ГІМАЛА́І (ад санскр. хімалая — прыстанак снягоў),

найвышэйшая горная сістэма Зямлі, у Азіі, паміж Тыбецкім нагор’ем на Пн і Інда-Гангскай раўнінай на Пд, на тэр. Індыі, Непала, Кітая, Пакістана, Бутана. Працягнуліся з ПнЗ на У больш як на 2400 км, шыр. да 350 км, пл. каля 650 тыс. км². Выш. да 8848 м, г. Джамалунгма (Эверэст). Паводле рэльефу і геал. будовы ў Гімалаях вылучаюцца 3 часткі, якія ступенямі з Пд на Пн узвышаюцца над Інда-Гангскай раўнінай: Сівалікскія горы (Перадгімалаі), выш. 700—900 м, парэзаны шматлікімі рэкамі; Малыя Гімалаі выш. 3500—4000 м, асобныя вяршыні да 6000 м; Вялікія Гімалаі, дзе 11 вяршынь выш. 8000 м і больш, у т. л. Канчэнджанга (8585 м), Макалу (8470 м), Дхаўлагіры (8221 м), Кутанг (8126 м) і інш.; характэрны глыбокае тэктанічнае расчляненне, альпійскі рэльеф, вышынныя кантрасты, магутнае зледзяненне (пл. больш за 33 тыс. км², буйны ледавік — Ганготры). Гімалаі сфарміраваліся ў эпоху альпійскай складкавасці на месцы былога акіяна Тэтыс. Паўд. перадгор’і складзены пераважна з пясчанікаў і кангламератаў, карэнныя схілы і восевая зона — з гнейсаў, крышт. сланцаў, гранітаў, філітаў і інш. крышт. і метамарфічных парод. Карысныя выкапні: золата, медзь, храміт, мыш’як, буры вугаль, гаручыя газы, нафта, каменная і калійная солі, сапфір. Гімалаі — прыродны кліматычны бар’ер паміж абласцямі трапічнага мусоннага клімату Паўд. Азіі і пустынна-стэпавага Цэнтр. Азіі. У перадгор’ях сярэдняя т-ра студз. 15 °C, ліп. 25 °C. Вышыня снегавой лініі вагаецца ад 4500 м на паўд. схілах да 5700 м на паўночных. Перавалы ляжаць на выш. 3500—4500 м (Тангла). Вял. кантрасты ў Гімалаях ва ўвільгатненні: найб. колькасць ападкаў летам у перыяд паўд.-зах. мусону. У паўд.-ўсх. ч. гор выпадае да 3000 мм, у зах. — 1500—1000 мм, на паўн. схілах (падветраных, сухіх) — каля 100 мм за год. У Гімалаях пачынаюцца асн. рэкі Паўд. Азіі — Інд, Ганг, Брахмапутра. Ва Усх. Гімалаях на паўд. схілах да 400 м — тэраі — забалочаная паласа вільготных лясоў і хмызнякоў. Да выш. 1500 м вільготныя трапічныя лясы (пальмы, бамбукі, дрэвападобныя папараці, панданусы, магноліі, шмат ліян). Ад 1500 да 2700 м вечназялёныя дубовыя лясы (дубы, каштаны, рададэндраны, клёны, у падлеску імхі і лішайнікі). На выш. 2700—3700 м пояс хвойных лясоў з піхты серабрыстай, елкі блакітнай, лістоўніцы, цугі, кедра гімалайскага. Ад 3700 м да пояса снегу субальпійскія і альпійскія лугі. Вышэй за 5000—5400 м нівальны пояс (скалы, снег, лёд). У Зах. Гімалаях у ніжнім поясе міжземнаморскі тып вечназялёных хмызнякоў. Да 1500 м субтрапічныя шыракалістыя дубовыя і кляновыя лясы. На выш. 1500—3500 м пояс хвойных і лістападных лясоў. Да выш. 4600 м альпійскія лугі, вышэй пояс пустынь і ледавікоў. Паўн. схілы Гімалаяў бязлесныя, пашыраны пустынна-стэпавыя ландшафты з рэдкімі ксерафітнымі травамі і хмызнякамі. У джунглях перадгор’яў водзяцца сланы, насарогі, буйвалы, антылопы, тыгры, малпы, з птушак — паўліны, фазаны, папугаі, на паўн. схілах — які, дзікія бараны, козы, гімалайскі мядзведзь і інш. Ландшафты Гімалаяў зменены пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека: узараны перадгор’і і нізкагор’і (75% Кашмірскай даліны займае ворыва), тэрасаваны ўчасткі схілаў пад пасевы чайнага куста, рысу, садавіны, ячменю. Лесараспрацоўкі. Развіваецца альпінізм.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Гімалаі.

т. 5, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́,

архіпелаг вулканічных астравоў паміж Ахоцкім м. і Ціхім ак., ад п-ва Камчатка (Расія) на Пн да в-ва Хакайда (Японія) на Пд. Уваходзяць у склад Сахалінскай вобл. Рас. Федэрацыі. Уключаюць больш за 30 значных і шмат дробных астраўкоў і скал. Пл. каля 15,6 тыс. км². Складаюцца з Вялікай (даўж. 1200 км) і Малой (даўж. 120 км) Курыльскіх град. К.а. падзелены Курыльскімі пралівамі. Глыбокія пралівы Крузенштэрна і Бусоль падзяляюць Вял. граду на 3 групы а-воў: паўн. (Шумшу, Парамушыр, Анекатан, Шыяшкатан і інш.), сярэднюю (Сімушыр, Кетой, Расшуа, Райкоке і інш.), паўд. (Кунашыр, Ітуруп, Уруп і інш.). На У ад в-ва Кунашыр за Паўд.-Курыльскім пралівам Малая Курыльская града (в-аў Шыкатан і інш.). Кожны востраў — вулкан, частка вулкана або ланцуг вулканаў (больш за 160 вулканаў, з іх каля 40 дзеючых), якія зліліся падножжамі або злучаны нізіннымі перашыйкамі. Астравы складзены пераважна з вулканагенных і вулканагенна-асадкавых парод. З карысных выкапняў ёсць сера і тэрмальныя воды. Бываюць землетрасенні і цунамі. Рэльеф гарысты, пераважаюць выш. 500—1000 м, макс. выш. 2339 м (г. Алаід на аднайменным в-ве). Клімат умерана халодны, мусонны. Сярэдняя т-ра лют. каля -7 °C, жн. ад 10 °C на Пн да 17 °C на Пд. Ападкаў за год да 1000 мм на Пд, каля 600 мм на Пн. Халоднае Курыльскае цячэнне ахалоджвае ціхаакіянскія берагі астравоў. Зах. схілы паўд. астравоў абагрэты цёплым цячэннем Соя. Зімовы мусон і цыклоны палярнага фронту прыносяць частыя мяцеліцы і штормы. На значных астравах густая сетка рэк і ручаёў. Шмат азёр, у т. л. кратэрных. Глебы пераважна дзярновыя, лугавыя і алювіяльныя, пад лесам — слабападзолістыя са значнымі дамешкамі вулканічнага матэрыялу. На паўн. астравах альхова-рабінавае крывалессе, кедравы сланік, нізкія кусцікі шыкшы (варанікі). На Пд трапляецца крывалессе з каменнай бярозы, курыльскі бамбук, ялова-піхтавыя і шыракалістыя лясы з ліянамі і бамбукам, месцамі рэдкалессе з курыльскай лістоўніцы. Для наземнай фауны характэрны мядзведзь, гарнастай, чорна-буры і чырвоны лісы, бурундук. Шмат птушак, асабліва марскіх, на скалах птушыныя базары. Мора багатае рыбай, асабліва ласасёвымі, крабамі, марскім зверам (нерпа, сівуч, марскі коцік, калан). Рыбалоўства, на Пд лясная гаспадарка. Развіта рыбаперапрацоўчая і кансервавая прам-сць. Гарады Курыльск (на в-ве Ітуруп), Севера-Курыльск (на в-ве Парамушыр). Пра гаспадарку К.а. гл. ў арт. Сахалінская вобласць.

