ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ІНФАРМА́ТЫКА,

кірунак у гістарычнай навуцы, у аснове якога ляжаць фармалізацыя і камп’ютэрная апрацоўка гіст. крыніц, распрацоўка і выкананне новых інфарм. тэхналогій гіст. даследавання, стварэнне камп’ютэрных праграм навучання па гісторыі. З’яўленне гістарычнай інфарматыкі ў 2-й пал. 20 ст. звязана з інтэнсіфікацыяй і ўзаемапранікненнем навук. дысцыплін, у выніку чаго ў іх сумежных галінах узнікаюць новыя навук. кірункі. Найважнейшае ў гэтым працэсе — выкарыстанне колькасных ці матэм. метадаў (шматмернага статыстычнага аналізу, кантэнт-аналізу, мадэліравання і інш.) у розных галінах навук. ведаў, у т. л. ў гісторыі. У сав. квантытатыўнай гісторыі (кліяметрыі) быў выпрацаваны збалансаваны падыход да гэтых метадаў — іх выкарыстанне ў спалучэнні з традыц. метадамі. Патрэбы гіст. крыніцазнаўства і развіццё кліяметрыі абумовілі істотнае пранікненне камп’ютэрных тэхналогій у гіст. навуку. З аднаго боку, з’явілася неабходнасць у т.зв. «камп’ютэрным крыніцазнаўстве» і падрыхтоўцы спецыялістаў-гісторыкаў, здольных працаваць у гэтай галіне без пасрэднікаў, а з другога боку, у кліяметрыі акрэсліліся новыя тэндэнцыі, якія вызначылі яе выхад за ўласныя рамкі (камп’ютэрная апрацоўка ўсёй гіст. інфармацыі, закладзенай у пісьмовых і вобразных крыніцах). У выніку на стыку «камп’ютэрнага крыніцазнаўства», інфарматыкі і квантытатыўнай гісторыі ўзнікла новая міждысцыплінарная галіна, якая ў Асацыяцыі «Гісторыя і камп’ютэр» краін СНД атрымала назву «гістарычная інфарматыка» (з 1990 выдаецца інфарм. бюлетэнь). Гістарычная інфарматыка мае свой тэарэт. кампанент, уласны апарат паняццяў, базу крыніц і мадэль структуры таго прафесійнага калектыву, які бачыць у гістарычнай інфарматыцы асн. сферу сваёй дзейнасці. Практычныя задачы гістарычнай інфарматыкі: распрацоўка агульных падыходаў да выкарыстання інфарм. тэхналогій, стварэнне спецыялізаванага праграмнага забеспячэння ў гіст. даследаваннях і гіст. адукацыі, у т. л. гіст. баз і банкаў даных (ведаў), камп’ютэрных тэхналогій падачы і аналізу інфармацыі гіст. крыніц рознага характару, інфарм. сетак, мультымедыя праграм і інш. інструментальных сродкаў вывучэння і навучання гісторыі.

Літ.:

Методология истории: Учебное пособие для студентов вузов. Мн., 1996;

Историческая информатика: Уч. пособие. М., 1996.

У.​Н.​Сідарцоў.

т. 5, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ГІСТО́РЫІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1929 на базе гіст. кафедраў Інстытута беларускай культуры. Спачатку называўся Ін-там гіст. навук. У 1950-я г. ін-т стаў каардынацыйным цэнтрам рэспублікі па вывучэнні гісторыі Беларусі.

