БАНК

(ад італьян. banco крама мянялы),

фінансавая ўстанова, спецыялізаваная на акумуляцыі грашовых сродкаў і зберажэнняў (укладаў), крэдытаванні, пасрэдніцтве ў грашовых разліках і інш. банкаўскіх аперацыях у адпаведнасці з заканадаўствам. Мае статутны і рэзервовы фонды. Паводле формаў уласнасці банкі бываюць: акцыянерныя, партнёрскія, індывідуальныя, кааператыўныя (узаемныя), муніцыпальныя (камунальныя), дзяржаўныя (нац.), змешаныя (з удзелам дзяржавы), сумесныя (з удзелам замежнага капіталу), замежныя, міждзяржаўныя; паводле функцый і характару аперацыйкамерцыйныя банкі, ашчадныя банкі, інвестыцыйныя, іпатэчныя, знешнегандлёвыя банкі і інш., якія на чале з цэнтр. банкам утвараюць банкаўскую сістэму краіны; цэнтр. банк у большасці краін належыць дзяржаве і валодае манапольным правам эмісіі грошай. Пры ажыццяўленні знешнеэканам. аперацый адрозніваюць банкі-рэзідэнты (зарэгістраваныя на нац. тэрыторыі) і банкі-нерэзідэнты (замежныя). Банкі, якія выпускаюць уласныя каштоўныя паперы, наз. банкамі-эмітэнтамі.

Вытокі банкаўскай справы адносяцца да практыкі захоўвання каштоўных металаў у карпарацыях жрацоў і мяняльнай справы ў рабаўладальніцкім грамадстве. Як самаст. ўстановы банкі ўзніклі ў сярэднявеччы, крэдытавалі пераважна каралёў і буйных феадалаў. У 16 ст. ў буйных гандл. цэнтрах (Амстэрдам, Гамбург) з’явіліся банкі новага тыпу — т.зв. жырабанкі, якія ажыццяўлялі безнаяўныя разлікі паміж сваімі кліентамі. Сучасныя прынцыпы банкаўскай справы найперш сфарміраваліся ў Англіі. У Расіі пачалі стварацца з 1750-х г.

Першы на Беларусі Мінскі камерцыйны банк заснавалі ў 1873 буйныя памешчыкі і купцы, меў філіялы ў Гомелі, Літве, на Украіне. У 1881—84 у Мінску, Віцебску, Магілёве, Гродне адкрыты аддзяленні Дзярж. банка Расіі (іх баланс на 1.1.1914 — 32,5 млн. руб.). У канцы 19 — пач. 20 ст. адкрыты філіялы рас. акцыянерных камерц. Банкаў. Да 1-й сусв. вайны на Беларусі дзейнічалі аддзяленні банкаў Рас. імперыі: Злучанага (баланс на 1.1.1914 — 5,6 млн. руб.), Руска-Азіяцкага (13,1 млн.), Віленскага прыватнага (11,5 млн.), Азоўска-Данскога (7,3 млн.), Маскоўскага (1,4 млн.), Руска-Французскага (2,8 млн.). Праз гэтыя аддзяленні банкаў на Беларусь ішоў прыток кароткатэрміновых пазыковых капіталаў з інш. рэгіёнаў Расіі (агульны аб’ём крэдытных укладанняў на 1.1.1914 склаў 38,6 млн. руб.). Дзейнічалі таксама т-вы ўзаемнага крэдыту, крэдытныя кааператывы, гар. грамадскія банкі. Але яны не задавальнялі патрэбы бел. прам-сці і гандлю ў крэдыце, што спрыяла ўзнікненню банкірскіх дамоў і кантор, развіццю ліхвярскага крэдыту, пранікненню замежнага капіталу. Былі адкрыты аддзяленні іпатэчных банкаў: акцыянерных зямельных Віленскага, Маскоўскага, С.-Пецярбургска-Тульскага, дзярж. Сялянскага пазямельнага (аперацыі з 1883) і Дваранскага зямельнага (з 1885). Сав. банкаўская сістэма пачала фарміравацца ў 1922 з адкрыццём Бел. канторы Дзяржбанка РСФСР (потым СССР). Пазней адкрыты Прамбанк, Усекабанк, Белкамунбанк, Белсельбанк і інш. Пасля 1959 засталіся Бел. канторы Дзяржбанка СССР і Будбанка СССР.

З прыняццем законаў «Аб Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (снежань, 1990) пачалося фарміраванне нац. банкаўскай сістэмы. Яна складаецца з Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і камерцыйных банкаў, якіх на 1.1.1996 было 42, з іх найбольшыя (паводле памеру фактычнага статутнага фонду; млн. руб. і тыс. ЭКЮ): акцыянерны ашчадны Беларусьбанк (184970,1 і 12555,1), акцыянерны камерцыйны «Прыёрбанк» (117742,9 і 7992), акцыянерны камерцыйны «Пошук» (69347,4 і 4707,1), Белпрамбудбанк (49942,5 і 3389,9), Знешэканомбанк (47823,2 і 2960,7), акцыянернае т-ва «Інвестбанк» (40776 і 2467,7), Белбізнесбанк (40334,2 і 2737,7), Белаграпрамбанк (36000 і 2443,6), «Садружнасць» (35291,3 і 2395,4), Белсувязьбанк (31681,6 і 2150,4), «Мінск-транзіт банк» (31483,3 і 2137), акцыянерны рэгіянальны камерцыйны банк «Комплекс» (31192 і 2117,2), Масбізнесбанк (30791,7 і 2090), Бел. біржавы банк (30589 і 2076,3), спецыялізаваны камерцыйны Тэхнабанк (30518,2 і 2071,5), Б.н банк (29794 і 2022,3), Брэсткамбанк (29614,8 і 2010,1).

