ФІЛАРМО́НІЯ (ад філ... + гармонія),

адна з канцэртных устаноў, якая прапагандуе творы класічнай муз. спадчыны, сучаснай музыкі, майстэрства айчынных і замежных выканаўцаў. Паходзіць ад філарманічных т-ваў 19 ст. Еўропы і Амерыкі. У складзе Ф. звычайна пастаянныя маст. калектывы: аркестры, хар. капэлы, камерныя хары, ансамблі, выканаўцы-салісты, чытальнікі, танцоры, музыказнаўцы. Наладжвае канцэрты замежных выканаўцаў, гастролі сваіх калектываў, а таксама муз.-адукац. канцэрты, у т. л. для дзяцей, папулярныя лекцыі і інш. На Беларусі працуюць: Беларуская філармонія (з 1937), абласныя — Гомельская (з 1967), Брэсцкая (з 1986), Гродзенская (з 1987), Віцебская (з 1989), Магілёўская (з 1990).

т. 16, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЦІ́БЕР (Stieber) Здзіслаў (7.6.1903, Шчакова, каля г. Явар Дольнашлёнскага ваяв., Польшча — 12.10.1980),

польскі мовазнавец. Чл. Польскай акадэміі ведаў (з 1945), Польскай АН (з 1954; з 1961 кіраўнік аддзела). У 1937—45 праф. Львоўскага (з перапынкам), з 1945 — Лодзінскага, з 1952 — Варшаўскага ун-таў. Даследаваў праблемы польскага і агульнага мовазнаўства, фаналогію і дыялекталогію. Аўтар прац «Гістарычная і сучасная фаналогія польскай мовы» (1966), «Нарыс гістарычнай граматыкі славянскіх моў» (ч. 1—3, 1969—73), «Моўны свет славян» (1974). Пад яго рэдакцыяй выйшаў «Атлас кашубскай мовы і сумежных з ёю дыялектаў» (т. 1—12, 1964—75).

т. 17, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЛКІН Уладзімір Міхайлавіч (н. 30.6.1927, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

савецкі военачальнік. Маршал артылерыі (1989). Скончыў Ленінградскае артыл. вучылішча (1953), Ваен. артыл. акадэмію імя Калініна (1962). У Чырв. Арміі з 1941 (добраахвотна). У Вял. Айч. вайну шафёр, тэлефаніст, з 1944 ад’ютант камандуючага артылерыяй 42-й арміі. Пасля вайны камандаваў артыл. падраздзяленнямі, з 1965 камандзір артыл. палка, дывізіі. З 1974 нач. ракетных войск і артылерыі танк. арміі БВА. З 1979 нач. штаба — нам. камандуючага, з 1982 1-ы нам. камандуючага, у 1983—91 камандуючы (з 1987 нач.) ракетнымі войскамі і артылерыяй Сухап. войск СССР.

Б.​Дз.​Далгатовіч.

т. 18, кн. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́ЎСЦІК Аркадзь Апанасавіч (н. 15.11.1925, в. Чыкілі Глускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. журналіст. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1957). З 1950 на камсамольскай рабоце (з 1952 у ЦК ЛКСМБ), з 1953 у газ. «Чырвоная змена», з 1960 у ЦК КПБ (з 1961 заг. сектара, з 1969 нам. заг. аддзела), з 1973 рэдактар газ. «Звязда». У 1987—2000 працаваў у Бел. фондзе культуры. Аўтар кніг «Маё і наша» (1963), «Пяцьдзесят векапомных год» (1968), «Я люблю цябе, жыццё» (1970), «Вяртанне да вытокаў сваіх» (2000). У 1973—87 старшыня праўлення Саюза журналістаў Беларусі.