Асн. кірункі дзейнасці: археал. палявыя даследаванні помнікаў першабытнаабшчыннага ладу (каменнага, бронзавага, жал. вякоў) і сярэдневякоўя; вывучэнне, класіфікацыя і аналіз атрыманых даных, распрацоўка на іх аснове праблем ранняй гісторыі насельніцтва Беларусі; даследаванне па пісьмовых крыніцах сац.-эканам., грамадска-паліт., дзярж., нац.-культ. развіцця, замежных сувязей Беларусі; даследаванні па спец. гіст. навуках і інш. Аддзелы (1998): археалогіі каменнага і бронзавага вякоў, археалогіі жал. веку, археалогіі сярэдневяковага перыяду, археалогіі і гісторыі Полацкай зямлі, гісторыі Беларусі 13—18 ст., гісторыі Беларусі 19 — пач 20 ст., ваен. гісторыі Беларусі сав. перыяду, сац.-эканам. і паліт. гісторыі сав. перыяду, гісторыі нац.-культ. развіцця Беларусі 20 ст., нац. і міжнар. адносін, спец. гіст. навук; група гіст. навукі, цэнтр. навук. архіў Нац. АН Беларусі. Аспірантура (з 1934), савет па каардынацыі гіст. даследаванняў (з 1960), дактарантура (з 1988). У ін-це працавалі акад. АН БССР П.В.Горын, З.​Х.​Жылуновіч (Цішка Гартны), У.М.Ігнатоўскі, І.С.Краўчанка, С.Ю.Матулайціс, М.М.Нікольскі, У.М.Перцаў, У.І.Пічэта, В.​А.​Сербента, В.​К.​Шчарбакоў, А.​М.​Ясінскі, чл.-кар. Н.​В.​Каменская, І.Я.Марчанка, П.Ц.Петрыкаў, К.І.Шабуня, працуюць акад. І.​М.​Ігнаценка, М.​П.​Касцюк (з 1989 дырэктар). Ін-там падрыхтаваны і выдадзены «Гісторыя Мінска» (1967), «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 1—2, 1970—72), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1—5, 1972—75), «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1—4, 1984—87), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1994—95), 3-томная «Гісторыя сялянства Беларусі» (т. 1, 1997), 4-томная «Археалогія Беларусі» (т. 1, 1997) і інш.

Літ.:

Институт истории АН Беларуси: Краткий очерк. Мн., 1992.

М.​П.​Касцюк.

т. 7, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т НАДЗЕ́ЙНАСЦІ МАШЫ́Н Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1957 пад назвай Ін-т машыназнаўства і аўтаматызацыі АН БССР. У 1963—64 у сістэме Дзярж. к-та па машынабудаванні пры Дзяржплане СССР, у 1965—70 — у сістэме Мін-ва станкабудавання інстр. прам-сці СССР (наз. Эксперым. НДІ машыназнаўства), з 1971 — у сістэме Нац. АН Беларусі. У ін-це (1998) н.-д. цэнтр, 14 лабараторый, 3 аддзелы, цэнтр па сертыфікацыйных выпрабаваннях, КБ з доследнай вытв-сцю, аспірантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Асн. кірункі навук. дзейнасці: распрацоўка тэорыі прагназавання і метадаў павышэння надзейнасці і бяспечнасці вырабаў і вытв-сцей машынабудавання (станкоў, аўтамабіляў, трактароў, с.-г. машын), аптымізацыі іх структур і канструкцый, распрацоўка і ўкараненне новых тэхналогій забеспячэння надзейнасці, стварэнне метадаў і сродкаў паскораных выпрабаванняў і тэхн. дыягностыкі вырабаў машынабудавання. Ін-т разам з БПА заснаваў Бел. нац. камітэт па тэорыі машын і механізмаў і новы тэхн. камітэт надзейнасці машын і механізмаў у межах Міжнар. федэрацыі па тэорыі машын і механізмаў (правадз. член гэтай федэрацыі з 1995), а таксама навук. школы: стварэння метадаў прагназавання параметраў надзейнасці машын, механізмаў, механатронных сістэм; стварэння і даследаванняў новых эфектыўных метадаў і сродкаў вібрааховы і павышэння надзейнасці мех. сістэм; стварэння сістэм прыводаў машын, ацэньвання надзейнасці гідраўл. прыводаў і гідрааўтаматыкі, распрацоўкі методык паскораных выпрабаванняў гідрапрыводаў; фіз. асноў і сучасных метадаў умацавальных пакрыццяў і хім.-тэрмічнай апрацоўкі. Выдадзена 30 манаграфій; атрымана больш за 1100 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на новыя канстр. і тэхнал. распрацоўкі; распрацаваны камплект электроннай і рэнтгенаграфічнай апаратуры для фіз. даследаванняў і мікраструктурнага аналізу матэрыялаў, а таксама выпрабавальныя стэнды з мікрапрацэсарнымі дыягнастычнымі сістэмамі. Распрацоўкі ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі (1986). У Ін-це працавалі чл.-кар. АН Беларусі Н.М.Дарожкін, В.М.Трэер, І.С.Цітовіч; працуе чл.-кар. Нац. АН Беларусі А.В.Бераснеў.

