БРОН (Анісім Міхайлавіч) (1.9.1895, г. Новамаскоўск, Украіна — 2.2.1975),
дырыжор. Скончыў Кіеўскую кансерваторыю па класах фп. (1916) і кампазіцыі (1918). Дырыжор т-раў оперы і балета ў Тбілісі, Баку, Харкаве, Кіеве, Ленінградзе. У 1926—56 працаваў у Муз. т-ры імя Неміровіча-Данчанкі ў Маскве, узначальваў оперны ансамбль Усесаюзнага радыё, Ансамбль сав. оперы Усерас.тэатр.т-ва. У 1944—48 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова выкладаў у Бел. кансерваторыі. Муз. кіраўнік пастаноўкі бел. опер «Алеся» (1944) і «Міхась Падгорны» (1957) Я.Цікоцкага, «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (1947), а таксама опер «Кармэн» Ж.Бізэ (1945), «Травіята» (1946) і «Рыгалета» (1948) Дж.Вердзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУХА́ЦКІ (Аляксандр Леанідавіч) (н. 25.8.1945, с. Панова Шаткоўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія),
рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Расіі (1984). Скончыў Горкаўскае тэатр. вучылішча (1966). У 1966—87 працаваў у Горкаўскім акад.драм. т-ры імя М.Горкага: Сірано дэ Бержэрак (аднайм. п’еса Э.Растана), Курчаеў («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Мальер («Кабала святош» М.Булгакава), Алёшка, Сацін («На дне» М.Горкага), Чарнявы («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Мікалай («Парог» А.Дударава) і інш. З 1988 у Рус.драм. т-ры Беларусі. Сярод роляў: Крысабой («Майстры» паводле Булгакава), Журналіст, Фізік («Звалка» Дударава), Рычард («Усё ў садзе» Э.Олбі), Муж («Свабодны шлюб» Д.Фо і Ф.Рамэ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРСЕ́НЕЎ (сапр.Паўлішчаў) Іван Мікалаевіч
(23.4.1889, Масква — 25.12.1951),
рускі рэжысёр, акцёр. Нар.арт.СССР (1948). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1907—08). Працаваў у МХТ (з 1911), МХАТ 2-м (1924—36, з 1928 маст. кіраўнік). З 1938 гал.рэж. Маскоўскага т-ра імя Ленінскага камсамола. З 1939 праф.Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва. Яго рэжысёрскія і акцёрскія работы вызначаліся высокай культурай. Сярод пастановак: «Хлопец з нашага горада» (1941) і «Так і будзе» (1944) К.Сіманава, «Фронт» А.Карнейчука (1942), «За тых, хто ў моры» Б.Лаўранёва (1947). З роляў: Гельмер («Нора» Г.Ібсена), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Сірано дэ Бержэрак (аднайм. п’еса Э.Растана) і інш. Здымаўся ў кіно («Маці», «Вялікі грамадзянін»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЕ́ЦКІ (Фама Сільвестравіч) (н. 23.3.1938, в. Траскоўшчына Мінскага р-на),
бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа. З 1971 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Адначасова (з 1990) выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Напачатку выконваў ролі герояў, потым пераважна характарныя. Сярод лепшых роляў у т-ры імя Я.Коласа: Раскольнікаў («Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага), Леанідзік («Мой бедны Марат» А.Арбузава), Віктар («Варшаўская мелодыя» Л.Зорына); у т-ры імя Я.Купалы: Салянік («Радавыя» А.Дударава), Паніч («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Жабрак («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Настаўнік («Безыменная зорка» М.Себасцьяна), Клеон («...Забыць Герастрата!» Р.Горына).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАР’ЕТЭ́ (франц. variété літар. разнастайнасць),
від тэатра, у праграму паказаў якога ўваходзяць забаўляльныя нумары тэатр., муз. і цыркавых жанраў. Уключае аднаактовыя камічныя п’ескі, парадыйныя сцэнкі, выступленні спевакоў, чытальнікаў, танцораў, штукароў і інш. Назва паходзіць ад парыжскага т-ра, т.зв. Вар’етэ-Мантансье (засн. ў 1790, з 1807 Т-р вар’етэ). Т-ры тыпу вар’етэ былі пашыраны ў гарадах Зах. Еўропы ў канцы 19 — пач. 20 ст. Сярод найб. вядомых сучасных вар’етэ «Мулен-Руж», «Фалі-Бержэр», «Лідо» (Парыж). У эфектных, багата аформленых пастаноўках вар’етэ ўзнік і зацвердзіўся жанр рэвю. Існуюць радыё- і тэлевар’етэ, у праграмах якіх песні, скетчы і інш.эстр. нумары.
Літ.:
Gunther E. Geschichte des Varietes. 2 Aufl. Berlin, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕВЫ (цёзкі па прозвішчы; псеўд.браты Васільевы),
рускія кінарэжысёры і сцэнарысты.
