хваробы, якія выклікаюцца мікраарганізмамі і вірусамі. эвалюцыйна прыстасаванымі да паразітавання ў арганізме жывёлы. Характарызуюцца наяўнасцю спецыфічнага ўзбуджальніка, цыклічнасцю развіцця, здольнасцю перадавацца ад захварэлай жывёлы здаровай і пры адпаведных умовах выклікаць эпізаотыі і панзаотыі. Наносяць эканам. страты сельскай гаспадарцы. Узбуджальнікі І.х.ж. пранікаюць у арганізм праз органы дыхання, стрававальны тракт, слізістыя абалонкі, скуру і інш. Хваробы падзяляюць на агульныя для некалькіх відаў жывёл (сібірская язва, туберкулёз, яшчур і інш.) і ўласцівыя асобным відам (напр., брадзот авечак, інфекцыйная анемія коней, лейкоз птушак, мыт коней, чума свіней і інш.). Некаторыя І.х.ж. перадаюцца чалавеку (бруцэлёз, сап, сібірская язва, туберкулёз і інш.). Пры падазрэнні на інфекц. хваробу жывёл ізалююць і аказваюць лячэбную дапамогу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУХАРО́НАК (Таццяна Іванаўна) (н. 7.8.1954, в. Клінок Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. этнограф. Канд.гіст.н. (1988). Скончыла БДУ (1981). З 1971 працуе ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе гіст. эвалюцыю сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў, яе тэрытарыяльна агульныя і лакальныя рысы, тэндэнцыі развіцця на сучасным этапе. Адзін з аўтараў кніг «Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся» (1987), «Святы і абрады ў Беларускай ССР» (1988), «Сям’я і сямейны быт беларусаў» (1990), «Славянскія культуры: гістарычны вопыт і сучасныя праблемы» і «Славянскія культуры пасля Другой сусветнай вайны» (1996) і інш.
Тв.:
Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: канец XIX—XX ст.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГУНО́Ў (Анатоль Аляксеевіч) (н. 30.12.1926, в. Абшараўка Прыволжскага р-на Самарскай вобл., Расія),
расійскі фізік-тэарэтык. Акад.Рас.АН (1972; чл.-кар. з 1968). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Маскоўскі ун-т (1951). З 1963 дырэктар Ін-та фізікі высокіх энергій (г. Серпухаў), адначасова ў 1974—91 віцэ-прэзідэнт АНСССР, у 1977—92 рэктар Маскоўскага ун-та. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц, фізіцы высокіх энергій, тэорыі гравітацыі. Распрацаваў агульныя тэарэтычныя метады для вывучэння шырокага класа працэсаў з удзелам адронаў, прымаў удзел у распрацоўцы і ўводзе ў дзеянне пратоннага сінхратрона на энергію 70 ГэВ. Ленінская прэмія 1970, Дзярж. прэміі СССР 1973, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,
сістэма, працэсы ў якой задавальняюць суперпазіцыі прынцыпу і апісваюцца лінейнымі ўраўненнямі. Л.с. — ідэалізаваная мадэль рэальнай сістэмы. Спрашчэнні, якія прыводзяць дадзеную сістэму да Л.с., наз.лінеарызацыяй.
Да Л.с. адносяць усе віды суцэльных асяроддзяў (газ, вадкасць, цвёрдае цела, плазму) пры распаўсюджванні ў іх хваль малой амплітуды, вагальныя сістэмы з ваганнямі паблізу стану раўнавагі. напр., маятнікі пры малых амплітудах ваганняў, спружыны пры дэфармацыях у межах Рука закона, эл.вагальныя контуры і ланцугі, параметры якіх не залежаць ад прыкладзенага напружання.
Розныя па прыродзе Л.с. часта падпарадкоўваюцца аднолькавым дыферэнцыяльным ўраўненням, што дае магчымасць вывучаць іх агульныя ўласцівасці, напр., развіваць агульную тэорыю ваганняў і хваль у Л.с. і праводзіць іх мадэліраванне, у т. л. на ЭВМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНАГАМЕ́РНАЯ ПРАСТО́РА,
прастора, размернасць якой перавышае 3. Напр., Мінкоўскага прастора-час мае размернасць 4. Мае дастасаванні ў матэм. аналізе, фізіцы. Выкарыстоўваюцца больш агульныя М.п. — n-мерныя вектарныя прасторы, n-мерныя мнагастайнасці і інш.
Паняцці звычайнай 3-мернай эўклідавай прасторы абагульняюцца на выпадак большага ліку вымярэнняў. Напр., у n-мернай эўклідавай прасторы En пункт задаецца каардынатамі x1, x2, ... , xn, якія могуць прымаць любыя сапраўдныя значэнні. Адлегласць паміж пунктамі M(x1, x2, ..., xn) і M′(x′1, x′2, ..., x′n) вызначаецца паводле формулы
уводзяцца таксама паняцці лініі, прамой, адрэзка прамой, паверхні, k-мернай плоскасці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІНАЛІ́ЗМ,
філасофскае вучэнне, адпаведна якому ў аб’ектыўнай рэчаіснасці рэальна існуюць толькі адзінкавыя рэчы з іх індывід. якасцямі і ўласцівасцямі, а агульныя паняцці з’яўляюцца толькі суб’ектыўнымі пабудовамі розуму, што выяўляюцца ў назве рэчаў і не адлюстроўваюць іх уласцівасцей.
