МАРО́ЗІК (Мікалай Фёдаравіч) (каля 1852, в. Лаўрышава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1913),
бел.нар. прапаведнік-мараліст, паэт-самавук. Аўтар дыдактычнага, бытапісальнага верша «Сцяпан і Тацяна» (1889). У паперах А.Ельскага (Варшава, Гал. архіў стараж.актаў) захаваўся сшытак 1890 з вял. творам М. (каля 400 радкоў) «Сачыненне пад рыфму на п’янства і гультайства». У Цэнтр. б-цы АН Літвы (Вільнюс) зберагаюцца рукапісы М. «Чыгунка», «П’янлівага развага...», «Заключэнне для павучання», «Вясковыя дзяды, або Памінальныя дні» і інш. Творы М. напісаны мяшанай бел.-рус. моваю, пераважна невысокага маст. ўзроўню, кансерватыўнага зместу. Пісаў часта пад псеўд. Аляксандр Шункевіч.
Тв.:
Сцяпан і Тацяна / Публ. У.Казберука // Шляхам гадоў. Мн., 1994. [Вып. 4].
Літ.:
Н.Я.Н. [Нікіфароўскі М.Я.]. Глашатаи добрых начал в сельской среде // Живая старина. 1902. Вып. 3—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГІСТОРЫІ І СТАРАЖЫ́ТНАСЦЕЙ РАСІ́ЙСКІХ,
першае навук.гіст.т-ва ў Расіі ў 1804—1929. Засн. пры Маскоўскім ун-це для вывучэння і публікацыі дакументаў па рас. гісторыі, фактычна разгарнула дзейнасць пасля вайны 1812. Найб. размах дзейнасць т-ва (выданне летапісаў, стараж.актаўі г.д.) набыла з 1840-х г. пад кіраўніцтвам В.М.Бадзянскага, І.Дз.Бяляева, А.М.Папова, Е.В.Барсава і інш. Аб’ядноўвала б.ч.рас. гісторыкаў і археографаў. У сваіх выданнях «Записки и труды» (1815—37), «Русские достопамятности» (1815—44), «Русский исторический сборник» (1837—44), «Временник» (1849—57), «Чтения» (1846—1918) і інш. выдала вял. колькасць каштоўных гіст. крыніц і даследаванняў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 дзейнасць т-ва паступова згарнулася, афіц. скасавана ў 1929. Архіў рукапісных дакументаў т-ва захоўваецца ў Рас.дзярж. бібліятэцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОНКАНФАРМІ́СТЫ,
члены англ. царкоўнай арг-цыі (прэсвітэрыяне, кангрэгацыяналісты, квакеры, метадысты, баптысты і інш.), якія не прызналі абрадаў дзярж.англіканскай царквы. Плыні Н. (інш. назвы «дысентэры» — што адступаюць ад афіц. веравызнання) узніклі ў 16 ст., тэрмін «Н.» з’явіўся пасля прыняцця ў 1662 англ. парламентам «Акта пра аднастайнасць». Першапачаткова Н. імкнуліся рэфармаваць англіканскую царкву ў духу кальвінісцкага пурытанізму. Аднак афармленне англіканства як «сярэдняга шляху» паміж каталіцызмам і пратэстантызмам вымусіла іх адлучыцца ад дзярж. царквы і стаць у апазіцыю да яе. Ганенні на Н. асабліва ўзмацніліся пасля рэстаўрацыі манархіі ў 1660, калі шэрагам дзярж.актаў яны па сутнасці былі пастаўлены па-за законам і пачалі праследавацца. Многім з іх давялося эмігрыраваць, у т. л. ў Паўн. Амерыку. Законы, якія абмяжоўвалі грамадзянскія і паліт. правы Н., былі ў асноўным адменены ў 1828.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛФАСТ (Belfast),
горад, адм. ц.Паўн. Ірландыі (Вялікабрытанія). 297 тыс.ж. (1989). Порт на беразе зал. Белфаст-Лох, вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. 2 аэрапорты. Буйны цэнтр суднабудавання. Развіты таксама самалёта- і машынабудаванне, эл.-тэхн., прыладабуд., тэкст. (пераважна льняная), хім., мэблевая, харч., швейная, абутковая прам-сць. Ун-т (з 1845). Арх. помнікі 19—20 ст. (сабор, будынкі музея, парламента і інш.). Музей, маст. галерэя.
