БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для будаўнічых работ. Адрозніваюць будаўнічыя машыны для падрыхтоўчых, земляных, дарожных, буравых, палябойных, пад’ёмна-трансп., пагрузачных, драбільна-сартавальных, бетонных, аддзелачных і інш. работ.

Будаўнічыя машыны для падрыхтоўчых работ — гэта рыхліцелі, кустарэзы, карчавальнікі, дрэвавалы; яны звычайна ў выглядзе зменнага абсталявання навешваюцца на гусенічны трактар. Будаўнічыя машыны для земляных работ падзяляюцца на землярыйныя (экскаватары аднакаўшовыя і бесперапыннага дзеяння), землярыйна-трансп. (бульдозеры, скрэперы, грэйдэры, грэйдэр-элеватары, рыхліцелі), трансп. (аўтасамазвалы, канвееры, землявозныя цялежкі, грунтакідальнікі), грунтаўшчыльнікавыя (каткі, трамбавальныя, вібрацыйныя і інш. машыны), бурыльныя. Будаўнічыя машыны для дарожна-будаўнічых работ уключаюць машыны для падрыхтоўчых і земляных работ і спецыялізаваныя: для буд-ва аўтадарог — дарожныя машыны, чыгунак — пуцявыя машыны. Палябойныя машыныдызель-молаты, капры, вібрамолаты, вібрапагружальнікі і інш. Пад’ёмна-транспартныя машыны ўключаюць самаходныя і стацыянарныя пад’ёмныя краны, пагрузчыкі. Драбільна-сартавальныя машыны выпускаюцца як асобныя машыны, перасоўныя ўстаноўкі, зборна-разборныя аўтаматызаваныя лініі і самаходныя ўстаноўкі. Гэта драбілкі, грохаты, прамывачныя і абязводжвальныя машыны, класіфікатары. Для апрацоўкі каменных матэрыялаў выкарыстоўваюцца каменярэзныя машыны, шліфавальныя і інш. Будаўнічыя машыны для бетонных работ уключаюць машыны для прыгатавання бетоннай сумесі (дазатары, бетоназмяшальнікі), яе транспарціроўкі (бетанавозы, аўтабетоназмяшальнікі), размеркавання (бетанапомпы), ушчыльнення (вібраўзбуджальнікі), устаноўкі для напырсквання сумесі. Будаўнічыя машыны для дахавых работ ачышчаюць, перамотваюць, раскочваюць і наклейваюць рулонныя матэрыялы (перасоўныя станцыі, дахавыя машыны), перамешваюць, падаграюць, падаюць на дах масціку (спец. ўстаноўкі). Машыны для аддзелачных работ падзяляюцца на групы: для тынкавальных работ (тынкавальныя агрэгаты і станцыі, таркрэтныя ўстаноўкі), для малярных работ (шпаклёвачныя і фарбавальныя агрэгаты, фарбапульты), для аддзелкі падлог (дыскавыя, загладжвальныя, шліфавальныя машыны, апараты для зваркі лінолеуму і інш.). Асобную групу складаюць ручныя машыны для апрацоўкі металаў, дрэва, пластмас, каменю, бетону, грунту і інш. матэрыялаў. Гэта электрычныя, пнеўматычныя, гідраўлічныя і з рухавікамі ўнутранага згарання свідравальныя, шліфавальныя, дрэваапрацоўчыя і інш. машыны. Выкарыстоўваюцца таксама козлавыя краны, панэлявозы, фермавозы.

Літ.:

Строительные машины: Справ. Т. 1—2. 3 изд. М., 1991.

І.​Ілеановіч.

