археалагічная культура гета-фракійскіх плямён, якія ў 1—2 ст. насялялі рэгіён Верхняга Паднястроўя. Назва ад могільніка каля в.Верхняя Ліпіца Івана-Франкоўскай вобл. (Украіна). Асн. заняткі насельніцтва — жывёлагадоўля, жалезаробчая вытв-сць. Паселішчы размяшчаліся на схілах гор. Жытлы — зямлянкі чатырохвугольнай і авальнай формы пл. да 25 м² з каменнымі агнішчамі. Большасць вядомых пахаванняў — грунтавыя могільнікі з абрадам трупаспалення. Рэшткі трупаспалення разам з асабістымі рэчамі змяшчалі ў керамічную урну і накрывалі міскаю. Насельніцтва вырабляла жал. сякеры, долаты, нажы. крэсівы, спражкі і інш. Кераміка — ляпная і ганчарная (цюльпанападобныя і акруглыя гаршкі, нярэдка з наляпнымі валікамі, міскі, чашы на высокай ножцы і інш.). Выкарыстоўваліся прывазныя і мясц. рэчы з каляровых металаў: падвескі, фібулы, люстэркі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА) (ад грэч. pleion большы + kainos новы),
пліяцэн, верхні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду), заключная эпоха неагенавага перыяду геал. гісторыі Зямлі. Вылучаны англ. геолагам Ч.Лаелем у 1833. Доўжыўся ад 5,3 да 1,77 млн.г. назад. Паводле міжнар. стратыграфічнай шкалы падзяляецца на 3 ярусы: занклій, п’ячэнца і гелазій. На Беларусі вылучаюць адклады ніжняга і верхняга пададдзелаў. Паводле новых даных адклады пліяцэну вылучаны ў калочынскі надгарызонт, які падзяляецца на холмецкі (адпавядае ніжняму і ніжняй ч. верхняга пліяцэну) і дварэцкі (верхняяч. верхняга пліяцэну) гарызонты. Адклады П.а. (э.) магутнасцю да 25 м трапляюцца на невялікіх участках, пераважна на Пд ад лініі Смаргонь—Лагойск—Рэчыца. Прадстаўлены рачнымі і азёрнымі пяскамі, алеўрытамі, глінамі. Гліны прыдатныя для керамічнай вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́ПЛІ (Cannabis),
род аднагадовых кветкавых раслін сям. каноплевых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. У культуры К. пасяўныя (C. sativa) — лубавалакністая, прадзільная і алейная расліна. Найб. пасевы ў Цэнтр. Азіі і Еўропе. На Беларусі пашыраны на невял. плошчы. К. індыйскія (C. indica) культывуюць у тропіках і субтропіках пераважна як наркатычную расліну, вытв-сць якой у многіх краінах забаронена. К. пустазельныя (C. ruderalis) — пустазелле яравых пасеваў.
К. пасяўныя — двухдомная травяністая расліна, выш. да 4 м. Мужчынскія асобіны — маніцы. жаночыя — мацёркі. Сцябло прамое, укрытае залозістымі валаскамі. Лісце лопасцевае. Кветкі маніц у мяцёлчатых суквеццях, мацёрак — у галоўчатых. Плод — аднанасенны арэшак. К. даюць валакно — пяньку, з насення атрымліваюць 30—35% алею. Канапляная макуха — каштоўны корм. З кастрыцы вырабляюць паперу і буд. матэрыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЕ́ЙНАЯ ФО́РМА,
форма, у якую заліваюць расплаўлены матэрыял, каб атрымаць пасля яго зацвердзявання фасонную адліўку. Складаецца звычайна з дзвюх паўформ, якія з дапамогай ліцейнай мадэлі ўтвараюць замкнёную поласць з канфігурацыяй і памерамі патрэбнай адліўкі.
