ГАЛКО́НДА,

феадальная дзяржава ў 16—17 ст. у Індыі. Утворана ў 1512 у выніку распаду Бахманідскага султаната. Заснавальнік Кулі Кутб-шах, былы бахманідскі намеснік у Варангале, сталіца — крэпасць Галконда, з 1589 — г. Бхагнагар (пазней перайменаваны ў Хайдарабад). Была багатай дзяржавай, мела развітыя ткацкія рамёствы, гарнарудныя промыслы (асабліва здабыча і апрацоўка алмазаў). У 1687 далучана да дзяржавы Вялікіх Маголаў. Цяпер у складзе штата Андхра-Прадэш.

т. 4, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКА́ТА,

у грэчаскай міфалогіі багіня змроку, начных прывідаў і чараўніцтва. Лічылася таксама багіняй Месяца, знаходзілася ў месцах пахавання і на скрыжаваннях, блізкая да Селены і Артэміды. Уяўлялі яе з факелам у руках, часта са змеямі ў валасах, зрэдку трохаблічнай. Яна атрымала ад Зеўса ўладу над лёсам зямлі і мора, была адорана Уранам вял. сілай. Рымляне атаясамлівалі Гекату з багіняй трох дарог Трывіяй.

Геката. 1—2 ст. н.э.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРУ́СІ́Я (грэч. gerusia ад gerōn старац, старэйшына),

у Старажытнай Грэцыі савет старэйшын у гарадах-дзяржавах, дзе пераважала арыстакратычнае ўпарадкаванне. Разглядаў важныя дзярж. справы, якія потым абмяркоўваліся нар. сходам. Колькасць членаў герусіі (геронтаў), іх паліт. роля ў розных полісах былі неаднолькавыя. Напр., у Спарце герусія складалася з 30 чал. (28 геронтаў ва ўзросце за 60 гадоў, якія выбіраліся пажыццёва, і 2 цары), была вышэйшым урадавым органам.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫВА́Я ГАЗЕ́ТА»,

тэатралізаваны паказ, заснаваны на паліт. газетным матэрыяле ці на мясц. надзённых фактах жыцця. Узнікла ў пач. 1920-х г. у клубнай маст. самадзейнасці Масквы з т.зв. «вуснай газеты» (чытанне ў голас інфарм. матэрыялаў з перыяд. друку). На ўзор «Ж.г.» ў далейшым складаліся праграмы «Сіняй блузы» (літ.-маст. мантаж, агляд, сатыр. сцэнкі, харавыя і танц. нумары). У пач. 20 ст. своеасаблівай «Ж.г.» была Докшыцкая батлейка Патупчыка.

т. 6, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВО́Д,

1) прамысл. прадпрыемства; у палітэканоміі тое, што фабрыка. Першапачаткова розніца паміж імі была ў характары апрацоўкі: механічная — на заводах, хімічная — на ф-ках. З развіццём навукі і тэхнікі на З. і на ф-ках выкарыстоўваецца мех. і хім. апрацоўка. Але па традыцыі адны прамысл. прадпрыемствы, пераважна машынабудавання і металаапрацоўкі, называюць З., другія, у асноўным лёгкай прамысловасці, — ф-камі.

2) Прадпрыемствы па гадоўлі пародзістай жывёлы.

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІШЫ́МАВА (Аляксандра Восіпаўна) (16.1.1805, г. Кастрама, Расія — 16.6.1881),

руская дзіцячая пісьменніца. Друкавалася з 1831. Выдавала час. для дзяцей «Звездочка» (1842—63) і «Лучи» (1850—60). Аўтар кніг «Гісторыя Расіі ў апавяданнях для дзяцей» (ч. 1—6. 1837—40), «Апавяданні бабулькі» (1839), «Свяшчэнная гісторыя ў размовах для маленькіх дзяцей» (1841), «Рускім дзецям» (1881) і інш., большая частка якіх была пераказам гіст. твораў (напр., М.​М.​Карамзіна).

т. 7, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́Ж (франц. collćge),

сярэдняя і няпоўная сярэдняя навуч. ўстанова ў Францыі і краінах, дзе выкарыстоўваюцца прынцыпы франц. адукац. сістэмы (Бельгія, Швейцарыя, Канада і інш.). Першыя К. ўзніклі ў Францыі ў сярэдневякоўі пры ун-тах. У перыяд Франц. рэвалюцыі канца 18 ст. зачынены. У 1808 такая назва была прысвоена сярэднім школам (прыватным і тым, што былі на бюджэце мясц. улад). У 1963 у Францыі створаны К. сярэдняй адукацыі.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ТА,

сцяна, у беларусаў традыц. прылада для лоўлі рыбы на хуткім цячэнні. Уяўляла сабой аднасценную сетку, прывязаную вяроўкамі да двух палак, і абвешаную паплаўкамі і грузілам так, каб яна не танула на дно. У час руху ў вадзе сетка прымала форму жолаба, і рыба збіралася каля яе задняй сцяны. Летам Л. рыбачылі як падвалокай, зімой выкарыстоўвалі як зімовы невад. Была пашырана-пераважна на Брэстчыне і Гродзеншчыне.

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ,

І, Ні, Ры, дынастыя каралёў (з 1897 — імператараў) Карэі ў 1392—1910. Заснавальнік Лі Сон Ге (Тхэджо) вярнуў краіне назву Часон і перанёс сталіцу ў Сеул. Л. адмовіліся ад палітыкі дзярж. падтрымкі будызму на карысць канфуцыянства. З 17 ст. васалы кіт. імператараў дынастыі Цын (да 1895). У 1910 японцы пазбавілі ўлады апошняга імператара Л. Сунджона, пасля чаго Карэя была ператворана ў яп. калонію.

т. 9, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́Т, Мануту (араб. лёс, смяротны лёс),

у старажытнаарабскай міфалогіі багіня лёсу і помсты, валадарка падземнага царства і захавальніца магільнага спакою, якая шанавалася пераважна ў Паўн. і Цэнтр. Аравіі. У арабаў Сірыйскай пустыні і Цэнтр. Аравіі лічылася дачкой Алаха — вярх. бога дамусульм. араб. вераванняў. У Набатэйскай дзяржаве (цяпер тэр. Іарданіі) і Пальміры (Сірыя) атаясамлівалася з грэч. багіняй Немесідай. Была апякункай г. Медына, дзе знаходзілася яе свяцілішча.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)