т. 3, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРЫКА́ЛЬНЫЯ,

пласціністыя (Agaricales), парадак вышэйшых базідыяльных грыбоў з групы гіменаміцэтаў. Аб’ядноўвае 12 сям., каля 8 тыс. відаў, пашыраных ва ўсіх кліматычных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 110 родаў уключаюць 1,5 тыс. відаў. Найбольшыя сям.: агарыкальныя, ці шампіньёнавыя (Agaricaceae), і балетавыя, якія вылучаюць у самаст. парадак (Boletales); сярод найб. вядомых сям.: аманітавыя, ці мухаморавыя (Amanitaceae), бальбітыевыя (Bolbitiaceae), гіграфоравыя (Hygrophoraceae), гнаевіковыя (Coprinaceae), макрухавыя (Gomphidiaceae), павуціннікавыя (Cortinariaceae), радоўкавыя (Tricholomataceae), ружовапласціннікавыя (Rhodophyllaceae), свінухавыя (Paxillaceae), страфарыевыя (Strophariaceae), сыраежкавыя (Russulaceae). Пладовыя целы аднагадовыя, звычайна мяккамясістыя, радзей пругкія, маюць шапку і ножку (звычайна цэнтральную). Гіменафор пласціністы або трубчасты, у многіх спачатку прыкрыты прыватным пакрывалам (плеўка з рыхлага спляцення гіфаў), якое пазней разрываецца і застаецца ў выглядзе кольца на ножцы (напр., віды з роду маслякоў); у іншых развіваецца таксама і агульнае пакрывала (спачатку на ўсім пладовым целе, потым застаецца накшталт кубачка-вольвы на ножцы і як шматкі на шанцы, напр., шампіньён ядомы, грыбы з роду вальварыела). Пласцінкі могуць быць свабодныя, прымацаваныя да ножкі краем або зубцом, сыходныя па ножцы і інш. Ножка рознага колеру, кансістэнцыі і формы (цыліндрычная, патоўшчаная, звужаная, гладкая слізістая, укрытая лускавінкамі або валакністая, шчыльная, пустая і інш.), часам бакавая ці яе зусім няма (шапка сядзячая). Споры аднаклетачныя, іх памеры, форма, колер зменлівыя. Большасць агарыкальных — сапратрофы на глебе, подсціле, драўніне, мікарызаўтваральнікі (забяспечваюць водна-салявое жыўленне дрэў), радзей — паразіты на жывых дрэвах, пладовых целах інш. агарыкальных. Многія (амаль 200 відаў) — каштоўныя ядомыя грыбы: баравік, падасінавік, падбярозавік, маслякі, зялёнка, падзялёнка, шампіньён, рыжык, вешанка звычайная, грузд, сыраежкі і інш.; ёсць ядавітыя: мухаморы чырвоны, жоўта-зялёны, парфіравы, пантэрны, бледная паганка і інш. віды, апенька несапраўдная серна-жоўтая, пабеленая і белаватая гаварушкі, валаконніцы земляная, надарваная і Келе, страфарыя Горнемана, лускаўніцы і інш.

Літ.:

Жизнь растений. М., 1976. Т. 2. С. 260—271;

Сержанина Г.Н. Шляпочные грибы Белоруссии. Мн., 1984. С. 233—351.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛАС,

1) сукупнасць гукаў чалавека або жывёл з лёгачным дыханнем, утвораных з дапамогай галасавога апарату. Голас фарміруецца ў гартані; сілу і афарбоўку набывае за кошт верхніх (глотка, поласць рота, носа, прыдаткавыя пазухі) і ніжніх (трахеі, бронхі) рэзанатараў. Характарызуецца аб’ёмам, вышынёй, сілай, тэмбрам. Адрозніваюць голас гутарковы і пеўчы. Гутарковы голас праходзіць стадыі, якія адпавядаюць развіццю чалавека: ад голасу нованароджаных і немаўлят да голасу састарэлых людзей, калі адбываецца звужэнне дыяпазонаў гукаў па вышыні і па сіле. Пеўчы голас характарызуецца вышынёй, дыяпазонам, сілай і тэмбрам (афарбоўкай). Адрозніваюць пеўчы голас бытавы («непастаўлены») і прафес. («пастаўлены»). Пастаўлены ад прыроды пеўчы голас сустракаецца даволі рэдка; як правіла, прыдатным для прафес. муз. практыкі голас становіцца ў выніку спец. пастаноўкі. Вызначальныя якасці пеўчага голасу — прыгажосць тэмбру, сіла і здольнасць доўга трымаць гук. Оперна-канцэртны голас павінен быць моцным, добра чутным у вял. залах на фоне арк. суправаджэння, валодаць т.зв. палётнасцю. Пеўчы голас мае некалькі рэгістраў. У мужч. голасе вылучаюць грудны рэгістр у ніжняй частцы дыяпазону і фальцэтны ў верхняй, у жаночым — грудны, галаўны (у верхняй частцы дыяпазону) і цэнтральны (медыум, галаўное і грудное гучанне). Тыпы голасу класіфікуюць паводле тэмбру і вышыні: высокі жан. голас — сапрана (найб. высокі — каларатурнае сапрана), сярэдні — мецца-сапрана, нізкі — кантральта; высокі мужч. голас — тэнар, сярэдні — барытон, нізкі — бас. У кожным тыпе больш высокія і светлыя па гучанні голасу маюць назву лірычных, больш нізкія, густыя і цёмныя — драматычных. Асн. форма гукавядзення пеўчага голасу — звязнае спяванне, аснова кантылены.

