ЖЫГІМО́НТ I Стары

(1.1.1467—1.4.1548),

вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1506—48], у ВКЛ Жыгімонт II. Сын Казіміра IV Ягелончыка. Ад старэйшага брата, караля Чэхіі і Венгрыі Уладзіслава II, атрымаў у Сілезіі Глогаўскае (1498) і Опаўскае (1501) княствы, у 1504 прызначаны каралеўскім намеснікам Сілезіі, потым Лужыцы. Пасля смерці вял. кн. ВКЛ і караля польскага Аляксандра абраны на пасад ВКЛ (20.10.1506) і польск. каралём (8.12.1506). Унутр. палітыка Ж. I была накіравана на ўмацаванне дзярж. улады, аднак вайск. і фін. рэформы, спробы рэдукцыі (вяртання) каронных маёнткаў, захопленых магнатамі, не мелі вял. поспеху. У 1537 супраць Ж. I і магнатаў сярэдняя шляхта Польшчы ўзняла феад. мяцеж (т. зв. «курыная вайна»). Шляхта ВКЛ юрыдычна дамаглася роўных правоў з магнатамі: быў уведзены адзіны кодэкс законаў для дзяржавы — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 Ж. I праводзіў актыўную знешнюю палітыку, але ў войнах з Маскоўскай дзяржавай быў страчаны Смаленск. Для адбіцця нападаў крымскіх татар на Украіне была створана памежная варта з мясц. жыхароў — казакі. У час перамогі Рэфармацыі ў Прусіі Ж. I згадзіўся на секулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўтварэнне на яго тэр. васальнага ў адносінах да Польшчы герцагства на чале са сваім пляменнікам Альбрэхтам Брандэнбургскім. Пры Ж. I пасля загадкавай смерці апошніх удзельных мазавецкіх князёў з Польшчай было ўз’яднана Мазавецкае княства (1526, канчаткова ў 1529). Праводзячы антыгабсбургскую палітыку, Ж. I заключыў саюзы з Францыяй (1524) і Турцыяй (1533). Актыўную ролю адыгрывала ў палітыцы другая яго жонка (з 1518) Бона Сфорца, якая намагалася замацаваць кароны ВКЛ і Польшчы за сваім сынам Жыгімонтам II Аўгустам, дзеля чаго было праведзена яго абранне намінальна другім вял. князем і каралём (1529). У час панавання Ж. I у ВКЛ і Польшчы шырока распаўсюдзілася Рэфармацыя, што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і асветы.

Літ.:

Finkel L. Elekcya Zygmunta I: Sprawy dynastyi Jagiellońskiej i unii polskolitewskiej. Kraków, 1910;

Wojciechowski Z. Zygmunt Stary (1506—1548). Warszawa, 1979;

Wyczański A. Zygmunt Stary. Warszawa, 1985.

А.​П.​Грыцкевіч.

Жыгімонт I Стары.

т. 6, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́Ў (Макар) (сапр. Касцевіч Макар Мацвеевіч; 18.8.1891, в. Баброўня Гродзенскага р-на — 1939),