На сучасным этапе дзейнічаюць банкаўскія сістэмы: нацыянальная (адной краіны, як правіла, на чале з цэнтр. банкам, з адной грашовай адзінкай, ажыццяўляе сувязь з інш. нац. сістэмамі), рэгіянальная (забяспечвае інтарэсы некалькіх краін і ва ўзаемных разліках звязана асобнымі эканам. адносінамі) і міжнар. (для разлікаў у міжнар. маштабе). Сярод нац. банкаўскіх сістэм асабліва вядомыя швейцарская, банкі якой дзякуючы працягламу нейтралітэту гэтай краіны строга захоўваюць тайну банкаўскіх укладаў, маюць вял. залатыя рэзервы і таму прыцягальныя для кліентаў усяго свету. Да рэгіянальных банкаўскіх сістэм адносяцца еўрап., ціхаакіянская і інш.; некаторыя з іх (Еўрап. Валютная Сістэма) па ўзроўні інтэграцыі набліжаюцца да нац. банкаўскіх сістэм. Аснову міжнар. банкаўскай сістэмы складаюць Міжнародны валютны фонд, Міжнарод. банк рэканструкцыі і развіцця, Банк міжнародных разлікаў. Найбольшыя банкі краін свету: «Сумітома банк», «Фудзі банк» (Японія), «Сіці карпарэйшэн», «Чэйз Манхатан банк», «Банкамерыка карпарэйшэн» (ЗША), «Барклейс банк», «Нэшанал Вестмінстэр банк», «Мідленд банк» (Вялікабрытанія), «Амстэрдам-Ротэрдам банк» (Нідэрланды), «Інстытута банкарыо сан паўла ды Тарына» (Італія), «Роял банк оф Канада» (Канада), «Рэдзі агрыколь», «Банк насьёналь дэ Пары», «Сасьетэ жэнераль» (Францыя), «Дойчэ банк», «Дрэзднер банк», «Комерцбанк» (Германія), «Юньён банк швітцэрланд», «Сюіс банк карпарэйшэн» (Швейцарыя). У дзесятку найбуйнейшых банкаў свету ўваходзіць найбольш японскіх, сярод якіх самы буйны «Сумітома банк». Сучасная банкаўская справа мае высокі ўзровень тэхн. аснашчанасці: у сусв. маштабе выкарыстоўваюцца электронная сістэма разлікаў тыпу SVIFT, безнаяўныя разлікі з дапамогай пластыкавых картак і інш.

Літ.:

Альманах банков Республики Беларусь. Мн., 1993;

Деньги, кредит, банки: Справ. пособие. Мн., 1994.

В.Ф.Дашкевіч.

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца па вырабе натуральных цвёрдых і мяккіх скураных тавараў і штучных скур. Забяспечвае скуртаварамі абутковую прамысловасць, футравую прамысловасць, часткова швейную і інш. галіны. Асн. сыравінай для гарбарнай прамысловасці служаць скуры жывёл. Гарбарная сыравіна падзяляецца на: дробную (скуры цялят, жарабят, авечак, коз, цюленяў, нерпаў), што ідзе на выраб скур для верху абутку, адзення і галантарэйных вырабаў, буйную (скуры буйн. раг. жывёлы, коней, аслоў, вярблюдаў, аленяў, маржоў, кітоў) і свіную (са свойскіх свіней і дзікоў), якія служаць для вырабу хромавых і юхтовых скур на верх абутку, для рамізніцкіх і тэхн. вырабаў. Выкарыстоўваюць таксама скуры рэптылій (кракадзілы, яшчаркі, змеі), некат. рыб і інш.

Апрацоўка скур і выкарыстанне іх на абутак і адзенне вядома з глыбокай старажытнасці. Са скур выраблялі таксама пергамін, вупраж, шчыты і інш. Скуры дубілі пры дапамозе раслінных дубільнікаў. У 2-й пал. 19 ст. частка падрыхтоўчых і апрацоўчых аперацый механізавана, з 1880-х г. пачалі выкарыстоўваць паскораны метад вырабу скур солямі хрому. Рамесніцкае гарбарства ператварылася ў гарбарную прамысловасць. У 20 ст. развіццю гарбарнай прамысловасці спрыяла стварэнне галін машынабудавання, якія выпускалі машыны для апрацоўкі скур, пашыву абутку, адзення і інш. вырабаў, а таксама расшырэнне сыравіннай базы, развіццё вытв-сці штучных скур і заменнікаў скуры, сінт. каўчуку і дубільнікаў, дубільных экстрактаў.

Асартымент прадукцыі сучаснай гарбарнай прамысловасці акрамя шырока вядомых абутковых цвёрдых і мяккіх (хромавага дублення і юхту), адзежна-галантарэйных, рамізніцкіх і тэхн. скур уключае такія новыя вырабы, як спілак для абутку, велюры, асветленыя скуры для нізу абутку, лакавыя з поліурэтанавым пакрыццём, хромавыя павышанай эластычнасці, тэрмаўстойлівую юхту і інш. Развітую гарбарную прамысловасць маюць ЗША, Расія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ФРГ, Аргенціна, Аўстралія, Манголія і інш. краіны.

Гарбарная прамысловасць — адна са старадаўніх на Беларусі. Скураны абутак 12—13 ст. вядомы з раскопак у Брэсце, Гродне, Мінску, Полацку і інш. У 2-й пал. 19 ст. скуры, вырабленыя на Беларусі, карысталіся попытам на рас. і замежным рынках. Цэнтрамі гарбарнай прамысловасці былі Смаргонь (22 прадпрыемствы), Ашмяны, Мінск (буйны з-д Сальмана), Магілёў, Скідзель, Талачын і інш. Вырабляліся лайка, хром, шчыгрын (гамбургскі тавар), падэшвы. Пабудаваны гарбарныя з-ды ў 1927 «Бальшавік» у Мінску, у 1930 — у Магілёве. У 1996 у краіне дзейнічаюць Мінскае гарбарнае вытворчае аб’яднанне, Магілёўскі гарбарны завод, Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне, Бабруйскі гарбарны камбінат, Пінскі завод штучных скур, шэраг меншых прадпрыемстваў. У 1996 выпушчана 426,9 млн. дм² верхніх скуртавараў (найбольш у 1991 — 992,4 млн. дм²), з іх 381,1 млн. дм² хрому, 45,8 млн. дм² юхту і 16 млн. дм² цвёрдых скуртавараў.

