — энергія на фоне некат. ваганняў яе кампанентаў, якія паступова мяняюцца ў эвалюцыйным, гіст. і індывід. планах, нават да пераходу ў якасна іншы стан (на працягу адносна вял. адрэзка часу). Адносная стабільнасць прыроднага комплексу захоўваецца як адзінае цэлае на фоне некат. пастаянных ваганняў асобных кампанентаў экасістэмы. Аднак пад уздзеяннем непастаянных (незвычайных) знешніх сіл апорны пункт структуры экасістэмы можа перамяшчацца ад аднаго кампанента да другога. Напр., захаванне раўнавагі ў буйной расл. супольнасці (тайга, саванна, трапічны лес) або якой-н. папуляцыі шматлікага віду жывёл у межах экасістэмы (супольнасць насякомых, рыбнае насельніцтва вадаёма і інш.).
англійскі эканаміст, прадстаўнік класічнай школы палітэканоміі. З 1788 камерсант, з 1812 займаўся навукай, з 1819 чл. парламента. Гал. задачай эканам. навукі лічыў вызначэнне законаў, якія кіруюць размеркаваннем. У асн. працы «Пачатак палітычнай эканоміі і падатковага абкладання» (1817) сцвярджаў, што вартасць прадукцыі вызначаецца колькасцю працы, неабходнай для яе вытв-сці. На аснове сваёй тэорыі працоўнай вартасці стварыў тэорыю размеркавання вартасці паміж класамі грамадства. Стаяў на пазіцыях сац. песімізму, лічыў, што з прычыны абмежаванасці прыродных рэсурсаў эканам. рост з цягам часу спыніцца. Важнай умовай эканам. росту лічыў міжнар. падзел працы, які вядзе да росту прадукцыйнасці працы і эканоміі рабочага часу. Сваёй тэорыяй параўнальных выдаткаў зрабіў вял. ўклад у тэорыю знешняга гандлю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТАЦЫ́ЙНАЯ ФІЗІЯЛО́ГІЯ,
раздзел фізіялогіі, які даследуе прыроджаныя і набытыя прыстасавальныя рэакцыі розных сістэм жывых арганізмаў на вонкавыя ўздзеянні. Задачы адаптацыйнай фізіялогіі: даследаванне фізіял., біяхім. і структурных пераўтварэнняў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства ўнутранага асяроддзя арганізма; вывучэнне механізма прыстасавання пры ўздзеянні фактараў навакольнага асяроддзя; вызначэннегал. дзеючых фактараў і межаў нармальнага рэагавання; распрацоўка шляхоў карэкцыі парушаных функцый і інш. Адаптацыйная фізіялогія вывучае генатыпічную (эвалюцыйную) і фенатыпічную (індывідуальную) адаптацыі. Значны ўклад у развіццё адаптацыйнай фізіялогіі зрабілі замежныя вучоныя К.Бернар, У.Кенан, Г.Селье, а таксама савецкія Л.А.Арбелі, П.К.Анохін, П.Д.Гарызонтаў, І.В.Давыдоўскі, Ф.З.Меерсон, В.П.Казначэеў, А.Д.Слонім, Ф.І.Фурдуй і інш. На Беларусі праблемы адаптацыйнай фізіялогіі вывучаюцца ў ін-тах фізіялогіі, біяхіміі, заалогіі АН Беларусі, мед. ін-тах (Мінск, Віцебск, Гродна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯАН Расіі, Пулкаўская абсерваторыя,
навукова-даследчая ўстанова на Пулкаўскіх вышынях (75 м над узр. мора), за 19 км на Пд ад Санкт-Пецярбурга. Арганізавана В.Я.Струвэ, які быў яе першым дырэктарам (да канца 1861). Пабудавана паводле праекта арх. А.П.Брулова. Адкрыта ў 1839.
Асн. кірункі работ: стварэнне абс. каталогаў месцазнаходжання зорак, назіранне падвойных зорак, вызначэнне зорных паралаксаў. Каталогі мелі вял. дакладнасць; упершыню вымераны паралакс зоркі (λ Ліры; 0,125″ ± 0,055″; Струвэ, 1837). Асн. абсталяванне: 65-см рэфрактар, гарыз. мерыдыянны інструмент, фатаграфічная палярная труба, зеніт-тэлескоп, зорны інтэрферометр, 2 сонечныя тэлескопы, каранограф, меніскавы тэлескоп Максутава, вял. радыётэлескоп і інш. Галоўная астранамічная абсерваторыя выдае «Працы» (з 1893), «Весці» (з 1907), «Сонечныя даныя» (з 1954), «Бюлетэнь службы часу» (з 1955) і інш. Перадае сігналы дакладнага часу з 1920. Вядуцца даследаванні па астраметрыі, астрафізіцы, радыёастраноміі, пазаатмасфернай астраноміі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТА́ЛІ МАШЫ́Н,
1) асобныя састаўныя часткі і іх найпрасцейшыя злучэнні ў машынах, прыладах, апаратах, прыстасаваннях. Робяцца з аднаго матэрыялу без выкарыстання зборачных аперацый.