дзеяч бел. нац.-вызв. руху, паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), працаваў настаўнікам на Гродзеншчыне. З 1915 у арміі. Ад салдацкага к-та 44-га армейскага корпуса Паўд.-Зах. фронту абраны дэлегатам на Усебеларускі з’езд 1917. У 1917—19 у Мінску. З 1918 чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1919 па заданні Мін-ва бел. спраў у Літоўскім урадзе стварыў бел. органы ўлады ў Сакольскім пав. Гродзенскай губ. Са снеж. 1919 уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі. Аўтар верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920, Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). З 1921 настаўнічаў у Вільні, займаўся літ. грамадскай дзейнасцю, удзельнічаў у рабоце Беларускага навуковага таварыства. У 1926 быў арыштаваны польск. ўладамі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР з кастр. 1939 працаваў у рэдакцыі газ. «Віленская праўда». У канцы 1939 арыштаваны. Далейшы лёс невядомы. Літ. дзейнасць пачаў у 1918. Выступаў пад псеўд. Дзын-Дзылін, Звончык, Макар, Язэп Светазар, Picolo, Smreczyński; крыпт. З-ык, К.М., Кр.М., М.К. Друкаваўся ў газ. «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларусь», «Беларуская крыніца», «Родны край», час. «Рунь», «Маланка», «Беларуская культура», «Шлях моладзі» і інш. Аўтар літаратуразнаўчых артыкулаў пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, У.​Жылкі, К.​Буйло, Цёткі і інш., успамінаў пра сучаснікаў, дзеячаў нац.-вызв. руху І.​Луцкевіча, А.​Астрамовіча, П.​Крачэўскага, А.​Гаруна, а таксама пра Усебел. з’езд 1917. Пераклаў на бел. мову многія творы М.​Гогаля, М.​Горкага, М.​Зошчанкі, А.​Купрына, М.​Лермантава, А.​Міцкевіча, Л.​Талстога, Г.​Сянкевіча, Т.​Шаўчэнкі і інш. Рукапісы К. часткова зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы, Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Гарэцкі М. Макар Краўцоў // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Вільня, 1920;

Гесь А. Макар Краўцоў пра Усебеларускі з’езд // Спадчына. 1996. № 1.

А.​М.​Гесь.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫПІ́НСКІ (Аляксандр Феліксавіч) (1811, в. Кукавячына Віцебскага р-на — 1900?),

бел. і польскі паэт, фалькларыст, графік, кнігавыдавец. Скончыў Віцебскую гімназію. У 1829—30 вучыўся ў школе прапаршчыкаў у Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс, Латвія), дзе блізка сышоўся з В.Кюхельбекерам. Удзельнік паўстання 1830—31. З 1832 у Парыжы, зблізіўся з А.Міцкевічам, абраны чл. Франц. акадэміі прам-сці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. Выдаў фалькларыстычна-этнагр. даследаванне «Беларусь» (Парыж, 1840), у якім упершыню ў гісторыі беларусістыкі сістэматызаваў вусную творчасць бел. народа па жанрах і тэматыцы. У кнізе змешчана вял. колькасць абрадавых твораў, даюцца апісанні і характарыстыка абрадаў, звесткі па гісторыі л-ры і муз. культуры Віцебшчыны, апублікаваны нар. рэліг. песні кніжнага паходжання, макаранічныя бел.-польскія мініяцюры Ф.​Рысінскага(?), уласныя творы, стылізаваныя пад нар. песні. З 1846 у Лондане, дзе займаўся выдавецкай і творчай дзейнасцю, выкладаў мовы, матэматыку і маляванне. Сам афармляў уласныя кнігі, выявіў выключныя здольнасці да маст. фатаграфіі, стаў адным з піянераў фотамастацтва. У 1852 разам з І.​Яцкоўскім заснаваў вольную друкарню, у якой выдаў свае паэт. кнігі на польскай мове з уласнымі ілюстрацыямі («Паэтычныя творы», 1853; «Сяржант-філосаф...», 1854) і бел. рамант. баладу «Нячысцік» (1853, адна з першых у бел. л-ры, у аснову яе пакладзены фалькл. ўзоры). З кастр. 1852 у ёй друкавалася эмігранцкая газ. «Demokrata Polski» («Польскі дэмакрат»). У 1859, пасля царскай амністыі, вярнуўся на радзіму. Працаваў над гісторыяй бел. л-ры, стварыў шэраг біяграфій пісьменнікаў-беларусаў: Я.​Баршчэўскага, Г.​Марцінкевіча, В.​Рэута, Ф.​Рысінскага, Т.​Заблоцкага (не захаваліся). Перапісваўся з А.Плугам, у 1860 пакінуў вершаваны і празаічны запісы на бел. і польскай мовах у «Альбоме» А.​І.​Вярыгі-Дарэўскага. У творчасці Р. пераважала маральна-этычная праблематыка. Яго паэзіі ўласціва фалькл.-рамант. скіраванасць у спалучэнні з дыдактычнасцю і сентыменталісцкім стылем. Беларусь разглядаў як правінцыю Польшчы.

