КАРМА́НАЎ (Яўген Аляксандравіч) (н. 2.3.1935, г. Аляксандраўск-Сахалінскі Сахалінскай вобл., Расія),

бел. мастак. Скончыў Ленінградскі ваен. ін-т фізкультуры і спорту (1960), Бел. тэатр.маст. ін-т (1967, вучань А.Кішчанкі). Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве і жывапісе. Асн. творы: дэкар. метал. сцены «Лясныя прыгажуні» і «Падводнае царства» для кінатэатра «Піянер» (1965), манум.-дэкар. рэльефы «Беларускае вяселле» і «Раніца» для рэстарана «Журавінка» (1968, усе ў Мінску), «Брэст — 41-ы год» для шпіталя ў пас. Бараўляны Мінскага р-на (1969); аформіў санаторый «Сосны» на воз. Нарач (1973—74), шэраг устаноў у г. Наваполацк Віцебскай вобл. і інш. У творчасці пераважаюць тэмы гісторыі рас. і сав. армій: 12 рэльефаў «Памром, але з крэпасці не пойдзем» (1985), манум.-жывапісная работа «Рассеяныя, але сувязі не страцілі» для Музея воінскай доблесці ў Маскве (1992). Працуе ў жанрах партрэта, нацюрморта, пейзажа («Вясеннія ручаі», «Яблыні цвітуць», «Стары млын», «Вясна ранняя», «У дзень нараджэння», «Аксакаўшчына», «Рака Іслачка» і інш.).

Г.​А.​Фатыхава.

Я.Карманаў. Нацюрморт «У дзень нараджэння». 1995.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫ́ТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

сукупнасць мерапрыемстваў дзяржавы, крэдытна-фін. устаноў, накіраваных на падтрымку стабільнасці і ўмацаванне крэдытнай сістэмы. К.п. прадугледжвае стымуляванне крэдыту і грашовай эмісіі — крэдытная экспансія (пашырэнне крэдытнага ўплыву) або іх стрымліванне і абмежаванне — крэдытная рэстрыкцыя (перш за ўсё прадухіленне ўцечкі залатых і валютных запасаў за мяжу). Найб. пашыраныя метады К.п.: аперацыі на адкрытым рынку, змена рэзервовай нормы і ўліковай стаўкі. Аперацыямі на адкрытым рынку дзяржава памяншае або павялічвае прапанаванне грашовай масы і т. ч. стымулюе або стрымлівае крэдытныя магчымасці банкаў. Калі дзяржава скупляе каштоўныя паперы, яна не толькі павялічвае фін. магчымасці банкаў, але і сукупную грашовую масу ў абарачэнні, стымулюе рост дзелавой актыўнасці ў краіне. Пры рэгуляванні норм абавязковага рэзервавання недатыкальнага запасу грашовых сродкаў дзяржава павялічвае або памяншае сукупную грашовую масу. Пры павышэнні нормы магчымасці банкаў крэдытаваць эканоміку скарачаюцца, што, у сваю чаргу, выклікае рост працэнтаў за крэдыт, памяншае попыт на пазыковыя сродкі. Змена ўліковай (дысконтнай) стаўкі звязана з ператварэннем нац. (цэнтр.) банка ў крэдытора камерцыйных банкаў. Пры павелічэнні стаўкі па крэдытах (уліковая і стаўка дысконту) нац. банк заахвочвае інш. крэдытныя ўстановы скарачаць запазычанасць і наадварот. Разам з тым эканам. наступствы такога рэгулявання маюць двайное значэнне: павышэнне нормы з’яўляецца важным сродкам барацьбы з інфляцыяй, але выклікае скарачэнне вытв-сці, рост беспрацоўя і сац. напружанасць у грамадстве; зніжэнне нормы ўліковай стаўкі садзейнічае выхаду з крызісу, але выклікае рост інфляцыі. Метады ўздзеяння на крэдытную сістэму, у залежнасці ад эканам. кан’юнктуры і ступені разладжанасці фін. сістэмы, могуць дапаўняцца і шэрагам іншых, напр., правядзеннем грашовых рэформ, скарачэннем крэдытавання прадпрыемстваў, павелічэннем або памяншэннем статутнага капіталу банкаў, амартызацыйнай палітыкай і інш.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́СТ,

у грэчаскай міфалогіі сын Агамемнана і Клітэмнестры. Помсцячы за вераломнае забойства бацькі, Арэст забіў маці і яе каханка Эгісфа. За гэта багіні помсты Эрыніі наслалі на Арэста вар’яцтва і праследавалі яго, але ён атрымаў ад Апалона ачышчэнне ад пралітай крыві. Міф пра Арэста адлюстроўвае ўспаміны пра матрыярхат і кроўную помсту, ён стаў сюжэтам трагедый Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і інш.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДА,

1) беларускі народны звычай частаваць блізкіх і аднавяскоўцаў свежыной, а таксама хлебам, садавіной, агароднінай новага ўраджаю. Дзяліліся мясам свойскай і здабытай у час палявання дзікай жывёлы, рыбай, мёдам. Звычай сведчыць пра існаванне ў старажытнасці абшчыннай гаспадаркі і грамадскай уласнасці. У наш час страціў сваю назву, але па-ранейшаму захоўваецца як нар. традыцыя калектыўных узаемаадносін.