В.М.Логвінка.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ БССР

(ДПУ БССР),

спецслужба, дзярж. орган, надзелены правам аператыўна-вышуковай дзейнасці. Існавала ў 1922—34. Утворана пры ЦВК БССР паводле рашэння яго Прэзідыума ад 1.3.1922 на базе скасаванай Надзвычайнай камісіі БССР. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР 1927 ДПУ уваходзіла ў СНК рэспублікі. На ДПУ БССР ускладаліся задачы: барацьба з падрыўной дзейнасцю імперыял. разведак і замежных антысав. цэнтраў; прадухіленне і падаўленне адкрытых контррэв. выступленняў (паліт. і эканамічных); барацьба з бандытызмам і ўзбр. паўстаннямі; выяўленне контррэв. арг-цый і асоб, дзейнасць якіх накіравана на падрыў гасп. жыцця; ахова дзярж. тайнаў і барацьба са шпіянажам; ахова шляхоў зносін, барацьба з крадзяжом грузаў; ахова граніц, барацьба з эканам. і паліт. кантрабандай і незаконным пераходам граніцы; выкананне спец. заданняў ЦВК i СНК БССР па ахове рэв. парадку. У 1922 ДПУ БССР дзейнічала на аснове палажэнняў аб ДПУ РСФСР, яго мясц. органаў, асобых і трансп. аддзелаў, з 1923 на аснове палажэння аб АДПУ СССР і яго органах. У аператыўнай дзейнасці кіравалася загадамі і распараджэннямі ДПУ РСФСР, 3 1923 — АДПУ СССР.

Органы ДПУ БССР былі эфектыўна дзейным інструментам паліт. улады, якая існавала ў БССР, як і ў СССР у цэлым. Пасля грамадз. вайны яны зрабілі істотны ўклад у стабілізацыю ўнутрыпаліт. становішча ў БССР. У 1-й пал. 1920-х г. займаліся барацьбой з узбр. антысав. атрадамі і групамі (Булак-Балаховіча, Паўлоўскага, Моніча, Караткевіча, Багулевіча і інш.), якія прарываліся з тэр. Зах. Беларусі, што адышла да Польшчы. Да сярэдзіны 1920-х г. была наладжана надзейная ахова бел. ўчастка зах. граніцы СССР, створана сістэма процідзеяння разведвальна-падрыўной дзейнасці спецслужбаў зах. дзяржаў і замежных антысав. цэнтраў і арг-цый. Супрацоўнікі ДПУ БССР удзельнічалі ў шэрагу разведвальных і контрразведвальных аперацый, якія праводзіла АДПУ (напр., вывад на сав. тэрыторыю і арышт у Мінску ў жн. 1924 Б.В.Савінкава). У сувязі з узмацненнем у канцы 1920-х г. тэндэнцыі да далейшай цэнтралізацыі ўсіх бакоў жыцця ў СССР, адсутнасцю дастатковай прававой базы дзейнасці спецслужбаў органы ДПУ усё больш ператвараліся ў простых выканаўцаў патрабаванняў саюзнага цэнтра. ДПУ БССР удзельнічала ў выцясненні, а пазней і знішчэнні паліт. і ідэйнай апазіцыі, нанясенні незаменных страт сялянству ў ходзе калектывізацыі, барацьбе з бел. нац.-дэмакр. рухам, праследаванні дзеячаў нац. культуры. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. кіраўніцтва ДПУ «выкрыла» шэраг «контррэвалюцыйных арганізацый»: «Саюз вызвалення Беларусі», «Беларускі філіял Працоўнай сялянскай партыі», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «шкоднікаў» у Наркамземе, Трактарацэнтры і інш. Паводле пастановы ЦВК БССР ад 15.7.1934 ДПУ пераўтворана ва Упраўленне дзяржбяспекі НКУС БССР.

