Бясколерная вадкасць, tкіп 162—163 °C, шчыльн. 1015,3 кг/м³. Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры. Лёгка полімерызуецца (нават пры захоўванні). Солі і эфіры М к. наз.метакрылатамі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці карбаксілатных каўчукоў, арган. шкла, іонаабменных смол, поліакрылавых кляёў, метакрылатаў. Раздражняе скуру і слізістую абалонку вачэй. ГДК у вадаёмах 1 мг/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЫЛЕНХЛАРЫ́Д, дыхлорметан, хлорысты метылен,
хлорвытворнае метану, CH2Cl2. Бясколерная вадкасць з пахам хлараформу, tкіп 40,1 °C, шчыльн. 1336 кг/м³. Добра раствараецца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе. Выкарыстоўваюць як растваральнік ацэтатаў цэлюлозы (пераважна для апрацоўкі фота- і кінаплёнак, у вытв-сці ацэтатных валокнаў), як холадагент (хладон 30, фрэон 30). Аказвае слабае наркатычнае ўздзеянне, раздражняе скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй, ГДК 50 мг/м³. Гл. таксама Галагенавытворныя вуглевадародаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗІ́ЛАВЫ СПІРТ, фенілкарбінол,
C6H5CH2OH, мал. м. 108,14; бясколерная вадкасць з прыемным пахам, tкіп 205,8 °C, шчыльн. 1,04—1,05∙103кг/м³, раствараецца ў этаноле і інш.арган. растваральніках. У свабодным стане і як эфіры ўваходзіць у састаў многіх эфірных алеяў і прыродных бальзамаў (напр., бензілацэтат — састаўная частка алеяў гіяцынту, язміну). Бензілавы спірт і яго эфіры — духмяныя рэчывы для парфумерыі і вытв-сці мыла, фіксатары паху, растваральнікі, кампаненты харч. эсенцый, фотаахоўныя рэчывы ў касметычных прэпаратах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗО́ЙНЫ АЛЬДЭГІ́Д, бензальдэгід,
найпрасцейшы альдэгід араматычнага шэрагу, C6H5CHO, мал. м. 106,12. Бясколерная вадкасць з пахам горкага міндалю; tкіп 179 °C, шчыльн. 1,0477∙103кг/м³, раствараецца ў этаноле, эфіры. На паветры акісляецца да бензойнай кіслаты. Атрымліваюць каталітычным акісленнем талуолу. Ёсць у эфірных алеях (напр., пачуліевы), у насенні горкага міндалю, костачках вішні, абрыкоса, персіка. Бензойны альдэгід выкарыстоўваецца як духмянае рэчыва ў парфумерыі, кампанент харч. эсенцый, сыравіна для інш. духмяных рэчываў і фарбавальнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІ́ЛАВЫЯ СПІРТЫ́,
аліфатычныя насычаныя спірты, C5H11OH. Вядома 8 ізамерных амілавых спіртоў, у т. л. ізаамілавы спірт (CH3)2CHCH2CH2OH — асн. кампанент сівушнага масла, з якога яго і атрымліваюць. Бясколерная вадкасць з непрыемным пахам, tкіп132 °C, шчыльн. 0,81∙103кг/м³, мала растваральная ў вадзе, ядавітая. Амілавыя спірты — сыравіна для вытв-сці амілацэтатаў, растваральнікі для лакафарбавых матэрыялаў, пенаўтваральнікі ў флатацыі, кампаненты ў вытв-сці пораху, лекаў і інш. Аказваюць наркатычнае дзеянне на чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫМЕТЫЛАНІЛІ́Н, N,N-дыметыламінабензол,
трацічны амін, C6H5N(CH3)2. Жоўтая вадкасць з дзягцярным пахам, tпл 2,5 °C, tкіп 194,15 °C, шчыльн. 955,7 кг/м³ (20 °C). Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у спірце, ацэтоне, бензоле. Атрымліваюць награваннем аніліну і метанолу пад ціскам у прысутнасці сернай к-ты. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў, як праявіцель для каляровай фатаграфіі. Выклікае ўтварэнне язваў на скуры, ператварэнне гемаглабіну ў метгемаглабін, ГДК 0,2 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНАЛАО́Л, 3,7-дыметыл-1,6-октадыен-3-ол,