А.​В.​Бераснеў, У.​Л.​Басінюк.

т. 7, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 1-ы (Міжнароднае Таварыства Рабочых),

першая масавая міжнар. арг-цыя рабочых у 2-й пал. 19 ст. Засн. 28.9.1864 у Лондане на міжнар. сходзе прадстаўнікоў рабочых Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін. Знаходзіўся пад вырашальным уплывам ідэй марксізму. К.Маркс склаў яго Устаноўчы маніфест і Статут, пазней з’яўляўся аўтарам б.ч. адозваў, цыркуляраў і рашэнняў яго кіруючых органаў. Мэтамі рабочага руху былі абвешчаны звяржэнне капіталіст. ладу і заваяванне рабочым класам улады, непасрэднай задачай — з’яднанне рабочых розных краін у сумеснай барацьбе за свае правы (8-гадзінны рабочы дзень, ахова працы жанчын, стварэнне прафсаюзаў і інш.). Вышэйшы орган — штогадовы кангрэс, паміж кангрэсамі — Ген. савет, які знаходзіўся ў Лондане (з 1872 у Нью-Йорку). Пры Ген. савеце дзейнічаў пастаянны к-т. У сваёй дзейнасці І. 1-ы апіраўся на секцыі (рабочыя арг-цыі) у многіх краінах Еўропы, а таксама ў ЗША і Аўстраліі. Сувязь з секцыямі ажыццяўлялі сакратары-карэспандэнты, якія ўваходзілі ў склад Ген. савета. К.​Маркс займаў пасаду сакратара-карэспандэнта для Германіі і некаторых інш. краін, у т. л. Расіі. Рас. секцыя засн. ў Жэневе ў 1870, яе відным дзеячам з’яўляўся ўдзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі А.Д.Трусаў. На кангрэсах І. 1-га (1866 у Жэневе, 1867 у Лазане, 1868 у Бруселі, 1869 у Базелі, 1872 у Гаазе) К.​Маркс і Ф.Энгельс вялі непрымірымую барацьбу з немарксісцкімі плынямі ў рабочым руху — пруданізмам, ласальянствам, трэд-юніянізмам, анархізмам. Франка-пруская вайна 1870—71 і задушэнне Парыжскай камуны 1871, якую І. 1-ы актыўна падтрымаў, зрабілі немагчымай яго дзейнасць у Еўропе. На Гаагскім кангрэсе (1872) было вырашана перавесці Ген. савет у Нью-Йорк (ЗША). Фактычна дзейнасць І. 1-га як масавай арг-цыі на гэтым спынілася. Фармальна распушчаны па прапанове К.​Маркса ў 1876 на міжнар. рабочай канферэнцыі ў Філадэльфіі (ЗША).