2) Старадаўняя назва пасагу, запасу грошай, адзення.

т. 3, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАБІЯЦЭНО́З,

аграцэноз (ад агра... + біяцэноз), біялагічнае згуртаванне пасяўных культур, пустазелля, жывёл і мікраарганізмаў, створанае ў выніку с.-г. дзейнасці чалавека. У адрозненне ад натуральнага біяцэнозу мае абмежаваны склад раслінных і жывёльных кампанентаў (у аснове культываваныя чалавекам расліны), слаба выяўленае самарэгуляванне, але большую біял. прадукцыйнасць. Комплексы інш. арганізмаў фарміруюцца ў выніку натуральнага адбору і рэгулявальнай дзейнасці чалавека. Аграбіяцэнозы займаюць каля 10% усёй паверхні сушы.

т. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАГАЛО́СЫЯ (Clamatores, Tyranni),

падатр. птушак атр. вераб’інападобных. Пашыраны пераважна ў тропіках Амерыкі. 14 сям.: дрэвалазы (Dendrocolaptidae), печніковыя (Furnariidae), пітавыя (Pittidae) і інш. Каля 1100 відаў.

Даўж. цела да 30 см, маса да 120 г. Будова гартані прымітыўная (крычаць, але не пяюць). Пер’е яркае, стракатае. Гняздуюцца на дрэвах і на зямлі. Нясуць 1—6 яец. Кормяцца насякомымі і раслінамі. Маюць невялікае прамысл. значэнне.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАЗІЯНАЛІ́ЗМ,

моўная з’ява, якая не адпавядае агульнапрынятаму ўжыванню; ствараецца як выразны сродак у пэўным кантэксце і не замацоўваецца як моўная норма. Аказіяналізм — звычайна словы («вершаправод», «ночапіс», «шалёнагубая»), але магчыма выкарыстанне асобных формаў у якасці новых слоў («соў», «савя» замест літ. «сава», «статуй» — «статуя») і словазлучэнняў («мяцеляцца спіцы», «навальніцы ракет»). Найчасцей утвараюцца пісьменнікамі, таму інакш наз. аўтарскімі, індывідуальна-стыліст. неалагізмамі. Набываюць значэнне паэт. тропаў.

т. 1, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАГІ́ЗМ (ад а... + грэч. logismos розум),

1) у логіцы адмаўленне ці рэзкае перамяшчэнне ролі лагічнага мыслення як сродку дасягнення ісціны; логіцы проціпастаўляецца інтуіцыя, вера і інш. Выкарыстоўваецца для апраўдання ірацыяналізму, містыцызму, фідэізму. Часта бывае схаваны фармальнай правільнасцю выказвання, але абвяргаецца грамадскай практыкай чалавецтва і гісторыяй навукі.

2) У стылістыцы наўмыснае парушэнне ў мове лагічных сувязей з мэтай стылістычнага (у т. л. камічнага) эфекту.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАФО́РМЫ (ад гама... + лац. forma форма, вонкавы выгляд, абрыс),

словы, якія ў асобных граматычных формах супадаюць гучаннем і напісаннем, але не супадаюць значэннем. Амаформы могуць быць словамі той самай або розных часцін мовы, напр., «горы» (назоўны склон мн. л. назоўніка «гара») і «горы» (месны склон адз. л. назоўніка «гора»), «кліч» (назоўнік) і «кліч» (дзеяслоў загаднага ладу), «вусны» (назоўнік) і «вусны» (прыметнік) і інш.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАМІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́ (стараж.-ірл. ogam, ogum),

літарнае пісьмо кельтаў і піктаў на Брытанскіх а-вах. Вядома па надпісах з 4 ст. Аснова агамічнага пісьма — лінія, на якую наносіліся кропкі і штрыхі. Літара складалася з сукупнасці аднолькавых (ад 1 да 5) штрыхоў (зычны гук) ці кропак (галосны гук). Паходжанне невядома. Выцеснена лацінкай, але як тайнапіс у Ірландыі захавалася да 17 ст.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)