КЛЁПКА,
1) стварэнне заклёпачнага злучэння элементаў канструкцый, пераважна з ліставога металу. Уключае свідраванне або прабіўку адтулін, устаўку заклёпак, само кляпанне — стварэнне (прасаваннем, ударам або выбухам) на другім канцы заклёпкі замыкальнай галоўкі. Для К. прасаваннем выкарыстоўваюць кляпальныя машыны, ударам — кляпальныя малаткі. Кляпаныя канструкцыі выкарыстоўваюцца пераважна ў мостабудаванні і ў канструкцыях прамысл. будынкаў з вял. дынамічнымі нагрузкамі (напр., у падкранавых бэльках).
2) Кожная асобная дошчачка, з якіх складаюць бочку, дзежку і пад.
т. 8, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮЧАГО́РСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., паміж вёскамі Пляханава і Жалудова Створана на р. Обаль у 1953. Пл. 0,4 км², даўж. 2,6 км, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 4,5 м, аб’ём вады 1,2 млн. м³. Берагі абрывістыя, выш. 8—10 м, пад лесам і хмызняком. Вярхоўе вадасховішча забалочанае. Дно выслана пяском, торфам і ілам. Сярэдні шматгадовы сцёк 78,9 млн. м³. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (Ключагорская ГЭС).
т. 8, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КОМСОМО́ЛЬСКАЯ ПРА́ВДА»,
масавая грамадска-паліт. газета. Выдаецца з мая 1925 у Маскве на рус. мове. Выходзіць 5 разоў на тыдзень. Асвятляе міжнар. падзеі, грамадска-паліт., эканам., культ. жыццё краіны. Публікацыі, звязаныя з развіццём л-ры, культуры, мастацтва, спорту і інш., адметныя шматжанравасцю, актуальнасцю, элементамі займальнасці. Мае штотыднёвы спецвыпуск на 32 старонках, з іх 12 — інфармацыйны матэрыял па Беларусі. Са студз. 1999 выходзіць пад назвай «Комсомольская правда в Белоруссии».
т. 8, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНС,
адзін з найб. старажытных рым. аграрных багоў, што шанаваліся разам з багіняй Опс. Ушаноўваўся як абаронца запасаў збожжа, схаваных пад зямлёй. Яго падземны алтар адчынялі раз на год у час свята кансуалій, калі К. прыносілі ахвяры і наладжвалі ў яго гонар гульні і спаборніцтвы. Пазней кансуаліі зліліся са святам коннага Нептуна, а сам К. з прычыны сугучча яго імя са словам «савет» (лац. consilium) лічыўся богам добрых парад.
т. 8, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАТО́Н (ад грэч. kratos сіла, моц),
кансалідаваны ўчастак зямной кары, няздольны да пераўтварэння пад уплывам альпінатыпнай складкавасці. Вылучаюць паднятыя К. — масівы пераважна сіялічнага (Si, Al) складу (стараж. платформы), і апушчаныя К. — масівы з сіматычнай (Si, Fe, Mg) асновай (пераважна вобласці дна акіянаў). Тэрмін уведзены ням. геолагам Г.Штыле ў 1940 (замест прапанаванага ў 1928 аўстр. геолагам Л.Коберам «кратаген») і шырока ўжываецца ў замежнай геал. і геагр. літаратуры.
т. 8, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛЬЦО́ВА,
возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крывінка, за 1 км на Пд ад г. Сянно. Пл. 0,21 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 300 м, даўж. берагавой лініі 2,1 км. Пл. вадазбору 22,2 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м, разараныя, на Пн пад хмызняком. Берагі на З і Пн зліваюцца са схіламі, на У і Пд нізкія. На Пн выцякае ручай у воз. Сянно.
т. 8, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́СА (франц. coulisse ад couler слізгаць, бегчы),
1) звяно куліснага механізма, якое верціцца вакол нерухомай восі і стварае з другім рухомым звяном (паўзуном) паступальную пару. Бываюць вярчальныя, хістальныя і прамалінейна рухальныя.
2) Элементы тэатральнай дэкарацыі з тканіны, якія свабодна вісяць або нацягнуты на рамы і размяшчаюцца па баках сцэны паралельна ці пад вуглом да рампы. Разам з падугамі ўтвараюць т.зв. адзенне сцэны. Упершыню выкарыстаны ў 1619 у тэатры т. Парма (Італія).
т. 9, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 26 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,24 км², даўж. 820 м, найб шыр. 360 м, даўж. берагавой лініі 2,2 км, Пл. вадазбору 11,5 км² Схілы катлавіны выш. 15—25 м, пад хмызняком, месцамі ў верхняй ч. разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі. На З упадае ручай з возера без назвы, на ПнУ выцякае ручай у р. Ушача.
т. 9, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТА (lētē),
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка тытанаў Коя і Фебы, адна з жонак Зеўса, якая нарадзіла ад яго багоў Апалона і Артэміду. У міфах створаны вобраз Л. як маці-пакутніцы, якая ўслаўлена ў сваіх дзецях і дзякуючы ім заняла ганаровае месца сярод багоў на Алімпе. Л., Апалон і Артэміда заўсёды аднадушныя, разам змагаюцца з ворагамі, дапамагаюць траянцам у Траянскай вайне і г.д. У рым. міфалогіі Л. вядома пад імем Латона.
т. 9, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАКІ́НЫ,
біялагічна актыўныя рэчывы, якія сінтэзуюцца і выдзяляюцца папуляцыямі лімфацытаў пад уздзеяннем антыгена. Паводле хім. прыроды — глікапратэіды, малекулярная Maca 15 000—80 000. Пры дапамозе Л. ажыццяўляюцца кааперацыя, каардынацыя і рэгуляванне функцыі клетак, якія ўдзельнічаюць у імунным адказе. Колькасць у плазме крыві і культуральным асяроддзі, якое ўтрымлівае лімфацыты, з’яўляецца мерай інтэнсіўнасці рэакцый клетачнага імунітэту. Некаторыя Л. (інтэрферон) ужываюць для кампенсацыі дэфектаў клетачнага імунітэту пры вірусных інфекцыях і пухлінных захворваннях.
т. 9, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)