ГРЭ́БНЕЎ (Андрэй Феакціставіч) (30.11.1912, пас. Пакацілаўка Заходне-Казахстанскай вобл., Казахстан — 20.10.1973),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген.-м. (1953). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1938), «Выстрал» (1941), удасканалення афіцэрскага саставу (1947), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1956). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1, 2, 3-м Бел. франтах. Стралк. полк пад яго камандаваннем вызначыўся ў баях на ПдУ ад в. Задруцце Рагачоўскага р-на, за вызваленне Баранавіч, Слоніма, Ваўкавыска. Да 1968 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЕ́НА-АЎЭРШТЭ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1806,
дзве ўзаемазвязаныя бітвы паміж французскай і пруска-саксонскай арміямі 14 кастр. каля г. Іена і в. Аўэрштэт у Германіі ў час руска-пруска-французскай вайны 1806—07. У бітве франц. армія Напалеона I (больш за 150 тыс.чал.) разграміла пруска-саксонскую армію (больш як 100 тыс.чал.) і заняла амаль усю Прусію. Вырашальную ролю ў зыходзе бітвы адыгралі новыя франц. прынцыпы ваен. майстэрства, а таксама нізкая баяздольнасць прускай арміі з яе састарэлай тактыкай. Гэта перамога Напалеона I прывяла да поўнага разгрому Прусіі, садзейнічала паражэнню 4-й антыфранц. кааліцыі і падпісанню Тыльзіцкага міру 1807.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМЕРЭЦІ́НСКАЕ ЦА́РСТВА, Імерэты,
феад. дзяржава на тэр. Грузіі ў 15—19 ст. Утворана ў канцы 15 ст. Сталіца — г.Кутаісі. З 1555 падпарадкавана Турцыі, плаціла ёй даніну нявольнікамі або грашамі і натурай. Гісторыя І.ц. характарызавалася міжусобіцамі (асабліва ў 17 ст.) і росквітам гандлю рабамі. Цар Саламон I [1752—84] здолеў умацаваць царскую ўладу. Ён забараніў гандаль рабамі, імкнуўся да аб’яднання Зах. Грузіі. У 1757 пасля шматгадовай вайны з туркамі атрымаў перамогу, у 1758 заключыў ваен. саюз з царом Картлі Іракліем ІІ. Паводле Кючук-Кайнарджыйскага міру 1774 адменена даніна Турцыі. З 1804 пад пратэктаратам Расіі. З 1811 Імерэцінская вобл. Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМІГРА́ЦЫЯ (ад лац. immigrare усяляцца) насельніцтва, уезд у краіну грамадзян інш. дзяржавы на пастаяннае або часовае пражыванне. Вызначаецца шэрагам прычын: эканамічнымі (увоз рабочай сілы або ўезд у краіны з больш спрыяльнымі ўмовамі працы ці больш высокім жыццёвым узроўнем і інш.), ваеннымі (захоп чужых зямель і іх ваен. каланізацыя), палітычнымі (уцёкі ад паліт., нац., расавых, рэліг. і інш. праследаванняў). І. іграла важную ролю ў засяленні некат. частак свету і фарміраванні насельніцтва многіх краін. Аказвае істотны ўплыў на дынаміку колькасці насельніцтва, прыводзіць да змяшэння розных этн. груп насельніцтва, у выніку чаго складваюцца новыя нацыі і народнасці. Супрацьлеглае І. — эміграцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНІЦЫІ́РУЮЧЫЯ ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
першасныя выбуховыя рэчывы, якія лёгка ўзрываюцца пры нязначных цеплавых і мех. (удар, трэнне) уздзеяннях з вылучэннем энергіі, дастатковай для загарання ці дэтанацыі брызантных выбуховых рэчываў.