т. 18, кн. 1, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ ПО́ЛЬШЧА (Wielkopolska),

гістарычная назва адной з абласцей Польшчы. Першапачаткова (9—11 ст.) Вялікай Польшчай называлася тэр. ў басейне рэк Варта і Нотаць, пазней — тэр., якая межавала на З з Сілезіяй і Любушскай зямлёй, на Пн з Памор’ем, на У з Мазовіяй, на Пд з Малой Польшчай. У 16—18 ст. ў Вялікую Польшчу ўваходзілі таксама Мазовія і Каралеўская Прусія. У 19 ст. тэрмін «Вялікая Польшча» выкарыстоўваўся як сінонім Пазнанскага вял. княства.

т. 4, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ШКІ,

гарадзішча 1—4 ст. н.э. штрыхаванай керамікі культуры каля в. Малышкі Вілейскага р-на Мінскай вобл. Пляцоўка паўавальная, умацаваная з трох бакоў падковападобным валам. Выяўлены рэшткі 6 жытлаў зрубнай канструкцыі з 2-схільнымі пакрыццямі, кожнае з якіх складалася з 4 памяшканняў з адкрытымі агнішчамі. Знойдзены абломкі штрыхаваных гаршкоў, слоікавых слабапрафіляваных і глянцаваных пасудзін, прасліцы і грузікі, арнаментаваныя геам. узорам, жал. наканечнікі коп’яў і дроцікаў, сярпы, нажы, позналатэнская і падковападобная з чырв. эмаллю фібулы, падвеска.

т. 10, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДФА, мадфа,

адзін з першых узораў ручной агнястрэльнай зброі, выкарыстоўвалася арабамі ў 12—13 ст. Складалася з кароткага метал. ствала (трубкі) з дном, які прымацоўваўся да доўгага дрэўка (для зручнасці ўтрымання зброі ў руках). Страляла з сошкі круглым метал. снарадам (мех. сумесь салетры, серы і вугалю). Запальванне зарада адбывалася з дула або праз запальную адтуліну з дапамогай распаленага жал. прута ці тлеючага кнота. Паводле прынцыпу М. пазней зроблены першыя артыл. гарматы — бамбарды.

Модфа.

т. 10, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛІ́СНІКІ,

у беларусаў тонкія бліны з пшанічнай мукі. Муку, часам з крухмалам, перамешваюць з узбітым малаком або вадой з яйкамі. На патэльню цеста наліваюць тонкім слоем, каб толькі закрыць яе дно. У Н. загортваюць тварог, мак, мятыя ягады, скваркі, фарш з варанага мяса. Часта Н. спажываюць без начынкі: перагінаюць у 4 столкі і складваюць у макацёр або каструлю, заліваюць маслам або смятанай і ставяць у печ; ядуць з мёдам, варэннем.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 11, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕІ́ДЫ,

адзін з самых яркіх метэорных патокаў. Радыянт знаходзіцца ў сузор’і Персея (адсюль назва). Назіраюцца штогод з 15 ліп. да 26 жн. (максімум 12 жн.). Вядомы з 830. Утвараюцца з прычыны выкідаў рэчыва з каметы 109P/Свіфта—Тутля. Да 1979 давалі ў максімуме 70—80 метэораў за гадзіну, у 1990-я г. рэгістравалася да 1000 метэораў за гадзіну. П. — першы метэорны паток, для якога выяўлена сувязь з каметай (італьян. астраном Дж.​Скіяпарэлі, 1866).

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫБУ́НЫ ВАЕ́ННЫЯ (лац. tribuni militum),

у Старажытным Рыме камандныя пасады ў арміі (камандзіры атрадаў у легіёнах і саміх легіёнаў). У кожным легіёне было па 6 Т.в.: 1 з сенатараў, 5 з коннікаў. Паміж 444 і 367 да н.э. для плебеяў была ўведзена пасада Т.в. з консульскай уладай з мэтай не дапусціць плебеяў да кансулату. Пасля 367 да н.э., калі адзін з консулаў стаў выбірацца з ліку плебеяў, Т.в. скасаваны.

А.​Г.​Зелккі.

т. 15, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)