раздзел алгебры, што вывучае матэм. палі (гл.Пале ў матэматыцы).
У матэматычнай фізіцы П.т. вывучае адлюстраванні мностваў каардынат прасторы і часу на адпаведныя мноствы функцый. Пры гэтым кожнаму пункту прасторы ў зададзены момант часу ставяцца ў адпаведнасць адна ці некалькі функцый — адна- ці многакампанентныя функцыі поля. Змены ў прасторы і часе функцый поля апісваюцца дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі — ураўненнямі поля, рашэнні якіх вызначаюць выразы функцый поля. П.т. павінна задавальняць патрабаванні інварыянтнасці адносна пераўтварэнняў універсальнай сіметрыі прасторы і часу, што забяспечваецца за кошт выкарыстання функцый з пэўнымі трансфармацыйнымі ўласцівасцямі пры пераходзе ад адной інерцыяльнай сістэмы адліку да другой. У адпаведнасці з гэтым вызначаюцца скалярныя (1-кампанентныя), вектарныя (3- і 4-кампанентныя), тэнзарныя і інш. палі. З дапамогай аперацыі дыферэнцавання ўводзяцца матэм. характарыстыкі палёў — градыент (для скалярнага поля), дывергенцыя і ротар (для вектарнага поля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАБАДА́,
тып сельскага паселішча. Назва звязана з тым, што ў перыяд феадалізму жыхары С. карысталіся часовым вызваленнем ад падаткаў. У зах. рэгіёнах Беларусі (асабліва ў Пінскім Палессі) такія пасяленні наз. Волямі, Вулькамі. Такія назвы атрымлівалі паселішчы, жыхары якіх вызваляліся (станавіліся вольнымі) на тэрмін ад 2 да 12 гадоў ад чыншу і павіннасцей з прычыны неўрадлівасці зямель, якія яны на інш. умовах адмаўляліся апрацоўваць. Такая сістэма асабліва пашырылася пасля Паўночнай вайны 1700—21. Пазней С. сталі называць невял. пасёлкі гар. тыпу каля павятовых гарадоў, дзе жылі рамеснікі, што пакінулі абшчыну і толькі часткова былі звязаны з сельскай гаспадаркай. Пад уплывам розных сац.-эканам. і паліт. прычын С. зліліся з гарадамі або трансфармаваліся ў звычайныя сельскія паселішчы і сталі назвамі вёсак (напр., Слабада ў Мінскім р-не) або часткамі назвы вёсак (напр., Чырвоная Слабада ў Салігорскім р-не).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАБІЛІЗА́ТАРЫпалімераў,
рэчывы, якія зніжаюць скорасці хім. працэсаў, што прыводзяць дастарэння палімераў. Паводле прыроды агрэсіўных агентаў (кісларод, азон і інш.) ці фіз.хім. фактараў (святло, іанізавальнае выпрамяненне і інш.), уздзеяннем якіх абумоўлена старэнне палімераў і палімерных матэрыялаў, С. наз.антыаксідантамі, антыазанантамі, святлостабілізатарамі (фотастабілізатарамі), антырадаміі г.д. С. ўводзяць у палімеры на стадыі іх сінтэзу, перапрацоўкі ці ў гатовыя вырабы (наносяць на паверхню вырабу з раствору). Выкарыстанне С. запавольвае старэнне палімераў у 2—3 разы, а ў некаторых выпадках у сотні і тысячы разоў; часта для стабілізацыі палімераў выкарыстоўваюць камбінацыі некалькіх С. розных тыпаў, што больш эфектыўна ахоўвае палімер ад старэння, чым кожны са С. паасобку (гл.Сінергізм).
Функцыянальная схема электрычнага стабілізатара з адваротнай сувяззю: x — велічыня параметра, які стабілізуецца; x0 — апорная велічыня; a — каэфіцыент, які характарызуе работу параўнальнага прыстасавання; K — каэфіцыент узмацнення; S — кіравальнае ўздзеянне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНАЯ ХА́РТЫЯ ПРЫРО́ДЫ,
міжнародны прыродаахоўны дакумент ААН, у якім вызначаны асн. прынцыпы аптымізацыі адносін чалавецтва і навакольнага асяроддзя, канкрэтныя меры па іх ажыццяўленні. Прынята Ген. Асамблеяй ААН у 1982. Асн. мэта — мабілізацыя сусв. грамадскасці, народаў і ўрадаў на актыўную дзейнасць па захаванні прыроднага асяроддзя. Складаецца з прэамбулы і 3 раздзелаў.
