БЕЛДЗЯРЖЭСТРА́ДА, Беларускае дзяржаўнае аб’яднанне эстрады,

канцэртная арг-цыя, якая мела на мэце развіццё і прапаганду эстр. мастацтва Беларусі. Вылучана ў 1939 з Беларускай філармоніі, з 1960 зноў у яе складзе. З 1990 у аб’яднанні «Мінскканцэрт», з 1992 у Рэсп. дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва, з 1996 у Дзяржаўным аб’яднанні «Белканцэрт». Да Айч. вайны мела аддзяленні ў Брэсце і Беластоку, 2 эстр. аркестры. У 1950-я г. пры Белдзяржэстрадзе працавалі т-р драмы і камедыі (кіраўнік А.​Струнін), т-р лялек (кіраўнік Я.​Шыраеў), ансамбль аперэты. У розны час маст. кіраўнікамі былі І.Нісневіч, А.Аркадзьеў, В.Пацехін, В.Малькова. Сярод артыстаў: спевакі Э.Міцуль, А.Самарадаў, Н.Равінская, танцоры Ю.Сляпнёў, М.Лапша, І.Хвораст, цымбалісты С.Навіцкі і Х.Шмелькін, піяністы Ю.Бяльзацкі, А.​Жэзмер, І.​Капланаў, Л.​Молер, майстры эстрадна-цыркавога і арыгінальнага жанраў Р.​Бурдон, А.​Дудкін, Г.​Ермаловіч, В.​Міхайлаў, майстры размоўнага жанру Р.Дзідзенка, М.Зорын, Г.Лаўроў, Г.Рыжкова, М.Шышкін і інш.

т. 3, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТУА́ЛЬНАЕ ЧЛЯНЕ́ННЕ СКА́ЗА,

падзел сказа (у жывым маўленні — выказвання) на тэму (зыходны пункт выказвання) і рэму (тое новае, што паведамляецца чытачу ці слухачу аб тэме). Актуальнае чляненне сказа накладваецца на фармальна-сінтаксічную будову сказа, і ён набывае магчымасць перадаваць актуальную ў дадзеным кантэксце, важную ў момант паведамлення інфармацыю. Напр., у сказах «Мужчыны выйшлі на двор з хаты» і «На двор з хаты выйшлі мужчыны» суадносіны і камунікатыўная значымасць тэмы і рэмы розныя (з другога варыянта сказа вынікае, што ў хаце былі не толькі мужчыны). Тэма і рэма перадаюцца: лагічным націскам (прасадычныя сродкі), парадкам слоў (сінтаксічныя), часціцамі, займеннікамі, прыслоўямі або сінонімамі (марфалагічныя і лексічныя). У вусным маўленні тэма найчасцей падкрэсліваецца інтанацыяй, у пісьмовым — парадкам слоў. У экспрэсіўных выказваннях рэма можа папярэднічаць тэме, што патрабуе пры вымаўленні сказа асабліва ўзмоцненага націску і наз. эмфазай. Калі ў сказе адсутнічае проціпастаўленне тэмы і рэмы, ён наз. камунікатыўна нерасчлянёным.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЛЯ́Д,

1) сціслае абагульненае паведамленне (у друку, на радыё і тэлебачанні) пра падзеі, што адбыліся за пэўны прамежак часу ў грамадскім жыцці, навуцы, тэхніцы, мастацтве, л-ры (агляд міжнар. падзей, навуковы, тэатральны, літаратурны).

2) Від паказу, у якім сродкамі тэатра (кіно, радыё, тэлебачання, эстрады) падаюцца падзеі, з’явы, факты жыцця. Складаецца з асобных сцэн, эстрадных, харэагр., муз., вак. нумароў, аб’яднаных агульным сюжэтам. Узнік у 1830-я г. ў Францыі, меў надзённы характар. З канца 19 ст. ператварыўся ў пацешлівыя відовішчы (рэвю, мюзік-хол). У бел. нар. тэатры своеасаблівай формай агляду былі ігрышчы, выступленні скамарохаў, школьнага тэатра, батлейкі, у якіх дэманстраваліся бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. У 1920—30-я г. форму агляду мелі агітац.-маст. паказы на актуальныя паліт. ці вытворча-быт. тэмы. Выкарыстоўваецца ў сучасных тэатрах сатыры і мініяцюр.

3) Форма паказу дасягненняў прафес. ці самадзейнага мастацтва — выстаўка, дэкада, конкурс, паказ, свята, фестываль і інш.

т. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАСНЫ́Я ПРЫВІЛЕ́І,

заканадаўчыя акты ВКЛ, якія юрыдычна замацоўвалі аўтаномныя правы некат. зямель (княстваў, ваяводстваў, паветаў). Даваліся вял. князем ВКЛ. Грунтаваліся на мясц. звычаёвым праве, а таксама выпрацоўваліся адм. і судовай практыкай. Найб. вядомыя абласныя прывілеі: Віцебскія 1503, 1509, 1561; Полацкія 1511, 1547, 1580, 1634, 1699; Смаленскі 1505; Кіеўскія 1507, 1529; Валынскія 1501, 1509, 1547; Бельскія 1501, 1547; Драгічынскія 1511, 1547; Мсціслаўскі 1551.

Найб. тыповыя абласныя прывілеі — Віцебскі 1503 і Полацкі 1511. У іх замацаваны старадаўняе абавязацельства вял. князя не ўмешвацца ў царк. справы палачан і віцяблян, гарантаваны іх маёмасныя і асабістыя правы. Ваяводы ў Полацк і Віцебск павінны былі прызначацца толькі са згоды мясц. насельніцтва. Судзіць палачаніна можна было толькі ў Полацку паводле полацкага права. За баярамі і мяшчанамі гэтых зямель прызнавалася права свабоднага выезду за мяжу.

Літ.:

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.

І.​А.​Юхо.

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДЖВАННІ,

спецыфічная форма ліквідацыі абшчынных зямель і распарадкаў у еўрап. краінах у 13 — пач. 19 ст. Назва ад распачатага ў Англіі працэсу захопу і агароджвання лендлордамі абшчынных пашаў для гадоўлі на іх авечак. У 15—16 ст. развіццё тэкст. прам-сці і вял. попыт на воўну зрабілі авечкагадоўлю прыбытковай справай. Таму буйныя землеўладальнікі пачалі інтэнсіўна зганяць сялян з ворных зямель і ператвараць іх у пашу. У 16—18 ст. агароджванні былі пашыраны ў Нідэрландах, Францыі, Германіі. У 18 ст. англ. парламент узаконіў агароджванні і яны працягваліся да пач. 19 ст. Супраціўленне і паўстанні збяднелых сялян супраць агароджванняў (адно з буйнейшых у 1549 пад кіраўніцтвам Р.​Кета) душыліся ўладамі. Адным з вынікаў агароджванняў быў адток сялян у прамысловасць.

Літ.:

Митрофанов В.П. Вопрос об огораживаниях в английском парламенте (конец XVI — начало XVII в.) // Проблемы истории Западной Европы развитого и позднего феодализма. Иваново, 1986.

т. 1, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКАГА ПЛАН 1811,

праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі, прапанаваны сенатарам М.К.Агінскім імператару Аляксандру I. Адлюстраваў імкненне бел.-літ. шляхты да адм. і прававой самастойнасці краю і гатоўнасць цара пайсці на пэўную лібералізацыю палітыкі ў зах. губернях, каб нейтралізаваць пранапалеонаўскія настроі мясц. знаці. Прадугледжваў заснаванне з Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай губ., Беластоцкай вобл. і Цярнопальскай акр. асобнай правінцыі пад назвай ВКЛ з гал. горадам Вільня і пад кіраваннем імператарскага намесніка; стварэнне ў краі вышэйшых дзярж. судовых і інш. органаў. Планавалася склікаць сойм, увесці канстытуцыю і паступова скасаваць прыгоннае права. Пад націскам кансерватыўных колаў, якія ўбачылі ў адраджэнні ВКЛ пагрозу тэр. цэласнасці Расіі, Аляксандр I не змог зацвердзіць Агінскага план 1811, але ўсё ж праект садзейнічаў прымірэнню ўрада з мясц. шляхтай напярэдадні вайны 1812: былі прыняты законы 1811 аб падатковых ільготах і інш.

В.​В.​Антонаў, С.​С.​Рудовіч, В.​В.​Швед.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАЦЭНТРЫ́ЗМ (ад антрапа... + цэнтр),

погляд, паводле якога чалавек ёсць цэнтр і вышэйшая мэта светабудовы. Цесна звязаны з тэлеалогіяй. У ант. філасофіі прынцып антрапацэнтрызму сфармуляваны Пратагорам («Мера ўсіх рэчаў — чалавек»), развіты ў этычным рацыяналізме Сакрата. Рысы антапацэнтрызму назіраюцца ў прадстаўнікоў сярэдневяковай філасофіі (патрыстыка, Аўгусцін, Бернар Клервоскі і інш.). Прынцыпова новы характар антрапацэнтрызму набыў у культуры Адраджэння, калі ўвага мысліцеля акцэнтавалася на прыгажосці і велічы чалавека, яго высокім прызначэнні. Элементы антрапацэнтрызму захоўваліся ў класічнай зах. філасофіі (К.​Гельвецый, Л.​Феербах), былі ўласцівы філосафам рэліг. і ірацыяналісцка-экзістэнцыяналісцкай арыентацыі (Г.​Марсель, А.​Камю і інш.). На Беларусі ідэі антрапацэнтрызму вядомы з 11 ст. — з пашырэннем твораў патрыстычнай л-ры. У грамадскай думцы і культуры Беларусі 15—17 ст. зацвярджаецца гуманістычны антрапацэнтрызм Адраджэння. Бел. мысліцелі-гуманісты (М.​Гусоўскі, Ф.​Скарына, Сімяон Полацкі) адстойвалі высокую годнасць чалавека, грамадскае прызначэнне яго дзейнасці, самакаштоўнасць зямнога жыцця.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДРО́ЎНЫ ТЭА́ТР, вандроўная трупа,