Літ.:

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Штэйнер І. Аляксандр Рыпінскі (1810—1900) // Беларуская літаратура. Мн., 1985. Вып. 13;

Піятуховіч М. Рукапісы А.​Рыпінскага // Шляхам гадоў. Мн., 1990.

У.​І.​Мархель.

А.Ф.Рыпінскі.

т. 13, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́Я, Гоя-і-Лусьентэс (Goya y Lucientes) Франсіска Хасэ дэ (30.3.1746, Фуэндэтодас, каля г. Сарагоса, Іспанія — 16.4.1828), іспанскі жывапісец, гравёр. З 1760 вучыўся ў Сарагосе ў мясц. мастака Х.​Лусана-і-Мартынеса. Каля 1769 наведаў Італію, у 1771 вярнуўся ў Сарагосу, дзе стварыў фрэскі ў духу італьян. барока (размалёўка бакавога нефа царквы Нуэстра Сеньёра дэль Пілар). З 1773 працаваў у Мадрыдзе, у 1776—80 і 1786—91 выканаў для каралеўскай мануфактуры больш за 60 кардонаў для шпалер, адметных насычаным каларытам і радасным светаадчуваннем. У 1790 абраны ў Мадрыдскую АМ (з 1785 віцэ-дырэктар, з 1795 дырэктар яе жывапіснага аддзялення), у 1786 прызначаны прыдворным жывапісцам, з 1799 «першы жывапісец караля». Адначасова ў творчасці Гоя ўзмацняюцца рысы трагізму, глыбіня крытычнага ўспрымання рэчаіснасці, непрыязнасць да феад.-клерыкальнай Іспаніі «старога парадку». Пачварнасць яе маральных, духоўных і паліт. асноў ён раскрываў у серыі з 80 афортаў «Капрычас» (з каментарыямі мастака, 1797—98), у якой спалучаны гратэск і рэальнасць, алегорыя і фантастыка. У 1790-я — пач. 1800-х г. росквіту дасягнула яго партрэтная творчасць, у якой адчуванне адзіноты (партрэт сеньёры Бермудэс), мужнае процістаянне і выклік усяму навакольнаму (партрэт Ф.​Гіймардэ, 1798), прыгажосць маладой жанчыны («Маха аголеная» і «Маха апранутая», каля 1802). Цудоўны па вастрыні і пераканальнасці характарыстык групавы партрэт «Сям’я караля Карла IV» (1800). Глыбокім гістарызмам, пратэстам напоўнены карціны Гоя, прысвечаныя барацьбе супраць франц. інтэрвенцыі («Расстрэл паўстанцаў у ноч 3 мая 1808 года», 1814), серыя афортаў «Бедствы вайны» (82 аркушы, 1810—20), якая па-філасофску асэнсоўвае лёс народа. Цяжкая хвароба прывяла мастака да частковай страты зроку і поўнай глухаты. У творах таго часу пераважаюць трагічная разгубленасць, кашмарная фантастычнасць вобразаў (фрэскі «Дома глухога», графічная серыя з 22 аркушаў «Дыспаратэс»; усе ў 1819—23). З 1824 Гоя жыў у Францыі, пісаў партрэты сяброў, асвойваў тэхніку літаграфіі. Уплыў яго творчасці на жывапіс і графіку меў і мае агульнаеўрап. характар.

Літ.:

Прокофьев В.Н. «Капричос» Гойи. М., 1970;

Фейхтвангер Л. Гойя, или Тяжкий путь познания: Пер. с нем. 2 изд. М., 1959;

Ортега-и-Гассет Х. Гойя // Ортега-и-Гассет Х. «Дегуманизация искусства» и другие работы: Пер. с исп. М., 1991.