2) Пэўная меладычная лінія ў шматгалосым муз. Творы.

3) Партыя асобнага інструмента, харавой групы, выпісаная з партытуры твора для яго развучвання і выканання.

4) Матыў, мелодыя песні.

Літ.:

Дмитриев Л.Б. Основы вокальной методики. М., 1968;

Морозов В.​П.​Тайны вокальной речи. Л., 1967;

Юссон Р. Певческий голос: Пер. с фр. М., 1974.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗА (лац. Ferrum),

Fe, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 26, ат. м. 55,847. Складаецца з 4 стабільных ізатопаў: ​54Fe (5,84%), ​56Fe (91,68%), ​57Fe (2,17%), ​58Fe (0,31%). У зямной кары 4,65% па масе (найб. распаўсюджаны метал — другі пасля алюмінію). Вядома больш за 300 мінералаў (гл. Жалезныя руды). Самароднае (метэорнае і тэлурычнае) сустракаецца рэдка. Прысутнічае ў арганізмах усіх жывёл і раслін, уваходзіць у склад гемаглабіну.

Ж. — бліскучы серабрыста-белы пластычны метал tпл 1535 °C, tкіп 2750 °C, шчыльн. 7870 кг/м³ (20 °C). Пры звычайным ціску адрозніваюць некалькі крышт. мадыфікацый: α-Fe (існуе да 917 °C), δ-Fe (пры т-рах вышэй за 1394 °C і да т-ры плаўлення) з аб’ёмнацэнтраванай кубічнай рашоткай і γ-Fe (у інтэрвале 917—1394 °C) з гранецэнтраванай кубічнай рашоткай. Пры т-ры 769 °C (пункт Кюры) ферамагн. α-Fe пераходзіць у парамагн. стан. Парамагн. Ж., устойлівае ў інтэрвале 769—917 °C, наз. β-Fe. Ж. не раствараецца ў вадзе і шчолачах. У вільготным паветры акісляецца і пакрываецца ржой (гл. Карозія металаў), у сухім (пры награванні вышэй за 200 °C) — ахоўнай плёнкай аксідаў (гл. Вараненне). З разбаўленымі к-тамі ўтварае солі Fe(II) (гл. Жалеза злучэнні), канцэнтраванымі азотнай і сернай — пасівіруецца. Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, серай, фосфарам, вугляродам, аксідам вугляроду (гл. Карбанілы металаў), вадзяной парай. Асн. масу Ж. выплаўляюць у выглядзе чыгуну і сталі. Аднаўленнем жалеза аксідаў пры 750—1200 °C атрымліваюць губчатае Ж. (97—99% Fe), раскладаннем пентакарбанілу Fe(CO)5 — карбанільнае (парашок з памерамі часцінак 1—15 мкм). Выкарыстоўваюць як матэрыял для стрыжняў электрамагнітаў і якараў эл. машын (тэхнічна чыстае), як каталізатар, антыанемічны сродак (карбанільнае) і інш.