Гісторыя. Да пач. 20 ст. К.а. насялялі айны. Першым з еўрапейцаў астравы наведаў нідэрл. мараплавец М.Г. дэ Фрыз у 1644. У Расіі першыя звесткі пра К.а. атрыманы ад землепраходца У.В.Атласава ў 1697. У 1711 астравы даследаваў, падрабязна апісаў і склаў іх чарцёж рас. служылы бел. паходжання І.П.Казырэўскі. У 1721 І.​М.​Яўрэінаў (таксама паходзіў з Беларусі) разам з Ф.​Ф.​Лужыным па заданні Пятра I правёў геад. вывучэнне К.а. і ўпершыню пазначыў іх на карце Расіі. У 1745 б. ч. астравоў нанесена на «Генеральную карту Расійскай імперыі» ў Акад. атласе. З канца 18 ст. пачалася рас.-яп. каланізацыя К.а. Паводле рас.-яп. дагавора 1855 в-аў Ітуруп і інш. астравы на Пд ад яго адыходзілі да Японіі, астатнія К.а. прызнаваліся ўладаннем Расіі. У 1875 у абмен на прызнанне Японіяй рас. суверэнітэту над в-вам Сахалін Расія перадала ёй сваю частку К.а., якія да 1945 знаходзіліся пад яп. кіраваннем. У час 2-й сусв. вайны ў адпаведнасці з рашэннем Крымскай канферэнцыі 1945 (апубл. ў лют. 1946) К.а. перададзены СССР і заняты сав. войскамі ў час Курыльскай дэсантнай аперацыі 1945; яп. насельніцтва з іх было эвакуіравана і заменена рас. перасяленцамі. З 1947 астравы ў складзе Сахалінскай вобл. Расіі. Японія не пагадзілася з перадачай Сав. Саюзу паўд. К.а. (Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан, града Хабамаі) і да гэтага часу выказвае свае правы на іх, што стала прычынай нязгоды Японіі падпісаць Дагавор аб міры з СССР, а з 1991 з Расіяй як яго правапераемніцай.

Літ.:

Бондаренко О.Я. Неизвестные Курилы: Серьезные размышления о статусе Курильских островов. М., 1992;

Высоков М.С. История Сахалина и Курил в самом кратком изложении. Южно-Сахалинск, 1994.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка); М.​Г.​Нікіцін (гісторыя).

т. 9, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМІ́БІЯ (Namibia),

Рэспубліка Намібія (Republic of Namibia), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Анголай і Замбіяй, на У з Батсванай, на ПдУ і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР); на З абмываецца водамі Атлантычнага ак. Пл. 824,3 тыс. км². Нас. 1648,3 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока ўжываюцца таксама афрыканс і нямецкая. Сталіца — г. Віндхук. Краіна падзяляецца на 13 адм. рэгіёнаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 сак.).

Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны парламент, які складаецца з Нац. асамблеі (72 дэпутаты выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў) і Нац. савета (26 прадстаўнікоў рэгіёнаў, што выбіраюцца на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду.

Прырода. Большая частка тэр. Н. — пласкагор’е выш. 1300—1500 м на З і 900—1100 м на У. Найб. выш. 2600 м (г. Брандберг). Пласкагор’е спадзіста паніжаецца на У да паўпустыні Калахары, на З уступам абрываецца ў бок прыбярэжнай раўніны — пустыні Наміб. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, поліметалічныя, медныя, алавяныя, вальфрамавыя, рэдкаметал. руды, сера, прыродны газ і інш. Клімат трапічны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (студз.) ад 18 °C на беразе акіяна да 27 °C ва ўнутр. раёнах, самага халоднага (ліп.) ад 12 °C на Пд да 16 °C на Пн. Ападкаў ад 10—50 мм за год на ўзбярэжжы, да 500—700 мм на ПнУ. Гал. рэкі на Пн — Акаванга, Кунене, на Пд — Аранжавая, астатнія — часовыя вадатокі. На Пн краіны перасыхаючае воз. Этоша. Пераважаюць пустынныя трапічныя глебы і чырванавата-бурыя глебы саваннаў. Расліннасць у пустыні Наміб сукулентная, на пласкагор’і злакава-хмызняковая і хмызняковая, у больш высокіх раёнах паўпустыні і апустыненыя саванны. У складзе жывёльнага свету горных раёнаў і на У эндэмічныя грызуны (даўганос, капскі сляпыш), асобныя віды зайцоў, трубказуб; шматлікія яшчаркі, змеі і інш. Воды акіяна каля берагоў Н. багатыя прамысл. рыбай (сардзінела, макрэль, анчоўс), марскімі ракамі (амары, лангусты), ёсць цюлені. Нац. паркі: Этоша, Наміб, Бераг Шкілетаў, Ноўклуфберге.

Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да групы зах. банту: авамба (810 тыс. чал.), каванга (146 тыс. чал.), герэра (114 тыс. чал.) і інш. Жывуць горныя дамара (114 тыс. чал.), гатэнтоты, бушмены (сан). Нас. еўрап. паходжання (100 тыс. чал.) складаецца з афрыканераў, немцаў, англічан. Каля 80% вернікаў хрысціяне (пераважна пратэстанты), астатнія прытрымліваюцца мясц. традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 2 чал. на 1 км². У пустыні Наміб і паўпустыні Калахары вял. тэрыторыі не маюць пастаяннага насельніцтва. Гар. насельніцтва каля 37%. Найб. гарады: Віндхук (190 тыс. ж., 1995), Людэрыц, Уолфіш-Бей, Цумеб. У сельскай гаспадарцы занята 49%, у прам-сці і гандлі — 25% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя. Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэр. Н., адносяцца да 2-га тыс. да н.э. Стараж. насельніцтва Н. — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У 16 ст. сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.). У канцы 15 ст. ўзбярэжжа Н. адкрылі партуг. мараплаўцы. У 1878 Вялікабрытанія анексіравала раён бухты Уолфіш-Бей. У 1884 Германія ўсталявала пратэктарат над-раёнам Ангра-Пекена, потым над б.ч. тэр. Н., якая стала герм. калоніяй «Германская Паўд.-Зах. Афрыка» (ПЗА). У адказ на прыгнёт герм. улад герэра на чале з С.​Магарэра і нама на чале з Х.​Вітбоем узнялі ў 1904—07 паўстанне, якое было жорстка задушана герм. войскамі. У 1915 Н. акупіравана Паўд.-Афр. Саюзам (ПАС; з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 урад ПАР анексіраваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Н. на самавызначэнне. З 1966 узбр. барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арг-цый Дэмакр. альянс Турнхале. Пад націскам ААН і сусв. супольнасці ўлады ПАР правялі ў ліст. 1989 выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАЛО. У студз. 1990 Нуёма выбраны прэзідэнтам Н. 21.3.1990 абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Н. імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этн. і сац. канфліктаў. Н. — чл. ААН (з 1990). Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нар. арг-цыя за вызваленне Паўд.-Зах. Афрыкі, Дэмакр. альянс Турнхале.

Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва ў 1997 склаў 1,9 тыс. дол. ЗША. На долю здабыўной прам-сці прыпадае каля 25% ВУП. Здабыча і экспарт карысных выкапняў пад кантролем паўд.-афр., англа-амер. і ням. капіталу. Н. займае 6-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (1,3 млн. каратаў, 1997), пераважна ювелірных; іх здабыча вядзецца ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. ад г. Людэрыц да вусця р. Аранжавая. Здабыча вокісу урану (у раёне Свакапмунда), медзі, свінцу, волава, цынку, ванадыю, серабра, кадмію, берылію, літыю, вальфраму, марганцу. На базе руд каляровых металаў у г. Цумеб працуюць з-ды медзеплавільны, па выплаўцы і рафінаванні свінцу, цынку, волава і інш. У 1994 атрымана (тыс. т) вокісу урану — 1,7, свінцу — 24, волава — 1, серабра — 0,09. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 1 млрд. кВтгадз. Буйныя ЦЭС у гарадах Віндхук, Цумеб, Уолфіш-Бей; Рваканская ГЭС на р. Кунене. Апрацоўчая прам-сць развіта слаба. Працуюць прадпрыемствы па зборцы машын і абсталявання, суднарамонце (Віндхук, Уолфіш-Бей), дрэваапр. прам-сці, у т. л. мэблевыя, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (малочныя, мясакансервавыя, мукамольныя), па перапрацоўцы рыбы, амараў, цюленяў, малюскаў, гарбарныя, буд. матэрыялаў і інш. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 8% ВУП, пераважае жывёлагадоўля. Характэрна наяўнасць буйных таварных фермерскіх гаспадарак, якія належаць еўрапейцам, і адсталых натуральных гаспадарак афрыканцаў. Асн. значэнне мае гадоўля каракульных авечак (адно з першых месцаў у свеце па пастаўках аўчын). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): авечак — 2,43, буйн. раг. жывёлы — 2,06, коз (пераважна ангорскіх) — 1,82, птушкі — 2,4. Земляробства мае дапаможнае значэнне. Пад ворнымі землямі каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць проса, кукурузу, сорга, пшаніцу, агародніну, бахчавыя культуры. Улоў рыбы ў 1996—267 тыс. т. Даход краіны ад турызму каля 210 млн. дол. штогод. Даўж. гравійных дарог 37,3 тыс. км, асфальтавых 4,5 тыс. км, чыгунак 2,4 тыс. км. Марскія парты — Уолфіш-Бей і Людэрыц. 11 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля г. Віндхук. У 1996 экспарт склаў 1,45 млрд., імпарт — 1,55 млрд. дол. ЗША. Н. вывозіць мінер. сыравіну (30% алмазы), рыбапрадукты (18,5%), аўчыны (8,1%), мясапрадукты (7%) і інш. Імпартуе маш.-буд. і хім. прадукцыю, спажывецкія і харч. тавары. Гал. гандл. партнёры: ПАР (27% экспарту і 85% імпарту), Вялікабрытанія, Германія, Японія. Грашовая адзінка — намібійскі долар.

Літ.:

Балезин АС., Притворов А.В., Слипченко С.А. История Намибии в новое и новейшее время. М., 1993.

В.​І.​Сініца (гісторыя), Л.​В.​Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Намібіі.
Да арт. Намібія. Ландшафт у пустыні Наміб.

т. 11, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯ́СЦІЦКІЯ БАІ́ 1812.

Адбыліся 30 ліп. — 1 жн. каля в. Клясціцы і на шляху Полацк—Себеж (цяпер тэр. Расонскага і Полацкага р-наў) паміж рус. 1-м пях. корпусам П.​Х.​Вітгенштэйна (каля 23 тыс. чал., 108 гармат) і франц. 2-м корпусам Ш.​Удзіно (37—40 тыс. чал., 114 гармат) у вайну 1812. Авангард Удзіно 20 ліп. пачаў пераправу цераз Зах. Дзвіну каля г. Дзісна. Вітгенштэйн, корпус якога размяшчаўся на правым беразе, абмежаваўся партыз. дзеяннямі атрада Я.​П.​Кульнева на левым беразе і 26 ліп. адвёў свае гал. сілы да Росіцы. Войскі Удзіно 26 ліп. занялі Полацк і працягвалі наступленне на Себеж; 30 ліп. іх перадавыя часці дасягнулі в. Клясціцы. Вітгенштэйн, разумеючы, што гэтым яму будзе адрэзана магчымасць адыходу на Пскоў і Пецярбург, вырашыў прарвацца да себежскага шляху. Ён сканцэнтраваў свае войскі на р. Свольна каля в. Кацярынава (цяпер Марачкова) і высунуў уперад па дарозе на Клясціцы авангард пад камандаваннем Кульнева. 30 ліп. пасты абодвух бакоў сустрэліся на лясной дарозе на З ад в. Якубова, і пачаліся авангардныя баі. Атакі дывізіі ген. К.​Ж.​Леграна былі адбіты. Увечары на дапамогу рус. авангарду прыбыў Вітгенштэйн з егерскай брыгадай Фралова і павёў атаку на левы фланг французаў. На дапамогу Леграну падышла 8-я пях. дывізія ген. Ж.​А.​Вердзье, якая нанесла беспаспяховы ўдар па цэнтры рус. войск. За ноч Вітгенштэйн сцягнуў да Якубова ўсе свае сілы, апрача кав. рэзерву, і дасягнуў прыкладнай колькаснай роўнасці з французамі. На світанні 31 ліп. французы адбілі ўдар па ключавым пункце сваёй пазіцыі, атакавалі цэнтр і левы фланг Вітгенштэйна, аднак былі спынены артыл. агнём. Вітгенштэйн атакаваў французаў і прымусіў Удзіно адступаць у бок Клясціц. Контратака рэзерву Удзіно забяспечыла бесперашкодны адыход яго 2-га корпуса на левы бераг р. Нішча, войскі пачалі адступаць на рубеж р. Дрыса. Рус. войскі занялі Клясціцы, а авангард Кульнева пачаў праследаваць французаў. Пад вечар французы перайшлі Дрысу і сталі лагерам у раёне в. Белае (цяпер Азіна). Кульнеў таксама пераправіўся цераз Дрысу і размясціў свой атрад на Пд ад в. Сівошына. Група франц. войск пад камандаваннем Леграна ў ноч на 1 жн. скрытна падышла да размяшчэння рускіх і раптоўным кав. і штыкавым ударам адкінула іх. Рус. авангард быў амаль цалкам знішчаны, некалькі соцень чалавек узяты ў палон; Кульнеў смяротна паранены. З раніцы дывізія Вердзье працягвала праследаваць рэшткі атрада Кульнева. Вітгенштэйн заняў моцную пазіцыю каля в. Галоўчыцы паміж лесам і р. Нішча, абышоў флангі і ўдарыў па цэнтры французаў. Вердзье адступіў у бок Сівошына. 2 жн. Удзіно пачаў адвод сваіх часцей да Полацка. За тры дні баёў страты з абодвух бакоў склалі па 4—5 тыс. чал. К.б. былі першай у ходзе вайны перамогай рус. войск над большымі сіламі праціўніка. У выніку гэтых баёў французы перайшлі да абароны на ўсім паўн. стратэгічным флангу, пагроза для камунікацый Вітгенштэйна была ліквідавана.

