ЗЕ́МСКІ ЎЧАСТКО́ВЫ НАЧА́ЛЬНІК,

адм.-судовая службовая асоба ў рас. вёсцы ў 1889—1917. Паводле закону ад 12.7.1889, які пашыраўся на рус. і часткова на ўкр. губерні, З.ў.н. вылучаўся з патомных дваран, што мелі нерухомую ўласнасць. Паводле закону ад 12.6.1900 пасада ўведзена таксама ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай, з 1904 — у Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губернях. У руках З.ў.н. была сканцэнтравана адм. ўлада над органамі сял. грамадскага кіравання, пазней да яго перайшлі і функцыі міравых суддзяў; саслоўныя ж правы сялян былі яшчэ больш абмежаваны, адм.-паліцэйскае самавольства і прыгнёт над імі ўзмацніліся.

В.П.Панюціч.

т. 7, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНАЁМЫ (Сяргей) (сапр. Клопаў Сяргей Змітравіч; 27.6.1909, в. Звонь Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1994?),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1933). Працаваў рабочым, рабкорам, настаўнічаў. У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Паўн.-Усх. лагеры на Калыме, адкуль уцёк 20.1.1944. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1929, дэбютаваў вершамі. У нарысах (зб-кі «Дом № 31», 1930, «За дамбаю», 1931, «Лес гарыць», 1932) адлюстраваў жыццё рабочых заводскіх ускраін. Аўтар аповесцей «Ганчары» (1933) і «Біяграфія майго героя» (1935). Збіраў фальклор, перакладаў з рус., укр. і інш. моў.

Літ.:

Чорны К. Заўвагі да стылявых тэндэнцый у творчасці Сяргея Знаёмага // Полымя рэвалюцыі. 1935. № 5.

т. 7, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНО́СКА (Ян) (1772, Гродзеншчына — 1833),

бел. філосаф, палітэканом, перакладчык. Вучыўся ў Гал. школе ВКЛ (Віленскі ун-т). Быў ад’юнктам філасофіі, выкладчыкам палітэканоміі, з 1810 праф. Віленскага ун-та. Аддаваў перавагу філасофіі франц. асветнікаў, найперш Э. дэ Кандыльяка, «Логіку» якога з уласнымі каментарыямі і прадмовамі З. пераклаў на польск. мову і выдаў у Вільні ў 1802. Пры распрацоўцы курса палітэканоміі З. аддаваў перавагу ліберальным эканам. ідэям А.Сміта, у 1816 надрукаваў «Даследаванне пра палітычную эканомію, яе гісторыю і сістэмы». Удзельнічаў у падрыхтоўцы да друку перакладу на рус. мову Статута Вял. кн. Літ. 1588.

Э.К.Дарашэвіч.

т. 7, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Канстанцін Канстанцінавіч) (21.5.1907, г. Яфрэмаў Тульскай вобл., Расія — 15.4.1984),

рускі дырыжор. Нар. арт. СССР (1958). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937, клас Л.Гінзбурга). З 1941 дырыжор Вял. сімф. аркестра Усесаюзнага радыё, у 1946—65 гал. дырыжор Дзярж. сімф. аркестра Расіі. Цэнтральнае месца ў яго рэпертуары займалі сімф. творы рус. і зарубежнай класікі, творы сучасных айч. і зарубежных кампазітараў. Яго мастацтву былі ўласцівы яркая эмацыянальнасць, імкненне да манументальнасці, буйных форм. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу дырыжораў (1938). Аўтар сімфоніі, сімф. паэмы, канцэрта для кантрабаса з арк., вак. твораў, кн. «Чарадзейства музыкі» (1983). Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў-КАЗЕ́ЛЬСКІ (сапр. Іваноў) Мітрафан Трафімавіч

(1850, Кіеўская губ.—27.1.1898),

расійскі акцёр. На сцэне з 1869 (Жытомір, Харкаўская трупа Н.Дзюкава). З 1875 выступаў як акцёр-гастралёр у розных гарадах Расіі. Мастацтва вызначалася душэўнасцю, шчырасцю, прастатой. Раскрыў якасці рус. нац. характару ў ролях Жадава («Даходнае месца» А.Астроўскага), Бялугіна («Жаніцьба Бялугіна» Астроўскага і М.Салаўёва), Чацкага («Гора ад розуму» А.Грыбаедава). Трагедыйны бок таленту выявіўся ў ролях Гамлета, Шэйлака («Гамлет», «Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Кіна («Кін» А.Дзюма-бацькі); тэма адзіноты «маленькага» чалавека ў ролях Ражнова («Гора-злашчаснасць» В.Крылова), Сяргея Артамонава («Ал лёсу не схаваешся» Аркадзьева) і інш. Сярод вучняў П.М.Арленеў.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў-КРАМСКО́Й (Аляксандр Міхайлавіч) (8.9.1912, Масква — 11.4.1973),