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́НКА (Віктар Антонавіч) (н. 21.7.1929, в. Сакаўшчына Валожынскага р-на Мінскай вобл),

бел. крытык і літ.-знавец, празаік. Акад. Нац. АН Беларусі (1989, чл.-кар. 1984), д-р філал. н. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1953). Настаўнічаў. З 1958 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі (у 1982—97 дырэктар). Друкуецца з 1952. Даследаваў творчасць З.​Бядулі («Пошукі і здзяйсненні», 1963), І.​Шамякіна («Іван Шамякін», 1980), гуманіст. традыцыі ў бел. л-ры («Голас чалавечнасці», 1970), працэс паскоранасці ў развіцці бел. л-ры 19—20 ст., ролю ў гэтым працэсе нац.-самабытных вытокаў і ўплываў суседніх л-р («Вытокі. Уплывы. Паскоранасць», 1975), сувязь міфа-паэт. матываў з літ. творчасцю, іх значэнне для ўмацавання нац. пачатку, традыцый народнасці ў бел. л-ры («Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры», 1981). Тэарэт. асэнсаванню крытыкі як спецыфічнай галіны літ. дзейнасці і яе развіццю на Беларусі прысвяціў кн. «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1977). Сучасны літ. працэс разглядае ў кн. «З пазіцый сучаснасці» (2-е выд. 1982). Як крытыку яму ўласціва ўвага да праблем духоўнасці л-ры, яе барацьбы за праўдзівасць адлюстравання рэчаіснасці, сац. глыбіню, грамадз. актыўнасць, гуманіст. страснасць. Працы К. вызначаюцца канцэптуальнасцю, глыбінёй і арыгінальнасцю думкі, палемічнай завостранасцю. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1, 1965), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), кн. «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (1972) і інш. У рамане «Падвышанае неба» (1975) адлюстраваў жыццё ў Зах. Беларусі напярэдадні яе ўз’яднання з БССР. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).

Тв.:

Давер. Мн., 1967;

Прага духоўнасці. Мн., 1975;

Жывое аблічча дзён. Мн., 1979;

Общность судеб и сердец: Бел. проза о Великой Отечественной войне в контексте рус. и других лит. Мн., 1985;

Покліч жыцця. Мн., 1987.

Дз.​Я.​Бугаёў.

В.А.Каваленка.

т. 7, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛГА́С, калектыўная гаспадарка,

форма арганізацыі с.-г. працы, створаная ў СССР у працэсе калектывізацыі сельскай гаспадаркі, спецыфічны тып с.-г. арцелі сялян, аб’яднаных для супольнай вытв-сці на аснове грамадскіх сродкаў і калект. працы. У БССР К. створаны ў 1929—37, на тэр. Зах. Беларусі — ў 1950-я г.

Мат.-тэхн. база першых К. складалася з абагуленых асн. сродкаў вытв-сці, якія належалі сялянам. У 1929 для тэхн. абслугоўвання былі створаны машынна-трактарныя станцыі (МТС; існавалі да 1958). Сучасныя К. — пераважна шматгаліновыя гаспадаркі, спецыялізаваныя на вытв-сці малака, мяса, лёну, бульбы, цукр. буракоў. Гаспадарку вядуць на зямлі, якая з’яўляецца дзярж. уласнасцю, але перадаецца К. на вечнае карыстанне. Члены К. на агульным сходзе ці сходзе ўпаўнаважаных прымаюць статут, у якім вызначаны аспекты вытв.-гасп. дзейнасці, правы і абавязкі калгаснікаў, а для штодзённага кіраўніцтва гаспадаркай выбіраюць праўленне і яго старшыню. Напачатку аплата працы калгаснікаў вялася натуральнымі прадуктамі ў адпаведнасці з выпрацаванымі працаднямі. З 1960-х г. асн. форма аплаты працы — грашовая, ажыццяўляюцца і натуральныя выплаты. Многія К. маюць свае прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, вытв-сці буд. матэрыялаў, швейныя майстэрні і інш. На сродкі некаторых К. пабудаваны сучасныя пасёлкі гар. тыпу, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, санаторыі, дамы і базы адпачынку. Кожны член К. мае права карыстацца зямельным надзелам (да 1 га) для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі. На 1.1.1997 у Беларусі 1810 К., якія аб’ядноўваюць 466 тыс. чал., маюць 7512 тыс. га зямель, у т. л. 3717 тыс. га ворных. З фарміраваннем рыначнай эканомікі некаторыя К. ператварыліся ў акц. т-вы, асацыяцыі фермераў, кааператываў і інш. аб’яднанні таваравытворцаў. Пашыраюцца формы арэнднага вядзення гаспадаркі. Асобныя калгаснікі выходзяць э К. і ствараюць свае фермерскія гаспадаркі.

