АЎГУСТО́ВА,
вёска ў Беларусі, у Знаменкаўскім с/с Лагойскага р-на Мінскай вобласці. Цэнтр калгаса. За 5 км ад г.п. Лагойск, 55 км ад Мінска, 24 км ад чыг. ст. Смалявічы. 477 ж., 156 двароў (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. Абслугоўвання.
т. 2, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСТО́ЎСКІ КАНА́Л,
у Гродзенскім раёне Беларусі і Сувалкаўскім ваяв. Польшчы. Злучае Нёман з р. Бебжа (бас. Віслы). Даўж. 102 км, на тэр. Беларусі 22 км. Сярэдняя глыбіня 1,8 м. Утвораны з сістэмы каналаў, азёраў (Нецка, Белае і інш. на тэр. Польшчы), сажалак, каналізаваных участкаў рэк і пратокаў паміж азёрамі. На Беларусі ўключае частку р. Чорная Ганча (даўж. 9 км) паміж в. Лясная і в. Сонічы і асобнае рэчышча (даўж. 6 км), якое злучае гэтую рэчку з Нёманам (каля в. Нямнова). Мае 18 шлюзаў, з іх 4 на тэр. Беларусі. Пабудаваны ў 1824—39 як водны шлях для перавозкі грузаў з бас. Віслы і Нёмана да Балтыйскага м. На б.ч. быў даступны для суднаў водазмяшчэннем да 100 т, часткова выкарыстоўваўся для сплаву лесу. Страціў ролю транспартнага шляху. Помнік гідратэхн. буд-ва. Аб’ект турызму.
т. 2, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСТО́ЎСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў Польшчы, Рас імперыі і БССР у 19—20 ст. Цэнтр — г. Аўгустаў. Утвораны ў 1807 з Дамброўскага і Бебжанскага пав. у складзе Варшаўскага герцагства. Пл. 1779 кв. вёрст, нас. 81,7 тыс. чал. (1897), з якіх 42,3% палякаў, 32,5% беларусаў, 5,3% рускіх. Падзяляўся на 12 валасцей, меў 1 горад і 3 пасады. У 1815 павет далучаны да Рас. імперыі. У 1837—66 у складзе Аўгустоўскай, з 1866 — Сувалкаўскай губ. У 1915—18 акупіраваны герм. войскамі, затым у складзе Беластоцкага ваяв. Польшчы. З 1939 у складзе БССР, у Беластоцкай вобласці. У студз. 1940 павет скасаваны і ўтвораны раёны; у 1945 яго тэр. перададзена Польшчы.
т. 2, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСЦІ́Н Блажэнны
(Augustinus Sanctus) Аўрэлій (13.11.354, г. Тагаст, Паўн. Афрыка — 28.8.430),
хрысціянскі багаслоў, філосаф, буйнейшы прадстаўнік зах. (лац.) патрыстыкі. Епіскап г. Гіпон (395). Асн. творы «Споведзь» (400), «Пра тройцу» (400—416), «Пра горад божы» (413—426). Яго вучэнне — філас.-тэалагічнае абгрунтаванне хрысціянства ў духу неаплатанізму. Распрацаваў сац.-паліт. канцэпцыю, якая падзяляе чалавечае грамадства на 2 процілеглыя царствы — «горад зямны» і «горад божы». Не адмаўляючы свецкай улады, аддаваў перавагу ўладзе духоўнай. Ідэі Аўгусціна моцна паўплывалі на развіццё сярэдневяковай тэалогіі і філасофіі (гл. Аўгусцініянства). На Беларусі яго творы вядомыя з 11 ст., цікавасць да іх пабольшала ў 16—17 ст., калі тут былі выдадзены яго зб-кі павучанняў, творы «Пра горад божы», «Богападобная любоў», «Пра бачанне Хрыста».
Літ.:
Бычков В.В. Эстетика Аврелия Августина. М., 1984.
Г.У.Грушавы.
т. 2, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСЦІНІЯ́НСТВА,
кірунак у сярэдневяковай схаластыцы, які ўзнік пад уплывам ідэй Аўгусціна Блажэннага. У тэалогіі прыхільнікі аўгусцініянства аддавалі перавагу т.зв. анталагічным доказам існавання Бога, напрыклад, праводзілі аналогію паміж трыма здольнасцямі душы (памяць, розум і воля) і трыма абліччамі тройцы. У гнасеалогіі яны лічылі веру перадумовай усякіх ведаў. Да 12 ст. аўгусцініянства было пануючым кірункам (яму процістаялі толькі пантэізм Іаана Скота Эрыўгены, наміналізм І.Расцэліна і П.Абеляра і крайнія ерэтычныя пазіцыі). У 13—14 ст. у барацьбе супраць тамізму ідэі аўгусцініязму адстойвалі Банавентура, Іаан Пека, Дунс Скот. У эпоху рэфармацыі і контррэфармацыі іх развівалі М.Лютэр, Дж.Серынада, Г.Норыс, Л.Берці і інш. Водгаласы крытыкі тамізму з пазіцый аўгусцініянства сустракаліся і пазней у каталіцкай рэліг. філасофіі і ў інш. філас. вучэннях і плынях.