У прэамбуле адзначаецца, што прырода для чалавека з’яўляецца адзінай крыніцай энергіі і пажыўных рэчываў і ўплывае на развіццё ўсёй культуры чалавецтва. Любая форма жыцця з’яўляецца унікальнай і заслугоўвае павагі безадносна ад ступені яе сённяшняй карысці для чалавека. У 1-м раздзеле адзначаецца непарушнасць асн. прыродных працэсаў, зберажэнне генет. асновы жыцця і інш.; у 2-м — што ўмовай задавальнення патрэбнасцей чалавецтва з’яўляецца выкарыстанне біял. рэсурсаў у межах іх здольнасці да ўзнаўлення і інш.; у 3-м — пра замацаванне прынцыпаў С.х.п. ў заканадаўстве і практычнай дзейнасці дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНГУ́Н,
паводле карэйскіх легенд і летапісных паданняў, родапачынальнік карэйцаў, заснавальнік карэйскай дзяржавы Часон. Сярод міфаў пра Т. найб. пашырана версія з твора 13 ст. «Самгукюса», паводле якой, Т. — сын небажыхара Хвануна і мядзведзіцы, што ператварылася ў прыгожую жанчыну. Легендарная дата пачатку праўлення Т. (2333 дан.э.) прынята ў Рэспубліцы Карэя як адлік «нацыянальнай» эры летазлічэння. У 1993 у Карэйскай Нар.Дэмакр. Рэспубліцы абвешчана, што грабніца з рэшткамі Т. знойдзена каля Пхеньяна, т.ч. Т. — рэальная гіст. асоба. 11.10.1994 урачыста адкрыта новая велічная мармуровая грабніца Т. ў выглядзе піраміды памерамі 45 × 45 × 22 м.
Літ.:
Корейские предания и легенды из средневековых книг. М., 1980;
Чан У Чжин. Антропологические особенности костей человека, обнаруженных в гробнице Тангуна // Корея сегодня. 1994. №1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́НУС,
у старажытнарымскай рэлігіі і міфалогіі бог уваходу, выхаду, кожнага пачатку (першага месяца года, першага дня кожнага месяца, пачатку жыцця чалавека і інш.), дагавораў і саюзаў. У яго гонар 1-ы месяц года атрымаў назву Januarius (январ, бел. студзень). Магчыма, у найстараж. часы Я. лічыўся богам-светастваральнікам. Паводле міфаў, ён быў 1-м царом вобл. Лацый, дзе навучыў людзей будаваць караблі, апрацоўваць зямлю і вырошчваць гародніну. Звычай паказваць Я. з двума тварамі, што глядзяць у розныя бакі, тлумачыўся тым, што ён ведае мінулае і будучыню, а дзверы вядуць і ў дом, і з дому. З часоў цара Нумы Пампілія [715—672 дан.э.] на рым. форуме стаяла двайная арка, прысвечаная Я. Яе вароты адчыняліся ў час вайны і зачыняліся ў час міру. Выраз «двухаблічны Я.» у наш час ужываецца ў пераносным сэнсе: хітры, двудушны чалавек, двурушнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ЎКА З ПАВІ́ННАЙ,
