КВАРТЭ́Т (італьян. quartetto ад лац. quartus чацвёрты),

1) ансамбль з 4 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Можа быць аднароднага складу (струнны смыковы, драўляных духавых інструментаў, вак. мужчынскі або жаночы) і мяшанага (т. зв. фартэпіянны К. — фп., скрыпка, альт, віяланчэль). З інстр. К. найб. пашыраны струнны смыковы (2 скрыпкі, альт, віяланчэль). Як самаст. тып выканальніцкага калектыву сфарміраваўся ў 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы Гарадзецкі прыгонны квартэт У.​Г.​Кастрыёта-Скандэрбека, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, Квартэт Саюза кампазітараў БССР, вакальныя Беларускі вакальны квартэт, «Купалінка» і інш. 2) Муз. твор для ансамбля з 4 інструментаў або пеўчых галасоў. Струнны смыковы К. з канца 18 ст. — адзін з асн. жанраў камернай музыкі. Яго вызначаюць індывідуалізацыя партый, поліфанічная фактура, санатная цыклічная форма. Класічныя ўзоры К. стварылі І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт, Л.​Бетховен, Ф.​Шуберт, П.​Чайкоўскі, А.​Барадзін, Б.​Бартак, П.​Хіндэміт, Дз.​Шастаковіч і інш. У бел. музыцы да К. звярталіся М.​Аладаў, У.​Алоўнікаў, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, С.​Картэс, П.​Падкавыраў, А.​Туранкоў, К.​Цесакоў, М.​Чуркін, Л.​Шлег, В.​Яфімаў. Менш пашыраны ў сусв. музыцы фп. К. Вакальныя К. часта ўваходзяць у оперы, кантаты, араторыі. Шэраг нар. песень апрацавалі для вак. К. бел. кампазітары.

Р.​М.​Аладава.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́НІ (Rossini) Джаакіна Антоніо (29.2.1792, г. Пезара, Італія — 13.11.1868),

італьянскі кампазітар. Скончыў Балонскі муз. ліцэй (1810). З 1815 кампазітар т-ра «Сан-Карла» ў Неапалі, дырэктар Італьян. т-ра ў Парыжы, з 1826 каралеўскі кампазітар і гал. інспектар спеваў. У мастацтве Р. арганічна ўвасоблены традыцыі італьян. нар.-песеннай культуры. З яго імем звязаны росквіт італьян. нац. оперы. Найб. поўна талент Р. раскрыўся ў операх-буф, якія вылучаюцца дасціпнасцю, яскравасцю муз. характарыстык, тэмпераментнасцю і дэмакратычнасцю музыкі, адзінствам драм. і муз. развіцця: «Шаўковая лесвіца» (паст. 1812), «Італьянка ў Алжыры» (паст. 1813), «Севільскі цырульнік» (паст. 1816; ставілася ў Нац. акад. т-ры оперы Беларусі). У шэрагу опер-серыя, у т. л. «Майсей у Егіпце» (паст. 1818), «Магамет II» (паст. 1820), узмацніў ролю масавых хар. сцэн і ансамбляў, спрасціў вак. партыі, узбагаціў функцыі аркестра. Уздым патрыят. руху ў Італіі найб. выразна адлюстраваны ў героіка-рамант. оперы «Вільгельм Тэль» (паст. 1829). Сярод інш. твораў опера-серыя «Сарока-зладзейка», муз. камедыя «Папялушка» (абедзве паст. ў 1817) і інш. Пісаў таксама царк. музыку, кантаты, гімны, камерна-вак. і інстр. творы.

Літ. тв.: Рус. пер. — Избранные письма. Высказывания. Воспоминания. Л., 1968.

Літ.:

Синявер Л.С. Джоаккино Россини М.,1964;

Бронфин Е.Ф. Джоаккино Россини. 2 изд. Л., 1986.

Г.​С.​Глушчанка.

Дж.Расіні.

т. 13, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЛАШ Аляксандр Іванавіч (н. 6.3.1931, г.п. Градзіжск Палтаўскай вобл., Украіна),

украінскі кампазітар. Нар. арт. Украіны (1977). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1957). Сярод твораў: оперы «Гайдамакі» (1965), «Балада вайны» (1971), «Сцяганосцы» (1985); аперэты «Чыстая крыніца» (1975), «Легенда пра Кіеў» (1982), «Званы Расіі» (1983); вак.-сімф. і сімф. творы; 2 канцэрты для фп. з арк. (1982—83); хары; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар песень («Каліна ў жыце», «Два колеры», «Равеснікі»). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1975.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАН Ікума (н. 7.4.1924, Токіо),