рускі гітарыст, дырыжор, кампазітар Засл. арт. Расіі (1959). Ў 1931—33 вучыўся ў Муз. тэхнікуме імя Кастр. рэвалюцыі (Масква). З 1932 на Усесаюзным радыё. З 1933 выступаў як саліст і ансамбліст. У 1939—45 дырыжор Ансамбля песні і танца НКУС СССР, у 1947—52 — Рус. нар. хору і аркестра нар. інструментаў Усесаюзнага радыё. З 1960 выкладаў у муз. вучылішчы пры Маскоўскай кансерваторыі. Аўтар муз. твораў для гітары (2 канцэрты з арк. і інш.), пералажэнняў і апрацовак. Выдаў «Школу для шасціструннай гітары» (1947). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў на нар. інструментах (1939).

т. 7, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́СТРУ ((Istru) Багдан) (сапр. Бадароў Іван Спірыдонавіч; 13.4.1914, в. Піструены Лазоўскага р-на, Малдова — 25.3.1993),

малдаўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Малдовы (1982). Чл.-кар. АН Малдовы (1984). Скончыў Вышэйшае пед. вучылішча ў г. Ясы (1931). Друкаваўся з 1936. У кнігах вершаў і паэм «Заклінанне» (1937), «Голас Радзімы» (1946), «Ад берага да берага» (1958), «Боль ценяў» (1968), «Тысячы галасоў» (1971), «Татарбунар» (1974), апавяданняў «Шлях да святла» (1947) і інш. адлюстраваў найб. важныя гіст. вехі жыцця малд. народа. Аўтар нарысаў, публіцыстычных і крытычных артыкулаў. На бел. мову асобныя творы І. пераклаў А.Лойка.

Тв.:

Рус. пер. — Избр.: Стихотворения и поэмы. М., 1976.

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТАРЫ́НІ ((Contarini) Амброджа) (?—1499),

італьянскі дыпламат і падарожнік. У 1474 накіраваны да правіцеля Зах. Ірана Узун-Хасана з прапановай пачаць вайну супраць Турцыі ў саюзе з Венецыяй. На адваротным шляху наведаў ВКЛ: у лют. 1477 прыняты ў г. Трокі каралём Казімірам IV, быў у Слоніме, Варшаве. У крас. 1477 вярнуўся ў Венецыю. У 1487 апублікавана апісанне яго падарожжа, у якім змешчаны каштоўныя звесткі пра Іран, Расію, Польшчу, ВКЛ, Грузію, Азербайджан, Крым і Астраханскае ханства.

Тв.:

Рус. пер. — Путешествие А.Контарини, посла светлейшей Венецианской республики к знаменитому персидскому государю Узун-Гассану // Библиотека иностранных писателей о России. Отд. 1. СПб., 1836.

Дз.М.Чаркасаў.

т. 7, с. 604

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМА́Ч ((Kosmać) Цырыл) (28.9.1910, г. Слап, Славенія — 28.1.1980),

славенскі пісьменнік. З 1938 жыў у Францыі, Англіі, з 1944 у Югаславіі. Удзельнік антыфаш. супраціўлення. Дэбютаваў аповесцю «Дзяк Марцін» (1933). Аўтар раманаў «Вясновы дзень» (1953; аўтабіягр.), «Балада пра трубу і воблака» (1956—57), аповесці «Тантандруй» (1959). Майстар псіхал. навелы: зб-кі «Шчасце і хлеб» (1946), «З маёй даліны» (1958). Для твораў К. характэрна нац.-грамадская і сац. праблематыка, спалучэнне лірызму і сатыры, рэаліст. сімволікі з фалькл. матывамі, пазней — з авангардысцкімі прыёмамі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1976;

Весенний день;

Баллада о трубе и облаке;

Новеллы. М., 1988.

Е.А.Лявонава.

т. 8, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЛЯРО́Ў (Ізяслаў Рыгоравіч) (н. 21.2.1938, г. Чавусы Магілёўскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1966). Працуе ў газ. «Светлагорскія навіны» на Гомельшчыне. Узначальвае ў Светлагорску карцінную галерэю «Традыцыя» (з 1992). Піша на рус. мове. Друкуецца з 1957. Аўтар зб-каў «Сябры мае — сведкі мае» (1981), «Тут, на трапяткой зямлі» (1989), «На адлегласці позірку і душы» (1990), «А душа і ў малітве баліць» (1994). Піша для дзяцей (зб-кі вершаў «Мой равеснік», 1975; «Цукеркавае дрэва», 1980; «Наш двор», 1997, з С.Шах). У творах тэмы пасляваен. дзяцінства, роздум над жыццём сучасніка і складанасцю чалавечых узаемаадносін. Аўтар мастацтвазнаўчых артыкулаў пра творчасць бел. мастакоў.

т. 8, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)