БЯРЭ́ЗІНСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

другое раннеантрапагенавае зледзяненне на тэр. Беларусі. Наступіла пасля белавежскага міжледавікоўя. Адбылося каля 480—390 тыс. г. назад. Ледавік насунуўся са Скандынавіі і ўкрыў амаль усю тэр. Беларусі (магчыма, за выключэннем крайняга ПдУ). У час адной са стадый Бярэзінскага зледзянення часткова сфарміраваліся Гродзенскае, Навагрудскае, Мінскае і інш. краявыя ўзвышшы Беларускай грады. Марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і перыгляцыяльныя адклады дасягаюць магутнасці больш за 200 м. Марэны складзены пераважна з суглінкаў, супескаў, пяскоў і жвіру з валунамі, маюць шэры, шэра-зялёны і блакітна-шэры колер, уключаюць адорвені мелу і інш. даледавіковых адкладаў. Найб. пашыраны на ПдЗ, З і ў цэнтр. ч. тэр. Беларусі, на Пд захаваліся ў ледавіковых лагчынах, на паверхню выходзяць у далінах Нёмана, Дняпра і Сажа. Бярэзінскае зледзяненне адпавядае англійскаму і эльстэрскаму ў Зах. Еўропе, міндэльскаму-2 у Альпах, санскім зледзяненням Польшчы і окскаму на тэр. Расіі.

А.К.Карабанаў.

т. 3, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРА́ЛЬ (ад лац. litoralis берагавы, прыбярэжны),

літаральная зона, зона марскога дна, якая затапляецца ў час прыліву і асушаецца пры адліве. Шырыня Л. ад некалькіх метраў да некалькіх кіламетраў (залежыць ад нахілу дна і амплітуды прыліўна-адліўных ваганняў). Часам у Л. уключаюць супралітараль і сублітараль. Л. на азёрах — прыбярэжная частка вадаёма, якая знаходзіцца пад уздзеяннем ветравых хваль, часам Л. лічаць падводную акумуляцыйную тэрасу ці спадзістую берагавую водмель, занятую доннай расліннасцю. Для Л. характэрны спецыфічны раслінны і жывёльны свет, прыстасаваны да перыяд. асушэння дна, багацця святла, інтэнсіўных рухаў вады (прыбой, хваляванні, цячэнні), рэзкіх сезонных і сутачных ваганняў т-ры і салёнасці вады. У Л. выяўлены карысныя выкапні (гл. Літаральныя адклады). Зона Л. вызначаецца багаццем фауны і флоры, асабліва ў трапічных морах. У вадаёмах Беларусі літаральная зона распасціраецца да глыбіні 2 м, зарастае воднай расліннасцю, трыснягом і чаротам, служыць месцам нерасту і кармлення рыб.

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ АЗЁРЫ, салёныя азёры,

азёры, вада якіх моцна мінералізавана (змяшчае вял. колькасць солей). Пры салёнасці вады да 1 г/л азёры прэсныя, ад 1 да 24,7 г/л саланаватыя або слабамінералізаваныя, больш за 24,7 г/л — салёныя або мінеральныя. Пры высокіх канцэнтрацыях солей воды М.а. з’яўляюцца насычанымі растворамі або блізкімі да насычэння, адбываецца крышталізацыя солей і іх выпадзенне ў асадак (самасадачныя М.а.), вада ў іх — рапа. М.а. — характэрны кампанент засушлівых ландшафтаў. Намнажэнне солей адбываецца за кошт наносаў у бяссцёкавыя катлавіны раствораных солей, газаў, біягенных элементаў рэкамі, падземнымі водамі і атм. ападкамі, інтэнсіўнага выпарэння вады з паверхні азёр. М.а. бываюць таксама марскога паходжання (ліманы, адасобленыя залівы і інш.). Паводле хім. саставу падзяляюцца на карбанатныя (содавыя), сульфатныя (горка-салёныя) і хларыдныя (салёныя). З М.а. здабываюць кухонную соль, соду, злучэнні брому, ёду, бору і інш. хім. элементаў; некаторыя іх донныя адклады (мінер., пераважна серавадародныя гразі) выкарыстоўваюцца ў лекавых мэтах.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-БРА́НСУІК (New Brunswick),