Вядомы з 1117 як умацаваны замак нарманаў, неаднаразова разбураўся і аднаўляўся. У 1613 атрымаў гар. правы. У канцы 17 ст. праз р. Лаган пракладзены мост, які садзейнічаў развіццю горада, у сярэдзіне 19 ст. здадзены ў эксплуатацыю суднабуд. верфі. Пасля расколу Ірландыі ў 1921 адзін з цэнтраў нац вызв. барацьбы ў Паўн. Ірландыі. З 1969 месца крывавых сутычак і тэрарыстычных актаў паміж ірл. католікамі і англ. пратэстантамі.
Да арт.Белфаст. Будынак Каралеўскага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АБ’ЯДНА́НАЕ АНТЫСАВЕ́ЦКАЕ ПАДПО́ЛЛЕ»
(«ААП»),
назва неіснаваўшых «антысавецкіх дыверсійна-шкодніцкіх, шпіёнскіх, тэрарыстычных і паўстанцкіх арганізацый», выкарыстаная ў 1937—38 у перыяд масавых паліт. рэпрэсій супрацоўнікамі НКУСБССР для фабрыкацыі шэрагу паліт. працэсаў на Беларусі. Гал. матыў абвінавачвання — «барацьба супраць Камуністычнай партыі і савецкага ўрада». Паводле абвінаваўчых актаў, «ААП» складалася з 6 самаст. арг-цый: «правых», «бундаўска-сіянісцкай», «нацыянал-фашысцкай», «трацкісцка-тэрарыстычнай», «шпіёнска-паўстанцкай», «эсэраўскай». У кіраўнікі «ААП» былі залічаны М.М.Галадзед, М.Ф.Гікала, В.Ф.Шаранговіч, А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), А.А.Чарнушэвіч, П.Бадунова і інш. У 1937—38 арыштавана і засаджана больш за 2570 чал., абвінавачаных у прыналежнасці да «ААП». «Кіраўнікі» і «актыўныя члены» гэтых арг-цый былі прыгавораны да расстрэлу, астатнія — да розных тэрмінаў папраўча-працоўных лагераў. Іх рэабілітацыя адбывалася на працягу 1955—89.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСЯЛО́ЎСКІ (Сцяпан Барысавіч) (16.9.1876, Масква — 23.1.1952),
рускі і сав. гісторык. Акад.АНСССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). З 1907 чл.Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх, інш.навук. т-ваў. З 1912 супрацоўнік Маскоўскага археал. ін-та. Праф. Маскоўскага ун-та (1917—25), Гісторыка-архіўнага ін-та (1938—41) і інш. З 1936 у Ін-це гісторыі АНСССР. З 1903 вывучаў архіўныя дакументы па сац.-эканам. гісторыі Расіі 17 ст. Выдаў кн. «Сошнае пісьмо. Даследаванне па гісторыі кадастру і пасошнага абкладання Маскоўскай дзяржавы» (т. 1—2, 1915—16) і дадатак да яе «Акты пісцовай справы» (т. 1—2, 1913—17). Займаўся паліт. гісторыяй Расіі канца 15 — пач. 17 ст., крыніцазнаўствам і інш. дапаможнымі гіст. дысцыплінамі, падрыхтоўкай да выдання актаў і інш. крыніц.