японскі кампазітар. Скончыў Такійскую школу музыкі (1945; цяпер Такійскі ун-т прыгожых мастацтваў і музыкі). У 1947—50 выкладаў у Такійскай кансерваторыі. У 1953 арганізаваў авангардысцкі гурток «Група трох» (з Я.​Акутагава і Т.Маюдзумі). Працуе практычна ва ўсіх муз. жанрах. Сярод твораў: 4 оперы, найб. папулярная «Юдзуру» («Жураўліныя пёры»; паст. 1952), балет, кантаты, 5 сімфоній (1950—65), concerto grosso, камерна-інстр. творы, хары, вак. цыклы, песні і інш. Аўтар муз.-крытычных прац.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЕ́М’ЕЎ Эдуард Мікалаевіч (н. 30.11.1937, г. Новасібірск),

рускі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1985). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1960). У творчасці шырока выкарыстоўвае серыйную тэхніку, алеаторыку, электронную музыку. Сярод твораў: араторыя «Я забіты пад Ржэвам» на сл. А.​Твардоўскага (1963), кантата «Рытуал» (1980), сімфонія «Пілігрымы» (1985); электронная музыка — «Мазаіка Венецыі», «Варыяцыі на адзін тэмбр», «Сем варот у свет Саторый»; вак.-інстр. Цыкл «Цяпло зямлі»; музыка да кінафільмаў (больш за 80). Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1988.

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМЕ́ШКА Аляксандр Сяргеевіч (н. 24.4.1947, г. Брэст),

бел. эстрадны артыст, выканаўца на ўдарных інструментах. Засл. арт. Беларусі (1979). Вучыўся ў Брэсцкім муз. вучылішчы (1964—66). У 1969—88 ударнік вак.-інстр. ансамбля «Песняры», выконваў адказныя сола як ударнік (у т. л. ў нар. песнях «Забалела ты, мая галованька», «Чарачка мая», «Галава — два вухі») і як вакаліст. З 1989 у Маскве ў артыстычных кааператывах (у т. л. «Песня»), з 1997 нам. начальніка канцэртнага аддзела акц. т-ва «Лужнікі».

т. 6, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛА́ГСТАД (Flagstad) Кірстэн (12.7.1895, Осла — 7.12.1962),

нарвежская спявачка (сапрана). З 1913 салістка оперных т-раў: Нац. ў Осла, «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку, «Ковент-Гардэн» у Лондане, «Ла Скала» ў Мілане. У 1958—60 дырэктар т-ра «Нарвежская опера» ў Осла. Валодала голасам шырокага дыяпазону, выключнай прыгажосці і моцы. Выкананне вылучалася дасканаласцю вак. тэхнікі, драматызмам. Сярод партый: Брунгільда, Ізольда, Сента («Валькірыя», «Трыстан і Ізольда», «Лятучы галандзец» Р.​Вагнера), Дыдона («Дыдона і Эней» Г.​Пёрсела), Фідэліо («Фідэліо» Л.​Бетховена).

т. 16, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЛМІНАЎ Аляксандр Мікалаевіч (н. 8.9.1925, Масква),

расійскі кампазітар. Нар. арт. Расіі (1976). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950). Творчасці ўласціва жанравая і тэматычная шырыня з перавагай оперы і вак.-сімф. музыкі: оперы «Аптымістычная трагедыя» (паст. 1965), «Шынель» (паст. 1975), «Ванька», «Вяселле» (абедзве паст. 1984), «Браты Карамазавы» (паст. 1985); 3 сімфоніі (1973, 1975, 1977), камерна-інстр. ансамблі, творы для голасу з фп., музыка да кінафільмаў і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1969. Дзярж. прэмія СССР 1978.

т. 17, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭКІДЖА́Н Аганес Аруцюнавіч (н. 23.12.1928, г. Стамбул, Турцыя),

армянскі харавы дырыжор. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў Стамбульскую кансерваторыю (1951), «Эколь нармаль» у Парыжы (1953). З 1961 у Арменіі, маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. хар. капэлы Арменіі, адначасова з 1982 дырэктар і маст. кіраўнік Арм. т-ра оперы і балета. З 1975 выкладае ў Ерэванскай кансерваторыі (з 1982 праф.). Выступае і як сімф. дырыжор. Аўтар вак.-сімф. і інш. твораў. Дзярж. прэмія Арменіі 1970. Дзярж. прэмія СССР 1975.

т. 17, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯГО́РАЎ Аляксандр Аляксандравіч (1.5.1887, С.-Пецярбург — 25.5.1959),

бел. і рас. харавы дырыжор, педагог, кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1946). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1912). З 1914 выкладаў хар. спевы і муз. грамату ў гімназіях Магілёва, з 1919 арганізатар, адзін з кіраўнікоў і педагог Гомельскай нар. кансерваторыі. У 1920—51 выкладчык Ленінградскай кансерваторыі (з 1935 праф.). Аўтар твораў вак. жанраў, апрацовак для хору нар. песень, у т. л. бел., манаграфій па тэорыі і практыцы хар. спеваў, методыцы іх выкладання.

т. 18, кн. 1, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)