правінцыя на ПдУ Канады. Абмываецца залівамі Св. Лаўрэнція (на ПнУ) і Фанды (на Пд). Пл. 72,5 тыс. км2. Нас. каля 800 тыс. чал. (1998), англа-канадцы і франка-канадцы. Адм. ц.г. Фрэдэрыктан. На тэр. правінцыі паўн. адгор’і Апалачаў (г. Карлтан, 820 м), раўніны і нізіны. Характэрны марэнны рэльеф, ледавіковыя і флювіягляцыяльныя адклады. Есць радовішчы поліметалаў, медзі, нікелю, буд. матэрыялаў. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ў студз. каля -10 °C, у ліп. каля 17 °C. Выпадае 1000 мм ападкаў за год. Рэкі мнагаводныя, з парогамі і вадаспадамі. Пераважаюць паўднёватаежныя цемнахвойныя лясы. На базе мясцовых руд у г. Батэрст буйны комплекс гарнарудных, металургічных і хім. прадпрыемстваў. Развіта цэлюлозна-папяровая, нафтахім., харч., маш.-буд. (у т.л. суднабудаўнічая), дрэваапр. прам-сць. Вытв-сць абутку і буд. матэрыялаў. Рыбалоўства і рыбаперапрацоўка. У сельскай гаспадарцы пераважае малочная жывёлагадоўля і агародніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 11, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛЯ́СКА-БРЭ́СЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,

буйная адмоўная тэктанічная структура Рускай пліты на ПдЗ Беларусі (Брэсцкая вобл.) і сумежнай тэр. Польшчы. На Пн і Пд абмежавана разломамі субшыротнага распасцірання Свіслацкім і Паўн.-Ратнаўскім, за якімі размешчаны адпаведна Беларуская антэкліза і Лукаўска-Ратнаўскі выступ. Усх. мяжа з Палескай седлавінай праведзена ўмоўна па глыбіні залягання паверхні крышт. фундамента 500 м ніжэй узр. м. На 3 ўпадзіна прымыкае да лініі Тэйсейра—Торнквіста. Выцягнута ў субшыротным напрамку на 350 км, шыр. 90—130 км. Мае выгляд структурнага заліва, які цэнтраклінальна замыкаецца на У і адкрываецца на 3. Паверхня фундамента паглыбляецца ад 500 м да 9 км ніжэй узр. м., ускладнена разломамі паўн.-ўсх. напрамку і лакальнымі малаамплітуднымі падняццямі, якія праяўляюцца ў платформавым чахле да ніжняга дэвону ўключна. Запоўнена познапратэразойскімі, палеазойскімі, мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі. Асн. этап фарміравання — каледонскі (ранні кембрый — ранні дэвон). Кембрыйскія адклады П.-Б.ў. перспектыўныя на нафту і газ.

Г.У.Зінавенка.

т. 11, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

1) сукупнасць працягла існуючых прыродных ільдоў на зямной паверхні і ў прыпаверхневым слоі. Асноўныя тыпы З.: наземнае (ледавікі горныя і покрыўныя), марское (скопішча льдоў на паверхні акіянаў і мораў у выглядзе аднагадовых і шматгадовых мас) і падземнае (вечная мерзлата).

Агульная пл. ледавікоў Зямлі каля 16,1 млн. км2 (11% пл. сушы), агульны аб’ём — каля 30 млн. км3. Працяг ледавіковых покрываў — плывучыя шэльфавыя льды ў Антарктыдзе. Ад іх адколваюцца плывучыя глыбы (айсбергі). Агульная пл. сучасных ледавіковых покрываў 14,4 млн. км2, з іх 85,3% складаюць наземныя покрывы Антарктыды, 12,1% — Грэнландыі, 2,1% — астатнія. Падземнае З. (шматгадовая мерзлата) — тоўшча горных парод з адмоўнай т-рай, якая захоўваецца працяглы (да тысячагоддзяў) час. У выніку дзейнасці ледавікоў і водных патокаў, што ўзнікаюць пры раставанні льдоў, на сушы ўтвараецца характэрны комплекс ледавіковых адкладаў. Утварэнні, перанесеныя айсбергамі і адкладзеныя ў моры, з’яўляюцца ледавікова-марскімі (марынагляцыяльнымі). Па паходжанні ў ледавіковым рэльефе адрозніваюць формы: экзарацыйныя («барановыя лбы», лагчыны ледавіковага выворвання і інш. — на раўнінах; трогі, кары, рыгелі — у гарах), ледавікова-акумулятыўныя (марэнныя раўніны, узгоркі і грады) і водна-ледавіковыя (зандравыя раўніны, тэрасы і інш.).

