КО́ЛЬЦЫ САТУ́РНА,
яркія плоскія канцэнтрычныя кольцы вакол планеты Сатурн, утвораныя мноствам цвёрдых ледзяных ці пакрытых лёдам цел, якія адбіваюць сонечнае святло. Цвёрдыя целы, што ўтвараюць К.С., маюць памеры ад некалькіх міліметраў да 15 м, рухаюцца па кругавых і эліптычных арбітах і пастаянна сутыкаюцца адно з адным. Таўшчыня К.С. 1,5 км, знешні дыяметр каля 250 тыс. км. У кольцах назіраюцца цёмныя шчыліны, самыя буйныя з якіх наз. шчылінамі Касіні і Эйнке.
т. 8, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРЭ́НЬ (ад франц. migraine),
прыступападобны галаўны боль (звычайна адной паловы галавы) з моташнасцю і рвотай. Назіраецца пры парушэнні мазгавога кровазвароту ад рэзкай спазмы сасудаў і застою крыві. Часцей хварэюць жанчыны. Адрозніваюць М. сапраўдную і сімптаматычную. Прыкметы: галаўны боль звычайна ў лобна-скроневай вобласці, бывае пульсуючы, узмацняецца пры яркім святле, шуме, кашлі, халадзеюць канечнасці і інш. Пры М. развіваецца мігрэнозны статус (прыступы паўтараюцца адзін за адным з кароткімі інтэрваламі). Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўтычнае.
т. 10, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЛАМЕНЦЁР (франц. parlementaire ад parier гаварыць),
афіцыйная асоба, упаўнаважаная адным з ваюючых бакоў уступіць у перагаворы з другім бокам. Звычай пасылкі П. вядомы са старажытнасці. Прававы статус П. вызначаны Палажэннем да 4-й Гаагскай (1907) канвенцыі аб законах і звычаях сухап. вайны. П. абавязкова павінен мець адметны знак — найчасцей белы флаг. Ён і асобы, што яго суправаджаюць (трубач, гарніст або барабаншчык, перакладчык і той, хто нясе флаг), карыстаюцца правам недатыкальнасці.
т. 12, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧЭ́ЛЬНІК,
курганны могільнік 10—13 ст. каля в. Пчэльнік Барысаўскага р-на Мінскай вобл. 146 курганоў выш. 0,5—2,5 м, дыям. 5—9,5 м (самы вял. выш. 3,5 м, дыям. 20 м). Каля буйных курганоў ёсць раўкі. У адным выяўлены жаночы касцяк, арыентаваны галавой на З, знойдзены шкляныя залачоныя пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, гаршчок. У інш. курганах пахавальны абрад — трупапалажэнне, рэчы не знойдзены.
Г.В.Штыхаў.
т. 13, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКАЯ ЛЮДВІСА́РНЯ,
гарматная ліцейная майстэрня ў Быхаве ў 2-й пал. 16—18 ст. Узнікла, калі горадам валодалі магнаты Хадкевічы. Тут вырабляліся звычайныя і дробавыя гарматы — «шротаўніцы», марціры, шматствольныя ўстаноўкі — «арганы» і «шмыгаўніцы», а таксама ядры, карцечныя зарады, артыл. і ручныя гранаты. Адным з першых людвісараў быў, верагодна, ням. майстар Кашпір Ганусаў. У 1697 быхаўскія людвісары майстар Пятрок і яго памочнік Юрка былі запрошаны ў Магілёў, дзе адлілі для магістрата вял. бронзавую гармату.
т. 3, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ЦЫЯ (ад лац. operatio дзеянне),
1) закончанае дзеянне або шэраг дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнай мэты (напр., аперацыя ваенная), асобная закончаная частка тэхнал. працэсу, якая выконваецца на адным рабочым месцы (напр., аперацыя вытворчая).
2) Асобнае дзеянне сярод многіх іншых; выкананне якой-н. фін., крэдытнай, прамысл., гандл., страхавой або інш. задач, напр., банкаўская аперацыя, паштовая аперацыя.
3) У выліч. тэхніцы выкананне лічбавай выліч. машынай якога-н. дзеяння з зыходнымі велічынямі, напр., арыфм. аперацыя.
т. 1, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАРТЫЗА́ТАР,
прыстасаванне для аховы канструкцый машын і збудаванняў ад удараў і дынамічных нагрузак. Змяшчаецца паміж целам, якое ўспрымае і перадае ўдарную нагрузку, і целам, што засцерагаецца ад яе ўздзеяння (напр., паміж заднім мостам і кузавам аўтамабіля). У амартызатары выкарыстоўваюцца пругкія ўласцівасці цвёрдых целаў (гумавых элементаў, рысораў, тарсіёнаў), гідраўлічных спружын і газаў. Устанаўліваюцца ў сукупнасці з дэмпферам (часта ў адным блоку). Асн. тыпы амартызатараў: спружынны, гумавы, фрыкцыйны, пнеўматычны, гідраўлічны, гідрапнеўматычны (спалучае асаблівасці гідраўл. і пнеўматычнага амартызатара).
т. 1, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НАЎСКАЕ БАЛО́ТА,
у Беларусі, у Дубровенскім і часткова Аршанскім р-нах Віцебскай вобласці. Пераважна вярховага (64%) і нізіннага (34%) тыпаў, на водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны. Пл. 5,4 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,2 тыс. га. Глыб. торфу да 6,8 м, сярэдняя 2,2 м. Першапачатковыя запасы 12,8 млн. т. На 1,4 тыс. га выяўлены адклады сапрапелю. Асушаныя ўчасткі часткова пад сенажаццю і ворывам, месцамі пад лесам. 2 пясчаныя астравы, на адным — р.п. Асінторф.
т. 2, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДА́ТАК,
грашовая сума, якая выдаецца адным з бакоў дагавору другому боку ў лік належачых плацяжоў. З’яўляецца доказам заключэння дагавору і сродкам забеспячэння яго выканання. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у выпадку, калі дагавор застаецца невыкананым па віне боку, які даў З., ён застаецца ў другога боку. Калі ў невыкананні павінен бок, які атрымаў З., апошні павінен вярнуць яго ў двайным памеры. Бок, адказны за невыкананне дагавору, абавязаны кампенсаваць другому боку страты з залікам сумы З.
т. 6, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБІ́Р (каля 1440, г. Бенарэс, цяпер г. Варанасі, Індыя — каля 1518),
індыйскі паэт. Пісаў вершы на хіндзі. Яму прыпісваюць больш за 80 твораў, з іх сапраўды належаць К. толькі ўключаныя ў свяшчэнную для сікхаў «Пачынальную кнігу». Быў адным з прапаведнікаў рэліг. вучэння бхакці (абвяшчала роўнасць людзей перад богам, адмаўляла падзел на касты). У паэзіі спалучаюцца апазіц. рэліг.-містычныя плыні індуізму і ісламу, маст. традыцыі інд. і тадж.перс. класікі.
Тв.:
Рус. пер. — Лирика. М., 1965.
т. 7, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)