Літ.:

Гл. да арт. Вайна 1812.

В.​В.​Антонаў.

т. 8, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРО́ЎКА ў архітэктуры,

размяшчэнне камянёў, каменных блокаў, цэглы ў пэўнай сістэме, якая выяўляецца малюнкам швоў па паверхні сцяны. Удасканальванне тэхнікі М., выкарыстанне розных тыпаў цэглы, сістэма злучэння цаглін паміж сабой адлюстроўваюць узровень развіцця буд-ва і даюць магчымасць стварыць дакладную шкалу для датавання помніка архітэктуры. Малюнак М. неатынкаваных фасадаў з’яўляецца асн. фактарам паліхроміі ў манум. дойлідстве. Для арх.-буд. практыкі пэўнай эпохі і рэгіёна ўласцівы асобныя сістэмы М.

Вядома са старажытнасці. На Беларусі існавалі мяшаная (з камянёў і цэглы), цагляная і каменная М. Першае збудаванне ў тэхніцы мяшанай М. (опус мікстум) — Полацкі Сафійскі саборст.). Пластыку фасадаў узбагачалі чаргаванне радоў камянёў са слаямі плінфы, якая звязвала канструкцыю М. (тэхніка са «схаваным радам»). Для Полацкай школы дойлідства (12 ст.) характэрна таксама М. са «схаваным радам», якая ўтварала 2-колерную гаму паверхні сцяны. У тэхніцы каменнай М. (опус інсертум) будавалася Мінская замкавая царква (12 ст.). Яе сцены ў сярэдзіне выкладвалі камянямі, а вонкавую паверхню абкладалі невял. прамавугольнымі блокамі вапняку. У тэхніцы дэкар. мяшанай М. пабудавана Віцебская Благавешчанская царква (12 ст.). Яе сцены мелі радавую М.: 1 рад ачасанага вапняку, 2 рады плінфы і г.д. Для Гродзенскай школы дойлідства (12 ст.) характэрна дэкар. раўнарадавая М., калі акрамя плінфы вонкавую паверхню сцен аздаблялі рознакаляровыя шліфаваныя камяні, паліваныя пліткі, з якіх выкладваліся розныя крыжападобныя фігуры. У інтэр’еры сцены мелі роўную паверхню з плінфы, на іх фоне вылучаліся круглыя гарлавіны галаснікоў. У 13—17 ст. ужывалася лусковая М., калі з цэглы ці спецыяльна падабраных камянёў выкладвалі вонкавыя паверхні сцен, а прамежкі паміж імі забутоўвалі кавалкамі цэглы і дробным каменнем (Камянецкая вежа, Гальшанскі палац). Для 2-й пал. 13 — сярэдзіны 14 ст. характэрна цагляная балтыйская М. з чаргаваннем 2—3 рубаў і старчака цэглы (Крэўскі замак). У 1-й пал. 14 ст. існавала каменная М. (гранд апарайль; Лідскі замак). У 16—17 ст. практыкавалі 2 тыпы мяшанай М.: чаргаванне суцэльных радоў камянёў і цэглы і хаатычна раскіданыя валуны па складзенай з цэглы паверхні (Гродзенскі Стары замак, замак у г.п. Мір, гл. Мірскі замкава-паркавы комплекс). З сярэдзіны 14 ст. да сярэдзіны 16 ст. пераважала цагляная гатычная М. з чаргаваннем у радзе старчака і руба (Сынковіцкая царква-крэпасць). З 15 ст. пашырылася дэкар. гатычная М., дзе выкарыстоўвалася перапаленая цэгла-клінкер (цёмна-сіняга, амаль чорнага колеру), з якой выкладвалі розныя ўзоры, найчасцей у выглядзе рамбічнай сеткі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая М. (чаргаванне радоў з старчакоў і рубаў цэглы). У 16—17 ст. ужываўся крыжовы варыянт рэнесансавай М., калі швы стыкаў рубаў знаходзіліся адзін над адным у кожным 5-м радзе цэглы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У 17—18 ст. вядома і галандская М., у якой рады з старчакоў чаргаваліся з радамі, дзе старчак чаргаваўся з рубам (Мсціслаўскі езуіцкі калегіум). У фартыфікацыйным буд-ве 16—18 ст. выкарыстоўвалася старчаковая М. (Мураванкаўская царква-крэпасць). З 2-й пал. 16 ст. фасады будынкаў атынкоўваліся, што прывяло ў 17 ст. да адраджэння раўнарадавай М. (збудаванні Магілёўскай арх. школы).

У 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры стыляў рамантызму, несапраўднай готыкі, мадэрн і інш. выкарыстоўвалі розныя тыпы М., але часцей гатычную. Для архітэктуры невял. капліц, касцёлаў, цэркваў, мураваных агароджаў гасп. пабудоў 19—20 ст. характэрна т.зв. разынкавая М., калі вял. камяні абмазваліся вапнай і ў яе ўтыкаліся дробныя каменьчыкі, здалёк падобныя на разынкі; часам з іх выкладвалі розныя ўзоры. У сучаснай архітэктуры практыкуецца мяшаная, цагляная і каменная М. з выкарыстаннем прыродных і штучных (бетонныя блокі, керамічныя пліты, абліцовачная цэгла) матэрыялаў. Дэкар. эфект М. дасягаецца сістэмай перавязкі цаглін паміж сабой, камбінацыяй колераў і фактуры цэглы.

Літ.:

Пазняк Р. Беларускі каменны арнамент // Маладосць. 1968. № 12;

Трусов О.А. Основные типы кладки XI—XII вв. на территории Белоруссии // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983;

Яго ж. Старонкі мураванай кнігі. Мн., 1990.

А.​А.​Трусаў.

Муроўка: 1 — опус мікстум; 2 — лускаватая; 3 — опус інсертум; 4 — балтыйская; 5 — са «схаваным радам»; 6 — гранд апарайль; 7 — дэкаратыўная мяшаная; 8, 10 — мяшаныя; 9 — дэкаратыўная раўнарадавая; 11 — раўнарадавая; 12 — гатычная; 13 — рэнесансавая; 14 — крыжовая; 15 — старчаковая; 17 — дэкаратыўная гатычная; 18 — разынкавая.