Літ.:

Беккерт М. Железо: Факты и легенды: Пер. с нем. 2 изд. М., 1988.

І.​В.​Боднар.

т. 6, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТАРЭ́С (ад лац. interest мае значэнне, важна),

1) сацыяльны I. (у філасофіі, сацыялогіі і інш.) — рэальная прычына сац. дзейнасці індывідаў, сац. груп, супольнасцей, што ляжыць у аснове непасрэдных намераў (ідэй, жаданняў і інш.) і вызначае сац. паводзіны. Франц. матэрыялісты 18 ст. К.​Гельвецый, П.​Гольбах, Д.​Дзідро бачылі ў І. рэальную аснову маралі, палітыкі, грамадскага ладу ў цэлым. Пры гэтым сац. І. яны разглядалі як простую суму індывід. І., што выводзіліся з нязменнай у цэлым пачуццёвай прыроды чалавека. І.​Кант і Г.​Гегель адзначалі нязводнасць І. да натуральнай прыроды чалавека. Гегель падкрэсліваў, што І. ёсць нешта большае, чым змест намеру і свядомасці, разглядаў бясконцую шматлікасць І. і патрэбнасцей як ажыццяўленне ў гісторыі т.зв. «абсалютнай ідэі». Паводле марксізму, у сац. І. замацоўваюцца адносіны класа ці сац. групы да ўсёй сукупнасці грамадска-паліт. ін-таў, матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, абумоўленыя іх эканам. становішчам; але нязводныя да яго. Адрозніваюць І.: па ступені агульнасці (індывідуальныя, групавыя, грамадскія), сферы накіраванасці (эканамічныя, палітычныя, духоўныя), характары суб’екта (нацыянальныя, дзяржаўныя, партыйныя і інш.), ступені асэнсаванасці (дзейнічаюць стыхійна і на аснове распрацаванай праграмы), магчымасці іх ажыццяўлення (рэальныя і ўяўныя), адносінах да аб’ектыўнай тэндэнцыі грамадскага развіцця (прагрэсіўныя, рэакцыйныя, кансерватыўныя). І. складае аснову любых форм спаборніцтва, барацьбы і супрацоўніцтва паміж людзьмі і выступае ў якасці важнейшых стымулаў дзейнасці і рухаючых сіл гіст. працэсу.

2) У псіхалогіі — форма выяўлення пазнавальнай патрэбнасці. Адрозніваюць І. непасрэдны (выкліканы прывабнасцю аб’екта) і апасродкаваны (характарызуецца адносінамі да аб’екта як да сродку дасягнення мэты дзейнасці). Класіфікуецца паводле зместу (прадметнай аднесенасці) і шырыні прадметнага зместу, па глыбіні (укаранёнасці ў сістэме патрэбнасных адносін асобы) і ўстойлівасці, па сіле і працягласці. У працэсе развіцця І. можа ператварацца ў схільнасць (патрэбнасць у ажыццяўленні дзейнасці, якая выклікае І.).

В.​В.​Філіпава.