добраахвотны асабісты зварот (яўка) асобы, якая ўчыніла злачынства, з заявай аб ім у органы, што вядуць дазнанне, у пракуратуру, суд з намерам аддаць сябе ў рукі правасуддзя. У крымінальна-працэсуальным праве Рэспублікі Беларусь Я. з п. — адна з падстаў да ўзбуджэння супраць яе крымін. справы. У выпадку, калі той, хто прыйшоў з павіннай, паведамляе пра ўчыненне злачынства разам з інш. асобамі, ён папярэджваецца аб крымін. адказнасці за свядома лжывы данос. Заява аб павіннай можа быць пісьмовай і вуснай. Яна перадаецца органу дазнання, следчаму, пракурору або ў суд, аб чым складаецца адпаведны пратакол, у якім падрабязна выкладаецца: дзе і калі, пры якіх абставінах учынена злачынства, якімі данымі яно пацвярджаецца, матывы, што схілілі асобу прыйсці з заявай. Паводле крымін. права Рэспублікі Беларусь, Я. з п. з’яўляецца акалічнасцю, якая змякчае адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 10—18.6.1938 у Мінску. Прысутнічалі 422 дэлегаты з рашаючым і 124 з дарадчым голасам ад 31 526 чл. і канд. у чл. партыі (без вайсковых арг-цый). Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б (А.А.Волкаў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (М.І.Малінін); выбары ЦККП(б)Б, Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі гасп. і культ. будаўніцтва ў БССР за год, што мінуў пасля шаснаццатага з’езда КП(б)Б. Прырост валавой прадукцыі прам-сці за гэты час склаў 15,8%, у калгасы аб’яднана 88% сял. гаспадарак (96,2% пасяўных плошчаў), іх абслугоўвалі 200 МТС. З’езд падкрэсліў неабходнасць большай актыўнасці акругкомаў і райкомаў партыі ў працы па выкананні пастановы студзеньскага (1938) пленума ЦКВКП(б) «Аб памылках партарганізацый пры выключэнні камуністаў з партыі, аб фармальна-бюракратычных адносінах да апеляцый выключаных з ВКП(б) і аб мерах па ліквідацыі гэтых недахопаў». На 15.5.1938 у КП(б)Б было разгледжана 5366 апеляцый, 3143 выключаныя адноўлены ў партыі. Волкаў, які выступаў са справаздачным дакладам, зачытваў запіскі НКУСБССР, КПК пры ЦКВКП(б) па БССР, аддзелаў ЦК, даносныя лісты, з якіх вынікала, што антысав. падполле «віло сабе гнёзды» ў парт. апараце, органах дзярж. улады, наркаматах і грамадскіх арг-цыях. У заключэнне ён сказаў, «што ворагі рассыпаліся па ўсёй Беларусі, па ўсіх яе ўчастках — у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у савецкіх органах, у школах, ВНУ, камсамольскіх органах, у ваенных арганізацыях, аж да магазінаў», а таму 1938 павінен стаць годам «новага выкарчоўвання ворагаў». Апублікаваны 18.6.1938 у газ. «Советская Белоруссия» даклад Волкава меў ужо не той тэкст, які захоўваецца ў стэнаграме Нац. архіва Рэспублікі Беларусь. На з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі ЦКВКП(б), якія аб усім, што адбывалася, паведамлялі ў Маскву. 18 чэрв. ў прэзідыуме з’явіўся сакратар ЦКВКП(б) А.А.Андрэеў разам з нам.заг. Аддзела кіруючых парт. органаў ЦКВКП(б) П.К.Панамарэнкам. Андрэеў паведаміў, што Волкаў не спраўляецца са сваімі абавязкамі і таму адклікаецца на інш. работу, а ў склад ЦК КП(б) рэкамендуецца ўвесці Панамарэнку. З’езд выбраў ЦККП(б)Б з 66 чл. і 23 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 9 чл.
