БАБАРЭ́КА (Адам Антонавіч) (14.10.1899, в. Слабада-Кучынка Капыльскага р-на Мінскай вобласці — 10.10.1938),
бел. пісьменнік і крытык. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1918), БДУ (1927). Настаўнічаў на Случчыне. У 1921—22 палітработнік у Чырв. Арміі. У 1926—29 выкладчык бел.мовы і л-ры ў Камуніст. ун-це Беларусі, з 1928 на кафедры бел. л-ры БДУ. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літ. аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». У 1930 беспадстаўна арыштаваны. 10.4.1931 асуджаны на 5 гадоў высылкі. Адбываў у г.п. Слабадской (Вятчына), у Вятцы (цяпер г. Кіраў). У 1937 зноў рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1919. Вершы і апавяданні падпісваў псеўд. Янка Кужаль, Адам Чырвоны, Якім Каліна і інш. Як крытык распрацоўваў метадалагічныя пытанні літ.-знаўства і эстэтыкі, прынцыпы народнасці, сац. і эстэт. каштоўнасці л-ры, даследаваў гісторыю бел. л-ры, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, У.Дубоўкі, К.Чорнага і інш. Аналіз літ. творчасці спалучаў з гістарызмам і філасафічнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСЕ́НКА (Васіль Васілевіч) (25.4.1904, г. Барысаў — 26.7.1984),
бел.літ.-знавец, крытык. Акад.АН Беларусі (1969), д-рфілал.н., праф. (1956). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў БДУ (1929). З 1924 на выкладчыцкай і навук. рабоце. У 1937—41 дырэктар Ін-та л-ры і мовыАН Беларусі. З 1946 дырэктар, з 1973 навук. супрацоўнік-кансультант Ін-та л-ры АН Беларусі. Даследаваў творчасць Ф.Багушэвіча («Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя», 1957), Я.Купалы, Я.Коласа, В.Дуніна-Марцінкевіча, П.Труса і інш. У некаторых працах 1930—40-х г. аддаў даніну вульгарнаму сацыялагізму («Нацдэмаўская літаратуразнаўчая метадалогія М.Гарэцкага», 1936; «Вораг пад маскай крытыка», 1937; «Аб ідэалагічных скажэннях у працы асобных літаратуразнаўцаў і крытыкаў», 1948, і інш.). Аўтар хрэстаматыі і падручніка для 8-га кл. «Беларуская літаратура» (1959, 19-е выд. 1978, з В.Івашыным). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (на рус. мове, 1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
згуртаванне беларусаў свету. Засн. 6.3.1990 у Мінску прадстаўнікамі творчай і тэхн. інтэлігенцыі Беларусі. На ўстаноўчай канферэнцыі 10—11.9.1990 прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх (апрача Крымскага) бел. зямляцтваў і суполак з рэспублік СССР, бел. арг-цый з Беластоцкага ваяводства (Польшча), Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, Беларускага грамадска-культурнага таварыства, Беларускага аб’яднання студэнтаў, тыднёвіка «Ніва», замежныя госці юбілею Ф.Скарыны. Ідэя стварэння «Бацькаўшчыны» падтрымана на 19-й сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі (вер. 1990, Кліўленд). «Бацькаўшчына» вядзе рознабаковую дзейнасць: культ.-асв., гасп.-эканам., рэлігійную, краязнаўчую, замежны турызм і інш.Асн. задачы: адраджэнне культуры і мовы, нац. свядомасці і традыцый бел. народа, кансалідацыя і аб’яднанне беларусаў свету незалежна ад іх паліт. поглядаў, сац. і маёмаснага стану, веравызнання, устанаўленне патрэбных для Беларусі сувязяў з замежжам. Аддзяленні «Бацькаўшчыны» створаны ў абл. цэнтрах і гарадах Беларусі, за мяжой. «Бацькаўшчына» прымае ўдзел у патрыят. акцыях, ажыццяўляе дабрачынную дзейнасць. Ініцыятар склікання і арганізатар Першага сходу беларусаў блізкага замежжа і Першага з’езду беларусаў свету. На чале «Бацькаўшчыны» — прэзідэнт (з 1990 В.Быкаў, з 1993 Р.Гарэцкі). Кіраўнічы орган — рада, выканаўчы — управа.