т. 7, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́Т НАРО́ДНАГА КАНТРО́ЛЮ БССР (КНК БССР). Існаваў са снеж. 1965 па ліп. 1990. Створаны ў выніку рэарганізацыі органаў парт.-дзярж. кантролю ў органы нар. кантролю (НК) паводле Закона Вярх. Савета БССР ад 22.12.1965 «Аб органах народнага кантролю ў Беларускай ССР» Органамі НК з’яўляліся абл., гар. і раённыя КНК, групы і пасты пры сельскіх і пасялковых Саветах нар. дэпутатаў, на прадпрыемствах, у калгасах, установах, арг-цыях і вайсковых часцях. КНК БССР працаваў пад кіраўніцтвам Вярх. Савета, яго Прэзідыума і Савета Міністраў БССР. З’яўляўся саюзна-рэсп. органам і кіраваў работай ніжэйшых органаў НК Беларусі, адначасова падпарадкоўваўся КНК СССР. Апарат КНК БССР будаваўся паводле вытв.-галіновага прынцыпу. У пач. 1980-х г. ён складаўся з 8 вытв.-галіновых аддзелаў і 3 структурных падраздзяленняў. У БССР дзейнічалі 104 сельскія раённыя к-ты, 25 раённых у гарадах і 31 гар. к-т. У 1982 пазаштатны актыў КНК складаў 15 840 чал., аб’яднаных у 1552 пазаштатныя аддзелы. На 1.1.1982 на прадпрыемствах, у калгасах, установах і арг-цыях БССР дзейнічала 27 829 к-таў і груп НК і 11 909 пастоў, у якія было выбрана 386 тыс. чал. Дзейнасць КНК рэгламентавалася Законам «Аб народным кантролі СССР» ад 30.11.1979 і мела юрыд. характар. Іх функцыі заключаліся ў кантролі за выкананнем дзярж. планаў эканам. і сац. развіцця, укараненні ў вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі, перадавога вопыту, у вядзенні барацьбы з парушальнікамі дзярж. дысцыпліны, валакітай і бюракратызмам, ажыццяўленні кантролю за выкананнем законаў кіруючымі асобамі пры разглядзе прапаноў, скаргаў, заяў грамадзян і інш. КНК мелі права прыцягваць вінаватых да адказнасці, накладваць на іх спагнанні, рабіць грашовыя налічэнні, адхіляць ад займаемых пасад або паніжаць па пасадзе, накіроўваць у пракуратуру матэрыялы аб крадзяжах, злоўжываннях і інш.

Э.​А.​Забродскі.

т. 7, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕМБРЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД) (ад Камбрыя, Cambria — лац. назва Уэльса),

кембрый, першая сістэма палеазойскай эратэмы (групы), якая адпавядае першаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца вендскай і перакрываецца ардовікскай сістэмамі. Пачалася 570 і доўжылася да 510 млн. гадоў назад. Вылучана англ. геолагам А.​Седжвікам у 1835. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): ніжні (ранняя), сярэдні (сярэдняя), верхні (позняя). Для Усх.-Еўрап. платформы прыняты ярусы: для ніжняга аддзела — тамоцкі, атдабанскі, батомскі, таёнскі; сярэдняга — амгінскі, майскі; верхняга — аюсаканскі, сакскі, аксайскі. У Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы расчляняецца на фауністычныя зоны.

Кембрыйскі перыяд характарызуецца шырокай трансгрэсіяй мора. Адбылося значнае апусканне на мацерыках Паўн. паўшар’я, а ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Антарктыдзе пераважалі падняцці. Актывізавалася вулканічная і інтрузіўная дзейнасць, змяніўся працэс асадканамнажэння ў морах і акіянах. Існаванне розных палеагеагр. умоў стварыла складаныя структурна-фацыяльныя комплексы адкладаў, якія падзяляюцца на 2 асн. тыпы: тэрыгенны (Усх.-Еўрап., Паўн.-Амер. стараж. платформы і прылеглыя рэгіёны) і карбанатны (Сібірская, Кіт. стараж. платформы і прылеглыя складкавыя вобласці), сярод якіх трапляюцца эвапарытавыя (солі, некат. вапнякі і даламіты) і чарнасланцавыя намнажэнні. У кембрыі з’явіліся жывёлы з цвёрдым шкілетам. У канцы перыяду існавалі прадстаўнікі амаль усіх тыпаў жывёльнага свету, але найб. пашыраны былі трылабіты. Для ранняга кембрыю характэрны археацыяты. З іншых груп фауны ў К.с.(п.) існавалі брахіяподы, малюскі, губкі, кішачнаполасцевыя, чэрві, ігласкурыя, грапталіты. Раслінны свет прадстаўлены шматлікімі вапняковымі водарасцямі.

