вадаспад на р. Ігуасу, на мяжы Аргенціны і Бразіліі, за 26 км ад месца ўпадзення яе ў р. Парана. Выш. 72 м, шыр. 2700 м. Вада спадае ў цясніну з 2 стромкіх базальтавых прыступак 275 струменямі, якія падзелены скалістымі астравамі. Сярэдні расход вады каля 1200 м³/с. Аднайменныя нац. паркі ў Аргенціне і Бразіліі (уключаны ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны). Турызм. Адкрыты ў 1892 пад назвай Санта-Марыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,
князь полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст. Адзін з герояў «Слова аб палку Ігаравым», дзе гаворыцца пра яго гераічную гібель у баі з літоўцамі. Дзедам І.В. названы кн.Усяслаў Брачыславіч. На падставе «Слова...» некат. даследчыкі лічаць, што І.В. быў князем у Гарадзені, які часам атаясамліваецца з сучасным Гроднам. Адзіны герой «Слова...», які не ўпамінаецца ў летапісах, што ставіць пад сумненне яго гіст. сапраўднасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИСКУ́ССТВО»,
часопіс пададдзела мастацтва аддзела нар. асветы Віцебскага губвыканкома і Саюза работнікаў мастацтва Віцебска. Выдаваўся ў 1921 у Віцебску на рус. мове (выйшла 6 нумароў). Публікаваў артыкулы пра маст., тэатр., муз. жыццё горада. На яго старонках выступалі мастакі К.Малевіч, М.Кунін, крытыкі А.Ром, П.Мядзведзеў, дырыжор М.Малько, паэт М.Пустынін і інш. У 1922 аб’яднаны з час. «Работник просвещения», выходзіў пад назвай «Работник просвещения и искусства».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААРДЫНА́ТНАЯ ВЫМЯРА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
універсальная машына кантролю памераў у машынабудаванні шляхам вымярэння перамяшчэнняў наканечніка вымяральнай галоўкі адносна дэталі ў дэкартавай або цыліндрычнай сістэме каардынат. Большасць машын аўтаматычна (пад кіраваннем ЭВМ) выконвае ўвесь працэс вымярэння: узгадненне баз (сістэм каардынат) машыны і дэталі, кіраванне рухам выканаўчых органаў. счытванне, апрацоўку і запіс вынікаў вымярэння. Бываюць высокай дакладнасці (прэцызійныя, з хібнасцю вымярэнняў 3—6 мкм) і менш дакладныя (прадукцыйныя, з хібнасцю да 50 мкм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЕ́РСКІ (Эдуард Аўрэліянавіч) (1837, Ігуменскі пав. Мінскай губ. — 30.7.1916),
ваенны картограф. Ген.-лейт. (1900). Скончыў Брэсцкі кадэцкі корпус, Акадэмію Генштаба (1866). Служыў у Генштабе. Пад кіраўніцтвам К. ўпершыню складзены шэраг карт Азіяцкай часткі Рас. імперыі, Прыбалтыкі і інш. У 1896 атрымаў узнагароду «Залаты арол» Рус.геагр.т-ва. Быў папячыцелем Аляксееўскага касцёла ў Івянцы (Валожынскі р-н), дзе жылі яго родныя (асвячоны ў 1907). Пахаваны ў гэтым касцёле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЗА́НЕ РУ́СКЕ СХІЗМАТЫ́ЧНЭ»,
ананімны бел. празаічны твор сярэдзіны 18 ст. Адкрыты ў 1974. Створаны, відаць, у Віцебску, стылізаваны пад праваслаўную («схізматычную» — раскольніцкую) пропаведзь. У ім выявілася антыпольская арыентацыя аўтара, які ўслаўляў дзейнасць Пятра I. Асуджалася крывадушнасць мясц. феадалаў (асабліва прыгонніцы А.Скарынкавай), якія сваю амаральнасць прыкрывалі маскай набожнасці. Напісана лацінкаю, уключае шмат лац. слоў і павучанняў, рус. лексіку. Рукапіс зберагаецца ў б-цы АН Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў (Арсен Яўхімавіч) (23.2.1919, в. Газьба Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 12.8.1971),
Герой Сав. Саюза (1945). У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Вызначыўся пры фарсіраванні Дуная каля г. Харта (Венгрыя): у ноч на 1.12.1944 камандзір разліку дэсантнай лодкі ст. сяржант К. пад агнём пераправіўся цераз раку, першы высадзіўся на бераг, паранены ўварваўся ў варожыя траншэі, чым садзейнічаў поспеху пры высадцы дэсанта. Пасля вайны на гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАПУ́ЗІКІ (Histeridae),
сямейства насякомых агр. жукоў. Каля 3500 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. На Беларусі 20 родаў, 61 від. Жывуць у мярцвячыне, гнаі, пад карой і ў драўніне, у гнёздах птушак і норах звяроў або мурашніках, трапляюцца ў памяшканнях.
Даўж. да 20 мм. Цела цвёрдае, пукатае. Афарбоўка чорная, бурая, часта з метал. бляскам. Ногі капальныя. Драпежнікі, кормяцца лічынкамі насякомых, кляшчамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРВАЛА́НТ (ад франц. corps корпус, асобны атрад + volant лятучы),
вайсковае злучэнне, аснову якога складала конніца, а таксама пяхота і лёгкая артылерыя. Прызначаўся гал. чынам для дзеянняў у тыле праціўніка, перахопу яго камунікацый, удараў у флангі баявых парадкаў і для праследавання. Шырока выкарыстоўваўся ў войсках 18—19 ст. У Расіі створаны Пятром I у 1701. Паспяхова дзейнічаў у час Паўночнай вайны 1700—21, вызначыўся ў бітве пад Лясной 1708.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЁЛ,
устройства для атрымання пад ціскам пары (паравы кацёл) або гарачай вады ў выніку спальвання цвёрдага, вадкага, газападобнага паліва, выкарыстання эл. энергіі, цеплыні адыходных газаў ці тэхнал. працэсу. К., які не мае ўласнай топкі і абаграваецца адыходнымі газамі якой-н. прамысл. або энергет. устаноўкі, наз. К.-утылізатарам. Звычайна ў К. уваходзяць топка, параўтваральныя паверхні, параперагравальнік, вадзяны эканамайзер, паветрападагравальнік, каркас, абмуроўка, цеплавая ізаляцыя, абшыўка. Разам з разнастайным дапаможным абсталяваннем складае кацельную ўстаноўку.