Ф.Гоя. Аўтапартрэт.
Ф.Гоя. Тут нічога нельга было зрабіць. Афорт. З серыі «Капрычас». 1797—98.
Ф.Гоя. Махі на балконе. Каля 1802.

т. 5, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Міхал Казімір) (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 22.5.1762),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын К.​С.​Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Пасля смерці бацькі (1719) стаў ардынатам нясвіжскім і алыцкім. З 1720 неаднаразова быў выбраны паслом на сеймы; у 1728 маршалак Трыбунала ВКЛ; у 1728—34 канюшы ВКЛ. У паліт. жыцці спярша супрацоўнічаў з групоўкай князёў Чартарыйскіх, пасля смерці караля Аўгуста II (1733) выступіў супраць новаабранага караля Станіслава Ляшчынскага. Удзельнічаў у арганізацыі новага выбарчага сейма, дзе ў кастр. 1733 у прысутнасці рас. войска і ўласнага войска Р. каралём быў абраны Аўгуст III. За гэта ў 1734 атрымаў пасаду маршалка надворнага. У 1734—35 на чале сваіх харугваў удзельнічаў у баях на Беларусі супраць прыхільнікаў Ляшчынскага, якіх узначальваў А.​Пацей. Перамогі садзейнічалі набыццю Р. новых пасад: польны гетман ВКЛ. у 1735—44, вял. гетман ВКЛ з 1744, трокскі кашталян у 1735—37 і ваявода ў 1737—44, віленскі кашталян у 1742—44 і ваявода з 1744. У 1740-я г. ўзначаліў у ВКЛ магнацка-шляхецкую групоўку, якая выступала супраць палітыкі Чартарыйскіх па рэфармаванні анархічнага дзярж. ладу Рэчы Паспалітай; супраць Чартарыйскіх заключыў пагадненне з вял. каронным гетманам Ю.​Патоцкім. Разам з ім садзейнічаў зрыву сеймаў і ў гэтым меў падтрымку караля Аўгуста III, які вельмі рэдка прыязджаў з Саксоніі; Р. быў фактычным прадстаўніком караля ў ВКЛ. У 1748 як галава роду Радзівілаў зняволіў клецкага ардыната М.​Радзівіла, аб’явіў яго вар’ятам і атрымаў у распараджэнне яго маёнткі. У 1750-я г. камандаваў задушэннем Мазырскага ўзбр. выступлення сялян. Пасля смерці малодшага брата Гераніма Фларыяна (1760) атрымаў у спадчыну яго Слуцкае і Капыльскае княствы, Біржы, Кейданы, Копысь, Койданава і інш. Адбудаваў Нясвіж і Нясвіжскі замак, якія моцна пацярпелі ў час Паўночнай вайны 1700—21. Заснаваў Нясвіжскую друкарню, Нясвіжскі кадэцкі корпус, у якім рыхтавалі афіцэраў для яго ўласнага войска, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Трымаў шмат мануфактур, у т. л. Нясвіжскую суконную мануфактуру, Нясвіжскую дывановую мануфактуру, Налібоцкую шкляную мануфактуру, Урэцкую шкляную мануфактуру, Слуцкую мануфактуру шаўковых паясоў, Свержанскую фаянсавую мануфактуру.

Тв.:

Бел. пер. — Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла ваяводы віленскага, гетмана вялікага В.​К.​Літ. // Спадчына. 1994. № 4—5;

1995. № 1—6;

1996. № 1—2, 4.

А.​Л.​Грыцкевіч.

М.К.Радзівіл Рыбанька. Карціна С.​А.​Мірыса (?). Каля 1760.

