РЭМІНІСЦЭ́НЦЫЯ (ад лац. reminiscentia успамін) у псіхалогіі, адтэрмінаванае больш поўнае і дакладнае аднаўленне захаванага ў памяці матэрыялу ў параўнанні з першапачаткова ўспрынятым (завучаным). Назіраецца ў працэсе запамінання рознага вербальнага і нагляднага матэрыялу (тэксты, вершы, спісы, наборы малюнкаў, прадметаў), а таксама пры замацаванні сенсаматорных навыкаў. Асабліва выразна праяўляецца пры рабоце з лагічна звязаным матэрыялам вял. аб’ёму, які аказвае эмацыянальнае ўздзеянне на чалавека. Часцей сустракаецца ў дзіцячым узросце.

т. 14, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЮБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад позналац. solubilis растваральны), калоіднае растварэнне,

пранікненне малекул нізкамалекулярных рэчываў, нерастваральных у дадзенай вадкасці, унутр міцэл ці глобул макрамалекул, што знаходзяцца ў ёй. Напр., непалярныя малекулы вуглевадародаў і тлушчаў салюбілізуюцца воднымі растворамі мылаў (гл. Мыйнае дзеянне). Адыгрывае важную ролю ў шэрагу тэхнал. працэсаў (эмульсійнай полімерызацыі, міцэлярным каталізе, пры атрыманні змазачна-ахаладжальных вадкасцей і інш.), а таксама ў біял. сістэмах (напр., пры страваванні тлушчы салюбілізуюцца жоўцю).

т. 14, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАВІ́Т,

запаленне сінавіяльнай абалонкі (слоя клетак і рыхлай валакністай злучальнай тканкі, што высцілае поласць сустава), якое суправаджаецца ўтварэннем і намнажэннем вадкасці (эксудату) у сумцы суставаў, сустаўнай поласці. Вылучаюць С. асептычныя (развіваюцца пры траўмах сустава алергічных, метабалічных, эндакрынных парушэннях) і інфекц. (выклікаюцца стафілакокамі, стрэптакокамі, пнеўмакокамі, спірахетамі і інш.). Адрозніваюць серозныя, гемарагічныя, серозна-фібрынозныя і гнойныя С., таксама вострыя і хранічныя. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́ПЕЛЬ (ад галанд. stapel),

адкрытая, нахіленая да вады пляцоўка для будаўніцтва (рамонту) і спуску на ваду суднаў. Уваходзіць у склад верфі. Мае бетонны фундамент з высокімі апорамі (кільблокамі) для судна, а таксама грузападымальнае і інш. абсталяванне. Адносна размяшчэння ад берагавой лініі бываюць падоўжныя і папярочныя. Са С. судна спускаюць на ваду з дапамогай спец. прыстасаванняў.

Стапель: 1 — спускавы фундамент; 2 — санкі; 3 — спускавая дарожка.

т. 15, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТУ́Т ГАРНІЗО́ННАЙ І КАРАВУ́ЛЬНАЙ СЛУ́ЖБАЎ Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь,

афіцыйны нарматыўна-прававы дакумент, які вызначае прызначэнне і парадак нясення гарнізоннай і каравульнай службаў, правы і абавязкі службовых асоб, якія арганізоўваюць або нясуць гэтыя службы, а таксама парадак правядзення гарнізонных мерапрыемстваў з удзелам войск і інш. Статут зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2001); уведзены ў дзеянне замест часовага статута, прынятага ў 1997.

С.​М.​Абрамаў.

т. 15, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭФА́НІ Іосіф Людвіг, музыкант і капельмайстар 2-й пал. 18 ст. Вучыўся ў Кёнігсбергскай акадэміі, дзе атрымаў муз., а таксама філас. і юрыд. адукацыю. Вучань І.​Канта. У 1779 выкладаў клавікорды ў Слонімскай музычнай школе, у 1780—81 капельмайстар т.зв. «хатняй музыкі» ў Шклове (Магілёўская вобл.) у графа С.​Г.​Зорыча.

Літ.:

Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.

Н.​В.​Сазановіч.

т. 15, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕМЕХАНІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

комплекс сродкаў тэлемеханікі для перадачы на адлегласць каманд ад аператара (ці кіроўнай ЭВМ) да аб’ектаў кіравання, а таксама кантрольнай, вымяральнай і інш. інфармацыі — у адваротным напрамку. Складаецца з пункта кіравання (ПК), дзе знаходзіцца аператар (дыспетчар), пунктаў, дзе размяшчаюцца аб’екты кіравання (кантролю), і ліній сувязі паміж імі. Складаная Т.с. можа мець некалькі ПК, раўнапраўных ці падпарадкаваных адзін аднаму ў адпаведнасці з іерархічным прынцыпам.

т. 16, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕТА́ЙП (ад тэле... + англ. type друкаваць на машынцы),

прыёма-перадавальны літара- і лічбадрукавальны электронна-мех. тэлеграфны стартстопны апарат з клавіятурай, як у пішучай машынкі. Выкарыстоўваецца як канцавое прыстасаванне ў сетках абаненцкага тэлеграфавання для перадачы паведамленняў па каналах сувязі (тэлетайпнай сетцы), а таксама ў якасці прыстасавання ўводу-вываду інфармацыі (тэрмінала) ва ўстройствах вылічальнай тэхнікі. У час Прыёму запіс (друкаванне) паведамленняў робіцца аўтаматычна на рулоннай паперы.

т. 16, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗУРПА́ЦЫЯ (ад лац. usurpatio авалоданне),

скарочаная назва гвалтоўнага захопу ўлады або гвалтоўнага яе ўтрымання. Ва ўсіх дэмакр. краінах з’яўляецца цяжкім дзярж. злачынствам. КК Рэспублікі Беларусь (арт. 357 ч. 2) устанаўлівае крымін. адказнасць за захоп або ўтрыманне дзярж. улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама за публічныя заклікі да гэтых дзеянняў, у т. л. ўчыненых з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі. У. наогул разглядаецца як прысваенне чужых правоў, паўнамоцтваў.

т. 16, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФАТО́Н»,

серыя сав. і рас. штучных спадарожнікаў Зямлі. Прызначаны для атрымання ва ўмовах бязважкасці паўправадніковых матэрыялаў з палепшанымі ўласцівасцямі і асабліва чыстых біялагічна актыўных прэпаратаў, а таксама для вывучэння працэсаў, што адбываюцца пры гэтым. Маса 6200 кг, у т. л. навук. апаратуры 700 кг. Даследаванні і эксперыменты праводзяцца ў рамках супрацоўніцтва з Францыяй і Еўрап. касм. агенцтвам. Запускаюцца з 1988 ракетай-носьбітам «Саюз» з касмадрома Плясецк.

т. 16, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)