т. 11, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НСКІ РАЁН,

на ПнУ Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,2 тыс. км². Нас. 38,5 тыс. чал. (1995), гарадскога 41,3%. Сярэдняя шчыльн. 32 чал/км². Цэнтр — г. Ашмяны; 375 сельскіх населеных пунктаў. 11 сельсаветаў: Барунскі, Гальшанскі, Граўжышкаўскі, Гродзінскі, Жупранскі, Кальчунскі, Каменналогскі, Крайванцаўскі, Муравана-Ашмянкаўскі, Навасёлкаўскі, Семярніцкі.

Раён размешчаны ў межах Ашмянскага узвышша. Пераважаюць выш. 220—250 м над узр. м., найвыш. пункт 311 м (каля в. Цюпішкі). Карысныя выкапні: торф, гліна, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 17,1 °C. Ападкаў 605 мм за год. Вегетац. перыяд 190 сут. Рэкі: Ашмянка, Альшанка, Клява. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Пад лясамі 34,5% тэрыторыі, пераважаюць хвойныя пароды, растуць бяроза, асіна, вольха, дуб. Агульная пл. балотаў 7,3 тыс. га (часткова асушаны).

На 1.1.1996 агульная пл. с.-г. Угоддзяў 65,7 тыс. га, з іх асушана 8,4 тыс. га. У раёне 11 калгасаў і 1 саўгас. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — ільнаводства, малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, рапс, гародніну. Развіта харч. (сыраробная, крухмальная, мясная, малочная — сухое абястлушчанае малако) прам-сць, металаапрацоўка (дакладнае ліццё і інструментальная вытв-сць), прыладабудаванне (радыётэхніка), лёгкая (тэкст. — ільновалакно, абутковая), камбікормавая і дражджавая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, жвіра-пясчаная сумесь), торфабрыкету. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Мінск—Вільнюс, аўтадарогі Мінск—Вільнюс і Астравец—Гродна. У раёне сельгастэхнікум, ПТВ, 14 сярэдніх, 13 базавых, 11 пач. і 1 спец., дзіцячая спарт. школы, 19 дашкольных устаноў, 6 бальнічных устаноў. Санаторый «Ашмяны», дзіцячы аздараўленчы лагер «Дружба». Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.​Багушэвіча і філіял Нац. мастацкага музея Беларусі ў в. Гальшаны. Помнікі архітэктуры: манастыр базыльянаў (18 ст.) у в. Баруны, кляштар францысканцаў (17 ст.) і руіны замка (канец 16 — пач. 17 ст.) у в. Гальшаны, царква (19 ст.) у в. Гароднікі, Георгіеўскі касцёл (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Граўжышкі, Петрапаўлаўскі касцёл (19 ст.) у в. Жупраны, сядзіба (19 ст.) у в. Мікалаеўшчына, будынак друкарні (канец 18 — пач. 19 ст.) і касцёл Дзевы Марыі (канец 16 ст.) у в. Мураваная Ашмянка. Выдаецца газ. «Ашмянскі веснік».

С.​І.​Сідор.

т. 2, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́НЫЯ АРА́БСКІЯ ЭМІРА́ТЫ (ААЭ),

Імарат аль-Арабія аль-Мутахіда, дзяржава на Блізкім Усходзе. Займае паўд.-ўсх. ч. Аравійскага п-ва, абмываецца водамі Персідскага і Аманскага заліваў. Федэрацыя з 7 эміратаў: Абу-Дабі, Дубай (Дыбай), Аджман, Ум-эль-Кайвайн, Рас-эль-Хайма, Эль-Фуджайра, Шарджа. Пл. 83,6 тыс. км². Нас. 1,86 млн. чал. (1992). Афіц. мова арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г. Абу-Дабі. Нац. свята — Дзень утварэння федэрацыі (2 снеж.).

Дзяржаўны лад. ААЭ — федэратыўная дзяржава. Кожны эмірат, які ўваходзіць у яе, — абсалютная манархія і мае значную самастойнасць. Паводле Часовай Канстытуцыі 1971 вышэйшы орган дзярж. улады — Вышэйшы Савет з правіцеляў эміратаў, які са свайго складу выбірае прэзідэнта тэрмінам на 5 гадоў. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае прэзідэнт. Функцыі дарадчага органа выконвае Федэральны нац. сход (40 чал.), куды ўваходзяць прадстаўнікі ўплывовых плямёнаў, дзелавых колаў і інтэлігенцыі.

Прырода. Большая ч. тэр. — пустынная раўніна, на Пд і ПдЗ пераходзіць у пустыню Руб-эль-Халі, на У — адгор’і Аманскіх гор (выш. да 1127 м). Узбярэжжа Персідскага заліва нізіннае, шмат дробных астравоў. Асн. карысныя выкапні — нафта (запасы 13,3 млрд. т) і прыродны газ (5,8 трлн. м³), пераважна ў эміратах Абу-Дабі і Дубай. Знойдзены таксама каменны вугаль, жал. руда, храміты, руды нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны, сухі. Т-ра паветра ў студз. каля 20 °C, у ліп. 30—35 °C (макс. да 50 °C), ападкаў на раўнінах 100—150 мм за год, у гарах 300—400 мм (макс. зімой). Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Раслінны і жывёльны свет бедны. На раўніне рэдкія аазісы з вінаграднікамі, фінікавымі пальмамі, акацыямі, тамарыскамі. У гарах расліннасць тыпу саваннаў. Сярод жывёл — газелі, зайцы, яшчаркі. У прыбярэжных водах тунец, макрэль, стаўрыда, сардзіны, селядцы; водмелі багатыя жэмчугам.

Насельніцтва. За апошнія 30 гадоў насельніцтва павялічылася прыкладна ў 30 разоў, пераважна за кошт іміграцыі. Больш за палавіну насельніцтва складаюць арабы — мясц. ўраджэнцы, выхадцы з Егіпта, Сірыі, Йемена і інш. араб. краін. Жывуць індыйцы і пакістанцы (разам 600 тыс. чал.), іранцы (200 тыс. чал.), еўрапейцы (25 тыс. чал.). Асн. ч. насельніцтва ў эміратах Абу-Дабі і Дубай. Гар. насельніцтва 84% (1986). Буйнейшыя гарады (1985): Абу-Дабі, Дубай (330 тыс. ж.), Эль-Айн (150 тыс. ж.), Шарджа (120 тыс. ж.).