Да арт. Калгас. Уезд у калгас «Прагрэс». Вёска Верцялішкі Гродзенскага раёна.

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕРГЕ́НЦЫЯ (ад лац. convergo набліжаюся, сыходжуся),

у біялогіі — набыццё падабенства далёкімі па паходжанні арганізмамі ў выніку прыстасавання іх да аднолькавых умоў існавання. Найчасцей закранае асобныя органы і абумоўлена падабенствам іх функцый, радзей ахоплівае ўвесь арганізм. Напр., канвергентнымі з’яўляюцца форма цела ў акул і тунцоў (рыб) і кітападобных (млекакормячых), форма цела ў скакальных млекакормячых, мікраскапічная будова хіцінавых утварэнняў насякомых і касцей вышэйшых жывёл. Падабенства прыкмет, якое з’явілася ў выніку К., наз. аналогіяй у адрозненне ад гамалогіі — падабенства, заснаванага на паходжанні розных груп ад агульнага продка шляхам дывергенцыі. Канвергентна могуць развівацца цэлыя біяцэнозы, што ўключаюць рады канвергентных відаў. У фізіялогіі — сыходжанне многіх нерв. імпульсаў да аднаго і таго ж нейрона (устаўнога ці эферэнтнага); стварае гал. перадумовы для інтэгратыўнай дзейнасці нерв. сістэмы. У этнаграфіі — незалежнае ўзнікненне аднолькавых, падобных з’яў (рыс, форм) у матэрыяльнай і духоўнай культуры, мове, самасвядомасці, сац. структуры і інш. этнасац. прыкметах розных народаў. этн. і этнагр. груп. Узнікае на глебе аднолькавых сац.-эканам., паліт., прыродна-геагр., этнагенетычных і інш. фактараў ці выпадкова. Напр., у эпоху ранняга сярэдневякоўя на землях Беларусі. Украіны і Расіі склаліся аднолькавыя формы і з’явы жыццядзейнасці (земляробства, жывёлагадоўлі, жылля, промыслаў і рамёстваў), абумоўленыя падобнымі прыродна-геагр. ўмовамі. У мовазнаўстве — збліжэнне або аб’яднанне некалькіх моўных сістэм у адну. Найб. пашыраны тып К. — стварэнне адзінай літ. мовы на аснове аб’яднання мясц. дыялектаў з перавагай рыс аднаго дыялекту. Сустракаюцца і інш. тыпы К., якія адбываюцца ў выніку кантактавання моў: кайнэ, піджыны, крэольскія мовы. Да К. адносяць і збліжэнне моў у выніку ўплыву агульнага для іх субстрату. Яна ахоплівае асобныя элементы моўнай сістэмы (фаналагічную сістэму, лексіку) або мову ў цэлым. К. і процілеглая ёй дывергенцыя — узаемазвязаныя моўныя працэсы.

І.​У.​Чаквін (у этнаграфіі), А.​Г.​Лукашанец (у мовазнаўстве).