тэрпенавы спірт, (CH3)2C=CHCH2CH2C(CH3)(OH)CH=CH2. Бясколерная вадкасць з пахам ландыша, шчыльн. 860,7 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе; раствараецца ў этаноле. Аказвае бактэрыцыднае ўздзеянне. У свабодным стане і ў выглядзе складаных эфіраў воцатнай (ліналілацэтат) і масленай кіслот уваходзіць у састаў эфірных алеяў, адкуль яго вылучаюць рэктыфікацыяй. Выкарыстоўваюць як пахучае рэчыва ў парфумерыі, сыравіну — у вытв-сці інш. пахучых рэчываў (напр., цытралю, ліналілацэтату).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЕ́ЧНЫ СОК,
вадкасць, што змяшчаецца ў млечніках раслін. Звычайна малочнага колеру (адсюль назва), але бывае і інш. афарбоўкі (напр., у чыстацелу — аранжавы). З’яўляецца эмульсіяй, якая мае ў сабе клетачны сок, змешаны з тэрпеноідамі, алкалоідамі, танінамі, бялкамі, інш. рэчывамі, і знаходзіцца ў вакуолях. Можа мець амілапласты. У каўчуканосаў М.с. наз.латэксам натуральным (багаты на каўчук натуральны і гуту). У мякаці пладовых цел некат. грыбоў ёсць таўстасценныя гіфы (аналаг млечнікаў) з М.с. рознага колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАПРЫВО́Д,
сукупнасць крыніцы энергіі і прыстасаванняў для яе ператварэння і транспарціроўкі пры дапамозе вадкасці да прывадной машыны. Мэта ўжывання гідрапрывода — атрыманне патрэбнай залежнасці скорасці прывадной машыны ад нагрузкі, больш поўнае выкарыстанне магутнасці рухавіка, змяншэнне ўдарных нагрузак і інш. Як крыніца энергіі выкарыстоўваюцца эл. або цеплавы рухавікі, вадкасць пад ціскам і інш. У залежнасці ад віду гідраперадачы адрозніваюць гідрапрывод гідрастатычны (аб’ёмны), гідрадынамічны і змешаны (гл.Гідрастатычная перадача, Гідрадынамічная перадача).
Аб’ёмны гідрапрывод дазваляе з высокай дакладнасцю падтрымліваць або змяняць скорасць машыны пры адвольным нагружанні, дакладна ўзнаўляць зададзеныя рэжымы вярчальнага або зваротна-паступальнага руху. Выкарыстоўваецца ў металарэзных станках, прэсах, сістэмах кіравання лятальных апаратаў, суднаў, цяжкіх аўтамабіляў, цеплавых рухавікоў, гідратурбін, часам — як гал. прывод на аўтамабілях, кранах. Дынамічны гідрапрывод дазваляе ажыццяўляць толькі вярчальны рух, частата вярчэння яго вядучага вала аўтаматычна мяняецца са зменай нагрузкі. Выкарыстоўваецца для прывода грабных вінтоў, сілкавальных помпаў ЦЭС, шахтавых пад’ёмных машын, вентылятараў і інш.Змешаны гідрапрывод выкарыстоўваюць у штамповачных прэсах (цэнтрабежная помпа падае вадкасць у гідрацыліндр, які прыводзіць у рух рабочы інструмент прэса), машынах для запуску газавых турбін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ВАННЕ ЦЕЛ,
стан раўнавагі цвёрдага цела, апушчанага часткова ці поўнасцю ў вадкасць (газ), а таксама рух гэтага цела па паверхні або ўнутры вадкасці (газу).
На апушчанае ў вадкасць цела дзейнічае сіла цяжару, прыкладзеная да цэнтра цяжару цела, і выштурхная (пад’ёмная) сіла (гл.Архімеда закон), прыкладзеная да цэнтра цяжару выштурхнутага аб’ёму вадкасці — цэнтра ціску. Для раўнавагі плаваючага цела (судна) неабходна, каб сіла цяжару і выштурхная сіла былі роўныя па модулі і каб цэнтр цяжару цела і цэнтр ціску знаходзіліся на адной вертыкалі (вось плавання). Крытэрыем устойлівай раўнавагі судна з’яўляецца становішча метацэнтра — пункта перасячэння лініі дзеяння выштурхной сілы з плоскасцю сіметрыі цела. Становішча метацэнтра мяняецца пры змене вугла нахілу плаваючага цела. Раўнавага судна будзе ўстойлівая, калі яго цэнтр цяжару ляжыць ніжэй за метацэнтр, таму што пара сіл, утвораная сілай цяжару і выштурхной сілай, будзе паварочваць нахіленае судна ў адваротным напрамку. Калі метацэнтр размешчаны ніжэй за цэнтр цяжару, то раўнавага будзе няўстойлівая і судна можа перакуліцца. Тэарэт. пытанні раўнавагі плаваючых цел вывучаюцца ў караблебудаўніцтве.
Л.І.Болсун.
Да арт.Плаванне цел: а — устойлівая раўнавага; б — няўстойлівая раўнавага; Ц1 — цэнтр цяжару; Ц2 — цэнтр ціску; М — метацэнтр; — сіла цяжару; — выштурхная сіла.