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 3. 1933—1945. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАВАРАДА́ Рыгор Савіч (3.12.1722, г.п. Чарнухі Палтаўскай вобл., Украіна — 9.11.1794),
украінскі філосаф, пісьменнік і педагог. У 1734—41, 1744—45, 1751—53 вучыўся ў Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі (яго настаўнікам па філасофіі быў Е.Каніскі). У 1745—50 у складзе пасольскіх місій быў у Венгрыі, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай і інш. У 1750—51 выкладаў у Пераяслаўскім, у 1759—69 — у Харкаўскім калегіумах. У далейшым вандраваў па Украіне як філосаф-прапаведнік. У цэнтры яго філасофіі, выкладзенай у трактатах, дыялогах і прытчах, — канцэпцыя бачнай (матэрыя) і нябачнай (Бог) натур. Паводле С., боскі пачатак патаемна прысутнічае ва ўсёй прыродзе, і гал. задача чалавека — спасціжэнне нябачнай прыроды праз бачную («Пачатковыя дзверы да хрысціянскай дабрачыннасці», 1766—80). Лічыў, што ў кожнай асобе закладзена боская прырода, усведамленне Бога адбываецца праз самапазнанне («Наркіс», канец 1760-х г.). Адрозніваў першае нараджэнне чалавека (фізічнае) і другое (духоўнае), калі чалавек атрымлівае сапраўдную свабоду праз спасціжэнне боскай сутнасці. Сусвет падзяляў на 3 часткі: макракосм (прырода), мікракосм (чалавек) і сімвалічны свет (Біблія). Лічыў, штоасн. сродкам увядзення чалавека ў духоўны свет з’яўляецца сімвал («Дыялог. Імя яму — Патоп змеяў», канец 1780-х г.), што хрысціянства і ант. культура маюць агульную духоўную аснову. Сац. погляды С. грунтуюцца на ідэі прызначэння Богам кожнага чалавека да пэўнага віду дзейнасці (земляробства, вайсковай справы, багаслоўя). Пед. канцэпцыя С. заснавана на ідэі выхавання дзіцяці ў адпаведнасці з яго асабістай прыродай. Лічыў, што выхаванне павінна пачынацца яшчэ дафіз. нараджэння чалавека. Літ. творчасць С. эмацыянальна-вобразна адлюстроўвае яго філас. ідэі. Яго паэзія спалучае пафаснасць, манументалізм і лірычнасць, творчае пераасэнсаванне біблейскіх матываў і нар. песеннай культуры (цыкл «Сад божых песень, прарослых з зярнят Свяшчэннага Пісання», 1753—85). Развіваў жанр празаічнай байкі, дзе ў сатырычна-алегарычнай форме крытыкаваў грамадскія заганы, ухіленне чалавека ад духоўнай культуры (цыкл «Байкі харкаўскія», 2-я пал. 1760-х г. — 1774). Ідэі С. паўплывалі на развіццё ўсх.-слав.рэліг. філасофіі і л-ры.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное: Песни, басни, притчи. М., 1972;
Соч.Т. 1—2. М., 1973;
Соч.Мн., 1999.
Літ.:
Барабаш Ю.Я. «Знаю человека...»: Григорий Сковорода. Поэзия. Философия. Жизнь. М., 1989;
Гарин И. Сковорода // Гарин И. Пророки и поэты. М., 1994. Т. 3;
Кравец В.В. Разговор о Сковороде: С приложением хрестоматии по сковородоведению. Київ, 2000;
Эрн В. Г.Сковорода: Жизнь и учение // Эрн В. Борьба за логос;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІМірны дагавор 1921 паміж РСФСР, УССР і Польскай Рэспублікай, падпісаны 18 сак. ў Рызе. Гл.Рыжскі мірны дагавор 1921. Дагавор 1932 аб ненападзе паміж СССР і Польшчай, падпісаны 25 ліп. ў Маскве на 3 гады па ініцыятыве сав. боку (перагаворы вяліся са студз. 