т. 13, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848-49 У ВЕ́НГРЫІ адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе, накіраваная на ліквідацыю феадалізму і дасягненне нац. незалежнасці Венгрыі. Пачалася з паўстання 15.3.1848 ў Пешце пад кіраўніцтвам Ш.Пецёфі. 17 сак створаны ўрад Венгрыі, адказны перад парламентам — Дзярж. сходам, на чале з адным з лідэраў апазіцыі графам Л.​Бацяні. Пачаліся аграрныя рэформы: скасаваны паншчына і царк. дзесяціна, ва ўласнасць сялянам перададзена ​1/3 с.-г. зямель, прыгонныя (40% сялянскага саслоўя) атрымалі свабоду. Дзярж. сход Венгрыі абвясціў незалежнасць краіны ў фін. і ваен. галінах, пры захаванні на венг. прастоле аўстр. Габсбургаў. 11 ліп Дзярж. сход прыняў рашэнне пра стварэнне венг. нац. арміі. імкненне венг. ўрада стварыць унітарную дзяржаву, адмова прызнаць аўтаномію Харватыі, Славоніі, сербаў Ваяводзіны, румын Трансільваніі выклікалі незадаволенасць нац. меншасцей. 11.9.1848 у Венгрыю ўварваліся войскі харвацкага бана (правіцеля) І.​Ялачыча, якія былі разбіты каля Пакозда і адкінуты ў Аўстрыю. Пасля адстаўкі ўрада Бацяні ў кастр. 1848 улада перайшла да К-та абароны радзімы (КАР) на чале з Л.Кошутам. Аўстр. ўрад выдаў дэкрэт аб роспуску венг. парламента і ўвядзенні ў Венгрыі ваен. становішча. Пасля задушэння кастр, паўстання ў Вене (гл. Рэвалюцыя 1848—49 у Аўстрыі), у Венгрыю накіраваны аўстр. войскі, якія 5.1.1849 занялі Пешт. КАР і Дзярж. сход пераехалі ў Дэбрэцэн. Вясной венг. армія на чале з ген. А.​Гёргеем перайшла ў наступленне і да канца сак. ўсталявала кантроль над б.ч. тэр. Венгрыі. У Трансільваніі паспяхова дзейнічала армія Ю.Бема. 14.4.1849 Дзярж. сход прыняў «Дэкларацыю незалежнасці», паводле якой Венгрыя абвяшчалася незалежнай рэспублікай, правіцелем яе абраны Кошут. У гэтых умовах па закліку аўстр. імператара Франца Іосіфа І, рас. цар. Мікалай І накіраваў у Венгрыю ў чэрв. 1849 200-тысячную армію на чале з фельдмаршалам І.Ф.Паскевічам. 13 ліп. яна заняла Пешт. 13 жн. венг. армія капітулявала. У Венгрыі ўсталяваўся жорсткі акупацыйны рэжым, адноўлена аўстр. праўленне. Многія венг. дзярж. і ваен. дзеячы пакараны смерцю або вымушаны былі пакінуць краіну. Аднак рэвалюцыя нанесла рашучы ўдар па феад.-абсалютысцкім ладзе, што пацвердзілі законы, прынятыя ў 1850-х г.

Літ.:

Авербух Р.А. Революция и национально-освободительная борьба в Венгрии 1848—1849. М., 1965;

Яго ж. Революция в Австрии (1848—1849 гг.). М., 1970.

П.​А.​Тупік.

т. 13, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЬХА́ЙСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1911—13,