Адрозніваюць індывідуальныя І.в.р. (у тэхніцы выкарыстоўваюць пераважна тэтразен, грымучую ртуць, азід свінцу) і сумесевыя, якія акрамя І.в.р. маюць інш. кампаненты. Выкарыстоўваюць у ваен. тэхніцы і ўзрыўной справе ў выглядзе малых (долі грама) зарадаў, якія змяшчаюць у спец. канструкцыі — т.зв. капсулі-дэтанатары (для ўзбуджэння дэтанацыі) і капсулі-запальнікі (для запальвання порахаў і піратэхн. саставаў). Вытв-сць і абыходжанне з І.в.р. патрабуюць асаблівых мер засцярогі з-за магчымасці выбуху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 2.5.1947, в. Новая Вёска Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (1993), праф. (1994). Скончыў БДУ (1969), дзе і працуе. Адначасова ў 1986—94 у апараце Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь, з 1994 у Асацыяцыі камерцыйных банкаў Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па сістэмным аналізе, аптымальным кіраванні, макраэканоміцы, інфарм. тэхналогіях. Распрацаваў шэраг камп’ютэрных сістэм для аналізу, экспертызы і прагнозу развіцця ваен.-эканам. сітуацый.
Тв.:
Дискретная оптимизация. Мн., 1977;
Матроиды в дискретной оптимизации. Мн., 1987, Анализ финансового состояния банка. Мн., 1998 (разам з І.Ц.Шыбека).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Васіль Іванавіч) (18.7.1898, в. Філіпава Бутурлінскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 25.5.1968),
удзельнік баёў у Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), маршал артылерыі (1955). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20 на Зах. фронце. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Сталінградскім, Данскім, Цэнтр., Бел. і 1-м Бел. франтах. Пад яго кіраўніцтвам у Бабруйскай аперацыі 1944 быў выкарыстаны метад артыл. падтрымкі — двайны агнявы вал. Аўтар кніг «На пераломе» (1962), «Артылерыя, агонь!» (2-е выд., 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЕ́Й (Марат Іванавіч) (10.10.1929, в. Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 11.5.1944),
піянер-партызан.
Герой Сав. Саюза (1965). У Вял.Айч. вайну з ліст. 1942 у партыз. атрадзе «25 год Кастрычніка», са жн. 1943 разведчык штаба 200-й партыз. брыгады імя К.К.Ракасоўскага Мінскай вобл. У снеж. 1943 здабыў ваен. карты і планы камандавання праціўніка. 11.5.1944 пры выкананні баявога задання каля в. Хароміцкія Уздзенскага р-на К. быў акружаны карнікамі. Адстрэльваўся да апошняга патрона, потым гранатай падарваў сябе і гітлераўцаў, якія наблізіліся да яго. Пахаваны на радзіме, дзе ў 1987 створаны мемарыял. У Мінску К. пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў (Пётр Міхайлавіч) (24.7.1893, в. Залесная Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 17.4.1944),
генерал-лейтэнант (1944), Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. гвардыі з 1917, потым у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1926). У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Паўн.-Каўказскім і Цэнтр. франтах: нам. камандуючага, камандуючы арміяй, камандзір корпуса. Вызначыўся ў баях за Дняпро на Пн ад Кіева: у вер. 1943 корпус пад камандаваннем ген.-м. К. з ходу фарсіраваў раку, захапіў плацдарм і забяспечыў пераправу часцей арміі. У пас. Гарачаводскі Стаўрапольскага краю яму пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВІ́С ((Lavisse) Эрнест) (17.12.1842, Ле-Нув’ён-ан-Цьераш, Францыя — 18.8.1922),
французскі гісторык. Чл.Франц. акадэміі (1892), праф. Сарбоны (1888). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1865), у 1904—19 яе дырэктар. Пасля паражэння Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71 вывучаў гісторыю Германіі, пераважна Прусіі, спрабуючы знайсці тлумачэнне яе ваен. і паліт. поспехам. Адзін з рэдактараў (з А.Рамбо) і аўтараў калект. прац «Сусветная гісторыя з IV ст. да нашага часу» (т. 1—12, 1893—1901), «Гісторыя Францыі са старажытнасці да рэвалюцыі» (т. 1—9, 1903—11) і «Гісторыя сучаснай Францыі ад рэвалюцыі да міру 1919» (т. 1—10, 1920—22).