Л.ф. мае ліцейныя стрыжні, якія ўтвараюць унутр. поласці і адтуліны ў адліўцы (робяцца з стрыжнёвых сумесей) і літніковую сістэму (сукупнасць каналаў і поласцей) для запаўнення рабочай поласці расплаўленым матэрыялам. Адрозніваюць Л.ф. разавыя і шматразавыя, якія робяцца ў апоках з дапамогай фармовачных машын або ручным спосабам з фармовачных сумесей, а таксама з металу (какілі). Формы, якія выкарыстоўваюцца для ліцця пад ціскам, звычайна наз.прэс-формамі, для атрымання зліткаў — уліўніцамі, вырабаў з пластмас — ліццёвымі.
Д.М.Кукуй.
Ліцейная форма ў апоцы: 1 — верхняя паўформа; 2 — ніжняя паўформа са стрыжнем; 3 — літніковая сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЛО́БУС»
(Globe),
тэатр, які існаваў у Лондане ў 1599—1644. Будынак уяўляў сабой авальную пляцоўку, абнесеную высокай сцяной, па ўнутраным баку якой знаходзіліся ложы для арыстакратыі, над імі — галерэя для заможных гараджан. Астатнія гледачы стаялі з трох бакоў сцэны. Спектаклі ішлі пры дзённым святле, без антрактаў і амаль без дэкарацый. Сцэна не мела заслоны. Прасцэніум моцна выступаў наперад, у глыбіні быў балкон (т.зв.верхняя сцэна), дзе таксама разыгрывалася дзеянне. Да 1642 у будынку тэатра іграла трупа «Слугі лорда-камергера», якую ўзначальваў акцёр гэтага тэатра Р.Бёрбедж. У «Глобусе» былі пастаўлены ўсе п’есы У.Шэкспіра, напісаныя пасля 1594, а таксама інш. драматургаў эпохі англ. Адраджэння. Тэатр быў адным з найб. важных цэнтраў культ. жыцця краіны. У 1644 будынак разабраны. У 1996 тэатр пад назвай «Глобус» адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧНІ́К, светач, дзед,
у беларусаў стараж. прыстасаванне для асвятлення хаты з дапамогай лучыны ці смалістых корчыкаў. Былі стацыянарныя і пераносныя (рухомыя). Стацыянарны Л. меў дымаход, верхняя частка якога выходзіла на дах, і гарызантальна падвешаную пад ім жал. рашотку, дзе палілі смалістыя корчыкі. Сярод рухомых вылучаліся звычайныя і падвесныя Л. Звычайны ўяўляў сабой драўляную стойку, на верхнім канцы якой замацоўваўся клямар для лучыны, з суцэльнай асновай з выемкай для вады ці крыжападобнай, тады побач ставілі пасудзіну з вадой. Падвесны Л. — кароткі кій з клямарам для лучыны на адным канцы і з крукам для падвешвання на другім. Л. з дымаходам быў пашыраны ў цэнтр. Беларусі і на Палессі. Месцамі ўжываўся да 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́ЧНЫ О́РДЭР,
адзін з трох асноўных грэч.арх.ордэраў. Нясучыя часткі — ствол калоны (аздоблены канелюрамі) з капітэллю. У ніжняй частцы (1/3 агульнай вышыні) ствол мае невял. выпукласць — энтазіс. Капітэль складаецца з шыйкі, што злучае капітэль са ствалом калоны, эхіна (паўвала) і верхняй квадратнай у плане пліты — абака. Над абакам — бэлька (архітраў), завершаная палічкай, над архітравам — фрыз, расчлянёны трыгліфамі на роўныя часткі (метопы), упрыгожаныя размалёўкай або скульптурай. Верхняя частка складалася з прамавугольных пліт — мутул («сухарыкі», дэнтыкулы), высунутай пліты слязніцы і ўвянчальнай часткі — сімы.
Як мастацка выразная форма Д.о. склаўся ў Стараж. Грэцыі і дарыйскіх абласцях пры буд-ве храмаў і інш. грамадскіх збудаванняў з каменю (600—590 да н.э.). Класічныя ўзоры Д.о. захаваліся ў Парфеноне, на Прапілеях, на Акропалі ў Афінах.