А.А.Тозік.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНЕ́ШНІ ГА́НДАЛЬ,

продаж і купля тавараў, каштоўных папер на міжнар. рынку; адна з форм знешнеэканамічных сувязей. Падзяляецца на экспарт (вываз) і Імпарт (увоз) тавараў і паслуг. У аснове экспартна-імпартных адносін паміж краінамі ляжыць міжнародны падзел працы. Знешнегандл. аперацыі залежаць ад характару крэдытнай сістэмы краіны, форм і ўмоў банкаўскага забеспячэння знешнегандл. разлікаў, валютных правіл і валютнага рэгулявання, а таксама канкрэтных фін. умоў знешнегандл. кантактаў. Дзейнасць знешнеэканам. комплексу базіруецца на шэрагу палажэнняў прававога, арганізац.-тэхн., гандл.-паліт., эканам. і інфармацыйна-кансультатыўнага характару, якія дазваляюць яго ўдзельнікам эфектыўна выступаць на знешнім рынку і ўзгадняць вынікі знешнеэканам. аперацый з агульнымі вынікамі гасп. дзейнасці. Сродкі рэгулявання З.г.: тарыфы, падаткі, акцызныя зборы, колькасныя абмежаванні, ліцэнзіі і інш. Найб. пашыраны мытныя тарыфы, рэгуляванне знешнегандл. патокаў або абарона нац. вытворцаў. Гандлюючыя краіны знаходзяцца ў розных дагаворна-паліт. адносінах, могуць з’яўляцца членамі мытнага саюза, эканам. саюза, мець падпісаныя дагаворы аб спрыяльным рэжыме або не мець ніякіх пагадненняў у сферы гандлю. Прывілеі і льготы тычацца велічыні мытнай абароны, г.зн. ставак мытнай пошліны. Існуючая міжнар. прававая сістэма выключае магчымасць прыняцця аднабаковых мер па павышэнні або змяненні мытна-тарыфных ставак. Для змены тарыфаў цяпер патрэбны кансультацыі на міжнар. узроўні і падрабязнае абмеркаванне сітуацыі ў нац. эканоміцы. Імкнучыся захаваць за дзярж. кіраўніцкімі структурамі магчымасць хутка рэагаваць на зменлівыя абставіны, нац. дзяржавы разам з пошлінамі выкарыстоўваюць і інш. блізкія да іх меры рэгулявання (імпартныя тавары абкладаюцца спец. падаткамі і зборамі, імпартныя і экспартныя субсідыі, колькасныя абмежаванні, кватаванне і ліцэнзаванне). Колькаснае выражэнне ступені залежнасці эканомікі краіны ад З.г. вызначаецца адносінамі аб’ёму экспарту або імпарту да аб’ёму нац. даходу. Пры ацэнцы стану краіны ў міжнар. разліках перш за ўсё вызначаюцца суадносіны экспарту і імпарту, якія адлюстроўваюцца ў гандл. балансе. Рэспубліка Беларусь ажыццяўляе знешнегандл. сувязі больш як са 150 краінамі свету. У 1996 агульны аб’ём З.г. Беларусі склаў 12,4 млрд. дол. ЗША (павялічыўся ў параўнанні з 1995 на 20%), экспарт тавараў — 5,5 млрд. дол. (на 17%), імпарт — 6,9 млрд. дол. (на 23%). Тавараабарот з краінамі СНД у 1996 склаў 8,2 млрд. дол., у т.л. з Расіяй — 6,4 млрд. дол. Аб’ём З.г. Рэспублікі Беларусь з інш. краінамі ў 1996—4,2 млрд. дол., у т.л. з Германіяй — 978 млн. дол., Польшчай — 519,6 млн. дол., Літвой — 320,6 млн. дол., ЗША — 212 млн. дол. 3 дапамогай каэфіцыента пакрыцця (суадносіны экспарту да імпарту ў працэнтах) можна супастаўляць дынаміку абодвух патокаў, што складаюць З.Г.

М.Е.Заяц, В.В.Краўчанка.

т. 7, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХГА́ЛТАРСКІ ЎЛІК,

сістэма суцэльнага і безупыннага дакументальнага адлюстравання ў грашовай форме інфармацыі аб кругаабароце капіталу ў працэсе гасп. дзейнасці прадпрыемства, установы, арг-цыі і інш. юрыд. асоб; адзін з відаў гасп. ўліку, важная функцыя ў кіраванні вытворчасцю. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам і нац. стандартамі рахункаводства ўсімі юрыд. асобамі незалежна ад іх арганізацыйна-прававога статуса і формаў уласнасці з моманту ўтварэння і да ліквідацыі. Фіз. асобы (прадпрымальнікі) вядуць улік і даюць фін. справаздачу ў адпаведнасці з патрабаваннямі падатковага заканадаўства. Бухгалтарскі ўлік выконвае 2 асн. функцыі — інфармацыйную (своечасовае, поўнае і аб’ектыўнае інфармаванне службы кіравання пра ход і вынікі гаспадарання) і кантрольную (кантроль за захаванасцю маёмасці прадпрыемства, рацыянальным і эфектыўным выкарыстаннем яго сродкаў, адпаведнасцю гасп. аперацый заканадаўству, статуту прадпрыемства і інш. прававым дакументам). Аб’екты бухгалтарскага ўліку: сродкі прадпрыемства (актывы), крыніцы фінансавання (пасівы), гасп. аперацыі і працэсы, у выніку якіх адбываецца рух (кругаабарот) капіталу. Для адлюстравання гэтага бухгалтарскі ўлік выкарыстоўвае натуральныя (колькасныя) і грашовыя вымяральнікі; з дапамогай апошніх дасягаецца абагульняльная характарыстыка разнародных аб’ектаў у грашовавартасным выражэнні. На кожную асобную гасп. аперацыю (ці іх аднародную групу) складаецца дакумент — носьбіт інфармацыі (афіцыйны бланк пэўнай формы). Каб забяспечыць аб’ектыўнасць і дакладнасць інфармацыі, дакументацыю дапаўняюць інвентарызацыяй. Дакументальна аформленыя гасп. аперацыі і вынікі інвентарызацый адлюстроўваюць на рахунках — спец. двухбаковых табліцах, дзе левая частка — дэбет, правая — крэдыт. Кожную гасп. аперацыю запісваюць у аднолькавай суме ў дэбет аднаго і крэдыт другога рахунка (спосаб двайнога запісу). Узаемасувязь паміж рахункамі наз. карэспандэнцыяй, для адлюстравання якой складаецца ўраўненне гасп. аперацыі, ці праводка, дзе ўказваецца сума, якая адносіцца ў дэбет і крэдыт. Рахункі бухгалтарскага ўліку бываюць актыўныя (улічваюць гасп. сродкі: па дэбеце — паступленне, ці павелічэнне, па крэдыце — іх выбыццё, ці памяншэнне; маюць толькі дэбетавае сальда), пасіўныя (улік крыніц фінансавання сродкаў: астатак і павелічэнне запісваюцца ў крэдыт, памяншэнне — у дэбет) і аперацыйныя (улічваюць асн. гасп. працэсы і фін. вынікі). Адрозніваюць таксама рахункі сінтэтычныя (агульны ўлік гасп. аб’ектаў па аднародных групах толькі ў грашовым выражэнні) і аналітычныя (дэталізуюць змест сінтэтычных рахункаў па асобных відах сродкаў і крыніц фінансавання ў вартасным і ў колькасным выражэнні). Адпаведна бываюць аналітычны ўлік і сінтэтычны ўлік, на аснове звестак якіх складаюцца бухгалтарскі баланс (гл. ў арт. Баланс у эканоміцы) і інш. формы справаздачнасці.