На Беларусі кембрыйскія адклады пашыраны ў паўд.-зах. (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна) і паўн.-зах. (схіл Беларускай антэклізы) частках тэрыторыі. Прадстаўлены ніжнім і сярэднім аддзеламі, у складзе якіх вылучаны гарызонты: ровенскі, лантаваскі, дамінапольскі, вергальскі, раўсвенскі (ніжні аддзел); кібартайскі (сярэдні). Завяршае разрэз палеанталагічна не ахарактарызаваная орлінская світа. Адклады прадстаўлены глінамі, алеўралітамі, пясчанікамі (магутнасць да 436 м). Кембрыйскія адклады перспектыўныя на нафту і газ. Радовішчы нафты выяўлены ў Балт. сінеклізе.

В.​І.​Абраменка, Г.​У.​Зінавенка.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТАРНА-ГУКАВО́Е ПІСЬМО́, алфавітнае пісьмо,

адзін з тыпаў пісьма, асобныя знакі якога (літары) перадаюць пераважна адзін гук. Гэта можа быць фанема, алафон або любая фанема ў межах пэўнай групы акустычна падобных гукаў; часам літары злучаюцца па 2, 3 і 4 для абазначэння адной фанемы (ням. sch «ш», tsch «ч»). Перавага Л.-г. п. над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Такімі сістэмамі карыстаецца большасць народаў свету. Амаль усе яны паходзяць ад фінікійскага пісьма, пабудаванага паводле кансанантна-гукавога прынцыпу. На яго аснове ўзніклі арамейскае пісьмо і грэчаскае пісьмо, якія далі пачатак большасці алфавітных сістэм. У алфавітах, што складаліся на аснове фінікійскага пісьма, найчасцей захоўваліся назвы фінікійскіх літар і парадак іх у алфавіце. Арамейскі алфавіт стаў крыніцай арабскага пісьма (да 6 ст. н.э.), яўрэйскага пісьма (з 3 ст. да н.э.), іранскага пісьма (з 2 ст. да н.э.). Грэч. пісьмо, якое паступова распалася на зах.-грэч. і ўсх.-грэч., дало пачатак усім еўрап. алфавітам. На аснове зах.-грэч. ўзнікла этрускае пісьмо (з 7 ст. да н.э.), на аснове этрускага — лац. алфавіт (гл. Лацінскае пісьмо), які ў эпоху Рым. імперыі і ў сярэдневякоўі набыў міжнар. характар, а пазней стаў крыніцай франц., ням., англ., італьян. і інш. нац. пісьмовых сістэм зах.-еўрап. народаў. З усх.-грэч. ў 5—4 ст. да н.э. развілося класічнае грэч., потым візант. пісьмо, якое ў 9 ст. лягло ў аснову слав. кірылаўскага пісьма — кірыліцы. Кірыліца выкарыстоўвалася ў старабел. пісьменнасці. Ф.​Скарына стварыў друкарскі варыянт старабел. алфавіта, які стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Бел. пісьмовая сістэма сфарміравалася пад уплывам рус. грамадзянскага шрыфту, створанага ў выніку Пятроўскай рэформы 1708—10. Пытанне пра паходжанне другога слав. пісьма глаголіцы не вырашана.

Літ.:

Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Булыка.

