ГЕТЭРАФІЛІ́Я (ад гетэра... + грэч. phyllon ліст), разналістасць,
наяўнасць на адной расліне рознага па форме, памерах і структуры лісця. Часцей характэрна для водных раслін (напр., у стрэлкаліста, вадзянога кураслепу, некаторых рдзестаў), у якіх падводнае лісце адрозніваецца па форме ад надводнага. Сустракаецца таксама ў некат. наземных раслін, дзе ніжняе лісце лускападобнае, сярэдняе (асіміліруючае) з чаранком (або похвай), пласцінкай і прылісткамі, верхняе мае спецыфічную будову каля суквецця (прыкветнікі). У больш вузкім сэнсе гетэрафілія — розніца паміж лісцем сярэдняй фармацыі ў межах парастка расліны, якая звязана з узроставымі зменамі і ўздзеяннем навакольнага асяроддзя (напр., у плюшчу, шаўкоўніцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да 28.7.1944 у Брэсце. Ініцыятары стварэння першых груп камуністы П.Т.Жулікаў і Р.С.Радкевіч. Пад кіраўніцтвам Брэсцкага патрыятычнага падполля дзейнічала Брэсцкае маладзёжнае падполле. Падпольшчыкі прымалі па радыё, размнажалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, цёплае адзенне, медыкаменты для партызан, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных зфаш. лагераў, зрывалі мерапрыемствы акупантаў па вывазе моладзі ў Германію, перашкаджалі рамонту вагонаў, пуску ліцейнага цэха, псавалі станкі і абсталяванне, выводзілі са строю паравозы, разам з дыверсійнымі групамі партыз. атрадаў, што змагаліся вакол Брэста, правялі шэраг падрыўных аперацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЫЧО́Ў Юрый Аляксандравіч (2.4.1921, г. Мурам Уладзімірскай вобл., Расія — 16.9.1976),
бел. мастак кіно, жывапісец. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1953). З 1953 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык фільмаў: «Дзеці партызана», «Несцерка», «Міколка-паравоз», «Шчасце трэба берагчы», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Першыя выпрабаванні» (з У.Белавусавым), «Насустрач буры», «Пушчык едзе ў Прагу», «Анюціна дарога», «Ствары бой», «Там, удалечыні за ракой», «Неадкрытыя астравы», «Маленькі сяржант»; тэлефільма «Па сакрэце па ўсім свеце». Сярод жывапісных работ: «Шыпшына», «Самота», «Раніца ў горадзе», «Зімовы дзень», «Хутар», «Цішыня», «Масток», «Дарога»; партрэты, эцюды, замалёўкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРСТЫ́Н Цэлясцін Лявонавіч (28.1.1888, г. Цярнопаль, Украіна — 21.10.1938),
бел. матэматык. Д-рфілас.н. (1912). Акад.АН Беларусі (1931). Скончыў Венскі ун-т (1911). Працаваў у Аўстрыі. З 1929 праф.БДУ, з 1931 дырэктар Фіз.-тэхн. ін-та АН Беларусі. Асн.навук. працы па дыферэнцыяльнай і рыманавай геаметрыі, дыферэнцыяльных ураўненнях (агрэгаты Пфафа) і некат. пытаннях алгебры (тэорыя дыстрыбутыўных груп і інш.). Напісаў на бел. мове вучэбны дапаможнік па дыферэнцыяльнай геаметрыі. Арыштаваны 10.12.1937. Памёр у мінскай турэмнай бальніцы. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́Т РАБО́ЧАГА ЧА́СУ,
рэальны рабочы час аднаго работніка за год, квартал або месяц. Неабходны для вызначэння патрэбы ў работніках (працаёмкасць вытв. праграмы дзеляць на бюджэт рабочага часу) і для разліку даплат да асн. заработнай платы.
