на Пд Кітая, у бас.р. Сіцзян. На З мяжуе з В’етнамам. Пл. 220,4 тыс.км². Нас. 42,2 млн.чал. (1994), пераважна кітайцы (60%), чжуаны (35%), яа, мяа, тун і інш.Адм. ц. — г. Наньнін. Большая ч.тэр. — моцна парэзаныя нізкагор’і выш. каля 500—1000 м, найб.выш.. 2185 м. На Пн — карставыя формы рэльефу. Сярэдняя т-растудз. ад 6 °C на Пн да 14 °C на Пд, ліп. — 24—28 °C. Вечназялёныя горныя лясы. Радовішчы марганцу, волава, каменнага вугалю і інш. Развіта сельская гаспадарка. Апрацоўваецца каля 15% тэрыторыі. На працягу года збіраюць 2—3 ураджаі. Асн.с.-г. культура — рыс (каля 65% плошчы). Вырошчваюць таксама батат, цукр. трыснёг, арахіс, рамі, кунжут, рапс, тытунь, фрукты. Жывёлагадоўля (цяглавая буйн. раг. жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Вытв-сць вострых прыпраў (карыца, аніс). Лесараспрацоўкі. Рысаачышчальная, алейная, дрэваапр., папяровая, тэкст., цукр.прам-сць. Здабыча і перапрацоўка волава, марганцу, свінцу, цынку. Здабыча каменнага вугалю, металургічныя і маш.-буд. прадпрыемствы. Саматужныя промыслы (фарфор). Рачное суднаходства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКА́Р (Dakar),
горад, сталіца Сенегала. Знаходзіцца на п-ве Зялёны Мыс — самым зах. пункце Афрыкі. 1490,4 тыс.ж. (1988). Другі па велічыні порт у Зах. Афрыцы, абслугоўвае Сенегал і Маўрытанію. Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог у глыб краіны. Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы прамысл., трансп. і гандл.-фін. цэнтр Зах. Афрыкі. У Д. і яго наваколлі больш за 80% усіх прамысл. прадпрыемстваў краіны. 3-ды па вытв-сці алею з арахісу, мылаварныя, мукамольныя, рыбакансервавыя і інш. прадпрыемствы харчасмакавай прам-сці. Тэкст., фармацэўтычныя, гарбарна-абутковыя, аўтазборачныя, цэм., паліграф. прадпрыемствы. Буд-ва невял. суднаў, суднарамонт. Цэнтр турызму і зімовага адпачынку. Ун-т.
Засн. ў 1857 як франц. форт. З 1895 у складзе франц. калоніі Сенегал, у 1895—1960 яе адм.цэнтр. У 1904—59 адм. цэнтр Франц.Зах. Афрыкі. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны англа-амер. войскамі (1942), іх стратэг. база для марскіх аперацый у Атлантычным ак., адзін з апорных пунктаў «Змагарнай Францыі». З 1960 сталіца Рэспублікі Сенегал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ЖНЫ (сапр.Серада) Сяргей Міхайлавіч
(25.2.1909, г. Слонім Гродзенскай вобл. — 19 7.1943),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1930). Працаваў на гуце ў Барысаве, у рэдакцыях газет і часопісаў. У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў на Д. Усходзе, будаваў Камсамольск-на-Амуры. Гам і загінуў. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1925. Аўтар зб. вершаў «Звон вясны» (1926, з І.Плаўнікам), «Васільковы россып» (1929), «Пракосы на памяць» (1932) Узнёсла-рамантычна славіў сацыяліст буд-ва, пісаў пра рэв. барацьбу працоўных Зах. Беларусі, паэтызаваў родную прыроду. Паэзія Д. вылучаецца спавядальнай шчырасцю, свежасцю метафарычнай вобразнай фактуры, мілагучнасцю радка. У некат. вершах адчуваецца ўплыў паэтыкі У.Дубоўкі. Пераклаў на бел. мову раман Г.Караваевай «Лесазавод», вершы Э.Багрыцкага, С.Кірсана ва, А.Твардоўскага, І.Уткіна, І.Харыка інш., апавяданні У.Караленкі, А.Новікава-Прыбоя і інш.
Тв.:
Выбр. вершы. Мн., 1966.