т. 9, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,

наступальная аперацыя сав. войск Зах. фронту 14 мая — 8 чэрв. ў савецка-польскую вайну 1920. Праводзілася ва ўмовах, калі польск. войскі ў ходзе красавіцкага наступлення прасунуліся на 200 км на Украіне і занялі Кіеў. На пачатак аперацыі ў склад Зах. фронту (камандуючы М.​М.​Тухачэўскі) уваходзілі: Паўн. група, 15-я і 16-я арміі, якія налічвалі 75 тыс. штыкоў, 5 тыс. шабляў, 459 гармат, 1935 кулямётаў, 10 бронепаяздоў, 15 бронеаўтамабіляў і 67 самалётаў. Польскія войскі Паўн.-Усх. фронту (камандуючы ген. С.​Шаптыцкі) складаліся з 1-й і 4-й армій, мелі 52 тыс. штыкоў, 5,5 тыс. шабляў, 340 гармат, 1440 кулямётаў, 10 бронепаяздоў і 46 самалётаў. З-за цяжкага становішча, якое склалася ў выніку наступлення польскіх войск на Украіне, Зах. фронт пачаў М.а. без дастатковай падрыхтоўкі. 14 мая войскі 15-й арміі перайшлі ў наступленне на Віленскім напрамку, прарвалі абарону праціўніка і 16 мая выйшлі на рубеж Дзісна—Зябкі—воз. Шо — воз. Манец. Вылучаная 15 мая з 15-й арміі Паўд. група 16 мая выйшла на лінію Пышна—Лепель—Стайск. Войскі Паўн. групы фарсіравалі Зах. Дзвіну на ўчастку Полацк—Дзісна і занялі плацдарм на левым беразе ракі. З 14 па 18 мая войскі правага фланга і цэнтра прасунуліся ўглыб на 70—80 км, левага — на 50 км. Аднак наступленне не атрымала далейшага развіцця з-за адсутнасці рэзерваў. Польскае камандаванне перакінула з іншых участкаў фронту дадатковыя сілы і да 31 мая спыніла прасоўванне сав. войск. У выніку М.а. на Зах. фронце лінія фронту скарацілася на 60 км у раёне Лепеля, расшыраны Полацкі плацдарм на левым беразе Зах. Дзвіны. М.а. дапамагла Паўд.-Зах. фронту: адцягнула частку сіл з Кіеўскага напрамку, дала магчымасць падрыхтаваць контрнаступленне на Кіеў (пачалося 20 мая) і вызваліць яго (12 чэрв.).

П.​А.​Селіванаў.

т. 9, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ «КАЦЁЛ»,

акружэнне 3-й, 10-й і часткі 13-й армій Зах. фронту ў раёне Навагрудка і Налібоцкай пушчы Баранавіцкай вобл., Мінскім умацаваным раёне 28.6—4.7.1941 у Вял. Айч. вайну. Утварыўся ў выніку злучэння пад Мінскам ням. 3-й (наступала з Вільнюса праз Маладзечна) і 2-й (наступала ад Брэста і Баранавіч) танк. груп у час Мінска абароны 1941. У акружэнне трапіла 11—15 дывізій, якія мелі значныя страты ў баях пад Гроднам, Ваўкавыскам і Лідай, прарваліся каля Зэльвы, Дзярэчына, Слоніма з беластоцкага «катла». Упартае супраціўленне сав. войск пад Беластокам, Навагрудкам і Мінскам скавала 25 дывізій ням. групы армій «Цэнтр». Каля 12 дывізій Зах. фронту былі разгромлены ў Н.«к.». З цяжкімі баямі з акружэння прарваліся 24-я (ген.-м. К.​М.​Галіцкі), рэшткі 17-й, 55, 64, 108, 155-й стралк., 36-й кав., 204-й матарызаванай і інш. дывізій, зводныя атрады 11-га (ген.-м. Д.​К.​Маставенка) і 13-га (ген.-м ГІ.​А.​Ахлюсцін) механіз. карпусоў. Частка акружэнцаў рассеялася па лясных вёсках, перайшла да партыз. форм барацьбы. «Лясная дывізія» на чале з ген.-лейт. І.В.Болдзіным і палк. І.​С.​Стральбіцкім з баямі выйшла праз варожыя тылы да Смаленска. 4—5 ліп. 52 тыс. чырвонаармейцаў (паводле ням. звестак) вымушаны былі здацца ў палон. За час ліквідацыі Н.«к.» каля 15 ням. дывізій панеслі адчувальныя страты, што запаволіла рух. ням. злучэнняў да Масквы, дазволіла сав. камандаванню аднавіць у ліп. 1941 Зах. фронт па Дняпры і Зах. Дзвіне, правесці Магілёва абарону 1941, Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941, Лепельскі контрудар 1941, рэйд трох кав. дывізій на чале з ген.-палк. А.​І.​Гарадавіковым па тылах 2-й ням. арміі, падцягнуць рэзервовыя арміі да Смаленска і Бранска.

Літ.:

Еременко А.И. В начале войны. М., 1964;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996;

Басюк І.А. Навагрудскі «кацёл». Гродна, 1998.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)