т. 2, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСЦІНО́ВІЧ Тамаш
(Фама) Мацвеевіч (1809, Віленская губ. — 1891),
лекар, батанік, падарожнік. Скончыў Свіслацкую гімназію, вучыўся на мед. ф-це Віленскага ун-та, пасля яго закрыцця — у Кіеўскай медыка-хірург. акадэміі (1830—35). Працаваў вайск. лекарам, штаб-лекарам у Бранску (1835—43), лекарам і інспектарам на Украіне і ў Палтаўскай губ. (1845—53). Удзельнічаў у навук. экспедыцыях Рас. геагр. т-ва на Урал (1870), у Забайкалле, Прыморскі край і на Сахалін (1871 — 72), у Табольскую губ. на р. Об і Іркуцкую губ. на р. Лена (1874), на Чукотку (1875—76). Навук. даследаванні прысвечаны флоры Беларусі, Украіны, Паўн.-Усх. Сібіры і Д.Усходу. Аўтар альбома хірург. інструментаў (1835). У гонар Аўгусціновіча названы від асакі Carex augustinoviczii Meinsh.
Тв.:
О дикорастущих врачебных растениях Полтавской губернии. Киев, 1853;
Три года в Северо-Восточной Сибири за Полярным кругом // Древняя и новая Россия. 1880. Т. 18, № 12.
В.А.Гапоненка.
т. 2, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСЦІ́НЧЫЧ (Augustinčić) Антун
(4.5.1900, с. Кланец, Харватыя — 10.5.1979),
харвацкі скульптар. Ганаровы чл. АМ СССР (1975). Праф. Заграбскай АМ. Вучыўся ў Заграбскай АМ (1922—24), парыжскіх школах прыгожых мастацтваў і дэкар. мастацтваў (1924—26). Аўтар манумента Сав. Арміі ў с. Баціна-Скела (1945—47), помніка Міру перад будынкам ААН у Нью-Йорку (1952—54, паст. ў 1955), станковых кампазіцый, партрэтаў, жаночых статуй і торсаў, якім уласцівыя дынаміка, жывапіснасць, абагульненасць манумент. формаў.
т. 2, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎД (Oud) Якабус Іаганес Пітэр
(9.2.1890, г. Пюрмерэнд, Паўн. Галандыя — 5.4.1963),
галандскі архітэктар. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Дэлфце і Мюнхене. Лідэр галанд. функцыяналізму і групы «Стыль». Аўтар праектаў комплекснай планіроўкі і забудовы жылых раёнаў у Ротэрдаме (1922—30). Сярод збудаванняў Аўда: дамы ў пас. Вайсенгоф (Штутгарт, 1928), будынкі фірмы «Шэл-Недэрланд» (1940) і Кангрэса (1963) у Гаазе, санаторый каля Арнема (1960) і інш.
т. 2, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДЗЕ́ЕНКА Ганна Васілеўна
(н. 23.2.1927, в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. спявачка. Засл. арт. Беларусі (1966). У 1952—82 салістка (нізкі альт) Дзярж. нар. хору БССР. Тонка адчувала і перадавала стылявыя асаблівасці палескіх нар. песень. Выступала ў складзе вак. актэта, у дуэце з М.Адамейка.
т. 2, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДЗЕ́ЕЎ Алег Ціханавіч
(н. 15.6.1926, С.-Пецярбург),
бел. кінааператар. Засл. работнік культуры Беларусі (1976). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1955). У 1956—92 на кінастудыі «Беларусьфільм». Яго творчасці ўласцівы строгі рэаліст. стыль, графічнасць, лірызм. Сярод фільмаў: дакументальныя «Генерал Даватар» (1967), «Балада пра чорную бярозу» (1977); мастацкія «Дзяўчынка шукае бацьку» (з І.Пікманам, 1959), «Каханнем трэба даражыць» (1960), «Крыніцы» (1965), «Ствары бой» (1969), «Нечаканае каханне» (1971), «Воўчая зграя» (1975), «Маленькі сяржант» (1976), «Канец бабінага лета» (1983), «Трывогі першых птушак» (1985), «Хочаце — кахайце, хочаце — не...» (1987); тэлевізійныя «Парашуты на дрэвах» (1973), «Лёгка быць добрым» (2-серыйны, 1976), «Крыж міласэрнасці» (шматсерыйны, 1989—91), «Раман імператара» (шматсерыйны, 1993) і інш.
т. 2, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)