2) Значнае пашырэнне масы і плошчы ледавікоў, якое звязана са зменай клімату і паўтаралася ў гісторыі Зямлі неаднаразова. Вылучаюцца ледавіковыя перыяды, эпохі, стадыялы.

З. выяўлены ў раннім пратэразоі (Паўн. Амерыка), познім рыфеі (Афрыка і Аўстралія), вендзе (Еўропа, Азія і Паўн. Амерыка), ардовіку (Афрыка), у канцы карбону — пачатку пярмі на гіпатэтычным мацерыку Гандвана ў Паўд. паўшар’і (сляды знойдзены ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі, Індастане). У плейстацэне (ранні антрапаген) вялізныя ледавіковыя покрывы пашыраліся на значнай частцы Еўропы, Паўн. Азіі, Паўн. Амерыкі. Ад іх захаваліся адклады і ледавіковыя формы рэльефу, якія сведчаць пра шматлікасць зледзяненняў чацвярцічнага ледавіковага перыяду. У кожнай краіне вылучаецца неаднолькавая колькасць З. пад рознымі назвамі.

На Беларусі пашыраны адклады вендскага З. (тыліты вільчанскай серыі) і 5 антрапагенавых З. Гл. Антрапагенавая сістэма (перыяд). Гіпотэзы З.: ваганні сонечнай актыўнасці, змена нахілу зямной восі да плоскасці экліптыкі, змена размяшчэння сушы і мора, гораўтваральныя працэсы і інш.

У.І.Шкуратаў.

т. 7, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВЕ́ЖСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ, мучкапскае міжледавікоўе, гюнц-міндэльскае міжледавікоўе,

другая міжледавіковая эпоха ранняга плейстацэну Беларусі (каля 543—532 тыс. гадоў назад). Наступіла пасля ясельдзінскага зледзянення (гюнцкага, данскога). Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1958. Тыповы разрэз адкладаў міжледавікоўя каля в. Боркі Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці (сапрапеліты і мергелі на глыб. 80—87 м). Магутнасць адкладаў Белавежскага міжледавікоўя 20 і больш метраў, пераважаюць азёрныя — сапрапеліты, мергелі, дыятаміты, супескі і суглінкі. Пароды Белавежскага міжледавікоўя найб. пашыраны ў Палессі, на Беларускай градзе і прылеглых раўнінах. Залягаюць блізка ад паверхні зямлі (нярэдка ў адорвенях) і да глыб. 210 м. Раней яны разглядаліся як адклады шклоўскага міжледавікоўя.

У час кліматычнага оптымуму міжледавікоўя раслі шыракалістыя лясы з дубу, вязу, ліпы, клёну, сярод вышэйшых раслін было 28% невядомых у сучаснай флоры Беларусі, развівалася адметная флора дыятомавых водарасцяў з характэрным відам цыклятэля рэчыцкая.

Літ.:

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971;

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Проблемы плейстоцена. Мн., 1985;

Плейстоцен Речицкого Приднепровья Белоруссии. Мн., 1986;

Березовский страторайон плейстоцена Белоруссии. Мн., 1993.

Г.К.Хурсевіч.

т. 2, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ГРАДА́,

у паўночнай частцы Прыбугскай раўніны, у Камянецкім і Пружанскім р-нах Брэсцкай вобласці. Цягнецца ад мяжы з Польшчай праз Белавежскую пушчу ў бок г.п. Шарашова і г. Пружаны ў выглядзе слабапукатай да Пд дугі выш. 180—200 м (да 203 м). З’яўляецца часткай канцова-марэнных утварэнняў адной са стадый адступання дняпроўскага ледавіка. Белавежская града больш старажытная, чым узвышшы Беларускай грады. Прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны.