1926, з-за рознагалоссяў бакоў перапынены і адноўлены ў канцы 1931; 26.1.1932 дагавор парафіраваны). Дзяржавы абавязваліся ўстрымлівацца ад агрэсіўных дзеянняў, у выпадку нападу на адну з іх не аказваць ні прамой, ні ўскоснай дапамогі краіне-агрэсару; не ўдзельнічаць у пагадненнях, варожых другому боку. Дагавор не пярэчыў інш. абавязацельствам, падпісаным раней, калі «гэтыя пагадненні не заключаюць у сабе элементаў агрэсіі». Паводле дагавора створана ўзгадняльная камісія з 4 чл. (па 2 ад кожнага боку). Пратаколам ад 5.5.1934 тэрмін дзеяння дагавора працягнуты да 31.12.1945. Страціў сілу пасля ўступлення 17.9.1939 Чырв. Арміі на тэр.Усх. Польшчы (Зах. Беларусь і Зах. Украіна) у пач. 2-й сусв. вайны. Пагадненне 1941 паміж урадам СССР і польскім урадам у эміграцыі, падпісана 30 ліп. ў Лондане. Гл.Савецка-польскае пагадненне 1941. Пагадненне 1944 паміж урадам СССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення (ПКНВ) аб адносінах паміж сав. галоўнакамандуючым і польскай адміністрацыяй пасля ўступлення сав. войск на тэр. Польшчы, падпісана 26 ліп. ў Маскве. Вызначыла, штовярх. ўлада і адказнасць за ўсе справы, якія Датычаць ваен. дзеянняў на тэр. Польшчы, ускладаюцца на галоўнакамандуючага сав. войскамі. ПКНВ на вызваленых польскіх землях ствараў органы польскай адміністрацыі, фарміраваў і ўкамплектоўваў польскія войскі, забяспечваў садзеянне органаў польскай адміністрацыі ў ажыццяўленні Чырв. Арміяй ваен. аперацый і ў задавальненні яе патрэб у час знаходжання на польскай тэрыторыі. Прадугледжвалася, што асобы, якія належалі дасав. войск, заставаліся ў сав. юрысдыкцыі; асобы, што належалі да Войска Польскага, і цывільнае насельніцтва падлягалі польскай юрысдыкцыі. Дагавор 1945 аб дружбе, узаемнай дапамозе і пасляваенным супрацоўніцтве,
падпісаны 21 крас. ў Маскве на 20 гадоў. СССР і Польшча абавязваліся давесці вайну супраць фаш. Германіі да поўнай перамогі, не заключаць без узаемнай згоды перамір’я або мірнага дагавора з урадам А.Гітлера і інш. уладай у Германіі, якая б замахвалася на незалежнасць, тэр. цэласнасць ці бяспеку адной з дагаворных дзяржаў, пашыраць сав.-польскае эканам. і культ. супрацоўніцтва, аказваць ваен. і інш. дапамогу, пасля вайны рабіць усе захады, каб не паўтарылася агрэсія з боку Германіі ці інш. дзяржавы. Пагадненне 1945 аб абмене насельніцтвам, падпісана 6 ліп. ў Маскве. Давала права свабоднага добраахвотнага выхаду з сав. грамадзянства і вяртання ў Польшчу асобам польскай і яўр. нацыянальнасцей, якія да 17.9.1939 былі польскімі грамадзянамі, і членам іх сем’яў, а таксама права выхаду з польскага грамадзянства і перасялення ў СССР асобам рускай, укр., бел., русінскай (зах. ўкраінцы, што даўней жылі ў складзе Аўстра-Венгрыі) і літоўскай нацыянальнасцей і членам іх сем’яў, якія жывуць на тэр. Польшчы. Дагавор 1945 аб савецка-польскай дзярж. граніцы, падпісаны 16 жн. ў Маскве. Гл.Савецка-польскі дагавор 1945. Пагадненне 1957 аб тэрмінах і парадку далейшай рэпатрыяцыі з СССР асоб польскай нацыянальнасці. Сав. ўрад выказаў гатоўнасць спрыяць добраахвотнай рэпатрыяцыі палякаў, што мелі сем’і ў Польшчы, а таксама тых, хто раней не змог выкарыстаць права на рэпатрыяцыю, сваякам рэпатрыянтаў у СССР. Дагавор 1965 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 8 крас. ў Варшаве на 20 гадоў. СССР і Польшча абавязваліся дзейнічаць у рамках папярэдняга дагавора 1945 і Варшаўскага дагавора 1955, супрацоўнічаць у межах Савета Эканам. Узаемадапамогі, заявілі пра недатыкальнасць дзярж. граніц Польшчы па Одэры — Нейсе. У развіццё гэтага дагавора ў 1970—85 падпісаны шэраг пагадненняў і пратаколаў па пытаннях эканомікі, гандлю, навукі, тэхнікі.