Існуюць розныя формы бухгалтарскага ўліку: журнальна-ордэрная, мемарыяльна-ордэрная, аўтаматызаваная, спрошчаная (гл. Рахункі бухгалтарскага ўліку). Выбар формы бухгалтарскага ўліку залежыць ад узроўню яго аўтаматызацыі і цэнтралізацыі, памераў прадпрыемства і інш. Адказнасць за арганізацыю бухгалтарскага ўліку, стварэнне ўмоў для правільнага яго вядзення, захоўвання бухгалтарскіх дакументаў, уліковых рэгістраў і справаздачнасці нясе кіраўнік прадпрыемства (установы). Узначальвае службу бухгалтарскага ўліку гал. бухгалтар ці асоба, якая яго замяняе. Метадалагічнае кіраванне сістэмай бухгалтарскага ўліку на Беларусі ажыццяўляе Мін-ва фінансаў (зацвярджае тыповы план рахункаў, нац. стандарты ўліку, справаздачнасці і інструкцыі па іх выкарыстанні). Асн. нарматыўны дакумент, які рэгулюе арганізацыю і метадалогію бухгалтарскага ўліку, — закон Рэспублікі Беларусь «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці» (1994).

Г.В.Савіцкая.

т. 3, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

ажыццяўленне вытв. працэсу з дапамогай аўтам. сродкаў без непасрэднага ўдзелу ў ім чалавека, а толькі пад яго кантролем. Засн. на выкарыстанні камп’ютэрных сістэм, прылад і аўтаматаў, якія дапоўнілі 3-звенную сістэму машын (рухавік, перадатачны механізм, рабочая машына) 4-м звяном — блокам аўтам. кіравання і кантролю. З’яўляецца асновай развіцця сучаснай эканомікі і гал. кірункам навукова-тэхнічнага прагрэсу. Ажыццяўляецца з мэтай павышэння эфектыўнасці вытв-сці, якасці прадукцыі і аптымальнага выкарыстання рэсурсаў. Бывае частковая (аўтаматызаваны ўчастак, цэх, прадпрыемства) і поўная (аўтаматызаваны ўсе працэсы, у тым ліку падрыхтоўка і рэгуляванне вытв-сці). Комплексныя і поўная аўтаматызацыя вытворчасці — гэта пераход да т.зв. бязлюдных тэхналогій. Неабходнасць аўтаматызацыі вытворчасці абумоўлена тэхнічна (калі пры выкананні аперацый выкарыстанне чалавечай працы на пэўным участку немагчыма), эканамічна (апраўдана толькі пры зніжэнні выдаткаў вытв-сці), сацыяльна (дыктуецца ростам прафес. гуманітарнага і культ. ўзроўню работніка, гарманічнага развіцця яго як асобы).

Аўтаматызацыя вытворчасці ажыццяўляецца ў 3 кірунках, якія адлюстроўваюць асн. этапы развіцця навукі і тэхнікі ў галіне механікі, электратэхнікі і электронікі. 1-ы кірунак ажыццяўляецца з перыяду прамысловага перавароту — вынаходства рабочых машын, здольных выконваць вытв. аперацыі без удзелу рабочага (ткацкія станкі, станкі апрацоўкі дэталяў па капіры і інш.). Дзеянне такіх машын-аўтаматаў грунтуецца на выкарыстанні дасягненняў класічнай механікі з дапамогай адпаведных канструкцыйных рашэнняў. Роля чалавека тут зводзіцца да назірання за работай машын ці да падачы матэрыялаў для іх перапрацоўкі і ўборкі гатовай прадукцыі. 2-і кірунак ажыццяўляецца з пач 20 ст. на базе выкарыстання электраэнергіі ў якасці рухальнай сілы. Вынаходства прылад, заснаваных на выкарыстанні электрычнасці і электрамагнетызму (рэле, кантактараў, прылад кантролю, рэгулявання і інш.) зрабіла магчымым звязаць у адзіную сістэму сукупнасць машын і механізмаў, якія вырашаюць пэўную тэхнал. задачу. На гэтым этапе пачаліся распрацоўка і шырокае выкарыстанне аўтам. ліній і вытв-сцяў, здольных без удзелу чалавека выконваць тэхнал. аперацыі па апрацоўцы дэталяў і нават зборку нескладаных вырабаў. Роля чалавека на такіх лініях — у падачы матэрыялаў, падборы і наладцы патрэбнага інструменту, кіраванні, кантролі, загрузцы і выгрузцы дэталяў. 3-і кірунак пачаўся з 2-й пал. 20 ст. на базе развіцця электронікі і выкарыстання ЭВМ (камп’ютэраў). Рэвалюцыйны скачок у вытв. працэсе адбыўся з выкарыстаннем аўтам. маніпулятараў (робатаў) і станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, якія з дапамогай уманціраваных у іх камп’ютэраў здольныя самастойна запамінаць і абагульняць вопыт сваёй работы, выконваць і каардынаваць складаныя фіз. дзеянні ў прасторы. Гэта істотна мяняе характар і змест працы: аўтам. сістэма машын сама ўздзейнічае на прадмет працы, выконвае не толькі фіз., а і шэраг інтэлектуальных функцый рабочага.

Найб. пашырана аўтаматызацыя вытворчасці ў касманаўтыцы, металургіі, ядз. энергетыцы, радыёэлектроннай прам-сці, сувязі і інш. галінах эканомікі, у т. л. і нематэрыяльнай сферы. Дзейнічаюць аўтаматызаваныя прадпрыемствы, аўтаматычныя лініі, аўтаматычныя маніпулятары, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, класы аўтаматызаванага навучання, сістэмы па аўтаматызацыі вымярэнняў, аўтаматызацыі праграмавання, аўтаматызацыі праектавання і інш. На Беларусі наладжаны выпуск ЭВМ, аўтам. ліній і маніпулятараў, станкоў з лікавым праграмным кіраваннем і інш. сучасных сродкаў аўтаматызацыі, якія шырока выкарыстоўваюцца ў вытв-сці і пастаўляюцца на экспарт.