Літ.:
Кобрин В.Б., Аверьянов К.А. С.Б.Веселовский: Жизнь, деятельность, личность. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЧЭ́ЎСКІ (Мікіта Іванавіч) (1804, Магілёўская вобл. — 26.5.1879),
бел. вучоны-архівіст, краязнавец, мовазнавец і педагог. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію. Канд. філасофска-тэалагічных навук (1831). Выкладаў у Жыровіцкай духоўнай семінарыі, віленскіх дваранскім ін-це, школе рабінаў і гімназіі. З 1853 архіварыус Віленскага цэнтр. архіва стараж.актаў. Упарадкаваў і сістэматызаваў дакументы па гісторыі Беларусі і Літвы. Адзін са стваральнікаў і член (з 1864) Віленскай археаграфічнай камісіі. Вывучаў заканадаўства ВКЛ па архіўнай справе, судаводстве і справаводстве. Аўтар даследаванняў па археаграфіі і крыніцазнаўстве. Склаў «Каталог старажытным актавым кнігам губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай...» (1872). Выдаў «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» (1874; растлумачыў каля 400 бел. і больш за 5 тыс. лац.-польск. юрыд. тэрмінаў 14—17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВІТНЕ́ВІЧ (Уладзімір Зянонавіч) (14.4.1853, в. Ліцвяны Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — сак. 1927),
бел. археолаг, гісторык. Д-рцарк. гісторыі (1897), праф. (1904). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1875), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1879). У 1879—83 выкладчык у Варшаўскім духоўным вучылішчы. З 1884 дацэнт, з 1899 экстраардынарны праф. Кіеўскай духоўнай акадэміі. У 1880—90-я г. ўваходзіў у групу бел. інтэлігенцыі, што гуртавалася вакол газ. «Минский листок»; член гіст.т-ва Нестара-летапісца, Маск. археал. і царк.-архіўнага т-ваў, камісіі па зборы стараж.актаў і інш. Даследаваў каля 700 курганоў дрыгавічоў пераважна ў Бабруйскім, Мазырскім, Рэчыцкім пав., вызначыў межы іх рассялення і этнавызначальныя прадметы. Шэраг прац прысвяціў пытанням царк. гісторыі, дзейнасці першых славянафілаў і інш. У 1918 чытаў лекцыі на курсах беларусазнаўства ў Кіеве. Звесткі пра далейшую дзейнасць адсутнічаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРЫ́НЦЫНГ (англ. imprinting ад imprint пакідаць след, запамінаць),
у біялогіі — працэс фарміравання ў раннім перыядзе развіцця арганізма ўстойлівай індывід. выбіральнасці да знешніх стымулаў, а таксама спец. форма навучання жывёл, фіксацыя ў іх памяці адметных прыкмет аб’ектаў, некат. прыроджаных паводзінскіх актаў. Асновы навук. канцэпцыі І. заклаў у 1930-я г.аўстр. біёлаг К.Лорэнц. Фарміраванне І. магчыма толькі на позніх этапах эмбрыянальнага і на ранніх этапах постэмбрыянальнага развіцця, на працягу фіксаваных крытычных, або адчувальных, перыядаў. Ад звычайных відаў навучання адрозніваецца хуткасцю ўзнікнення і працягласцю дзеяння. Напр., рэакцыя руху ў вывадкавых птушак неабарачальна замацоўваецца (запамінаецца) у першыя дні жыцця. Прыроджаная рэакцыя навучання дазваляе жывёлам рухацца за бацькамі і адзін за адным, «пазнаваць» іх. У птушак і млекакормячых вядома таксама з’ява палавога І. (ідэнтыфікацыя асобінай сваёй відавой прыналежнасці). У псіхалогіі І. называюць утварэнне ўстойлівых слядоў у псіхіцы чалавека пасля аднаразовага перажывання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́СІЯ ПА ПРАЦО́ЎНЫХ СПРЭ́ЧКАХ,
у бел. працоўным праве абавязковы пярвічны орган па разглядзе прац. спрэчак. Ствараецца на прадпрыемствах і ва ўстановах з роўнай колькасці прадстаўнікоў прафсаюза і наймальніка тэрмінам на 1 год. Разглядае спрэчкі работнікаў, звязаныя з выкарыстаннем заканадаўства аб працы, калектыўных дагавораў, пагадненняў і інш. лакальных нарматыўных актаў, прац. дагавораў, у т. л. аб устаноўленых расцэнках, нормах працы і ўмовах іх выканання; пераводзе на інш. работу і перамяшчэнні; аплаце працы; праве на атрыманне і памеры прэмій і ўзнагароджанняў, што належаць работніку ў адпаведнасці з існуючай у наймальніка сістэмай аплаты працы; выплаце кампенсацый і прадастаўленні гарантый; вяртанні грашовых сум, утрыманых з зарплаты работніка; прадастаўленні водпускаў; выдачы спецадзення, сродкаў індывід. засцярогі, лячэбна-прафілакт. харчавання. Камісія прымае рашэнне па згодзе паміж прадстаўнікамі наймальніка і прафсаюза. Парадак разгляду спрэчак камісіяй і рэалізацыя яе рашэнняў рэгламентуюцца заканадаўствам.