Георгій Мікалаевіч (25.11.1899, г. Волагда, Расія — 18.6.1946), засл. дз. маст. Расіі (1940). Вучыўся ў маскоўскай тэатр. студыі «Маладыя майстры». Сяргей Дзмітрыевіч (4.11.1900, Масква — 16.12.1959), нар.арт.СССР (1948). Скончыў Ленінградскі ін-т экраннага мастацтва (1924). Пачалі працаваць у кіно ў 1924. Вучні С.М.Эйзенштэйна. Першая іх сумесная рэжысёрская работа — дакумент. фільм «Подзвіг у льдах». Пад агульным псеўданімам упершыню выступілі ў 1930 (фільм «Спячая прыгажуня»). Сумесна знялі фільмы: «Чапаеў» (1934, Дзярж прэмія СССР 1941), «Валачаеўскія дні» (1937), «Абарона Царыцына» (1942, 1-я серыя, Дзярж прэмія СССР 1942), «Фронт» (1943). Аўтары сцэнарыяў большасці сваіх фільмаў. У 1955 Сяргей Васільеў паставіў фільм «Героі Шыпкі» (з балг. кінематаграфістамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́РСКІ (Павел Паўлавіч) (25.2.1905, г. Адэса, Украіна — 5.6.1975),
украінскі балетмайстар. Нар.арт.СССР (1960). Скончыў Адэскае муз.-драм. Вучылішча (1926), Маскоўскі тэатр. тэхнікум (1928, педагог А.Месерэр). З 1923 артыст і балетмайстар Адэскага т-ра оперы і балета, з 1931 балетмайстар т-раў оперы і балета ў Харкаве, Адэсе, Днепрапятроўску, Кіеве. Паставіў балеты «Чорнае золата» В.Гамалякі (1960), «Эсмеральда» Ц.Пуні (1929), «Раймонда» А.Глазунова (1934), «Мешчанін з Тасканы» У.Нахабіна (1936) і інш. У 1943—55 балетмайстар Ансамбля песні і танца Сав. Арміі імя А.В.Аляксандрава. Арганізатар (1937), балетмайстар (да 1940), маст. кіраўнік Ансамбля нар. танца Украіны (з 1975 імя Вірскага). Дзярж. прэміі СССР 1950, 1970. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЙ ЛИСТО́К»,
прыватная газета. Выдавалася штодзённа з 21.1(3.2).1916 да 12.7.1919 у Віцебску на рус. мове. Да Кастр. рэвалюцыі прытрымлівалася памяркоўна-ліберальнага кірунку, вяла палеміку з чарнасоценнымі арг-цыямі. Друкавала інфармацыю пра ваен. дзеянні на франтах 1-й сусв. вайны, пра ўнутр. і міжнар. становішча краіны, эканам. стан Віцебскай губ., пра сац.-эканам. і бытавыя праблемы горада. Вітала Лют. рэв. 1917, падтрымлівала Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Часовы ўрад Расіі. Пасля Кастр. рэвалюцыі падтрымлівала дзейнасць органаў сав. улады. Выступала супраць абвяшчэння БНР, вітала абвяшчэнне БССР. Асвятляла тэатр., муз. і літ. жыццё горада, рэкламавала кінематограф, эстраду, аперэту. У 1917 друкавала дадатак «Вечерний бюллетень», у 1918—19 — гумарыстычную старонку «Витебский писк».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЕ́ЎСКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 17.2.1955, в. Балотчыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак, графік. Чл.Бел. акадэміі выяўл. мастацтва (1995). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе пераважна ў галіне станковай і кніжнай графікі. Выкарыстоўвае складаныя графічныя тэхнікі. Сярод станковых твораў: серыі афортаў «Будаўніцтва чалавека» (1987—88), «Птушкаловы» (1987—89); «Дзяды», «Pieta (Чарнобыльская)» (1995—96), афорты «Сейбіт», «Белы і чорны анёлы», «Рука-пісьмо» (усе 1991) і інш. Аформіў зб. вершаў Я.Коласа «Родныя вобразы», выканаў іл. да кніг «Вянок беларускіх народных песень» (1988), «Палата кнігапісная» М.Нікалаева, «Янка і Ружа» і «Ці вернецца князь Кук?» У.Ягоўдзіка (усе 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРО́ЛЬ (ням. Gastrolle ад Gast госць + Rolle роля),
выступленне артыста (калектыву) па-за месцам яго пастаяннай дзейнасці — у інш. раёне, горадзе, краіне. З 18 ст. і асабліва з 2-й пал. 19 ст. гастрольнай дзейнасцю займаліся буйнейшыя акцёры — С.Бернар, Э.Дузе, Т.Сальвіні, П.Арленеў, В.Камісаржэўская, Э.Каруза, А.Паці, Ф.Шаляпін і інш. На Беларусі пашыраны з канца 18 ст., калі ў гарадах, мястэчках выступалі польскія гастрольныя трупы і асобныя акцёры, у 19—20 ст. — рус. і ўкраінскія. Гастрольную дзейнасць вяла Першая бел. трупа І.Буйніцкага. Гастраліруюць усе прафесійныя трупы. Атрымала развіццё такая форма гастролі, як выязныя спектаклі т-раў. Своеасаблівая форма гастролі — выступленні тэатр. калектываў на дэкадах, аглядах, фестывалях.