ПРАГЕСТЭРО́Н,
жаночы стэроідны палавы гармон пазваночных жывёл і чалавека. Выпрацоўваецца жоўтым целам яечніка, плацэнтай, карой наднырачнікаў. Рыхтуе матку да імплантацыі плоднага яйца, забяспечвае развіццё і захаванне цяжарнасці ў млекакормячых, стымулюе развіццё канцавых сакраторных аддзелаў малочных залоз. Сінтэз і сакрэцыю П. рэгулююць лютэінізавальны гармон і харыянічны ганадатрапін. П. і яго прыродныя і сінт. вытворныя (гестагены) выкарыстоўваюць у медыцыне. Выяўлены таксама ў беспазваночных (напр., малюскаў) і ў кветкавых раслінах.
т. 12, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМА́ЦТВА,
шлюб, пры якім мужчыну прымалі ў дом і ў сям’ю жонкі і цесця, калі іх двор не меў свайго сына-наследніка. Пашыраная сац.-эканам. з’ява дарэв. побыту бел. сялянства. У прымы звычайна ішлі беззямельныя або тыя сыны, якім не ставала зямельнага надзелу. Прававое становішча зяця-прымака залежала ад галавы сям’і. Прымак мог стаць сапраўдным гаспадаром, калі яго брала да сябе ўдава, у якой не было сына.
т. 13, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЗУ́МПЦЫЯ НЕВІНАВА́ТАСЦІ ў крымінальным праве,
палажэнне, паводле якога абвінавачаны лічыцца невінаватым, пакуль яго віна не будзе даказана ўстаноўленым законам парадкам. П.н. — адна з найважнейшых дэмакр. прыкмет крымін. працэсу, забяспечвае ахову правоў асобы, выключае неабгрунтаванае абвінавачанне і асуджэнне. Можа быць абвергнута толькі шляхам даказвання ўстаноўленымі працэсуальным законам сродкамі і выключна пры наяўнасці дастатковых суд. доказаў, якія адносяцца да справы і дапускаюцца заканадаўствам. Абавязак даказвання ўскладаецца на органы абвінавачання.
т. 13, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ФСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА, Рэспубліка Рыф,
дзяржава ў Марока ў 1921—26, створаная ў выніку паўстання берберскіх плямён вобласці Рыф супраць ісп. панавання і абвяшчэння імі незалежнасці. Р.Р. ўзначаліў прэзідэнт (эмір) Абд аль-Керым. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы нанеслі шэраг паражэнняў ісп. войскам і да 1925 усталявалі кантроль над б.ч. тэр. т.зв. Ісп. Марока. Пад аб’яднаным націскам ісп. і франц. армій у маі 1926 спыніла існаванне.
т. 13, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. scarifico драпаю, надразаю) насення, механічнае паверхневае пашкоджанне насення; прыём падрыхтоўкі яго да сяўбы. Ужываюць для насення бабовых траў, дрэвавых і кустовых парод, якія маюць цвёрдую, вільгаценепранікальную абалонку. Пасля С. насенне лепш убірае вільгаць, хутчэй набракае і прарастае. Праводзяць не раней як за 1 мес. перад сяўбой пераціраннем насення з пяском, жалезным пілавіннем і інш. Для прамысл. С. выкарыстоўваюць спец. машыны-скарыфікатары.
т. 14, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́НЕЧНАЯ ЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
разнавіднасць геліяўстаноўкі, якая пераўтварае энергію сонечнай радыяцыі ў цеплавую або эл. энергію. У нізкатэмпературных С.э.у. выкарыстоўваюць сонечнае выпрамяненне натуральнай шчыльнасці (0,8 кВт/м²), у высокатэмпературных яго шчыльнасць павышаюць у 102—104 разоў, выкарыстоўваючы геліяканцэнтратары. С.э.ў. экалагічна чыстыя крыніцы цеплавой і эл. энергіі, яны выкарыстоўваюцца для гарачага водазабеспячэння жылых памяшканняў, электразабеспячэння касм. апаратаў і інш. Да С.э.ў. адносяцца сонечныя электрастанцыі.
т. 15, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫ́РНІЦА,
у беларусаў тварожная маса, якую збіралі працяглы час і складвалі для захоўвання. Падобная да брынзы. Тварог насуха адціскалі і шчыльна складвалі ў дзежку, залівалі маслам; праз некаторы час дадавалі слой новага тварагу і слой масла і г.д. Звычайна С. рабілі пасля ацёлу кароў у час посту, калі малако было, але яго забаранялася есці. Спажывалі С. звычайна разагрэтай. Вядома на Міншчыне, Вілейшчыне, Віцебшчыне.
Г.Ф.Вештарт.
т. 15, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСАВАНГА́РД (ад лат. транс... + авангард),
плынь у жывапісе постмадэрнізму. Узнік у Італіі ў канцы 1970-х г. Гал. яго тэарэтык А.Беніта-Аліва прадставіў работы трансавангардыстаў на біенале 1980 і 1982 у Венецыі. Майстры Т. (С.Кія, Ф.Клементэ, Э.Кукі, Н. дэ Марыя, М.Паладзіна) супрацьпаставілі канцэптуальнай творчасці непасрэдную работу мастака над стварэннем карціны, такім чынам аднавіўшы цікавасць да жывапіснай выяўленчасці.
Я.Ф.Шунейка.
т. 15, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУПА́К АМА́РУ (Tupac Amaru; ? — 1572),
апошні правіцель дзяржавы інкаў. З 1570 правіцель (сапа інка) невял. інкскай дзяржавы, якая пасля заваявання ў 1530-я г. іспанцамі імперыі інкаў Таўантынсую захавалася ў аддаленым горным раёне Вількабамба. У 1572 узяты іспанцамі ў палон і пакараны смерцю, што азначала канчатковае знішчэнне індзейскай дзяржавы. У далейшым (да 1923) кіраўнікі індзейскіх паўстанняў у гонар Т.А. бралі яго імя (гл. Тупак Амару II).
т. 16, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УДА́РНЫЯ МУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ,
група музычных інструментаў, якія аб’ядноўваюць паводле спосабу гуказдабывання: удараў ці блізкіх да яго рухаў. Крыніцай гуку служыць цвёрды корпус (ідыяфоны), мембрана (мембранафоны), струна (хардафоны). Адрозніваюць інструменты з пэўнай вышынёй гуку (літаўры, званочкі, ксілафон) і няпэўнай (барабаны, бубны, трохвугольнікі, кастаньеты і інш.). У.м.і. ўпрыгожваюць гучнасць аркестра, надаюць ёй каларыстычны бляск, яркасць, выконваюць розныя гукапераймальныя задачы, надаюць музыцы рытмічную дынамічнасць.
Л.А.Шымановіч.
т. 16, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)