Разлічваецца ў сярэднім па прадпрыемстве, цэху, участку ці групах работнікаў, якія маюць аднолькавыя графікі работы і працягласць адпачынку. Вызначаецца вылічэннем з каляндарнага рабочага часу выхадных і святочных дзён, водпускаў, нявыхадаў па хваробе, выкананні дзярж. і грамадскіх абавязкаў, а таксама колькасці гадзін, на якія паменшаны рабочы дзень падлеткаў і маці з груднымі дзецьмі. У справаздачны бюджэт рабочага часу ўключаюць прагулы, цэладзённыя і ўнутрызменныя прастоі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕВА Іна Сяргееўна (н. 12.2.1930, г. Фергана, Узбекістан),
бел. вучоны ў галіне антрапалогіі і генетыкі. Д-рбіял.н. (1982), праф. (1983). Скончыла Ферганскі настаўніцкі ін-т (1951), Сярэднеазіяцкі ун-т (1959, Ташкент). У 1973—87 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па дэрматагліфіцы, эвалюцыі аддзела твару чэрапа чалавека ў антрапа- і расагенезе, эвалюцыйным і канстытуцыянальным аспектах адаптыўнай нормы папуляцыі.
Тв.:
Морфогенез и генетика гребешковой кожи человека. Мн., 1986;
Прырода чалавека, чалавек у прыродзе. Мн., 1992 (разам з А.І.Мікулічам);
Ён і яна: Эцюды па генетыцы і эвалюцыі полу. Мн., 1995 (з ім жа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЦКІ,
1) у Стараж. Русі з 11 ст. прадстаўнік ніжэйшай («малодшай») часткі дружыны. У сац.-грамадскай сферы выконваў шэраг паліцэйскіх, адм. функцый. У надзвычайных абставінах мог быць пераведзены ў баяры і атрымаць пасадніцтва. Дз. складалі сталы вайсковы аддзел, які знаходзіўся ў непасрэдным распараджэнні князя або кіраўніцтва земскай абшчыны. Па меры разлажэння дружыны Дз. трацілі рысы дружыннай структуры і паглынуты княжацкім дваром.
2) У ВКЛ у 15—16 ст. службовая асоба, якая па даручэнні вял. князя, ваяводы, старосты ці інш. прадстаўнікоў улады затрымлівала і дастаўляла абвінавачанага ў суд.З 1566 функцыі Дз. выконваў возны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІЦА, сітнёг (Eleocharis),
род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 200 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі 7 відаў — балотніца балотная (Eleocharis palustris), іголкавая (Eleocharis acicularis), аўстрыйская (Eleocharis austriaca), сасочкавая (Eleocharis mamillata), яйцападобная (Eleocharis ovata), пяцікветкавая (Eleocharis quinqueflora), адналускавая (Eleocharis uniglumis). Растуць па берагах вадаёмаў, на сырых лугах, нізінных балотах, утвараюць зараснікі.
Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з каранёвым валасніком або паўзучымі карэнішчамі. Сцябло голае, негалінастае, бязлістае, гладкае ці слабабаразнаватае, з 1—3 ці некалькімі лускападобнымі лістамі каля асновы. Каласкі адзіночныя, цыліндрычныя, канцавыя. Кветкі дробныя, двухполыя Плод арэшкападобны. Кармавыя і харч. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДРАЎ Павел Сяргеевіч (7.5.1896, г. Нагінск, Расія — 16.11.1982),
сав. матэматык; заснавальнік навук. школы па тапалогіі. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. 1929). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1917), з 1929 праф. там жа. Навук. працы па тапалогіі, тэорыі мностваў і тэорыі функцый сапраўднай пераменнай. Стварыў тэорыю бікампактных прастораў, метады камбінаторнага (алгебраічнага) даследавання мностваў і прастораў, тэорыю размернасці. Віцэ-прэзідэнт Міжнар.матэм. асацыяцыі (з 1958). Дзярж. прэмія СССР 1943.
Тв.:
Комбинаторная топология. М.; Л., 1947;
Введение в общую теорию множеств и функций. М.; Л., 1948;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІСКО́ВІЧ Уладзімір Ігнатавіч (н.в. Гасцілавічы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. перакладчык, крытык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у Мінскім трамвайна-тралейбусным упраўленні, на радыё, у прэсе, выдавецтвах. Пераклаў збалг. мовы раманы І.Давыдкава «Белы конь за акном» (1981), А.Гуляшкі «Вандроўнік блукае па свеце» (1988), аповесці С.Страціева «Кароткае сонца» (1979), Г.Мішава «Зроблена ў правінцыі» (1981), П.Вежынава «Вышэй за ўсё» і «Бар’ер» (1983), творы для дзяцей Б.Апрылава, І.Мілева, І.Радзічкава, А.Стаянава, Н.Хайтава і інш. Выступае з артыкуламі па пытаннях бел. л-ры, праблемах прозы.