падзеі ў Кітаі, у выніку якіх скінута ўлада іншаземнай (маньчжурскай) дынастыі Цын і ўсталявана рэспубліка. Пачалася паводле традыц. кіт. календара ў год «сіньхай» (адсюль назва). Створаная Сунь Ятсенам арг-цыя Тунмэнхой напярэдадні С.р. рыхтавала антыманьчжурскае паўстанне. Аднак рэпрэсіі супраць яе членаў выклікалі 10.10.1911 стыхійнае паўстанне ў гарнізоне г. Учан (прав. Хубэй). Неўзабаве пад кантроль паўстанцаў перайшла ўся прав. Хубэй, а ў кастр.-лістападзе 1911 да паўстання далучыліся яшчэ 14 правінцый, якія адмовіліся прызнаваць уладу Цынаў. У выніку Цынскі двор быў вымушаны прызначыць 2.11.1911 прэм’ер-міністрам ліберальнага ген. Юань Шыкая, які ў снеж. 1911 пачаў у г. Нанкін перагаворы з дэлегатамі ад паўстаўшых правінцый. Сход дэлегатаў абраў часовым прэзідэнтам Кіт. рэспублікі Сунь Ятсена (уступіў на пасаду 1.1.1912), прыняў шэраг законаў, якія скасавалі найб. адыёзныя перажыткі кіт. грамадства (рабства і г.д.) і дэкларавалі дэмакр. свабоды. Ва ўмовах супрацьстаяння Поўдня і Поўначы Кітая рэвалюцыянеры пайшлі на кампраміс: Юань Шыкай прымусіў рэгента пры малалетнім імператару Пу I падпісаць 12.2.1912 адрачэнне Цынаў ад прастола, а Сунь Ятсен падаў у адстаўку. Часовым прэзідэнтам Кіт. рэспублікі 15.12.1912 абраны Юань Шыкай. 10.3.1912 прынята канстытуцыя Кіт Рэспублікі, у крас. створаны часовы парламент. У жн. 1912 Сунь Ятсен стварыў Нац. партыю (Гаміньдан), якая на парламенцкіх выбарах у канцы 1912 атрымала большасць галасоў. Канфлікт паміж прэзідэнтам Юань Шыкаем, які дамагаўся поўнай улады, і парламентам абвастрыўся забойствам некалькіх выдатных рэв. дзеячаў, справакаваў прыхільнікаў Сунь Ятсена ў ліп. 1913 на ўзбр. паўстанне. У жн. 1913 паўстанне задушана, Сунь Ятсен пакінуў Кітай. Юань Шыкай прымусіў парламент абраць сябе пастаянным прэзідэнтам Кіт. Рэспублікі, ён забараніў Гаміндан, у студз. 1914 распусціў парламент, 1.4.1914 выдаў новую канстытуцыю, якая дала яму амаль неабмежаваныя паўнамоцтвы. Аднак падзеі 1911—13 спрыялі ў наступныя гады хуткаму развіццю Кітая, а ў выніку — моцнаму культ. і інтэлектуальнаму ўздыму, які падрыхтаваў Рэвалюцыю 1925—28 у Кітаі.

Літ.:

Белов Е.А. Учанское восстание в Китае (1911 г.). М., 1971;

Ефимов Г.В. Буржуазная революция в Китае и Сунь Ят-Сен (1911—1913 гг.). М., 1974;

Синьхайская революция, 1911—1913 гг.: Сб. док. и материалов. М., 1968;

Синьхайская революция (1911—1913 гг.) в современной историографии КНР. М., 1988.

У.​У.​Куніцкі.