Гісторыя. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н. э. тэр. ААЭ была заселена семіцкімі плямёнамі, якія стварылі тут найб. стараж. ў Аравіі матэрыяльную культуру. У 3-м — пач. 1-га тыс. да н.э. гэтая тэр. ў складзе дзяржавы Дыльмун. Тут жылі семіцкія плямёны халдзеяў, узніклі першыя паселішчы фінікійцаў. У канцы 1-га тыс. да н. э. з паўд. і паўд.-ўсх. Аравіі на ўзбярэжжа Персідскага заліва прасунуліся араб. плямёны. На тэр. сучасных ААЭ (наз. Ас-Сір) імі засн. адна з першых араб. дзяржаў Харакен. Пазней яна распалася на дробныя княствы, якія ў 4—6 ст. трапілі ў залежнасць ад дзяржавы Сасанідаў, у 7—11 ст. уваходзілі ў склад Арабскага халіфата (гл. Халіфат), пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 11—15 ст. княствы і султанаты Ас-Сіра ўваходзілі ў бахрэйнскую дзяржаву карматаў, Багдадскі халіфат, Аман, Армуз, Маскат, Асманскую імперыю. У 16 ст. пачалася каланізацыя Ас-Сіра партугальцамі, потым англічанамі і галандцамі. У выніку барацьбы пазіцыі англічан узмацняліся, у 1819 яны атрымалі перамогу над мясц. араб. насельніцтвам, якое называлі піратамі, а тэр. княстваў адпаведна Пірацкім берагам. У 1853 паміж Вялікабрытаніяй і правіцелямі дробных эміратаў падпісаны «Дагавор аб вечным міры», паводле якога Пірацкі бераг атрымаў назву Аман Дагаворны (АД). У канцы 19 ст. Вялікабрытанія ўстанавіла над ім свой пратэктарат, які дзейнічаў да канца 2-й сусв. вайны. У выніку нац.-вызв. руху, а таксама націску амер. нафтавых кампаній брыт. панаванне аслабла. У канцы 1960-х г. брыт. ўрад прыняў рашэнне аб вывадзе сваіх узбр. сіл з раёна Персідскага заліва (завершаны ў 1971). 2.12.1971 6 эміратаў АД (Абу-Дабі, Дубай, Шарджа, Аджман, Эль-Фуджайра, Ум-эль-Кайвайн) абвясцілі пра стварэнне федэратыўнай дзяржавы — ААЭ; у лют. 1972 да іх далучыўся эмірат Рас-эль-Хайма. Дзейнасць паліт. партый і арг-цый забаронена. ААЭ — чл. ААН, ОПЕК, Лігі арабскіх краін, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш. Дыпламат. зносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 20.10.1992.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — нафтагазавая прам-сць. У 1993 здабыта 108 млн. т нафты, 26 млрд. м³ газу, у т. л. ў Абу-Дабі адпаведна 89 млн. т і 20 млрд. м³. Нафтаперапр. з-ды ва Ум-ан-Нары і Рувейсе, газаперапрацоўчыя ў Рувейсе, Джэбель-Алі, на в-ве Дас, у Шарджы (выпрацавана 17 млрд. кВтгадз эл. энергіі; 1991); алюмініевы з у Джэбель-Алі (156 тыс. т алюмінію ў год); працуе 9 цэментных з-даў (3,1 млн. т у 1990), з па вытв-сці азотных угнаенняў (228 тыс. т; 1990/91), буйнейшы ў свеце сухі док для рамонту супертанкераў у Дубаі. Развіты (пераважна ў Дубаі і Шарджы) саматужныя промыслы: выраб дываноў, шарсцяных тканін, залатых і сярэбраных упрыгожанняў. Для вырошчвання с.-г. культур прыдатныя толькі 0,5% тэрыторыі. Пашы і лугі займаюць 2,4%. Крыху лепшыя ўмовы для сельскай гаспадаркі ў горных раёнах эміратаў Эль-Фуджайра і Расэль-Хайма. Пашыраецца аазіснае земляробства са штучным арашэннем (вырошчваюць агародніну, фінікі, вінаград, манга, збожжавыя і інш.). Буйной раг. жывёлы 53 тыс. галоў (1991), авечак 270 тыс. галоў. Гадоўля вярблюдаў, птушкагадоўля, рыбалоўства (95 тыс. т; 1991), здабыча жэмчугу. Забяспечваюць сябе малаком, яйкамі і інш. прадуктамі харчавання. Асн. транспарт — аўтамабільны. Знешнегандл. сувязі забяспечвае пераважна марскі транспарт. Порты Джэбель-Алі і Рашыд у эміраце Дубай, Зейд у Абу-Дабі і Эль-Фуджайра. Міжнар. аэрапорты ў Абу-Дабі, Дубаі, Шарджы, Рас-эль-Хайме, Эль-Айне, Эль-Фуджайры. Рэгулярныя і чартэрныя рэйсы звязваюць ААЭ з многімі краінамі свету, у т. л. з Беларуссю. Свабодная эканам. зона ў аэрапорце Джэбель-Алі (эмірат Дубай). Горад Дубай — цэнтр рээкспарту і турызму. ААЭ — буйны фінансавы цэнтр Б.​Усходу. Агульныя дэпазіты 63 дзеючых у краіне камерц. банкаў на пач. 1992 склалі 43 млрд. дол. ЗША. Праз ААЭ (асабліва эмірат Дубай) штогод праходзіць да 170 т золата, з якіх прыкладна 40 т застаецца ў эміратах. ААЭ вывозіць нафту і нафтапрадукты (18,4 млрд. дол. ЗША; 1991), звадкаваны газ, алюміній, цэмент, рыбу, фінікі, жэмчуг. Увозяць машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, быт. тэхніку, гатовыя вырабы, харч. прадукты. Гандаль вядзецца ў асн. з Японіяй, ЗША, зах.-еўрап. і араб. краінамі. Дзякуючы паскоранаму развіццю нафтагазавай прам-сці і прыбыткам ад яе ў эміратах дасягнуты высокія тэмпы эканам. росту, забяспечаны адзін з самых высокіх сярэдніх гадавых даходаў у свеце ў разліку на душу насельніцтва, створаны сучасныя гарады і інфраструктура. ААЭ аказваюць значную фінансавую дапамогу краінам, якія развіваюцца. Грашовая адзінка — федэральны дырхам.

Літ.:

Абдалла Я.Ю. Объединенные Арабские Эмираты. М., 1978;

Географический справочник: новые цифры, факты, названия. М., 1993;

Исаев В.А., Озолинг В.В. Катар;

Объединенные Арабские Эмираты. М., 1984;

Клековский Р.В., Луцкевич В.А. Объединенные Арабские Эмираты. М., 1979;

Information please: Almanac, 1995. Boston;

New Jork, 1995.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя).

Герб і сцяг Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. У цэнтральнай частцы г. Дубай.

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЕ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

выраб літых загатовак або дэталей (фасонных адлівак) спосабам запаўнення расплаўленым металам (сплавам) ліцейных форм; адна з асн. галін металургіі і машынабудавання. Уключае: прыгатаванне фармовачных сумесей і стрыжнёвых сумесей, выраб ліцейных мадэлей, форм і стрыжняў, плаўку металу і заліўку яго ў формы, выдаленне зацвярдзелых адлівак, іх ачыстку і абрубку. Рознымі спосабамі ліцця вырабляецца большасць прадукцыі машынабудавання з сталі, чыгуну і каляровых сплаваў.

Ліцейныя стрыжні і формы робяць на стрыжнёвых і фармовачных машынах, на паточных або аўтам. лініях з выкарыстаннем пескадуўных машын, пескастрэльных машын і інш. Зборка ліцейных форм (устаноўка стрыжняў, літніковай сістэмы, злучэнне верхніх і ніжніх апок) робіцца ўзгоднена з плаўленнем металу ў вагранках, полымных печах, дугавых і індукцыйных электрапечах і інш. Пасля заліўкі і зацвярдзення металу адліўкі (а таксама стрыжні з поласцей адлівак) выбіваюць, вызваляюць ад літніковай сістэмы, ачышчаюць ад прыгарэлых фармовачных сумесей і перадаюць на фарбаванне або тэрмічную апрацоўку (для паляпшэння мех. уласцівасцей). Для ачысткі адлівак выкарыстоўваюцца шротакідальныя, шротаструменныя, пескагідраўлічныя, электрахім. і электрагідраўлічныя ўстаноўкі, спец. прэсы і інш. Л. в. аснашчаецца ліцейнымі аўтаматамі, канвеерамі, аўтам. лініямі, электроннымі прыладамі і сістэмамі кіравання.