т. 7, с. 575

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЧМА́,

харчэўня, заезны дом, дзе спыняліся, харчаваліся, начавалі падарожнікі. Былі пашыраны на Беларусі, Украіне, у Польшчы. На Беларусі вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 14 — пач. 20 ст. Ставілі іх на гандл. плошчах, гал. вуліцах гарадоў і мястэчак, у вёсках і фальварках, на гандл. шляхах, каля рачных перапраў, пры млынах і інш. З 16 ст. размяшчэнне і парадак дзейнасці К. рэгламентаваліся Статутамі ВКЛ, велікакняжацкімі і каралеўскімі прывілеямі, з канца 18 ст. — законамі Рас. імперыі. Падзяляліся на заезныя (тыпу гасцініцы) і шынковыя (тыпу харчэўні). Заезныя К. складаліся з вял. хаты-шынкоўні, дзе размяшчаліся каморы, гасціныя пакоі, і «заезду» — стайні, дзе распрагалі і кармілі коней, і вазоўні, дзе ставілі вазы і тавары. Шынковыя К. мелі простую арх.-планіровачную структуру і складаліся з 2- ці 3-камернага жылля з мураванай печчу для гатавання ежы, са сталамі і лавамі. У шынках і сенцах адасабляліся каморы для карчомнай маёмасці, прадуктаў, святліцы для заможных наведвальнікаў. Харчэўні, у якіх не дазвалялася гандляваць спіртным, наз. К. пакутнымі («тайнымі»), Вял. К. наз. аўстэрыямі.

Планіроўка К., яе канструкцыя і маст. вырашэнне набліжаны да нар. жылля. Кампактныя, пераважна прамавугольныя ў плане будынкі з дрэва, цэглы, у тэхніцы «прускага муру» завяршалі дахі, накрытыя саломай, чаротам, драніцай, гонтамі (вёскі Нача Воранаўскага, Міхалішкі Астравецкага р-наў Гродзенскай вобл.). У некат. К. жылыя пакоі размяшчаліся на 2-м паверсе або ў мезаніне, вылучаліся падчэнямі. Манум. выгляд мелі мураваныя К. са складанай планіроўкай, багатым вонкавым аздабленнем, насычаным пластыкай інтэр’ерам (напр., корчмы ў Гродне). Гар. К. маглі аб’ядноўвацца з крамамі, мець 2 шынкі. У 2-й пал. 18—19 ст. на аснове К. сфарміраваліся гасцініцы, паштовыя станцыі, заезныя дамы і інш.

Літ.:

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. XVII—XIX стст. Мн., 1978.

С.​А.​Сергачоў.

Будынак былой карчмы ў вёсцы Нача Воранаўскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 8, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСПЯРО́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (22.5.1900, в. Ізабалёва Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. —26.12.1937),

бел. краязнавец, лексікограф, мастацтвазнавец і літаратуразнавец. Вучыўся ў Мінскім бел. пед. ін-це (1918—20), БДУ (1921—22). Скончыў Мінскі ін-т нар. асветы (1921). У 1917—21 настаўнічаў у Ігуменскім пав., у 1919—20 інструктар Часовага бел. нац. к-та і Цэнтр. бел. Школьнай рады, арганізатар і 1-ы старшыня ігуменскіх павятовых бел. нац. к-та і школьнай рады. Член арг-цый «Маладая Беларусь», Мінскага т-ва гісторыі і старажытнасцей, партыі бел. эсэраў (у 1918—24). З 1921 інструктар Наркамасветы БССР. З 1922 інспектар Слуцкага, з 1924 — Віцебскага аддзелаў нар. асветы. З 1926 навук. сакратар Цэнтр. бюро краязнаўства пры Інбелкульце, сакратар краязнаўчага час. «Наш край». У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў. З 1935 выкладаў у Новасібірску. У 1937 зноў арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958 і 1960. Пісаў пра гісторыю краязнаўства на Беларусі, яго задачы і методыку, даследаваў гісторыю бел. выяўл. мастацтва, архітэктуру: артыкулы «Беларускае малярства ў Польшчы» (1925), «Асноўныя моманты гісторыі беларускага дойлідства» і «Мінск у графіцы А.​М.​Тычыны» (абодва 1927) і інш. Аўтар нарысаў па гісторыі тэатра, навукі: «Беларуская навука да Кастрычніка і пасля яго» (1927), «Беларуская культура: Да дзесяцігоддзя абвяшчэння БССР» (1928), «Уладзіслаў Галубок» (1929). Склаў бібліяграфію твораў К.​Каганца, даследаваў асобныя праблемы развіцця бел. л-ры: артыкулы «Матывы барацьбы ў творчасці М.​Багдановіча» (1927), «Беларуская літаратура ў Латвіі» (1928). Укладальнік першага бел. дапаможніка па тэорыі л-ры «Узоры для літаратурных гурткоў пры «Маладняку» і гурткоў селькораў» (1927). Выдаў «Беларуска-расійскі слоўнічак» (1925), «Віцебскі краёвы слоўнік» і «Слоўнічак уласных найменняў» (1927).