Літ.:

Автоматизация производственных процессов на основе промышленных роботов нового поколения: Сб. науч. тр. М., 1991.

М.С.Сачко.

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІ́ЙСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 17 СТАГО́ДДЗЯ,

раннія бурж. Рэвалюцыі 1640—53 і 1688—89, выкліканыя паліт., рэліг. і сац.-эканам. супярэчнасцямі англ. грамадства. Звязаны паміж сабой перыядамі пратэктарату О.Кромвеля (1653—58) і рэжыму рэстаўрацыі (1660—88), у час якога склаліся перадумовы для 2-й рэвалюцыі.

Рэвалюцыя 1640—53, якая вызначалася жорсткай паліт., узбр. і рэліг. барацьбой, пачалася са склікання каралём Карлам І Сцюартам т.зв. Доўгага парламента (1640—53) для зацвярджэння падаткаў і субсідый, неабходных для фінансавання ваен. аперацый супраць паўстання ў Шатландыі. Парламент ператварыўся ў арганізац. цэнтр новага дваранства і буржуазіі, якіх падтрымлівала б.ч. сялян, рамеснікі і рабочыя. Парламенцкая апазіцыя патрабавала спыніць злоўжыванні з боку каралеўскай улады, кіраваць краінай разам з парламентам, даць свабоду прадпрымальніцтву, правесці пурытанскую рэфармацыю царквы. Кароль, які абапіраўся гал. чынам на феад. дваранства і англіканскую царкву, 22.8.1642 аб’явіў парламенту вайну. Лепш арганізаваная каралеўская армія на працягу года авалодала б.ч. Англіі. Ва ўмовах грамадз. вайны парламент заключыў саюз з Шатландыяй і правёў ваен. рэформу. Новая армія, створаная з сялян, дробных гандляроў і рамеснікаў, 14.6.1645 у бітве пры Нейзбі нанесла рашаючае паражэнне каралеўскаму войску. Кароль апынуўся ў палоне. Ахвярамі грамадз. вайны, якая цягнулася да 1646, сталі тысячы жыхароў Англіі. Паміж паліт.-рэліг. групоўкамі прэсвітэрыян (кансерватыўнай буржуазіі), індэпендэнтаў і левелераў пачалася складаная барацьба па пытаннях дзярж ўладкавання Англіі. Калі ў канцы 1647 Карл І уцёк з-пад арышту, пачалася 2-я грамадз. вайна, у якой кароль пацярпеў канчатковае паражэнне і 30.1.1649 пакараны смерцю. 19.5.1649 Англія абвешчана рэспублікай. Аднак англ. рэспубліка не мела моцнай сац.-паліт. апоры, у грамадстве не было рэсп. традыцый. Новая ўлада з дапамогай арміі лёгка расправілася са сваімі левымі ворагамі — левелерамі і дыгерамі («сапраўдныя» левелеры, заклікалі да маёмаснай роўнасці і калектывізму, іх праграма выкладзена ў т.зв. «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі»), але не змагла ліквідаваць пагрозу дыктатуры. Доўгі парламент, які к гэтаму часу страціў давер народа, быў гвалтоўна разагнаны лідэрам індэпендэнтаў Кромвелем. 16.12.1653 Кромвель абвешчаны лордам-пратэктарам Англіі, Ірландыі і Шатландыі, устанавіў ваенна-паліцэйскую дыктатуру. Пратэктарат, як і рэспубліка, не меў дастаткова моцнай падтрымкі. Пасля смерці Кромвеля (3.9.1658), кароткачасовага праўлення яго сына Рычарда (вер. 1658 — май 1659), праўлення парламента т.зв. другой рэспублікі (май 1659 — май 1660) адбылася рэстаўрацыя Сцюартаў. На англ. трон запрошаны сын Карла І, абвешчаны каралём Карлам II [1660—85]. Намер яго пераемніка Якава II [1685—88] устанавіць абсалютысцка-каталіцкі рэжым выклікаў незадаволенасць амаль усяго насельніцтва Англіі і новую рэвалюцыю 1688—89 (т.зв. «слаўную рэвалюцыю»), якая прайшла хутка, у форме бяскроўнага дзярж. перавароту. У 1688 лідэры буржуазіі і дваранства запрасілі на англ. прастол штатгальтэра Галандскай рэспублікі Вільгельма Аранскага, які ў студз. 1689 абвешчаны каралём Вільгельмам III. У кастр. 1689 выдадзены «Біль аб правах». Ён юрыдычна аформіў узаемаадносіны паміж каралём і парламентам: кароль пазбаўляўся права прыпыняць выкананне законаў, збіраць падаткі і набіраць войска без згоды парламента.

Англійскія рэвалюцыі 17 ст. завяршыліся кампрамісам паміж бурж. сіламі і арыстакратыяй. У Англіі былі закладзены трывалыя асновы канстытуцыйна-манархічнай дзяржаўнасці, дэмакратыі і лібералізму; прызнаваліся правы пратэстантаў, пашыралася свабода прадпрымальніцтва, дваранскія зямельныя ўладанні сталі ўласнасцю іх трымальнікаў.

Літ.:

Барг М.А. Великая английская революция в портретах ее деятелей. М., 1991;

Английская буржуазная революция XVII века.Т. 1—2. М., 1954.

В.І.Сініца.

Да арт. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя. Тытульны ліст «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі», напісанай дыгерамі ў 1649.

т. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РСКАЯ БІ́ТВА 1943,

адна з вырашальных вайск. аперацый у Вял. Айч. вайну. Адбылася на тэр. сучасных Курскай, Арлоўскай, Белгародскай, Бранскай і Калужскай абл. Расіі, Харкаўскай і Сумскай абл. Украіны. Складалася з 2 этапаў: абарончых баёў (5—23 ліп.) і контрнаступлення (12 ліп. — 23 жн.) сав. войск. Летам 1943 ням.-фаш. камандаванне падрыхтавала аперацыю «Цытадэль» — наступленне на т.зв. Курскі выступ сустрэчнымі ўдарамі з раёнаў Арла і Харкава, каб акружыць і знішчыць тут сав. войскі, вярнуць стратэг. ініцыятыву пасля паражэння ў Сталінградскай бітве 1942—43. На лініі Арол — Харкаў было сканцэнтравана 50 ням. дывізій (больш за 900 тыс. чал., да 2,7 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 10 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 2 тыс. самалётаў), што ўваходзілі ў 9-ю і 2-ю арміі групы армій «Цэнтр» (камандуючы ген.-фельдмаршал Г.Клюге), 4-ю танк. армію і аператыўную групу «Кемпф» групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн), г.зн. каля 70% танк., 30% матарызаваных і больш за 20% пяхотных дывізій, што дзейнічалі на сав.-герм. фронце. Сав. камандаванне разгадала намеры праціўніка і падрыхтавала эшаланіраваную абарону глыбінёй да 300 км. Абарону паўн. раёна Курскага выступу трымалі войскі Цэнтр. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі), паўд. — Варонежскага фронту (ген. арміі Л.Ф.Ватуцін): больш за 1,3 млн. чал., каля 20 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 3,4 тыс. танкаў і самаходных гармат і каля 2,2 тыс. самалётаў. У іх тыле знаходзіўся ў рэзерве Сцяпны фронт (ген.-палк. І.С.Конеў). Для контрнаступлення былі падрыхтаваны Зах. (ген.-палк. В.Д.Сакалоўскі) і Бранскі (ген.-палк. М.М.Папоў) франты, а таксама 57-я армія (ген.-лейт. М.А.Гаген) Паўд.-Зах. фронту. Дзейнасць франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза Г.К.Жукаў і А.М.Васілеўскі. Раніцай 5 ліп. сав. артылерыя нанесла апераджальны ўдар па варожых пазіцыях. Ударныя ням. групоўкі пачалі наступленне на Курск з раёнаў Арла і Белгарада. На Арлоўскім напрамку каля с. Поныры вораг уклініўся ў сав. абарону на 10—12 км, на Белгародскім напрамку каля с. Прохараўка — на 35 км. 12 ліп. каля Прохараўкі адбылася самая буйная сустрэчная танк. бітва 2-й сусв. вайны, у якой з абодвух бакоў удзельнічала да 1200 танкаў і самаходных гармат. Пасля 8-дзённых малавыніковых атак ням.-фаш. войскі перайшлі да абароны. 12 ліп. пачалі контрнаступленне войскі Зах. і Бранскага франтоў, 15 ліп. ў напрамку Арла — Цэнтр. фронту, 16—18 ліп. на Белгародска-Харкаўскім напрамку — Варонежскага і Сцяпнога франтоў ва ўзаемадзеянні з Паўд.-Зах. фронтам (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі). 5 жн. вызвалены Арол і Белгарад, 23 жн. — Харкаў. У выніку К.б. ням фаш. войскі страцілі каля 30 дывізій і шмат баявой тэхнікі. У ходзе бітвы ў тыле групы армій «Цэнтр» бел. партызаны правялі аперацыю «Рэйкавая вайна»ліп. пусцілі пад адхон 761 эшалон), чым у значнай ступені скавалі перавозкі праціўніка і адцягнулі на сябе каля 80 тыс. яго вайскоўцаў. У час бітвы вызначыліся воіны-беларусы лётчык А.К.Гаравец; танкісты М.М.Антонаў і В.Ф.Марцехаў, мінамётчык Б.Т.Шабан і інш. К.б. завяршыла карэнны пералом у ходзе Вял. Айч. вайны, стварыла ўмовы для пераходу сав. войск да агульнага наступлення, наблізіла пачатак вызвалення Беларусі (канец вер. 1943). Паражэнне Германіі ў К.б. вымусіла яе перайсці да абароны на ўсіх тэатрах 2-й сусв. вайны.

Літ.:

Колтунов Г.А., Соловьев Б.Г. Курская битва. М., 1983;

Кэйдин М. Курская битва — величайшее сухопутное сражение в истории // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагические страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;

Меллентин Ф. Танковые сражения 1939—1945: Пер. с англ. М., 1957. С. 186—202;

Соловьев Б.Г. «Кутузов» и «Румянцев» против «Цитадели» // Военно-ист журн. 1998. № 4.

В.А.Юшкевіч.

Да арт. Курская бітва 1943. Мастак П.А.Крываногаў. 1949.

т. 9, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял. Айч. вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.Буш, з 28 чэрв. В.Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн. чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.Х.Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.Ф.Захараў), 3-і (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у тым ліку 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн. чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.Я.Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.М.Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.К.Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв. гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл. Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл. Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл. Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.

Літ.:

Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;

Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;

Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;

Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.

У.І.Лемяшонак.

т. 2, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХРЭ́ЙН, Дзяржава Бахрэйн,

дзяржава (эмірат) у Паўд.-Зах. Азіі, на а-вах Бахрэйн у Персідскім зал. Бліжэйшыя суседзі — Саудаўская Аравія і Катар. Пл. 620 км². Нас. 600 тыс. чал. (1994). Сталіца — г. Манама. Дзярж. мова — арабская, дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень прыняцця Канстытуцыі (16 снеж.).

Дзяржаўны лад. Бахрэйн — незалежная канстытуцыйная манархія з 1971. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы — эмір. Заканад. ўлада належыць 1-палатнаму Нац. сходу, у склад якога ўваходзяць усе члены кабінета і 30 дэпутатаў (выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае эмір. Пасля ўрадавага крызісу 1975 эмір распусціў Нац. сход, з таго часу выбары не праводзіліся.