Вытв-сць літых вырабаў вядома з глыбокай старажытнасці. Прадметы рэліг. культу, хатняга ўжытку, зброю пачалі выплаўляць (пераважна з бронзы) у 4—3-м тыс. да н. э. ў краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі, на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н. э. ў Еўропе (гл. Бронзавы век). У 13—14 ст. адлітымі вырабамі славіліся Візантыя, Венецыя, Генуя, Фларэнцыя. У 12—13 ст. складаныя адліўкі выраблялі кіеўскія ліцейшчыкі. У рус. дзяржаве ў 14—15 ст. адлівалі бронзавыя і чыгунныя гарматы, ядры і званы, у 1479 у Маскве пабудаваны першы ліцейны з. Майстар-ліцейшчык А.Чохаў адліў шэраг буйных гармат, у т. л. «Цар-пушку» (у 1586, каля 40 т). У 1735 адліты «Цар-звон» (больш за 200 т). У 1873 зроблена адна з самых вял. адлівак у свеце — шабот (ніжняя ч.) паравога молата (650 т). Адліваліся помнікі, скульптурныя групы і інш. У распрацоўку тэарэт. асноў Л. в. ўклад зрабілі вучоныя П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, А.А.Байкоў, А.А.Бочвар, М.С.Курнакоў, А.В.І.Вейнік, П.​П.​Берг, А.​М.​Ляс і інш.

На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачалася ў 1-й пал. 2-га тыс. да н. э. З 14 ст. адлівалі бронзавыя гарматы, алавяныя і бронзавыя ядры. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — Баранская кульня (майстэрня па выплаўцы куль і ядраў). Ў 16—18 ст. невял. людвісарні — «дзелалейні» існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Быхаве, Магілёве, Друі, Віцебску, Полацку і інш. гарадах, якія адлівалі гарматы для сваёй абароны. Захаваліся імёны некаторых ліцейшчыкаў-людвісараў: запрошаны ням. майстар Г.​Мольтцфельд, мясц. майстры Сцяпан і Пятро ў Нясвіжы (канец 16 — пач. 17 ст.), К.​Ганусаў у Быхаве (2-я пал. 16 ст.), быхаўскія майстры Юрка і Мікалай, якія рабілі разавыя адліўкі ў Магілёве (сярэдзіна 17 ст.). У 18 ст. артыл. гарматы адлівалі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. У 1768 А.​Тызенгаўзам пабудавана Маларыцкая металургічная мануфактура. Пазней дзейнічалі Вішнеўскі і Барысаўшчынскі металургічныя, Старынкаўскі чыгуналіцейны з-ды (гл. адпаведныя арт.), Налібоцкі металургічны камбінат, Досаўская медзеплавільная мануфактура. У 1990-я г. працуюць: Беларускі (у Жлобіне) і Магілёўскі металургічныя з-ды (гл. адпаведныя арт.), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», высокаразвітая Л.в. на трактарным, аўтамабільным, маторным, падшыпнікавым, станкабудаўнічых, с.-г. машынабудавання і інш. з-дах. Над удасканаленнем тэхналогіі Л.в. і распрацоўкай ліцейнага абсталявання працуюць ліцейнай вытворчасці Беларускі навукова-даследчы і канструктарска-тэхналагічны інстытут, Фізіка-тэхн. ін-т, Ін-т тэхналогіі металаў (г. Магілёў) Нац. АН Беларусі, кафедры Л.в. Бел. політэхн. акадэміі і Гомельскага тэхн. ун-та і інш.

Д.​М.​Кукуй, У.​М.​Сацута.

Да арт. Ліцейная вытворчасць. А — чарвячная машына для ліцця пад ціскам палімерных матэрыялаў: 1 — ліцейная форма; 2 — выраб; 3 — цыліндр з расплаўленым матэрыялам і абагравальнікамі; 4 — прывод чарвяка. Б — атрыманне адліўкі цэнтрабежным ліццём на машыне з вертыкальнай воссю: 1, 2 — ніжняя і верхняя паўформы; 3 — літніковая сістэма; 4 — стрыжань.

т. 9, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ БІ́ТВА 1941—44,

баявыя дзеянні сав. войск і сіл флоту па абароне Ленінграда ад ням. і фінл. войск і іх разгроме 10.7.1941—9.8.1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі войскі Паўн., Паўн.-Зах., Ленінградскага, Волхаўскага, Карэльскага і 2-га Прыбалтыйскага франтоў, Балтыйскі флот, Ладажская і Анежская ваен. флатыліі, якім дапамагалі жыхары Ленінграда і партызаны. Для кіравання войскамі франтоў 10.7.1941 Дзярж. к-т абароны стварыў Гал. камандаванне Паўн.-Зах. напрамку на чале з К.Я.Варашылавым, якому падпарадкаваў Паўн., Паўн.-Зах. франты, Паўн. і Балтыйскі флаты. У ліп.вер. 1941 група ням. армій «Поўнач» (4-я танк. група, 16-я і 18-я арміі) разам з фінл. войскамі (Карэльская і Паўд.-Усх. арміі) разгарнулі наступленне на Ленінград. Маючы колькасную і тэхн. перавагу над сав. войскамі (напр., па тэхніцы і ўзбраенні ў 5—6 разоў), ням. часці ў вер. 1941 прарваліся да ўзбярэжжа Фінскага заліва і Ладажскага воз., выйшлі да ўскраін Ленінграда і поўнасцю акружылі яго з сушы (з 8.9.1941 да 18.1.1943). У ходзе 30-месячнай блакады горада войскі Ленінградскага фронту (камандуючыя з 12.9.1941 Г.К.Жукаў, з 10.10.1941 І.І.Фядзюнінскі, з 26.10.1941 ген.-лейт. М.​С.​Хозін, з 9.6.1942 Л.А.Говараў), сілы Балтыйскага флоту (віцэ-адм. У.​П.​Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліі (контр-адм. В.​С.​Чарокаў) адбілі атакі праціўніка. Каля 500 тыс. ленінградцаў будавалі абарончыя рубяжы. У ліп.вер. 1941 сфарміравана 10 стралк. дывізій нар. апалчэння, 16 артыл.-кулямётных батальёнаў, 6 знішчальных палкоў, каля 200 партыз. атрадаў. Дастаўка матэрыяльных сродкаў забеспячэння горада і войск ажыццяўлялася па пракладзенай у ліст. 1941 па лёдзе Ладажскага воз. аўтамаб. дарозе, якую называлі «дарогай жыцця». Гэтым шляхам да крас. 1942 эвакуіравана ў глыб СССР больш за 500 тыс. ленінградцаў, у горад дастаўлена 361 тыс. т грузаў. Абарону Ленінграда аблегчылі контрнаступленне сав. войск пад Ціхвінам (ліст.снеж. 1941), актыўныя дзеянні Волхаўскага фронту і партызан у тыле праціўніка. 18.1.1943 войскі Ленінградскага і Волхаўскага франтоў прарвалі кальцо блакады на Пд ад Ладажскага воз. і ўтварылі калідор у 8—10 км, дзе былі пракладзены аўтамаб. дарога і чыгунка. У выніку Ленінградска-Наўгародскай наступальнай аперацыі (14.1—1.3.1944) ліквідавана пагроза Ленінграду, праціўнік адкінуты на 220—280 км. 10—20.6.1944 сав. войскі разбілі фінл. аператыўную групу «Карэльскі перашыек», 21 чэрв. — 9 жн. — групу «Алонец» і замацаваліся на сав.-фінл. мяжы. У выніку бамбардзіровак і артыл. абстрэлаў у Ленінградзе разбурана каля 14 тыс. будынкаў, у т. л. помнікі культуры, ад голаду ў выніку Ленінградскай блакады загінула ад 600. да 900 тыс. чал. Абаронцы горада стрымлівалі да 15—20% ням. узбр. сіл ад іх агульнай колькасці на сав.-герм. фронце. У баях за Ленінград вызначыліся і многія воіны-беларусы, у т. л. камандуючы эскадрай караблёў віцэ-адм. В.П.Дрозд, ген.-лейт. артылерыі У.П.Свірыдаў, Герой Сав. Саюза, снайпер Ф.А.Смалячкоў, камандзір звяна знішчальнага авіяпалка Дз.​Я.​Аскаленка, нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка У.​А.​Шыманскі, які накіраваў свой падбіты самалёт на варожую дальнабойную гармату.