Тв.:

Беларуская архітэктура. Віцебск, 1925;

Матэрыялы для вывучэння віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва. Мн., 1927;

Краязнаўства. Мн., 1929.

Літ.:

Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 141—162.

А.​С.​Ліс.

М.І.Каспяровіч.

т. 8, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЁЎ (Генадзь Васілевіч) (н. 19.3.1931, г. Каломна Маскоўскай вобл.),

бел. гісторык, літ.-знавец, пісьменнік, археограф. Канд. гіст. н. (1964), д-р філал. н. (1994). Скончыў Маск. гісторыка-архіўны ін-т (1953). У 1953—56, 1960—71 працаваў у архіўных установах Вільнюса. З 1971 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Даследуе гісторыю грамадскай думкі і нац.-вызв. руху на Беларусі 19 ст., жыццё, дзейнасць К.​Каліноўскага і яго паплечнікаў: «Сейбіты вечнага» (1963), «З думай пра Беларусь» (1966), «Паплечнік Каліноўскага» (1976), «Радаводнае дрэва: Каліноўскі — эпоха — наступнікі» (1994). Аўтар прац па гісторыі бел. культуры 19—20 ст., напісаных у жанры займальнага літ.-знаўства, у т. л. «Загадка беларускай «Энеіды» (1971), «Пошукі імя» (1978), «Расшукваецца класік...» (1989) пра аўтарства ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Даследуе жыццё і творчасць В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, А.​Вярыгі-Дарэўскага, П.​Шпілеўскага і інш. Распрацаваў тэарэт. асновы археаграфіі і літ. крыніцазнаўства як асобнай навук. дысцыпліны («Ад Чачота да Багушэвіча», 1993). Складальнік і рэдактар зб-каў гіст.-архіўных дакументаў «Рэвалюцыйны пад’ём у Літве і Беларусі 1861—1862 гг.» (1964), «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863—1864 гг.» (1965), зб-каў па гісторыі бел. л-ры 19—20 ст. «Пачынальнікі» (1977), «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981), «З жыццяпісу Якуба Коласа» (1982). Распрацаваў канцэпцыю і склаў гіст.-літ. зб. «Шляхам гадоў» (1990). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1990.

Тв.:

Героі і музы: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1982;

Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1988;

На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне. Мн., 1990.

Літ.:

Александровіч С. Плён навуковага пошуку // Александровіч С. Слова — багацце. Мн., 1981;

Мальдзіс А. У пошуках залатых самародкаў // Мальдзіс А.І. ажываюць спадчыны старонкі. Мн., 1994;

Батвіннік М.Б. Г.​В.​Кісялёў — даследчык жыцця, дзейнасці і светапогляду К.​Каліноўскага // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1995. № 3;

Кароль факта // Бел. мінуўшчына. 1996. № 6.

В.​У.​Скалабан.

Г.В.Кісялёў.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)