ЛАТАФА́ГІ (ад грэч. lotofagoi),
у старажытнагрэчаскай міфалогіі мірнае племя, што кармілася пладамі чароўнага лотасу. Пакаштаваўшы гэтых пладоў, спадарожнікі Адысея забыліся пра радзіму і пажадалі назаўсёды застацца ў краіне Л., але Адысей сілай прымусіў іх вярнуцца на караблі.
т. 9, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГГЕМАГЛАБІ́Н, легаглабін,
складаны бялок — гемапратэід. Гем малекулы Л. сінтэзуюцца клубеньчыкавымі бактэрыямі, што жывуць у сімбіёзе з бабовымі раслінамі, а бялковая частка (глабін) — клеткамі раслін. Надае чырв. афарбоўку каранёвым клубеньчыкам бабовых раслін, якія актыўна фіксуюць атмасферны азот.
т. 9, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАДРУКАВА́ЛЬНЫ АПАРА́Т,
тэлеграфны апарат, што друкуе на паперы літарамі і лічбамі тэкст тэлеграмы, якая ім прымаецца. Вядомы Л.а. пульсацыйнай сістэмы Якобі, сінхронныя аднакратныя Юза, шматкратныя Бадо, стартстопныя. З 1960-х г. выкарыстоўваюцца выключна стартстопныя апараты (тэлетайпы).
т. 9, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НАВАЯ ВА́РТАСЦЬ,
паводле марксісцкай эканам. дактрыны, магчымасць тавару быць абмененым на іншы тавар у пэўнай прапорцыі, што знаходзіць сваё выражэнне ў грашовай вартасці, у цане тавару. Адрозніваецца ад спажывецкай вартасці, якая характарызуе тавар як прадмет спажывання.
т. 10, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у малекулах якіх ёсць стабільныя ці радыеактыўныя ізатопы, што выкарыстоўваюцца як ізатопныя індыкатары. Атрымліваюць хім. сінтэзам і біясінтэзам (адзін з зыходных рэагентаў мае радыеактыўныя ізатопы), ізатопным абменам і некаторымі інш. спец. метадамі.
т. 10, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБАРАЧА́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
хімічныя рэакцыі, што адбываюцца толькі ў адным напрамку. Прыводзяць да поўнага ператварэння зыходных рэчываў у канчатковыя прадукты, якія не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Да Н.р. адносяцца, напр., рэакцыі гарэння, раскладання выбуховых рэчываў. Гл. таксама Абарачальныя рэакцыі.
т. 11, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОНКАНФАРМІ́ЗМ (англ. nonconformism літар. нязгода),
нязгоднасць, неўспрыманне норм, каштоўнасцей, мэт, што дамінуюць у дадзенай групе, грамадстве; імкненне любой цаной супярэчыць думцы большасці і паводзіць сябе процілеглым чынам; крытычныя адносіны да афіц. ідэалогіі і грамадска-паліт. ладу.
т. 11, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКА́ЛЯ ЗАКО́Н,
асноўны закон гідрастатыкі, паводле якога ціск, што аказваюць знешнія сілы на паверхню вадкасці, перадаецца вадкасцю аднолькава па ўсіх напрамках. Адкрыты Б.Паскалем у 1653 (апубл. 1663). На П.з. заснавана дзеянне гідраўлічнага прэса і іншых гідрастатычных машын.
т. 12, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН ЧУН, Чжунжэнь (27, Шан’юй, прав. Чжэцзян, Кітай — 104),
кітайскі філосаф. Аўтар шэрагу філас. трактатаў, з якіх захавалася кн. «Крытычныя разважанні» («Лунь хэн»). Усё існае, паводле Ван Чуна, утворана з матэрыяльнай субстанцыі — «першаснага эфіру» (юань цы), а адрозненні паміж рознымі рэчамі паходзяць ад розніцы ў ступені яго згушчэння; з гэтага «першаснага эфіру» складаецца і чалавек. Лічыў, што свядомасць ёсць прадукт жыццядзейнасці цела і знікае разам са смерцю істоты. Сцвярджаў ідэю спантаннасці і неўсвядомленасці натуральнага парадку рэчаў, што вяло яго да натуралістычнага фаталізму — прызнання поўнай абумоўленасці чалавечага існавання прыроднымі фактарамі. Гісторыю чалавечага грамадства трактаваў як змену панавання культуры (вэнь) і прыроднай асновы, а ўсе сац. ўзрушэнні абгрунтоўваў непазбежнымі стыхійнымі бедствамі.
т. 3, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАЗО́ЛЬНАЯ КАТАСТРО́ФА,
рэзкае павелічэнне колькасці аэразоляў у атмасферы, якое можа адбыцца ў выніку прыродных (напр., пры вывяржэнні вулканаў) або штучных (напр., пры буйных ядз. катастрофах) з’яў і суправаджаецца выключнымі па маштабах і адмоўных наступствах парушэннямі экалагічнай раўнавагі ў прыродных сістэмах. Паняцце «аэразольная катастрофа» ўведзена сав. вучоным-геафізікам М.І.Будыкам (1969). Утварэнне ў атмасферы вял. аэразольных зонаў вядзе да рэзкага зніжэння празрыстасці атмасферы і колькасці сонечнай радыяцыі, якая паступае на паверхню Зямлі. Гэта выклікае моцнае пахаладанне і вымярзанне расліннасці на вял. тэрыторыях, масавую гібель жывёл, людзей. Мяркуюць, што аэразольныя катастрофы ўзнікалі на працягу многіх мінулых геал. перыядаў, лічаць, што яны патэнцыяльна магчымыя і ў выпадку ядз. вайны (гл. «Ядзерная зіма»).
т. 2, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)