Да Д.м. адносяцца валы, восі, спружыны, падшыпнікі, муфты, шпіндэлі, поршні, шасцерні, балты, заклёпкі, шпонкі і інш., а таксама злучэнні (раздымныя — балтовыя, шпоначныя, шліцавыя, клінавыя, профільныя; нераздымныя — зварныя, заклёпачныя, прэсавыя), перадачы (трэннем — фрыкцыйныя і раменныя; счапленнем — зубчастыя, вінтавыя, чарвячныя, ланцуговыя).
2) Навук. дысцыпліна, якая вывучае тэорыю, разлікі і канструяванне Д.м. Яе задачы: выбар матэрыялаў для вырабу дэталей; наданне дэталям мэтазгодных форм і памераў, якія забяспечваюць трываласць канструкцый; вызначэнне ступені дакладнасці памераў, якасці рабочых паверхняў дэталей; распрацоўка тэхн. умоў на выраб Д.м. і інш. Звязана з механізмаў і машын тэорыяй, супраціўленнем матэрыялаў, матэрыялазнаўствам, тэхнічнай дыягностыкай, надзейнасцю вырабаў, тэхн. чарчэннем.
Літ.:
Детали машин. Расчет и конструирование: Справ. Т. 1—3. 3 изд. М., 1968—69.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКТЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраметрыі, які распрацоўвае метады, інструменты і прылады для вызначэння геагр. каардынат, азімутаў напрамкаў і дакладнага часу паводле астр. назіранняў. Падзяляецца на геадэзічную астраномію, мараходную (распрацоўвае спосабы вызначэння па нябесных свяцілах і навігацыйных ШСЗ месцазнаходжання судна ў моры і папраўкі прылад курсапаказвання) і авіяцыйную (вызначае каардынаты лятальнага апарата í папраўкі компаса ва ўмовах палёту). Вымяральныя прылады П.а.: зеніт-тэлескоп, кварцавы гадзіннік, мерыдыянны круг, пасажны інструмент, секстант, універсальны інструмент, хранограф, хранометр і інш. Па астр. гадзінніках службы часу розных краін вызначаюць час адпаведнага часавага пояса з дакладнасцю да дзесяцітысячнай долі секунды, кругласутачна перадаюць сігналы дакладнага часу. Астр. метады арыенціроўкі (вызначэннегеагр. каардынат і азімутаў напрамкаў) з’яўляюцца найб. надзейнымі метадамі ў далёкіх плаваннях марскіх караблёў, авіяц. і касм. палётах.
Літ.:
Блажко С.Н. Курс практической астрономии. 4 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРЫДАЛАГІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
аналіз характару наследавання асобных уласцівасцей і прыкмет арганізмаў пры палавым размнажэнні з дапамогай сістэмы скрыжаванняў; адзін з асн. метадаў генет. аналізу. Дае магчымасць расшыфраваць генатыпічную структуру асобін, што скрыжоўваюцца, і іх патомкаў.
Класічная схема гібрыдалагічнага аналізу ўключае: вылучэнне зыходных гомазіготных форм, атрыманне ад іх гібрыдаў 1-га пакалення (F1) і скрыжаванне F1 паміж сабой — атрыманне гібрыдаў 2-га пакалення (F2). У гібрыдалагічным аналізе выкарыстоўваюць таксама рэцыпрокныя, зваротныя і аналітычныя скрыжаванні (гл. адпаведныя арт.). Метад гібрыдалагічнага аналізу дазваляе выявіць характар дамінавання і вызначыць колькасць генаў, якія кантралююць адрозненні па дадзенай прыкмеце, лакалізацыю генаў, што вывучаюцца. З яго дапамогай вырашаюць многія праблемы сучаснай генетыкі: атрыманне арганізмаў з зададзенымі генет. ўласцівасцямі, складанне генетычных картаў храмасом для розных відаў, вызначэнне філагенетычнай роднасці паміж групамі арганізмаў і інш. Прыватны выпадак гібрыдалагічнага аналізу — метад радаслоўных (генеалагічны аналіз), аднак у ім, як правіла, адсутнічае этап падбору бацькоўскіх форм.