БІЯПАЛІМЕ́РЫ,

прыродныя высокамалекулярныя злучэнні, якія з’яўляюцца структурнай асновай усіх жывых арганізмаў. Забяспечваюць іх нармальную жыццядзейнасць, выконваюць розныя біял. функцыі. Да асноўных біяпалімераў належаць бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды. Існуюць таксама змешаныя біяпалімеры: ліпапратэіды (комплексы бялкоў і ліпідаў), глікапратэіны (злучэнні, у якіх аліга- ці поліцукрыдныя ланцугі звязаны з пептыднымі), ліпаполіцукрыды.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛАЧКАВАЯ ЗАЛО́ЗА, валляковая залоза,

тымус (thymus), цэнтральны орган лімфоіднага кроваўтварэння і імуннай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека. Знаходзіцца ў грудной поласці; у чалавека долькі яе размяшчаюцца справа і злева ад трахеі. Звонку ўкрыта злучальнатканкавай капсулай. У большасці відаў арганізмаў складаецца з 2—3 долек, падзеленых перагародкамі на больш дробныя.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІСА́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,

асадкі, што намнажаюцца ў зоне абісалі мораў і акіянаў. Займаюць каля 90% пл. дна Сусв. акіяна. Абісальныя адклады — арганагенныя мулы са шкілетных частак планктонных арганізмаў (глабігерынаў, дыятамей, радыялярый, фарамініфер і інш.), найдрабнейшых тэрыгенных часцінак, вулканічнага попелу, чырвоных глыбакаводных глін з уключэннямі жалеза-марганцавых канкрэцый і інш.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКАРЫЁТЫ (ад лац. pro перад, раней, замест + грэч. karyon ядро),

мікраскапічныя арганізмы, клеткі якіх не маюць абмежаванага мембранай ядра. Каля 6 тыс. відаў. Да П. адносяцца ўсе бактэрыі, у т. л. архебактэрыі і цыянабактэрыі. Клеткі П. паводле будовы проціпастаўлены эўкарыётам (ядзерным арганізмам) і разам з іх продкамі (уркарыётамі) лічацца найб. стараж. даядзернымі арганізмамі. Асн. структурны кампанент клетачнай сценкі — глікапептыд мурэін, які не выяўлены ў інш. групах арганізмаў. Аналаг ядра — структура, якая мае ДНК, бялкі і РНК. Генет. сістэма П. замацавана на клетачнай мембране і адпавядае прымітыўнай храмасоме. Размнажаюцца П. дзяленнем без выяўленага палавога працэсу. У адрозненне ад эўкарыётаў не маюць хларапластаў, мітахондрый, апарата Гольджы, цэнтрыёлей. Адрозненні паміж П. і эўкарыётамі больш істотныя, чым паміж вышэйшымі жывёламі і вышэйшымі раслінамі, таму ў сістэме арганізмаў П. вылучаны ў надцарствы. Адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯКО́СНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

устойлівыя геахімічна пераўтвораныя рэчывы, якія ўзніклі ў выніку сумеснай дзейнасці жывых арганізмаў і абіягенных працэсаў. Да біякосных рэчываў адносяцца вада, атмасфера, тарфы, сапрапелі, каменныя вуглі, нафта, гаручы газ і сланцы, рыфы каралавага паходжання і інш. Утрымліваюць энергію, акумуляваную біясфернай экасістэмай. Тэрмін увёў рус. вучоны У.​І.​Вярнадскі (1926).

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛА́ЗА,

фермент класа аксідарэдуктаз, каталізуе рэакцыю раскладання таксічнага для жывых клетак перакісу вадароду на ваду і кісларод. Малекулярная маса 250 000. Прастэтычная група — гем. Знаходзіцца амаль ва ўсіх клетках і тканках аэробных арганізмаў. З аксідазамі амінакіслот ёсць у субклетачных арганоідах — пераксікомах. Вызначэнне актыўнасці К. ў эрытрацытах выкарыстоўваюць для дыягностыкі ў медыцыне.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТУАЛІ́ЗМ (ад лац. mutuus узаемны),

форма сімбіёзу, працяглае ўзаемакарыснае сумеснае жыццё двух арганізмаў розных відаў. Арганізмы ажыццяўляюць узаемную рэгуляцыю сваіх зносін са знешнім асяроддзем і не існуюць паасобку (напр., тэрміты і жгуцікавыя, што жывуць у іх кішэчніку і забяспечваюць ператраўліванне клятчаткі, якую спажываюць тэрміты, не здольныя засвойваць яе без сімбіёнтаў).

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́КА,

лёгкая, цвёрдая, танкапорыстая крамяністая асадкавая горная парода, складзеная з аморфнага крэменязёму (апалу да 98%) з прымесямі гліністых часцінак, шкілетных ч. арганізмаў (дыятамей, радыялярый і інш.) і пяску. Колер ад шэрагу розных адценняў да амаль чорнага. Трапляецца пераважна сярод мелавых і ніжнепалеагенавых адкладаў. Выкарыстоўваецца ў будаўніцтве (для цеплаізаляцыі). Чыстыя гатункі апокі — моцныя адсарбенты.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАХТО́ННЫЯ АДКЛА́ДЫ,

горныя пароды, якія залягаюць на месцы ўтварэння. Пераважна асадкавыя пароды (марскія, азёрныя, гідратэрмальныя і інш.). Найб. пашыраны ў платформавым чахле кантынентаў і ў ложы акіяна. Вывучэнне складу аўтахтонных адкладаў і пахаваных у іх рэшткаў арганізмаў дае магчымасць узнавіць прыроднае асяроддзе былых геал. эпох (напр., на Беларусі — гісторыю міжледавіковых эпох плейстацэну).

т. 2, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́НЫ-ПАЎПАРАЗІ́ТЫ, паўпаразітныя расліны,

расліны, якія часткова жывяцца пажыўнымі рэчывамі жывых арганізмаў, часткова здольныя да самастойнага (аўтатрофнага) жыўлення. Маюць у лісці хларафіл (магчымасць фотатрофнага жыўлення), нармальную будову ўсіх наземных органаў, недаразвітыя карані (іх канцы ператварыліся ў прысоскі). На Беларусі вядомы віды з родаў амяла, братаўка, увярэднік, цялюшнік. Гл. таксама Паразітызм.

І.​В.​Чыкілеўская.

т. 13, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)