Да арт.«Бацькаўшчына». Першы з’езд беларусаў свету ў Мінску. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ, Віленская камісія для разбору і выдання старажытных актаў,
афіцыйная навук. ўстанова ў крас. 1864—1915 у Вільні. Камісія спецыяльна падбірала такія дакументы, якія абгрунтоўвалі палітыку царызму. У рабоце камісіі прымалі ўдзел П.А.Бяссонаў, Я.Ф.Галавацкі, М.І.Гарбачэўскі, Ф.М.Дабранскі, Дз.І.Даўгяла, Ю.Ф.Крачкоўскі, І.Я.Спрогіс, А.В.Турцэвіч і інш. Выдадзена 39 тамоў Актаў Віленскай камісіі (дакументы копных, земскіх і гродскіх судоў і магістратаў, інвентары старостваў і маёнткаў, матэрыялы пра вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і вайну 1812, царкоўную унію), 7 тамоў (у 9 кнігах) па гісторыі агр. зносін, лясной гаспадаркі; зборнік палеаграфічных здымкаў са стараж. актаў і грамат і інш. (усяго 49 тамоў). Выданне актавых кніг заснавана на дакументах Цэнтр. архіва для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ., дзе былі сабраны стараж. акты (да 1799) з гарадоў і мястэчак гэтых губерняў. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць у рабоце камісіі, яе выданні з’яўляюцца важнай крыніцай вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі, гісторыі бел.мовы.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ АКРУГО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА КРАЯЗНА́ЎСТВА.
Існавала ў 1924—32. Мела на мэце вывучэнне і папулярызацыю ведаў па гісторыі, культуры, прыродзе і эканоміцы краю. Складалася з секцый: культурна-гіст., маст., мовы і побыту, прыродазнаўчай, эканам., яўрэйскай; спец. камісія рыхтавала бібліяграфію і бібліягр. слоўнік дзеячаў Віцебшчыны. Адзін са стваральнікаў і першы старшыня праўлення М.І.Каспяровіч. Члены т-ва: краязнаўцы М.Багародскі, А.Брадоўскі, У.Краснянскі; архівіст Б.Брэжга, мастакі З.Гарбавец, Я.Мінін, Ю.Пэн, М.Эндэ, скульптары З.Азгур і М.Керзін, арх. Ц.Кібардзін, мастацтвазнаўцы І.Фурман і І.Гаўрыс; кампазітары М.Анцаў і А.Поснікаў; батанікі У.Адамаў, Л.Нікольскі і інш. Мела раённыя аддзяленні ў Бешанковічах, Высачанах, Гарадку, Езярышчы, Лёзне, Сіроціне, Сянне, Суражы, Чашніках. У многіх нас. пунктах працавалі краязнаўчыя гурткі. Т-ва арганізоўвала лекцыі, экскурсіі, канферэнцыі, вечары бел. песні, экспедыцыі па збіранні і вывучэнні бел.нар. мастацтва і фальклору, стварала музеі. Выдала больш за 10 кніг і брашур, у т. л. «Беларуская архітэктура» Каспяровіча, «Новая беларуская літаратура» А.Багдановіча, «Крашаніна» Фурмана (усе 1925), «Гравюры на дрэве» Гарбаўца (1927), зб-кі «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). Пераемнік т-ва — Віцебскае гар. бюро краязнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛАВА (Галіна Канстанцінаўна) (н. 5.3.1951, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыла Бел. кансерваторыю (1977, клас Дз.