т. 14, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́РМУНТ (Раман Аляксандравіч) (7.5.1868, в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. —7.10.1939),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Са шляхецкага роду Скірмунтаў. Скончыў Рыжскую гімназію. Быў старшынёй Т-ва па распрацоўцы с.-г. і эканам. патрэб Палесся, адным з кіраўнікоў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Адзін з ідэолагаў краёўцаў, аўтар публіцыстычных твораў. Дамагаўся стварэння Краёвай партыі Літвы і Беларусі як міжнац. блока польскай, літ. і бел. парт. арг-цый. У 1906 дэпутат I Дзярж. думы Рас. імперыі, ініцыятар аб’яднання дэпутатаў-краёўцаў у т.зв. Групу зах. ускраін. Выступаў супраць адчужэння прыватнаўласніцкіх зямель і перадачы іх у дзярж. фонд, быў прынцыповым апанентам сацыяліст. ідэі абагульнення зямлі і інш. сродкаў вытворчасці. У кастр. 1910 — студз. 1911 чл. Дзярж. савета Рас. імперыі. Уваходзіў ва ўправу Віленскага зямельнага банка. З 1911 гласны Мінскага губ. земства, з 1914 чл. Мінскага губ. к-та Усерас. земскага саюза, у 1917 заг. аддзела Мінскага губ. харчовага к-та. У студз. 1917 узначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у сак.—ліп. 1917 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта. У крас. 1917 узначальваў бел. дэлегацыю да рас. Часовага ўрада з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі. Кіраўнік «Менскага беларускага прадстаўніцтва», ад якога ў крас. 1918 увайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У ліп. 1918 узначальваў Народны сакратарыят Беларусі, у праграмнай дэкларацыі якога 9.7.1918 выказаўся за здабыццё дзярж. органамі БНР рэальнай улады, збіранне вакол яе ўсёй этнічнай тэр. беларусаў, памяркоўную агр. рэформу шляхам выкупу сялянамі памешчыцкай зямлі праз парцэляцыйны банк, за развіццё бел. культуры. Пасля працаваў у міжнар. камісіі Рады БНР, у ліст. 1918 у складзе надзвычайнай бел. дэлегацыі быў у Германіі і Швейцарыі з мэтай дамагчыся міжнар. прызнання незалежнасці Беларусі. У час сав.-польскай вайны імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж супрацьлеглымі бакамі, выказваўся за ўваходжанне краю цалкам у склад II Рэчы Паспалітай на ўмовах уніі ці шырокай аўтаноміі. Адзін з заснавальнікаў Польска-бел. т-ва ў Варшаве (1919). У 1930 абраны сенатарам Рэчы Паспалітай. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР расстраляны.

Літ.:

Смалянчук А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі // Спадчына. 1994. № 6;

Рудовіч С. «... Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды паліт. біягр. Рамана Скірмунта // Гістарычны альманах. Гародня, 1999. Т. 2.

С.​С.​Рудовіч.

Р.А.Скірмунт.

т. 14, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГІМО́НТ III Ваза

(20.6.1566, Грыпсхальм, Швецыя —30.4.1632),

вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1587—1632], у ВКЛ Жыгімонт IV; кароль Швецыі [1592—99]. Сын караля Швецыі Юхана (Яна) III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога. Абраны на трон Польшчы і ВКЛ пасля смерці Стафана Баторыя. Каб замацаваць свае пазіцыі сярод бел.-літ. магнатаў і шляхты, Ж. III выдаў 28.1.1588 у Кракаве прывілей, які зацвярджаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці бацькі ў 1592 заняў шведскі трон. Палітыка Ж. III па аднаўленні пазіцый каталіцкай царквы ў Швецыі правалілася, у 1599 пратэстанты скінулі яго з трона. Да канца жыцця рабіў намаганні вярнуць швед. карону, пачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але быў вымушаны паспрыяць прыняццю пастаноў сеймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўным. Прапаноўваў планы далучэння Маскоўскай дзяржавы да Рэчы Паспалітай як члена федэрацыі разам з Польшчай і ВКЛ. Падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, Ілжэдзмітрыя II. Пасля запрашэння царом Васілём Шуйскім швед. корпуса для барацьбы з войскамі Лжэдзмітрыя II Ж. III пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У выніку разгрому рас. арміі каля Клушына (1610) Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, маскоўскія баяры і гараджане абвясцілі царом сына Ж. III — каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча (гл. Уладзіслаў IV Ваза). Да Дэулінскага перамір’я 1618 Ж. III дапамагаў сыну як «маскоўскаму цару». Намаганні Ж. III увесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона (а не выбары караля), зменшыць ролю палаты дэпутатаў (пасольскай ізбы), выклікалі ў 1606 рокаш (легальны мяцеж шляхты), які ўзначаліў гетман надворны каронны М.​Зебжыдоўскі. У ліп. 1607 каля Гузава ракашане пацярпелі паражэнне. Рокаш скончыўся кампрамісам. Сейм абвясціў амністыю, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў для кантролю за яго дзеяннямі. Ж. III праводзіў актыўную палітыку ў паўд. напрамку. З-за свайго ультракаталіцызму падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў яго барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі, што выклікала пастаянныя напады на Украіну і паўд. Польшчу крымскіх татар і туркаў, саюзнікаў Трансільваніі. У 1620 польск. войска было разбіта туркамі каля Цацоры. Рэванш, атрыманы ім у 1621 пад Хацінам, не быў выкарыстаны з-за нерашучасці Ж. III. Шмат у чым палітыка Ж. III прывяла да далейшага заняпаду дзяржавы і змяншэння яе ролі ў еўрап. паліт. жыцці 17 ст.