Літ.:
Наднёманскія былі. Мн., 1968. С 39—41;
Шушкевіч С. Ён песню насіў на грудзях... // Шушкевіч С. Выбр.тв.Мн. 1978. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТРАФІ́Я ДЗІЦЯ́ЧАЯ,
хранічнае расстройства харчавання з парушэннем абмену рэчываў. Найчасцей развіваецца ў дзяцей з пахудзеннем на 10—20% пры 1-й ступені (лёгкая Д.), на 20—30% пры 2-й (сярэдняцяжкая Д.) і больш як на 30% пры 3-й (цяжкай Д.), што парушае гарманічнае развіццё. Бывае з памяншэннем масы цела ў адносінах да яго даўжыні (гіпатрафія), з нармальнай ці лішняй масай цела (паратрафія), з прапарцыянальным зніжэннем масы і даўжыні цела (гіпастатура). Узнікае ва ўлонні маці ці ў першыя тыдні жыцця дзіцяці (нястача ежы і хваробы маці пры цяжарнасці, узрост, прафес. шкоднасці, алкагалізм і інш.) і постнатальна (пасля нараджэння) пад уздзеяннем эндагенных (імунадэфіцытны стан, заганы развіцця ўнутр. органаў, асабліва страўнікава-кішачнага тракту і інш.) і экзагенных (аліментарныя, інфекц. ўздзеянні, няправільны догляд) фактараў. Д. выклікае парушэнне дзейнасці ферментаў стрававальна-кішачнага тракту, працэсаў расшчаплення і ўсмоктвання харч. рэчываў, абмену буд. і энергет. працэсаў, дзейнасці нерв. сістэмы, кровазвароту. Арганізм знясільваецца, супраціўленне яго зніжаецца, можа развіцца таксіка-септычны стан, што прыводзіць да смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЛЬСК,
горад, цэнтр Ельскага р-на Гомельскай вобл. За 177 км ад Гомеля. Чыг. ст. на лініі Калінкавічы—Оўруч (Украіна). 11,2 тыс.ж. (1997).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 16 ст., у Мазырскім пав.ВКЛ. Меў таксама назву Каралін. Належаў Спадам, Казіміру Аскерку.
З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Мазырскім пав. У 1886 у Е. 44 двары, вінакурны з-д, 3 крамы, школа, царква, з 1873 чыг. станцыя; у 1897—600 ж. З 1924 цэнтр Каралінскага раёна, з 1931 — Ельскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—3,9 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 23.8.1941 да 11.1.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Е. і раёне 5435 чал. Дзейнічала Ельскае патрыятычнае падполле. 4,8 тыс.ж. у 1959; 6,7 тыс.ж. у 1971. З 5.7.1971 горад.
Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, дрэваапр., харч., буд. матэрыялаў прам-сці. Дзейнічае Ельскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і падпольшчыка. Помнік архітэктуры — Ельская Троіцкая царква (1769—80).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖВІР, гравій,
рыхлая буйнаабломкавая (псефітавая) асадкавая парода, складзеная з абкатаных абломкаў горных парод і мінералаў памерамі 1—10 мм (у горнай справе вылучаюць Ж. памерамі 5—70 мм). Адрозніваюць Ж. буйны (5—10 мм), сярэдні (2,5—5 мм) і дробны (1—2,5 мм). Генетычныя тыпы Ж.: рачны (гл.Алювій) азёрны, марскі і ледавіковы. Сцэментаваны Ж. — гравеліт. Якасць Ж. залежыць ад наяўнасці шкодных прымесей (акатышы глін, пыл, пірыт, гіпс, растваральныя ў шчолачах абломкі і інш.), трываласці, сціральнасці, марозаўстойлівасці і г.д. На Беларусі пясчана-жвірова-галечны матэрыял пашыраны ў антрапагенавых адкладах і сканцэнтраваны пераважна ў межах Беларускай ірады і Паазер’я, Разведана 136 радовішчаў пясчана-жвіровых матэрыялаў з агульнымі запасамі 704,4 млн.м³, з іх распрацоўваюцца 82 радовішчы з гадавой здабычай 23—24 млн.м³, Форма пакладаў лінзападобная, зрэдку пластавая. Здабываецца Ж. адкрытым спосабам; частка яго абагачаецца на драбільна-сартавальных заводах. Выкарыстоўваецца для вытв-сці бетону, буд-ва чыгунак, аўтадарог, фільтрацыйных пабудоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ БЕНГА́ЛІЯ,
штат на У Індыі, каля берагоў Бенгальскага зал., у зах.ч. дэльты Ганга. Пл. 88 тыс.км². Нас. каля 75 млн.чал. (1995), каля 85% — бенгальцы. Адм. і гал.прамысл. цэнтр — г.Калькута. Паверхня — нізінная алювіяльная раўніна (каля 90% пл.), на З — участкі ўзвышшаў, на крайняй Пн — адгор’і Гімалаяў (да 4 тыс.м). Клімат трапічны вільготны (ападкаў 1400—1800 мм за год). Перыяд дажджоў у чэрв.—кастрычніку. Развіта здабыча каменнага вугалю (бас. Ранігандж), чорная металургія, джутавая, металаапр., маш.-буд. (прамысл. абсталяванне, электрапрылады, судны, чыг. цягнікі і вагоны, аўтамабілі, матацыклы), хім. (пластмасавыя і гумавыя вырабы, хім.-фармацэўтычныя прэпараты, лакі і фарбы), баваўняная, трыкат., шкляная, гарбарна-абутковая, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Пад пасяўнымі плошчамі больш за 60% тэр., каля ⅓ з іх арашаецца. Вырошчваюць рыс (каля 80—90% усёй пасяўной плошчы). Агародніцтва, бульбаводства, пладаводства; пасевы гарчыцы, рапсу, бабовых, тытуню, кукурузы, з тэхн. культур — джут (каля палавіны вытв-сці ў Індыі), кенаф, чай (на Пн). Рыбалоўства ў сажалках, рэках, моры. Транспарт чыг. і ўнутр. водны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯНЫ́Я РАБО́ТЫ,
работы, звязаныя з распрацоўкай (выманнем), перамяшчэннем і ўкладкай грунту ў пэўнае месца; від будаўнічых работ. Выконваюцца пры буд-ве плацін, дамбаў, дарог, пракладцы інж. сетак, планіроўцы тэрыторый, раскрыцці радовішчаў і інш. Бываюць адкрытыя (на паверхні зямлі), падземныя і падводныя.