тэатральны калектыў, створаны для паказу спектакляў у розных населеных пунктах, пераважна там, дзе няма стацыянарных тэатраў; адна з форм нар. т-ра ў краінах Еўропы і Усходу. У розных краінах вандроўныя трупы мелі сваю назву: жанглёры (Францыя), шпільманы (Германія), менестрэлі (Англія), мімы (Італія), франты (Польшча), скамарохі (Беларусь, Расія) і інш. На Беларусі ў сярэднявеччы вандроўнымі былі скамарохі, батлейка, у 19 — пач. 20 ст. — Дуніна-Марцінкевіча тэатр, Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага, у 1920-я г. — агітацыйныя тэатр. калектывы (напр., Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры), паказальныя — Першы, Другі, Трэці т-ры, у Вял. Айч. вайну — франтавыя тэатр. брыгады. У канцы 1920-х — 30-я г. насельніцтва аддаленых раёнаў Беларусі абслугоўвалі Беларускі рабочы тэатр імя ЦСПСБ, шматлікія калгасна-саўгасныя т-ры, Трупа У.​Галубка (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр), у пасляваен. час — Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр і інш.

т. 3, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРХО́ЎНАЯ РАСПАРА́ДЧАЯ КАМІ́СІЯ па ахове дзяржаўнага парадку і грамадскага спакою,

часовы надзвычайны орган дзярж. улады ў Рас. імперыі ў лют.—жн. 1880. Засн. ва ўмовах рэальнай пагрозы жыццю імператара Аляксандра II з боку рэвалюцыянераў (замах, учынены 5.2.1880 С.М.Халтурыным). Гал. задача — аб’яднанне ўсіх карных органаў для барацьбы з рэв. рухам. Вяла расследаванне па справах аб паліт. злачынствах у Пецярбургу і навакольнай мясцовасці, ажыццяўляла нагляд за такімі справамі ў Расіі. Усяго праведзены 5 пасяджэнняў. Камісіі часова падпарадкоўваліся Трэцяе аддзяленне і Корпус жандараў. Членамі Вярхоўнай распарадчай камісіі былі М.Т.Лорыс-Мелікаў (гал. начальнік), К.П.Пабеданосцаў, нач. штаба Пецярбургскай ваен. акругі ген. А.​К.​Імерэцінскі, сенатары М.​Е.​Кавалеўскі, І.​І.​Шамшын і П.​А.​Маркаў, ген.-маёр світы М.​І.​Бацьянаў і інш. (усяго 11 чал.). Скасавана па ініцыятыве Лорыс-Мелікава.

Літ.:

Зайончковский П.А. Кризис самодержавия на рубеже 1870—1880-х гг. М., 1964. С. 148—229.

т. 4, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКА́Я ДУ́МА,

выбарны распарадчы орган гар. самакіравання ў Рас. імперыі. Засн. паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 на аснове саслоўнага прадстаўніцтва. На Беларусі ўведзена ў 1875 у Віленскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. у ходзе гарадской рэформы 1870—75. Члены дум (гласныя) выбіраліся на 4 гады на аснове высокага ўзроставага і маёмаснага цэнзу. Гарадавое палажэнне 11.6.1892 павысіла маёмасны цэнз выбаршчыка і скараціла склад гарадской думы больш чым у 2 разы. Займалася гар. гаспадаркай. Выканаўчы орган — гарадская ўправа на чале з гар. галавой. Гарадскія думы мелі абмежаваную кампетэнцыю, знаходзіліся пад кантролем губернатара і міністра ўнутр. спраў. Не атрымлівалі фінансавых сродкаў ад дзяржавы, гал. крыніцай іх даходаў былі падаткі з нерухомай маёмасці гараджан. Дзейнасць дум спрыяла развіццю гаспадаркі і культуры гарадоў: яны адкрывалі школы, бальніцы, займаліся страхаваннем, утрымлівалі статыстычныя камітэты. Скасаваны пасля Кастр. рэвалюцыі. Мінская гарадская дума скасавана ў студз. 1918.

А.​І.​Несцярэнка.

т. 5, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)