Літ.:

Podhorodecki L. Wazowie w Polsce. Warszawa, 1985;

Wisner H. Zygmunt III Waza. Wrocław etc., 1991.

А.​П.​Грыцкевіч.

Жыгімонт III Ваза.

т. 6, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ РА́ДА БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ,

орган прадстаўнічай улады Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) выступілі супраць «супрацоўніцтва» с.-д. кіраўніцтва Рады БНР з польскімі ўладамі. Рада БНР падзялілася на 2 часткі: большая яе частка (50 чал.) абвясціла сябе Н.р. БНР, меншая (37 чал.) — Найвышэйшай радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Старшынёй Н.р. БНР абраны П.​А.​Крачэўскі (БПС-Ф), яго намеснікамі — П.​Бадунова (БПС-Р) і В.​І.​Захарка (БПС-Ф), сакратарамі — Н.​Козіч і Я Мамонька (БПС-Р). Яны склалі прэзідыум Н. р. БНР, які ў перыяд паміж сесіямі выконваў яе паўнамоцтвы. Раду Міністраў узначаліў В.​Ю.​Ластоўскі (БПС-Р). Пастановай Рады было прадугледжана, што ўсе дзеянні ўрада ўзгадняюцца з прэзідыумам Рады. Польскія акупац. ўлады не прызналі Н.р. БНР, выдалі загад пра яе роспуск, Бадунову, Ластоўскага і Мамоньку зняволілі ў турму. У студз. 1920 патаемна выехалі з Мінска ў Берлін Крачэўскі і Захарка. У маі 1920 Бадунова, Т.​Грыб, Ластоўскі і Мамонька атрымалі дазвол выехаць у Рыгу, дзе да іх далучыліся Крачэўскі і Захарка. 4.7.1920 пачалося паспяховае наступленне Чырв. Арміі на сав.-польскім фронце. Паводле дагавора паміж Літвой і РСФСР ад 12.7.1920 Літ. Рэспубліцы былі перададзены Вільня і Віленскі край. Гэта выклікала абурэнне і Найвышэйшай, і Н.р. БНР. Захарка, які ўзначальваў дэлегацыю ўрада Ластоўскага на перагаворах у Маскве, уручыў ноту пратэсту наркому замежных спраў РСФСР Г.​В.​Чычэрыну. Гэты пратэст быў адвергнуты. Стала зразумела, што Сав. Расія не прызнае БНР. Бел. эсэры адмовіліся супрацоўнічаць з бальшавікамі і не падпісалі Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Яны патрабавалі абвясціць поўную незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах, стварыць самастойнае бел. войска і кааліцыйны сацыяліст. ўрад. Марнымі аказаліся спадзяванні і Найвышэйшай рады БНР на тое, што бел. дзяржаву прызнае Польшча. Пасля заключэння 12.10.1920 прэлімінарнага міру паміж РСФСР і Польшчай у Рызе 20 кастр. адбылася нац.-паліт. нарада з удзелам прадстаўнікоў БПС-Р, БПС-Ф і бел. сацыял-дэмакратаў. Чл. прэзідыума Найвышэйшай рады БНР К.​Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду адзінай паліт. структурай БНР. З гэтага часу Н.р. БНР зноў стала называцца Радай БНР.

Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998. Анатоль Сідарэвіч.

т. 11, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)