Смольскага), з 1980 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (дацэнт з 1987). Адзін з яркіх прадстаўнікоў неарамантызму ў сучаснай бел. музыцы. Значны яе ўклад у жанры кантаты, камерна-вак. музыкі, інстр. канцэрта. Развівае традыцыі класікі 20 ст., стварыла індывід. стыль, адметны паэтычнасцю, лірычнай экспрэсіяй, адухоўленасцю муз. вобразаў, нац. характэрнасцю муз.мовы. Сярод твораў: кантаты, у т. л. «У год сусветнага пажару» (1989), «Тысяча гадоў надзеі» (1990); сімф. паэма «Бандароўна» (1986); канцэрты для скрыпкі, габоя, балалайкі, трубы, гітары, трамбона з аркестрам (1979—96); санаты для скрыпкі, кантрабаса «Al fresco», фп. (1987—95); вак. цыклы на вершы П.Беранжэ, Э.Верхарна, Г.Ахматавай, «Дзявочыя песні» на вершы М.Багдановіча, «Чатыры песні над калыскай» на вершы Л.Геніюш, Е.Лось, Н.Тулупавай. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Літ.:
Юденич Н. Доброго пути! // Сов. музыка. 1983. № 8;
Сергиенко Р.И. Штрихи к творческому портрету Галины Гореловой // Вопросы культуры и искусства Белоруссии Мн., 1991. Вып. 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
навучальная ўстанова ў Гродне ў 1625—1773. Уключаў вучэбныя і жылыя памяшканні, б-ку (у 1773 — 2373 кнігі), аптэку (засн. ў 1687), сад, гасп. будынкі, касцёл Францыска Ксаверыя (гл. ў арт.Гродзенскі кляштар езуітаў). Яго пабудовы займалі цэлы квартал горада. Калегіум складаўся з 2 аддзяленняў: малодшага, якое мела 5 класаў (апошні — 2-гадовы), і старэйшага, 3-гадовага. Выкладаліся традыцыйныя для калегіума прадметы: «сем вольных мастацтваў», тэалогія, класічныя мовы і інш. З 1667/68 навуч.г. ўсе настаўнікі калегіума мелі вучонае званне прафесара. У 1707 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, пры ёй дзейнічала капэла (у 1773 мела 63 муз. інструменты). На 1773 калегіум валодаў 7 фальваркамі і 25 вёскамі ў Гродзенскім пав., у якіх было 240 дымоў. Пасля роспуску ў 1773 ордэна езуітаў будынкі і маёмасць калегіума перададзены Адукацыйнай камісіі, пазней — урадавым установам. Касцёл ператвораны ў фарны (прыходскі). Калегіум адыграў значную ролю ў пашырэнні ўплыву каталіцкай царквы на З Беларусі, яго дзейнасць спрыяла зацвярджэнню еўрап. сістэмы адукацыі на Гродзеншчыне. У ліку яго выхаванцаў асветнік і астраном М.Пачобут-Адляніцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫШКЕ́ВІЧ (Францішак) (Франук; 1904 ці 1906, мяст. Сухаволя Беластоцкага ваяв., Польшча — 1944 ці 1945),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), літ.ф-т Карлава ун-та ў Празе. Д-р філасофіі. З 1939 узначальваў бел. школы Віленскай школьнай акругі. У 1941—44 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. У 1944 арыштаваны, у час следства ў Мінску скончыў жыццё самагубствам. Друкаваўся з 1924. Лепшыя вершы пазначаны тонкім лірызмам, філасафічнасцю, у некат. матывы песімізму (зб. «Веснавыя мелодыі», 1927). Пісаў апавяданні («Куцця ў чужыне», «У калядны вечар»), выступаў як крытык, прапагандыст бел. л-ры ў Чэхаславакіі («Беларускае літаратурнае творства ў расейскім перакладзе», 1927; «Кароткі агляд дзеі ўкраінскае літаратуры», «Літаратурныя запіскі», 1928; рэцэнзіі на кн. паэзіі і прозы В.Адважнага, Н.Арсенневай, М.Багдановіча, М.Зарэцкага, Х.Ільяшэвіча, Я.Коласа, Р.Мурашкі, К.Чорнага і інш.). Аўтар публіцыстычных арт. «Каталіцкая місія на Беларусі» (1925), «Наш вечны сон» (1926), «Аб паходжанні нашае мовы» (1928), «У лабірынце маладое беларускае думкі» (1931). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.В.Гётэ, О.Жупанчыча, І.Франко і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЭТНІЗА́ЦЫЯ,