Вытокі Н. ў антычнасці (Антысфен, Дыяген Сінопскі). Як вучэнне сфарміравалася ў эпоху сярэднявечча [У.Окам (Англія), І.Расцэлін, Ж.Бурыдан (Францыя) і інш.] у барацьбе з рэалізмам. Ідэі Н. на ідэаліст. аснове развіваліся ў вучэннях Т.Гобса, Дж.Берклі (Англія), Д.Юма, у сучасны перыяд — у семантычнай філасофіі. Падрываючы веру ў непахіснасць царк. догматаў, Н. выяўляў тэндэнцыю ў развіцці эмпірычнага даследавання рэальна існуючых рэчаў, павароту філасофіі ад разумовай рэліг. праблематыкі да вывучэння навакольнай прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧКІ́ (Bidens),
род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 230 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў Амерыцы. На Беларусі па берагах вадаёмаў, на тарфяніках, у сырых лясах і хмызняках звычайна трапляюцца мясцовыя ваўчкі паніклыя (Bidens cernua) і трохраздзельныя (Bidens tripartita), рэдка — прамяністыя (Bidens radiata), а таксама занесеныя з Паўн. Амерыкі ваўчкі аблісцелыя (Bidens frondosa).
Аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным сцяблом. Лісце супраціўнае (верхняе рэдка чаргаванае), простае, цэласнае, 3—5-раздзельнае або рассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, двухполыя, сабраныя ў гама- або гетэрагамныя кошыкі. Кошыкі адзіночныя або сабраныя ў гронка- ці шчытападобныя агульныя суквецці. Плод — сямянка з 2—4 учэпістымі шчацінкамі. Лек. (мачагонны, патагонны, вітамінны і інш. сродак) і тэхн. (фарбавальныя) расліны; некаторыя віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБА́ЛАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 3.6.1938, г. Шаталава Смаленскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біягеахіміі. Акад.АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1989). Д-рс.-г.н.(1985). Скончыў БСГА (1961). З 1962 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі гуміфікацыі і мінералізацыі арган. рэчываў у глебах і балотах рознага генезісу. Устанавіў агульныя заканамернасці мінералізацыі і трансфармацыі арган. рэчываў тарфяных глебаў, узаемасувязь паміж хім. саставам арган. рэчываў і экалагічнымі ўмовамі фарміравання тарфяных глебаў. Распрацаваў метады рацыянальнага выкарыстання і аховы арганагенных глебаў розных эколага-генетычных груп.
Тв.:
Баланс органического вещества торфяных почв и методы его изучения. Мн., 1984;
Справочник ресурсов битуминозного сырья Белорусской ССР. Мн., 1986 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЯ МО́ВА,
самастойнае адгалінаванне індаеўрапейскіх моў. Мова армян; дзярж. мова Арменіі. Пашырана таксама сярод армян Азербайджана, Грузіі, Сірыі, Ірана, Лівана, Турцыі, ЗША, некат. краін Зах. Еўропы, Амерыкі. У лексіцы і фанетыцы ёсць агульныя рысы з мовамі Каўказа. У ёй больш за 50 дыялектаў. Фанетыка багатая зычнымі — 30 фанем; 6 галосных. Самая развітая і багатая граматычная катэгорыя — дзеяслоў.
Гісторыя літ. мовы падзяляецца на 3 перыяды: стараж.-арм. мова вядома з часу стварэння армянскага пісьма (5 ст.), вусны яе варыянт выйшаў з ужытку ў 11 ст., пісьмова-літ. (грабар) існавала да канца 19 ст.; сярэдні перыяд — 12—16 ст.; з 17 ст. фарміруецца новая літ. армянская мова. Сучасная літ. мова мае 2 варыянты: усх. (дзярж. мова) і зах. мова (сродак зносін армян за мяжой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Д’АЛАМБЕ́Р ((D’Alembert) Жан Лерон) (16.11.1717, Парыж — 20.10.1783),
французскі механік, матэматык і філосаф-асветнік; адзін з заснавальнікаў матэм. фізікі. Чл. Парыжскай (1754) і Пецярбургскай АН (1764) і інш. акадэмій. Скончыў Калеж Мазарыні (1735). Навук. працы па механіцы, гідрадынаміцы, матэматыцы і філасофіі. У «Трактаце аб дынаміцы» (1743) сфармуляваў агульныя правілы складання дыферэнц. ураўненняў руху мех.сістэм. Устанавіў 3 асн. прынцыпы механікі: інерцыі, паралелаграма сіл і раўнавагі (Д’аламбера прынцып). Аўтар «Трактата аб раўнавазе і руху вадкасцей» (1744). Распрацаваў метад рашэння дыферэнц. ураўненняў 2-га парадку з частковымі вытворнымі. У астраноміі абгрунтаваў тэорыю ўзбурэнняў планет. Як філосаф стаяў на пазіцыях дуалізму. Разам з Д.Дзідро працаваў над стварэннем «Энцыклапедыі навук, мастацтваў і рамёстваў».