Адклады антрапагену магутнасцю 80—140 м сфарміраваны ледавікамі ранняга, часткова сярэдняга плейстацэну, у іх развіты гляцыятэктанічныя парушэнні. Паверхня грады складзена з пясчанага і жвірова-галечнага матэрыялу, значна размытая. Вылучаюцца спадзістахвалістыя падняцці адноснай выш. 20—30 м (горы Казіная, Крамянёвая і інш.). Скразныя даліны злучаюць вярхоўі асн. рэк: Нарава і Ясельды, Нараўкі і Левай Лясной. Па градзе праходзіць частка водападзелу паміж Балтыйскім (рэкі Нараў з Нараўкай і Левая Лясная) і Чорным (Ясельда з прытокамі) морамі. У ПнЗ частцы Белавежскай грады стрататыповы разрэз Белавежскага міжледавікоўя.

т. 2, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВЯНЕ́ЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

паўднёва-заходняя частка Мінскага ўзвышша на У Валожынскага і Пн Дзяржынскага р-наў Мінскай вобл. Мяжуе на 3 з Верхнянёманскай нізінай, на Пд — са Стаўбцоўскай раўнінай, на Пн і У з Мінскім узвышшам. Выш. 210—280 м, найб. 345 м (Дзяржынская гара). Прымеркавана да Валожынскага грабена Бел. антэклізы. Складзена з сярэднедэвонскіх пясчана-гліністых адкладаў (з праслойкамі даламіту, мергелю, гіпсу) і верхнемелавой мергельнай тоўшчы. Антрапагенавыя адклады магутнасцю больш за 150 м. Выраўнаваная хвалістая паверхня, ускладненая невысокімі ўзгоркамі — камамі (адносныя перавышэнні 5—20 м) і буйнымі астраўнымі канцова-марэннымі ўзгоркамі. Фарміравалася ў зоне акумуляцыі сожскага ледавіка, пасля адступлення якога значна зменена эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Асабліва моцна былі размыты прыдалінныя ўчасткі водападзельных прастораў. Некаторыя глыбока ўрэзаныя лагчыны занятыя далінамі невялікіх прытокаў Іслачы і Пцічы. Прыдалінныя схілы ўзвышша стромкія (10—25°), астатнія спадзістыя, паступова пераходзяць у водна-ледавіковую раўніну. Глебы дзярнова-падзолістыя супясчаныя, радзей сугліністыя, месцамі эрадзіраваныя. Участкі лясоў (хваёвыя, дубовыя, яловыя). Ёсць сухадольныя лугі. Пад ворнымі землямі каля 60% тэрыторыі.

В.М.Яцухна.

т. 7, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАШЭ́ВІЦКА-ЖЫ́ТКАВІЦКІ ВЫ́СТУП,

тэктанічная Структура на Пд Беларусі. Адыходзіць ад Палескай седлавіны на У і ў выглядзе горставай структуры ўкліньваецца ў зах. ч. Прыпяцкага прагіну, якую падзяляе на Тураўскую і Старобінскую дэпрэсіі. Выцягнуты ў субшыротным напрамку на 80 км, шыр. да 10 км. На Пд абмежаваны буйным субшыротным разломам з амплітудай 1—3 км, на Пн — малаамплітудным (дзесяткі метраў). Папярочнымі дыяганальнымі разломамі выступ падзелены на Мікашэвіцкі і Жыткавіцкі горсты, паміж імі Слуцкі грабен. Фарміраванне выступу пачалося ў пратэразоі і адбывалася ў асн. у познім дэвоне, адначасова з гал. фазай рыфтагенезу Прыпяцкага грабена. М.-Ж.в. характарызуецца дадатнымі адзнакамі паверхні фундамента (+110 м над узр. мора) і адсутнасцю ў скляпеннай ч. даантрапагенавых адкладаў. Выступ складзены з крышт. парод ніжняга пратэразою (дыярыт, гранадыярыт, граніт, кварцыт і інш.). У паглыбленнях скляпеннай ч. трапляюцца верхнепратэразойскія кварцыта-пясчанікі і палеагенавыя адклады; на схілах сярэдне- верхнепратэразойскія, сярэдне- верхнедэвонскія, верхнемелавыя, палеагенавыя і неагенавыя пароды. На Мікашэвіцкім падняцці здабыча парод крышт. фундамента для буд-ва (друз; Мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт»).

І.В.Клімовіч.

т. 10, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)