страта нацыянальна-спецыфічнага ў культуры, мове і побыце этнасу; згортванне або выцясненне нац. форм грамадскага жыцця. З’яўляецца вынікам змяненняў, якія адбываюцца ў ходзе этнічных працэсаў, укаранення або добраахвотнага засваення адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет другога народа. Гіст. прыклады Д. — пашырэнне грэч. культуры на краіны Усх. Міжземнамор’я ў эпоху элінізму, насаджэнне Рымам сваіх законаў і звычаяў на падуладных тэрыторыях Зах., Паўд.-Усх. Еўропы і М.Азіі, асіміляцыя немцамі зах.-слав. плямён у бас. Эльбы і Одэра ў 10—12 ст.; слав. каланізацыя і асіміляцыя балцкага насельніцтва ў 6—8 ст., польскае культ.-моўнае ўздзеянне на бел. этнас у Рэчы Паспалітай і рускае — у Рас. імперыі і СССР. Суправаджаецца ўпадкам нац. культуры, дэфармацыямі менталітэту, самасвядомасці нацыі, аслабленнем механізмаў яе самазахавання як самаст. этнасу. У гэтым сэнсе Д. азначае адмаўленне ад нац. моў і культур, традыцый, звычаяў і нац. самабытнасці ў цэлым. Д. нельга атаясамліваць з аб’ектыўным працэсам інтэрнацыяналізацыі, які мае на мэце не адмову ад нацыянальнага, а яго захаванне і развіццё, уздым да ўзроўню інтэрнацыянальнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КІ ПРЫПЫ́НКУ, пунктуацыя,
графічныя сродкі перадачы граматычнай і інтанацыйнай будовы сказа. Узніклі з пачаткам кнігадрукавання (15 ст.). Сучасная бел. мова мае 10 З.п.: кропка, пытальнік, клічнік (паказваюць канец сказа, а таксама апавядальную, пытальную і клічную інтанацыі); коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік, дужкі (ставяцца ўнутры сказа); двукоссе (выдзяляе простую мову і цытаты); шматкроп’е (паказвае запінку, пропуск, незакончанасць). Працяжнік адметны шматзначнасцю. Раздзяляльныя З.п. (кропка, коска, двукроп’е і інш.) — адзіночныя; выдзяляльныя (дужкі, двукоссе, коскі, працяжнікі) — заўсёды парныя. Некат. падвойваюцца, патройваюцца і спалучаюцца паміж сабою. Найчасцей пунктуацыя абумоўлена толькі сінтаксічнай будовай сказа, безадносна да канкрэтнай інтанацыі, і мае строгую нарматыўнасць. Інтанацыйныя З.п. арыентуюцца на вымаўленне і бываюць факультатыўныя (асабліва працяжнік і коска ў маст. мове). У абодвух выпадках З.п. цесна звязаны з сэнсава-граматычным і эмацыянальна-стылістычным зместам сказа. Сказы без З.п. былі б двухсэнсавыя ці цьмяныя, напр.: «Скажы яму добра» — «Скажы яму: добра!» — «Скажы: яму добра?» — «Скажы яму. Добра?».
Літ.:
Клюсаў Г.Н., Юрэвіч А.Л. Сучасная беларуская пунктуацыя. 2 выд.Мн., 1972;
Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1982.