Літ.:

Битва за Ленинград, 1941—1944. М., 1964;

Краснознаменный Балтийский флот в битве за Ленинград, 1941—1944 гг.: [Сб. ст.). М., 1973;

Еругин Н.П. О тех, кто выстоял: Зап. фронтовика. 2 изд. Мн., 1989;

Адамович А., Гранин Д. Блокадная книга. 5 изд. Л., 1989.

В.​А.​Юшкевіч, У.​Я.​Калаткоў.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРО́ДЫЯ (ад грэч. parōdia літар. спевы навыварат),

жанр сатырычнай літаратуры (гл. Сатыра). Заснавана на камічным перайманні стылю асобнага пісьменніка, пэўнага жанру ці літ. кірунку, што знарок скажае, акарыкатурвае тыя ці інш. рысы арыгінала з мэтай высмеяць іх. П. — своеасаблівая з дапамогай імітацыі крытыка літ., навук. ці публіцыст. прац з пункту погляду ідэйнага ці стылістычнага напаўнення твора, маст. канцэпцыі аўтара, яго паліт. ці грамадз. пазіцый. Пераймаючы жанравую форму арыгінала (вершаванага ці празаічнага твора), П., як правіла, захоўвае яго фармальныя прыкметы (стыль, кампазіцыю і інш.). Супярэчнасць, што ўзнікае паміж зместам П. і формай арыгінала, спрыяе зусім інш. сэнсаваму напаўненню, адваротнаму тлумачэнню асн. думкі арыгінала. Чым выразней пазнаецца ў П. арыгінал, тым мацнейшая яна па сваёй маст. вартасці. Вылучаюць П.: гумарыстычную, якая завастрае слабыя бакі арыгінала, але не адмаўляе іх («Паэтычныя залёты» П.​Сушко); сатырычную якая скіравана супраць арыгінала («Бойся Бога» П.​Марціновіча). Паводле зместу П. падзяляюць на сацыяльна-бытавыяЗ Уладзіміра Скарынкіна» Г.​Юрчанкі), палітычныя («Малебен» Я.​Коласа), літаратурныя («Літаратурная пародыя» Ц.​Дзеразы). Існуюць П. і ў форме перафразавання вядомага выказвання. П. выкарыстоўваюць у цырку, лялечным тэатры, на эстрадзе.

П. — адзін з найстаражытнейшых жанраў. Вядомы парадыйныя раман («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.​Рабле), памфлет (Д.​Дэфо, Дж.​Свіфт, Вальтэр і інш.), ода (А.​Сумарокаў), трагедыя («Падшчыпа» І.​Крылова). У рус. л-ры пач. 19 ст. часцей сустракалася гумарыст. П. (А.​Пушкін, І.​Дзмітрыеў, А.​Шахаўской). З сярэдзіны 19 ст. пачалося сатыр. напаўненне П. («Гісторыя аднаго горада» М.​Салтыкова-Шчадрына, «Лісты да вучонага суседа» А.​Чэхава). Сатыр. П. пісалі У.​Маякоўскі, Дз.​Бедны і інш.

У бел. л-ры элементы парадыйнага жанру сустракаюцца ў ананімнай «Прамове Мялешкі» 17 ст. Як найб. завершаны жанр П. склалася да сярэдзіны 19 ст. (ананімныя паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат»). Блізкія да сац.-быт. і паліт. П. «Калыханка» Ф.​Багушэвіча, «Янка і свабода», «Ісцінна чорнае трыо» Я.​Купалы, «Пратэст» Ядвігіна Ш. Вызначаюцца актуальнасцю пародыі К.​Крапівы (паэмы «Малітва па-беларуску», «Нібы сатыра на Нібы паэму М.​Грамыкі «Гвалт над формай»). У 1920—30-я г. П. пісалі Я.​Купала, Я.​Колас, А.​Александровіч, П.​Трус, М.​Хведаровіч. П. сустракаецца ў Р.​Барадуліна, В.​Віткі, А.​Вольскага, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча, С.​Дзяргая, Х.​Жычкі, А.​Зарыцкага, П.​Макаля, М.​Мятліцкага, М.​Скрыпкі, Я.​Таўшчэзнага і інш. У пач. 1970-х г. з’явілася ананімная паэма Ведзьмака Лысагорскага «Сказ пра Лысую гару», якая стала П. на многія перыпетыі жыцця пісьменніцкага гурту і тагачаснага літ. працэсу. Элементы парадыйнага жанру знаходзяцца ў празаічных творах М.​Адамчыка, П.​Васючэнкі, А.​Вырвіча, А.​Глобуса, у п’есах А.​Ждана, С.​Кавалёва, А.​Петрашкевіча і інш. Існуе П. на прамову, рэпартаж, некат. дэтэктыўныя, паэт., празаічныя і драм. творы, крытычныя працы і інш.

Публ.: Барадулін Р. Дойны конь. Мн., 1965; Юрчанка Г. Немеладычныя мелодыі. Мн., 1974; Яго ж. Парнаскія ўхабы. Мн., 1979; Скрыпка М. І з перцам і з сэрцам. Мн., 1977; Вітка В. Для дома, для альбома і трохі для эпохі. Мн., 1983; Адамчык М. Забойства на Каляды: Аповесць. Апавяданні. Мн., 1994; Глобус А. Новы дамавікамерон. Мн., 1998; Васючэнка П., Вырвіч А. Прыгоды аднаго губашлёпа. Мн., 1999.

Літ.:

Борев Ю.Б. Комическое... М., 1970.

Л.​М.​Гарэлік.

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)