Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́НГЕНС [новалац. cotangens, ад co(mplementi) tangens тангенс дапаўнення],
адна з трыганаметрычных функцый; абазначаецца ctg. К. вострага вугла прамавугольнага трохвугольніка — дзель катэта, прылеглага да дадзенага вугла, на катэт, які ляжыць насупраць гэтага вугла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЭ́РА,
млекакормячая жывёла сям. кашэчых; адна з назваў барса (леапарда). Чорнай П. наз. меланістычную (цёмнаафарбаваную) форму. У заал. наменклатуры П. (Panthera) — род вял. катоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎТЭ́РПА,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі адна з 9 муз, апякунка лірычнай паэзіі і музыкі, дачка Зеўса і Мнемасіны, маці фракійскага цара Рэса. Е. ўяўлялі з двайной флейтай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯПУНО́ВА ТЭАРЭ́МА,
адна з лімітных тэарэм тэорыі імавернасцей. Устанаўлівае агульныя дастатковыя ўмовы збежнасці размеркавання сумы незалежных выпадковых велічынь да нармальнага размеркавання. Сфармулявана і даказана А.М.Ляпуновым (1901).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАРА́Д ПЛАНЕ́Т»,
уяўнае збліжэнне планет па прамяні зроку. Бачны з Зямлі, калі здаецца, што большасць планет знаходзяцца блізка адна да адной (напр., у адным задыякальным сузор’і); на самай справе планеты аддалены адна ад адной на вял. адлегласці. Адбываецца прыблізна 1 раз у некалькі гадоў. Не аказвае адчувальнага гравітацыйнага ўздзеяння на Зямлю з прычыны малой агульнай масы планет у параўнанні з масай Сонца. Апошні «П.п.» адбыўся 6.4—17.5.2000, калі Марс, Юпітэр, Меркурый, Сатурн, Сонца і Венера знаходзіліся блізка па прамяні зроку (з прычыны блізкага вуглавога размяшчэння планет ад Сонца, гэта з’ява практычна не назіралася).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБА́ТКА (ад ням. Rabatte градка),
кветнік у выглядзе паласы шырынёю 0,5—3 м, акаймаванай дэкар. раслінамі. Выкарыстоўваецца ў дэкар. мэтах пры азеляненні (асабліва партэрным) населеных месцаў. Звычайна Р. размяшчаюць уздоўж дарог, фасадаў будынкаў і інш. або робяць ч. больш складанага кветніка. Пры вял. працягласці яе падзяляюць праходамі на часткі даўж. па 20—25 м. Ствараецца Р. з аднаго ці некалькіх відаў раслін адначасовага тэрміну цвіцення, пасаджаных радамі ці малюнкам. Бываюць адна- і шматколерныя, створаныя ў некалькі ярусаў, адна- і 2-баковыя. Р. пашыраны ў афармленні плошчаў, вуліц, паркаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,
перадача і прыём інфармацыі з дапамогай радыёхваль; від электрасувязі. Бывае адна- і двухбаковая сувязь, адна- і многаканальная сувязь. На вял. адлегласці (гл.Далёкая сувязь) інфармацыю перадаюць сродкамі касмічнай сувязі. У залежнасці ад формы перададзенай інфармацыі адрозніваюць радыётэлегр., радыётэлеф. сувязь, тэлебачанне, фотатэлеграф і інш.
Зыходная інфармацыя ў радыёперадатчыку пераўтвараецца ў радыёсігналы — эл. ваганні нясучай частаты, прамадуляванай на амплітудзе, частаце ці фазе ў адпаведнасці з зададзеным паведамленнем (гл.Мадуляцыя), якія выпрамяняюцца перадавальнай антэнай у навакольнае асяроддзе, дасягаюць прыёмнай антэны і паступаюць ў радыёпрыёмнік. дзе пераўтвараюцца ў сігналы, адэкватныя перададзенаму паведамленню.