ЛЮКСЕМБУ́РГСКАЯ КАМІ́СІЯ, Урадавая камісія для рабочых. Засн. Часовым урадам франц. Другой рэспублікі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1848 для распрацоўкі захадаў па паляпшэнні становішча рабочых. Дзейнічала 1.3—13.5.1848 у Люксембургскім палацы Парыжа (адсюль назва). Кіраўнікі — члены ўрада сацыялісты Л.Блан (прэзідэнт) і А.Альбер (віцэ-прэзідэнт). Уваходзілі дэлегаты ад рабочых, прадпрымальнікі, эканамісты. Не мела грашовых сродкаў і рэальнай улады. Распушчана ўрадам пасля адкрыцця Устаноўчага сходу.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́МПА-ЎСПЫ́ШКА фотаўспышка,

прылада для кароткачасовага асвятлення аб’екта фотаздымкі. Бываюць электронныя (найб. пашыраны) і цеплавыя. Электронная Л.-ў. мае крыніцу сілкавання (батарэю гальванічных элементаў, выпрамнік ці інш.) і імпульсную лямпу з рэфлектарам. У цеплавой Л.-ў. (аднаразовай) у кіслародзе згарае алюмініевая фольга. Сінхроннае ўключэнне Л.-ў. з поўнасцю адкрытым затворам фотаапарата забяспечваецца ўбудаваным сінхракантактам. Выкарыстоўваюцца для фатаграфавання пры недастатковай асветленасці аб’ектаў.

т. 9, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙМЕ́НШАГА ДЗЕ́ЯННЯ ПРЫ́НЦЫП,

адзін з асн. варыяцыйных прынцыпаў механікі. Паводле Н.дз.п. з дадзенага класа рухаў мех. сістэмы ажыццяўляецца такі, для якога фіз. велічыня, якая наз. дзеяннем (гл. Дзеянне ў фізіцы), мае мінімум. Выкарыстоўваецца для атрымання ўраўненняў руху мех. сістэмы і даследавання агульных уласцівасцей гэтых рухаў. Пры пэўных абагульненнях паняццяў Н.дз.п. дастасуецца таксама да рашэння задач механікі неперарыўных асяроддзяў, электрадынамікі, квантавай механікі і інш.

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ТРЫЮ ПЕРАКСІ́Д,

неарганічнае пераксіднае злучэнне, моцны акісляльнік, Na2O2 Бясколернае крышт. рэчыва (тэхн. прадукт слаба-жоўтага колеру). Раствараецца ў вадзе. Пры награванні вышэй за 300 °C раскладаецца з вылучэннем кіслароду. Атрымліваюць акісленнем расплаву натрыю кіслародам ачышчанага ад вуглякіслага газу сухога паветра. Выкарыстоўваюць для рэгенерацыі паветра (Na2O2 + СО2 → Na2CO3 + ​1/2 O2) У падводных лодках і дыхальных прыборах, водныя растворы — для адбельвання паперы, тканін.

т. 11, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІХРО́М [ад ні(кель) + хром],

сплаў нікелю (65—80%) і хрому (15—30%), часта з дамешкамі крэмнію, алюмінію і інш. Характарызуецца высокімі гарачатрываласцю і ўдзельным супраціўленнем. Выкарыстоўваецца для вырабу награвальных элементаў эл. печаў і бытавых прылад, рэзістараў і рэастатаў. Сплаў з меншай колькасцю хрому (да 10%) наз. храмель і выкарыстоўваецца для вырабу тэрмапар, а таксама кампенсацыйных правадоў. Сплавы тыпу Н., дзе частка нікелю заменена жалезам, наз. фераніхромамі.

т. 11, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РТЫЯ [франц. parti ад лац. pars (partis) частка, група],

1) палітычная арг-цыя, якая выражае інтарэсы грамадскага класа, іншых сац. груп і слаёў, аб’ядноўвае найб. актыўных іх прадстаўнікоў і кіруе барацьбой для дасягнення пэўных мэт.

2) Група людзей, аб’яднаных для якой-н. мэты; атрад (напр., П. геолагаў).

3) Пэўная колькасць прадметаў, тавару.

4) Гульня (у шахматы, шашкі, карты і пад.) да пэўнага выніку.

т. 12, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАС,

1) прыстасаванне для прывядзення ў рух с.-г., тэкстыльных і інш. машын, некаторых станкоў, механізмаў. Мае выгляд бясконцай паласы прамавугольнага, клінападобнага або круглага сячэння з баваўнянай, прагумаванай тканіны, скуры ці сінт. матэрыялу. Выкарыстоўваецца ў раменных перадачах. Зубчасты П. мае выступы для счаплення з упадзінамі на шківах.

2) У спартыўных гульнях перадача мяча, шайбы і інш. каму-небудзь з гульцоў сваёй каманды.

т. 12, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНАМЕТА́Л,

метал (сплаў) ячэістай структуры. Для атрымання П. ў расплаў металу ўводзяць гідрыды (напр., тытану, цырконію), якія раскладаюцца з вылучэннем вадароду, што ўспеньвае метал. Ячэістая структура замацоўваецца хуткім ахаладжэннем. Вырабляюць П. на аснове алюмінію (пенаалюміній мае шчыльн. 230—750 кг/м³, а алюміній — 2700 кг/м³), магнію і інш. металаў. Выкарыстоўваюць як напаўняльнікі канструкцый (для забеспячэння іх цвёрдасці), а таксама як цеплаізаляцыйны матэрыял.

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ПСАВЫ АЛЕ́Й,

тлусты алей з насення рапсу. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Вадкасць ад светла-жоўтага да цёмна-рудога колеру, шчыльн. 914 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -4 да -10 °C. Паўвысыхальны алей (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці мыла, пакостаў, алкідных смол, кампанент змазачных матэрыялаў, сродак для тлушчавання скуры, рафінаваны — сыравіна для атрымання маргарыну.

т. 13, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТВОРАПО́МПА,

стацыянарная або перасоўная машына для перапампоўвання будаўнічых раствораў (гал. чынам тынкавальных) да месца выкарыстання. Растворы транспартуюцца плунжэрнай помпай па верт. трубаправодзе на выш. да 40 м, па гарыз. да 200 м. Р. выкарыстоўваецца і для нанясення тынкавальнага слоя з дапамогай фарсунак на сцены і столь, нагнятання раствораў у поласці швоў пры рамонце будынкаў, тунэляў, буравых свідравін, а таксама пры нанясенні ізаляцыйных масцік.

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)