ГАРА́ЕЎ (Віталь Мікалаевіч) (14.4.1910, г. Курган, Расія — 1982),
рускі графік. Нар. мастак СССР (1981). Вучыўся ў Вышэйшым дзярж.маст.-тэхн. і Маскоўскім паліграф. ін-тах (1929—34). Аўтар экспрэсіўных сатыр. малюнкаў і карыкатур (надрукаваны пераважна ў час. «Крокодил»), станковых малюнкаў (серыя «Амерыканцы ў сябе дома»), ілюстрацый («Пецярбургскія аповесці» М.В.Гогаля, 1965, «Тры таўстуны» Ю.К.Алешы, 1968) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1967.
В.Гараеў. Доктар Гаспар і Суок. Ілюстрацыя да аповесці Ю.К.Алешы «Тры таўстуны». 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРО́ВІЧ (Ігар Уладзіміравіч) (23.1.1936, Мінск — 26.7.1986),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965) і выкладаў у ім. Працаваў пераважна ў галіне тэматычнай карціны і партрэта. Асн. творы: «Сувязіст» (1964), «У лабараторыі» (1965), «У заўтра» (1967), «Бібліятэка» (1970), «За гонар краіны» (1971), «Перад пускам» (1973), «Пошук» (1976), «Змена» (1979), «Выпрабавальнікі» (1981) і інш. Аўтар партрэтаў бел. вучоных А.А.Зубкова (1963), У.С.Камарова (1968), А.К.Красіна (1976), А.У.Руцкага (1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКА́ТАРЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
арганічныя і неарган. рэчывы, якія дазваляюць устанавіць канец хім. рэакцыі, вадародны паказчык асяроддзя па лёгка бачных зменах (звычайна па змене колеру раствору). Упершыню выкарыстаны англ. вучоным Р.Бойлем (1663). І.х. карыстаюцца пераважна ў тытраметрычным аналізе для вызначэння канчатковага пункта тытравання (пункта эквівалентнасці). У адпаведнасці з тытраметрычнымі метадамі адрозніваюць кіслотна-асноўныя (напр., фенолфталеін), акісляльна-аднаўляльныя (напр., дыфеніламін, акісленая форма якога мае фіялетавы колер, адноўленая — бясколерная), адсарбцыйныя і камплексонаметрычныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРА́ДА (італьян. intrada літар. уступ),
невялікая інструментальная п’еса, якая выконвае функцыю ўступу да розных цырымоній ці да муз. твора. Найб. пашырана ў 16—18 ст. Тыповыя рысы: маршавы рытм, фанфарны характар мелодыкі, выкарыстанне медных духавых інструментаў. Часам замяняла уверцюру ў муз.-сцэн. спектаклях. Уваходзіць у інстр. цыкл (пераважнасюіту), часта як уступленне («Серэнада» для фп., скрыпкі і альта Л.Бетховена). У 20 ст. І. адраджаецца з узмацненнем цікавасці да старадаўніх жанраў («Чатыры нарвежскія ўражанні» І.Стравінскага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
працэс развіцця эканам. сувязей паміж нац. гаспадаркамі, калі эканоміка адной краіны выступае часткаю сусветнага вытв. працэсу. Развіваецца на аснове міжнар. падзелу працы, вытв. і навук.-тэхн. спецыялізацыі і кааперацыі. І.в. ўзнікла з пераходам да машыннай вытв-сці. На першых этапах развівалася пераважна як міжгаліновая міжнар. спецыялізацыя, потым пачалі з’яўляцца розныя формы ўнутрыгаліновай спецыялізацыі. Сучаснае развіццё выяўляецца ва ўтварэнні міжнар.эканам. арг-цый у сферы вытв-сці, транспарту, сувязі, міжнар. гандлю і фінансаў (гл. таксама Вываз капіталу, Інтэрнацыяналізацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАРГА́ (Moschus),
падсямейства атр. парнакапытных. 1 від (M. moschiferus).
Пашырана ў Цэнтр. і Усх. Азіі. Жыве ў горнай камяністай тайзе. Трымаецца паасобна, радзей невял. групамі.
Даўж. да 1 м, выш. ў карку да 70 см, маса да 20 кг. Афарбоўка пераважна карычневая, з дробнымі светлымі плямамі на баках. Спіна выгнутая, задняя ч. цела вышэйшая і грузнейшая за пярэднюю. У самцоў вострыя, накіраваныя ўніз іклы, на жываце мускусная залоза Перамяшчаецца скачкамі. Нараджае 1—2 дзіцяняці. Расліннаедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУ́Л,
рака ў Афганістане і Пакістане, правы прыток р.Інд.Даўж. 460 км, пл.бас. каля 75 тыс.км². Пачынаецца ў гарах Гіндукуша (хр. Баба), цячэ пераважна ў яго адгор’ях, перасякае Джэлалабадскую міжгорную ўпадзіну, ад г. Пешавар — па ўзгорыстай раўніне. Летнія паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 700 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння Кабульскага, Джэлалабадскага, Пешаварскага аазісаў. На К. ГЭС Наглу (Афганістан), вадасховішча. Суднаходная летам на 120 км. На К. — гарады Кабул, Джэлалабад (Афганістан), у даліне — Пешавар (Пакістан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАВАЛІ́»,
бел.нар. танец. Муз. памер пераважна 2/4, тэмп жвавы. Выконваецца 2 мужчынамі, якія імітуюць рухі каваля (удары адной рукой зверху ўніз па далоні другой рукі, што ляжыць на калене сагнутай нагі, і адпаведныя ўдарам ківанні корпуса). Зафіксаваны ў 1980 у Віцебскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях. Суправаджаецца прыпеўкамі; музыка зафіксавана ў Браслаўскім р-не. У 1982 балетмайстар П.Свярдлоў стварыў на яго аснове сцэн. варыянт танца, які выконваюць 5 юнакоў (цэнтр. фігура — каваль); магчымы і масавы варыянт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАІТАФО́БІЯ (ад коітус + ...фобія),
назойлівая боязь палавога акта. Абумоўлена псіхасацыяльнымі фактарамі, пераважна асобаснымі: думкі, пачуцці, успаміны, сумненні, страхі, што ўзнікаюць незалежна ад жадання хворага. К. бывае пры псіхатраўмах, агрэсіўных паводзінах ці няўпэўненасці партнёра, пры палавым акце ў неадэкватных абставінах (спешка, страх быць заспетым пабочнай асобай, антыгігіенічныя ўмовы і інш.), неасцярожных першых зносінах і інш. Найчасцей К. ўзнікае ў мужчын у форме псіхагеннай імпатэнцыі; у жанчын К. звязана з анаргазміяй і вагінізмам. Лячэнне псіхатэрапеўтычнае, іншы раз хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНО́К (Mustela sibirica),
млекакормячае сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Азіі і Усх. Еўропе. Насяляе тайгу і лесастэп, пераважна каля рэк і азёр, у гарах падымаецца да альпійскай зоны. Жыве ў норах або сярод камянёў.
Даўж. цела да 40 см, хваста каля 20 см, маса да 820 г. Прыземісты, гібкі. Поўсць густая, пушыстая, светла-рыжая, губы і падбародак белыя, каля вачэй чорная маска. Корміцца дробнымі грызунамі. Каштоўны пушны звярок (выкарыстоўваецца футра, з валасоў хваста робяць пэндзлі для жывапісу).