Прырода. У склад Бахрэйна ўваходзяць 33 мацерыковыя і каралавыя а-вы. Найб. з іх Бахрэйн (пл. каля 570 км²). Іншыя значныя а-вы: Мухарак, Ум-Наасан, Сітра, Хавар. У цэнтр. частцы в-ва Бахрэйн — вапняковае плато, над якім узвышаюцца ўзгоркі да 130 м. На астравах і ў тэрытарыяльным моры — радовішчы прыроднага газу (запасы каля 250 млрд. м³) і нафты (у значнай ступені вычарпаныя, запасы каля 20 млн. т). Клімат пераходны ад трапічнага да субтрапічнага, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра студз. 16 °C, ліп. 37 °C. Ападкаў каля 90 мм за год, выпадаюць зімой. Расліннасць пустынная, рэдкая: засухаўстойлівыя хмызнякі, палын, астрагал і інш. Жывёльны свет бедны, прыбярэжнае мора багатае рыбай, шматлікія каралы, малюскі-жамчужніцы.

Насельніцтва. 62% складаюць карэнныя жыхары — арабы-бахрэйнцы, 38% — выхадцы з суседніх араб. краін, Індыі, Пакістана, Ірана. Сярэдняя шчыльн. каля 1 тыс. чал. На 1 км². Гар. насельніцтва больш за 90%. Найб. гарады: Манама (121 тыс. ж.; 1991), Сітра, Іса.

Гісторыя. Упершыню Бахрэйн упамінаецца ў 3-м тыс. да нашай эры. У 2000—1800 да нашай эры партовы і гандлёвы цэнтр. На пач. нашай эры Бахрэйн — араб. княства. У 4—6 ст. у складзе дзяржавы Сасанідаў, потым — Арабскага халіфата. У канцы 9 ст. захоплены карматамі, у 10—11 ст. цэнтр іх дзяржавы. У сярэдзіне 13 ст. Бахрэйн стаў незалежны, але ў хуткім часе далучаны да эмірата Армуз. У 1521—1602 належаў Партугаліі, потым Персіі (да 1782). У 1783 захоплены араб. шэйхамі з роду Аль-Халіфа, якія абвясцілі незалежнасць Бахрэйна. Гэты род пануе ў Бахрэйне і цяпер. На пач. 19 ст. ўзмацніўся ўплыў Вялікабрытаніі, якая заключыла з шэйхамі шэраг дагавораў (1820, 1847, 1861), а ў 1871 усталявала свой пратэктарат, пацверджаны дагаворамі 1880 і 1892, і фактычна зрабіла Бахрэйн сваёй калоніяй. У 1934 зацверджаны «новы статус» Бахрэйна — паводле саюзнага дагавора ён стаў падпарадкоўвацца Вялікабрытаніі. У 1968—71 Бахрэйн у складзе Федэрацыі Арабскіх Эміратаў. 14.8.1971 абвешчаны незалежнай краінай. Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.

Бахрэйн — член ААН (з 1971), Лігі арабскіх дзяржаў, удзельнік Руху недалучэння; з 1981 у Савеце супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва.

Гаспадарка. Эканоміка Бахрэйна заснавана на здабычы газу і нафты, перапрацоўцы імпартуемай нафты і залежыць ад замежнага капіталу (вядучыя галіны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы). Здабыча (1993) прыроднага газу каля 1,5 млрд. м³, нафты каля 2 млн. т. Працуюць: нафтаперапр. з-д (магутнасць 14 млн. т за год; 2-і па велічыні на Блізкім і Сярэднім Усходзе), які перапрацоўвае нафту, пераважна імпартаваную з Саудаўскай Аравіі (больш як 10 млн. т за год); комплекс па вытв-сці алюмінію (120—170 тыс. т за год; на гліназёме з Аўстраліі і таннай мясц. электраэнергіі); док па рамонце супертанкераў; 11 ЦЭС агульнай магутнасцю каля 1400 МВт; прадпрыемствы па вытв-сці буравога абсталявання, алюмініевых, пластмасавых і лакафарбавых вырабаў, трубаў, вадкага кіслароду, прапану і бутану са спадарожнага газу. Ёсць цэм. з-д, прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці, верфі па буд-ве невял. суднаў. Развіты саматужна-рамесніцкія промыслы. Сельская гаспадарка развіта слаба. Апрацоўваецца каля 5% тэрыторыі, пераважна ў аазісах. Гал. культура — фінікавая пальма. Вырошчваюць агародніну (батат, памідоры, баклажаны і інш.), пшаніцу, кукурузу, ячмень, садавіну (грэцкі арэх, папайю, персікі). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць козаў, авечак, зебупадобных кароў, аслоў. Птушкагадоўля. Лоўля рыбы, крэветак, здабыча губак і жэмчугу. Бахрэйн — важны цэнтр міжнар. трансп. камунікацый. Гал. парты — Манама, Сітра. Міжнар. аэрапорт Мухарак (штогод каля 3 млн. пасажыраў) — адзін з буйнейшых у зоне Персідскага зал. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 200 км. Аўтапарк — каля 150 тыс. аўтамашын. Сувязь паміж найб. а-вамі па насыпных дамбах. В-аў Бахрэйн злучаны з Аравійскім п-вам (Саудаўская Аравія) дамбай даўж. каля 25 км з мостам (Сауда-Бахрэйнская шаша). Бахрэйн — буйны банкаўскі цэнтр (каля 150 устаноў, якія аперыруюць больш як 60 млрд. дол. ЗША). Даходы ад фінансавых аперацый даюць каля 16% валавога нац. прадукту. Краіна з’яўляецца цэнтрам транзітнага гандлю — больш за 40% тавараў рээкспартуецца (пераважна ў Саудаўскую Аравію і інш. суседнія краіны). Развіваецца турызм. Экспарт: нафтапрадукты, алюміній, пластмасы, крэветкі і інш. Імпарт: прамысл. абсталяванне і машыны, будматэрыялы, харч. і спажывецкія тавары. Асн. гандл. партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, ФРГ, Аўстралія. Грашовая адзінка — бахрэйнскі дынар.

У.М.Зайцаў (прырода, гаспадарка).

т. 2, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)