БАК ((Buck) Перл) (26.6.1892, г. Хілсбара, штат Зах. Віргінія, ЗША — 6.3.1973),
амерыканская пісьменніца. Чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1951). Аўтар раманаў пра Кітай: «Усходні вецер, заходні вецер» (1930), «Зямля» (1931, Пулітцэраўская прэмія; бел.пер. 1937), «Сыны» (1932), «Маці» (1934), «Дом, які распадаецца» (1935). Пад псеўд. І.Седж публікавала сац.-бытавыя і «сямейныя» раманы з амер. жыцця: «Партрэт аднаго шлюбу» (1945), «Родзічы» (1949) і інш. Выступала за раўнапраўе неграў, супраць каланіялізму, папярэджвала пра небяспеку атамнай вайны (раман «Загадай раніцы», 1959). Аўтар зб-каў апавяданняў («Далёка і блізка», 1948, і інш.), кн. для дзяцей, мемуараў («Некалькі маіх светаў», 1954). Нобелеўская прэмія 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-САВЕ́ЦКА-ІРА́НСКІ ДАГАВО́Р 1942аб саюзе.
Падпісаны 29 студз. ў Тэгеране. Яго падпісанню папярэднічаў часовы ўвод сав. і англ. войскаў у Іран у жн.—вер. 1941 з мэтай перашкодзіць фаш. Германіі выкарыстаць тэрыторыю і рэсурсы Ірана ў вайне супраць СССР і Англіі. Дагавор забяспечваў супрацоўніцтва Ірана з антыгітлераўскай кааліцыяй у 2-й сусв. вайне. СССР і Англія абавязваліся абараняць Іран ад агрэсіі з боку Германіі або інш. дзяржавы, не займаць пазіцыі, якая магла б пашкодзіць інтарэсам Ірана ва ўзаемаадносінах з інш. краінамі. Іран у сваю чаргу абавязваўся не ўсталёўваць адносін, несумяшчальных з дагаворам. Пасля заканчэння 2-й сусв.вайны войскі саюзнікаў выведзены з Ірана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НЗЮС (ANZUS; Australia, New Zealand, United States),
ваенна-палітычны блок Аўстраліі, Новай Зеландыі і ЗША. Назва ад першых літар краін-удзельніц. Дагавор пра стварэнне блока падпісаны 1.9.1951 у Сан-Францыска (ЗША) на неабмежаваны тэрмін, уступіў у сілу 29.4.1952. Інспіраваны ЗША, якія пасля пачатку Карэйскай вайны (1950) імкнуліся стварыць на ўзор НАТОкалект. саюз бяспекі ў ціхаакіянскай прасторы. Прадугледжваў узаемную падтрымку ў выпадку нападу на аднаго з партнёраў. Аўстралія і Новая Зеландыя бачылі ў дагаворы гарантыю бяспекі ад Японіі. Пасля закрыцця новазеландскіх партоў для атамных ваен. караблёў ЗША (1985) амер. ўрад у 1986 абвясціў пра спыненне сваіх абавязкаў у адносінах да Новай Зеландыі, яе членства ў АНЗЮСе прыпынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АНТЫКАМІНТЭ́РНАЎСКІ ПАКТ»,
дагавор паміж Германіяй і Японіяй, заключаны 25.11.1936 у Берліне на 5 гадоў. Пад знакам барацьбы з Камінтэрнам аформіў блок 2 дзяржаў, якія імкнуліся да гегемоніі ў свеце. Сакрэтнае пагадненне да «Антыкамінтэрнаўскага пакту» прадугледжвала сумесную барацьбу супраць СССР. Да «Антыкамінтэрнаўскага пакту» далучыліся Італія (6.11.1937), Венгрыя і марыянетачная «дзяржава» Маньчжоў-Го (24.2.1939), Іспанія (27.3.1939). Пакт садзейнічаў развязванню 2-й сусв.вайны і ў 1939—40 ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл.Берлінскі пакт 1940). Пасля пралангацыі пакта 25.11.1941 на 5 гадоў да яго далучыліся яшчэ некалькі краін. Перамога краін Антыгітлераўскай кааліцыі ў 2-й сусв. вайне спыніла існаванне «Антыкамінтэрнаўскага пакту».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАГАВЕ́ШЧАНСКІ (Аляксей Сяргеевіч) (18.10.1909, г. Брэст — 25.5.1994),
савецкі ваенны дзеяч. Герой Сав. Саюза (1938), ген.-лейт. авіяцыі (1943). Скончыў Курскі прамысл.-эканам. тэхнікум, Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу ВПС (1928), Барысаглебскую школу лётчыкаў (1929), курсы ўдасканалення камсаставу пры Ваен. акадэміі Генштаба (1939). У Сав. Арміі з 1927. Удзельнік нац.-вызв. барацьбы Кітая супраць японскіх захопнікаў у 1937, у час якой камандаваў авіяц. групай знішчальнікаў, сав.-фінл.вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну на Далёкаўсх., Ленінградскім, Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім, 1-м Укр., 3-м Бел. франтах: камандзір знішчальнага авіякорпуса. Удзельнічаў у вызваленні Оршы, Віцебска, Мінска, Маладзечна, Ліды. Да 1960 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮМ ((Blum) Леон) (9.4.1872, Парыж — 30.3.1950),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі, пісьменнік, публіцыст. У 1919 абраны ў палату дэпутатаў. З 1920 кіраўнік Франц.сацыяліст. партыі (СФІА). У 1936—37 і ў 1938 кіраўнік урадаў Нар. фронту, якія ажыццявілі шэраг сац. рэформаў. Праводзіў палітыку няўмяшальніцтва ў час грамадз.вайны ў Іспаніі (1936—39). У 1940 арыштаваны калабарацыянісцкім урадам «Вішы», у 1943 выдадзены герм. уладам і вывезены ў канцлагер Бухенвальд, потым у Дахаў. Прэм’ер-міністр Францыі ў 1946—47. У сваіх працах («У чалавечым маштабе», 1945, і інш.) развіваў тэорыю «інтэгральнага сацыялізму», паводле якой перамогу сацыялізму павінна забяспечыць «маральная рэвалюцыя», а не ўзбр. барацьба за ўладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОГАСТВАРА́ЛЬНІЦТВА,
філасофска-этычная плынь у Расіі ў 1910-я г., якая імкнулася спалучыць навук. сацыялізм з рэлігіяй. Яе прадстаўнікі (А.В.Луначарскі, У.А.Базараў, П.С.Юшкевіч, часткова М.Горкі і інш.) мелі на мэце абгрунтаваць неабходнасць стварэння новай «пралетарскай рэлігіі» без Бога, што фактычна зводзілася да абагаўлення калектыву і прагрэсу, якія павінны абуджаць у чалавека «складанае творчае пачуццё веры ў свае сілы, надзею на перамогу любові да жыцця» і дзейсна звязаць ідэал з рэчаіснасцю. Плынь не мела шырокай падтрымкі і да пач. 1-й сусв.вайны (1914) перастала існаваць.
Літ.:
Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Критич. анализ. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛБАС (Аляксандр Карпавіч) (н. 11.12.1911, в. Слабодка Бабруйскага р-на),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Мінскую саўпартшколу (1936), курсы палітсаставу пры Ваен. акадэміі бранятанк. і механізаваных войскаў (1946), курсы палітсаставу (1956). Удзельнік сав.-фінл.вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах., Сцяпным, Варонежскім, 1-м Укр., 1, 2 і 3-м Прыбалтыйскім франтах, удзельнік абароны Мінска, Бабруйска, Рагачова, Магілёва, Смаленска, Масквы, Сталінградскай і Курскай бітваў. У баях каля Кіева ў вер. 1943 байцы батальёна пад яго камандаваннем фарсіравалі Дняпро, захапілі і ўтрымалі плацдарм. Да 1958 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Грабёнка і гар.пас. Ржышчаў (Украіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1656,
пагадненне паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай пра спыненне ваен. дзеянняў і сумесную барацьбу супраць шведскай агрэсіі; падпісана 3.11.1656 у маёнтку Немежы пад Вільняй. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на землі Літвы і Польшчы ўварваліся (1655) Шведскія войскі Карла Х Густава. Баючыся ўмацавання Швецыі, рас. ўрад пачаў захады для прымірэння з Рэччу Паспалітай. На перагаворы прыбыла рас. дэлегацыя на чале з кн. М.І.Адоеўскім; дэлегацыю Рэчы Паспалітай узначальваў ваявода полацкі Я.Красінскі; пасрэднікам быў аўстр. дыпламат Алегрэці. Не дамовіўшыся пра ўмовы міру, дэлегацыі заключылі перамір’е і вырашылі пачаць сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТЭЛЬСБА́ХІ (Wittelsbacher),
паўднёва-нямецкая дынастыя, якая правіла ў Баварыі ў 1180—1918. Мелі радавы замак Вітэльсбах (адсюль назва) на ПнУ ад г. Аўгсбург. Атрымаўшы герцагства Баварыю (1180), Вітэльсбахі пасля падзення Генрыха Льва зацвердзіліся таксама ў Рэйнскім Пфальцы (1214). У 1329 падзяліліся на 2 лініі: старэйшую (пфальцкую; з 1356 курфюрсты) і малодшую (баварскую; у 1623 перанялі тытул курфюрста). Пасля спынення дынастыі баварскіх Вітэльсбахаў (1777) і вайны за Баварскую спадчыну 1778—79 пфальцкія Вітэльсбахі аб’ядналі Баварыю і Пфальц (1779). У 1806—1918 Вітэльсбахі — каралі Баварыі. З роду Вітэльсбахаў паходзілі герм. каралі і імператары «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Людовік IV Баварскі [1314—47], Рупрэхт Пфальцкі [1400—10], Карл VII [1742—45].