З.р. выконваюцца мех., гідрамех. (гл.Гідрамеханізацыя), выбуховым і камбінаваным спосабамі. Пры мех. спосабе капанне і перамяшчэнне грунту робяцца землярыйнымі і землярыйна-трансп. машынамі (экскаватарамі, бульдозерамі, скрэперамі, грэйдэрамі, грэйдэрамі-элеватарамі, каналакапальнікамі, аўтапаяздамі, самазваламі і інш.); разраўноўванне і ўшчыльненне — планіроўшчыкамі, каткамі дарожнымі, трамбавальнымі машынамі і інш. Выбуховы спосаб эфектыўны пры распрацоўцы скальных, мёрзлых і інш. грунтоў павышанай трываласці. Метадам накіраванага выбуху часта забяспечваюць пасадку дарожнага насыпу на мінер. дно балота. Земляныя збудаванні, якія ствараюцца ў выніку З.р., бываюць у выглядзе выемак або насыпаў. Выемка, якая выкопваецца для здабычы грунту, наз.кар’ерам (часам рэзервам); насып, што ўтвараецца пры адсыпцы залішняга грунту, — адвалам. Да З.р. адносяць таксама падрыхтоўчыя і дапаможныя работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАГА́НЕСБУРГ, Іаханесбург (Johannesburg),
горад на ПнПаўд.-Афр. Рэспублікі, у цэнтры горнапрамысл. раёна Вітватэрсранд. 712,5 тыс.ж., з прыгарадамі каля 3 млн.ж. (1993). У цэнтр ч. горада пераважае белае насельніцтва (афрыканеры, англа-паўднёваафрыканцы), у прыгарадах — негрыцянскае. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.гандл. і прамысл. цэнтр краіны. У горадзе праўленні асн. горнапрамысл. і фін. канцэрнаў краіны. Прам-сць: маш.-буд. (горнае абсталяванне, эл.-тэхн., аўтазборка), хім., тэкст., харчасмакавая, гарбарна-абутковая, дрэваапр., пашыў адзення. У межах горада 7 буйных руднікоў па здабычы золата. Шліфоўка алмазаў. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Муніцыпальная маст. галерэя (з 1911).
Засн. ў 1886 як шахцёрскі пасёлак пры рудніках Вітватэрсранда. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 захоплены англічанамі (1900), у 1910 уключаны ў склад брыт. дамініёна Паўд.-Афр. Саюза (з 1961 ПАР). З 1928 горад. У пач. 20 ст. І. — адзін з цэнтраў масавых выступленняў афр. насельніцтва супраць расізму і апартэіду. Пасля 2-й сусв. вайны горад перажыў эканам. бум (развіццё хім. прам-сці, машынабудавання, апрацоўкі каштоўных камянёў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́ (Calais),
горад на Пн Францыі. Адм. ц. дэпартамента Па-дэ-Кале. Каля 120 тыс.ж. з прыгарадамі (1993). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у прал. Па-дэ-Кале. Марскія пасаж. зносіны з Дуўрам (Вялікабрытанія). Мацерыковы ўваход у чыг. тунэль, які злучае Францыю з Вялікабрытаніяй. Прам-сць: маш.-буд., хім., харчовая. Стараж. выраб карункаў, цюлю, вышывак.
Узнік у 9—10 ст. на месцы рыбацкай вёскі, уладанне булонскага графа. У 1173 (паводле інш. звестак, у 1180) атрымаў гар. правы. З 13 ст. адыгрываў важную ролю ў гандлі паміж Францыяй і Англіяй. У Стогадовую вайну 1337—1453 захоплены англічанамі (1347). У 1558 адваяваны герцагам Ф.Гізам (гл.Гізы) і паводле Като-Камбрэзійскага дагавора 1559 замацаваны за Францыяй. У 1895 на ўшанаванне памяці абаронцаў горада ў 1347 устаноўлены помнік «Грамадзяне Кале» (скульпт. А.Радэн). У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны.
Да арт.Кале. Грамадзяне Кале. Помнік перад будынкам ратушы ў Кале. Скульпт. А.Радэн. 1884—88.