Да арт.Дарычны ордэр. Храм Парфенон у Афінах. 447—438 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ МАЛАДА́Я ПЛАТФО́РМА,
платформавая вобласць з палеазойскім складкавым фундаментам і мезазойска-кайназойскім (месцамі верхняпермскім) чахлом, якая знаходзіцца ў Зах. і Сярэдняй Еўропе паміж альпійскімі складкавымі збудаваннямі Пірэнеяў і Альпаў на ПдЗ і Пд, акіянскімі плітамі катлавіны Нансена і Баранцава мора на Пн і краявым швом (зонай Тэйсейра—Торнквіста) Усходне-Еўрапейскай старажытнай платформы на У. Для яе характэрна рэзка акрэсленая блокавая будова: платформа разбіта на высока ўзнятыя масівы (Багемскі, Рэйнскі, Армарыканскі, Цэнтральны) і выступы (Гарц, Вагезы, Шварцвальд) і глыбока апушчаныя ўпадзіны (Польска-Германская, Паўд. Германская, Парыжская, Аквітанская, Цюрынгская, Субгерцынская). У межах платформы развіты рыфтавыя сістэмы: кайназойская рэйнская і мезазойская паўночнаморская. З паўночнаморскай звязаны буйнейшыя радовішчы нафты і газу. Да адкладаў цэхштэйна (верхняя перм) прымеркаваны буйныя радовішчы каменнай і калійнай солей, да кам.-вуг. адкладаў — каменны вугаль, пермскіх і неагенавых — буры вугаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́СКІ (Георгій Рыгоравіч) (21.1.1903, г. Гомель — 19.6.1987),
расійскі мастак. Нар.маст. Расіі (1965). Правадз.чл.АМСССР (1958). Вучыўся ў Гомельскай студыі імя М.Урубеля (1919—21), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях і Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1921—30). Зазнаў уплыў А.Дайнекі. У пейзажах імкнуўся перадаць рытм сучаснага жыцця праз яркае каларыстычнае вырашэнне ў спалучэнні з абагульненасцю кампазіцыі. Сярод твораў: «Беларускі пейзаж» (1947), «Верхняя Волга» (1949), «Вясёлка», «Ля берагоў Далёкага Усходу», «Порт Адэса» (цеплаход «Расія»), «Пейзаж з маяком» (усе 1950), «Падмаскоўная зіма» (1951), «Рыбінскае мора» (1953—54), «Парусны спорт. Пестава» (1954), «Падмаскоўе. Люты», «Падмаскоўная ракада» (абодва 1957), «Азёрны край» (1958), «Над снягамі», «Калгас «Загор’е» (абодва 1959—60), «Каля магілы сябра» (1963—64), трыпціха «На Поўначы» (1957). Дзярж. прэміі СССР 1947, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЯ ГАЛЕРЭ́Ярэспубліканская Беларускага саюза мастакоў. Адкрыта ў 1973 у Мінску, да 1991 наз. Палац мастацтваў. Мае 3 выставачныя залы — жывапісу (пл. 1450 м²), графікі (пл. 670 м²), дэкар.-прыкладнога мастацтва (пл. 500 м²), вестыбюль з антрэсолямі (пл. 745 м², выкарыстоўваецца для экспазіцый), канферэнц-залу (на 100 месцаў). Невял. дворык з дэкар. вадаёмамі і малымі арх. формамі з’яўляецца дадатковай экспазіцыйнай плошчай для скульптуры і керамікі пад адкрытым небам. Прызначана для правядзення перыяд. выставак (персанальных, групавых, рэсп., замежнага мастацтва) і прапаганды мастацтва.
Пабудавана паводле праекта арх. С.Мусінскага, Н.Краўковай. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак, асіметрычны гал. ўваход якога падкрэслены вял. казырком. Пілоны падтрымліваюць гал. верхні аб’ём, прарэзаны жалезабетоннымі рэбрамі і падзелены на 2 часткі: ніжняя абліцавана керамічнай пліткай. верхняя мае стужачнае шкленне і завяршаецца вельмі высунутым карнізам.