польскі лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнавец. Акад. Акадэміі ведаў у Кракаве (1887, чл.-кар. 1877). Скончыў Маскоўскі ун-т (1857). Вучыўся ў Парыжы і Гайдэльбергу (1857—59), у Брусельскай кансерваторыі (1859—60). У 1871—82 жыў і працаваў на Беларусі ў маёнтках Подзітва (Воранаўскі р-н) і Вішнеў (Смаргонскі р-н). З 1882 у Гайдэльбергу, Дрэздэне, Празе, з 1887 у Варшаве. Аўтар лінгвістычных прац «Слоўнік польскай мовы» (т. 1—8, 1900—27, у сааўт.), «Слоўнік польскіх гаворак» (т. 1—6, 1900—11; закончыў Ян Лось), «Слоўнік выразаў замежнага і малавядомага паходжання...» (А—К, 1894—97). Важнейшыя гіст., філас. і музыказнаўчыя працы: «Дон Карлас, каралевіч іспанскі» (1867), «Нарыс жыцця і творчасці Станіслава Манюшкі» (1884—85), «Міфалогія і філасофія» (1899). З 1868 збіраў і запісваў бел.нар. казкі і інш. фальклорна-этнагр. матэрыялы. Распрацаваў «Дапаможнік для збіральнікаў народных твораў» (1871). Аўтар прац «Найноўшыя даследаванні паданняў і іх зборы» (1883), «Польская хата» (1884), «Сістэматыка песень польскага народа» (1889—95). У кн. «Народныя паданні і казкі, сабраныя ў Літве» (1887—88) змясціў у перакладзе на польск. мову больш за 80 бел. легенд, паданняў і казак, якія запісаў у Свянцянскім, Лідскім і Навагрудскім паветах. У 1889 і 1891 запісаў для М.Федароўскага больш за 500 мелодый бел.нар. песень (больш за 300 апубл. ў працы Федароўскага «Люд беларускі», т. 5—6, 1958—60). Заснавальнік (1887) і рэдактар (1888—99) час.«Вісла», у якім друкаваў бел. фальклорна-этнагр. матэрыял. Прызнаваў за беларусамі права на самаст. развіццё, заклікаў вучоных даследаваць бел. мову, фальклор, нар. побыт. Перапісваўся з бел. вучонымі А.Гурыновічам, М.Янчуком, У.Вярыгам, Федароўскім і інш. Сябраваў з Ф.Багушэвічам. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на працы бел. вучоных.
Літ.:
Кісялёў Г. Францішак Багушэвіч і Ян Карловіч // Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв). Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ ГЛЕБ,
працэс насычэння глебы забруджвальнікамі ў колькасцях і канцэнтрацыях, якія перавышаюць здольнасць глебавых экасістэм да іх уключэння ў біял. кругаварот. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.г. і забруджванне антрапагеннае. Прыроднае выклікаецца стыхійнымі сіламі і мае рэгіянальны або лакальны характар (напр., у выніку рассейвання вулканічнага попелу, пры пылавых бурах, паводках і інш.). Найб. пашырана антрапагеннае З.г., выкліканае гасп. дзейнасцю чалавека.
Асн. забруджвальнікі глебы — патагенныя мікраарганізмы (узбуджальнікі сібірскай язвы, батулізму, дызентэрыі, тыфу і інш.), металы (жалеза, медзь, цынк, ртуць і інш.) і іх злучэнні, сродкі хімізацыі сельскай гаспадаркі (гербіцыды, пестыцыды. мінер. ўгнаенні), радыеактыўныя элементы, дэтэргенты, дэфаліянты, нафтапрадукты і інш. Паступленне забруджвальнікаў у глебу з быт. адходамі, выкідамі прам-сці, транспарту, сельскай гаспадаркі мяняе ход глебаўтваральнага працэсу (часцей у бок тармажэння), уплывае на фіз,хім. ўласцівасці глебы, здольнасць яе да самаачышчэння, вядзе да назапашвання забруджвальнікаў у раслінах: небяспечныя хім. элементы і прадукты іх пераўтварэння могуць трапляць у арганізм жывёл і чалавека. Большая ч. ўсіх адходаў акумуліруецца ў паверхневым (3—5 см) пласце глебы, больш за ўсё шкодных рэчываў намнажаецца ў паніжаных месцах, на ўзгорыстых і горных мясцінах, у поймах рэк таксічных рэчываў застаецца менш (вымываюцца патокамі вады). Маштабы З.г. у наш час набылі глабальны характар: тэхнагеннае паступленне жалеза на паверхню Зямлі перавышае натуральнае больш як у 10 разоў, медзі ў 26, цынку ў 15; для аховы ўраджаю с.-г. культур выкарыстоўваецца больш за 900 хім. злучэнняў; штогод у свеце назапашваецца каля 20 млрд.т аргана-мінер. і мінер. адходаў, з мінер. ўгнаеннямі на палі ў глебу ўносіцца каля 60 млн.т азоту, фосфару і калію, каля 4—5 млн.т пестыцыдаў.
На Беларусі найб. колькасць вытв. забруджванняў прыпадае на прадпрыемствы хім. прам-сці. У глебавым покрыве вакол гарадоў Гомель, Гродна, Магілёў, Мазыр, Наваполацк адзначаны павышаныя колькасці сярністага ангідрыду, вокіслаў вугляроду, азоту, цяжкіх металаў. У р-не г. Салігорск назіраецца засаленне глебы адходамі калійнай вытв-сці. Папярэджанне З.г. — адна з асн. задач аховы глебаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЦЬМЕ́ННІ,
астранамічныя з’явы, пры якіх нябесныя свяцілы часткова або поўнасцю робяцца нябачнымі. Адбываюцца з-за таго, што больш далёкае ад Зямлі нябеснае цела закрываецца больш блізкім, ці таму, што на адно нябеснае цела падае цень другога. Да З. адносяць сонечныя і месяцовыя З., а таксама закрыцці зорак і планет (Месяц пры руху закрывае зорку ці планету), праходжанні планет па дыску Сонца (назіраюцца ў Меркурыя і Венеры), З. спадарожнікаў іншых планет, праходжанні ценю спадарожніка па дыску планеты і інш. Звесткі аб момантах З. і ўмовах іх бачнасці прыводзяцца ў астр. штогодніках.
Сонечныя З. адбываюцца, калі Месяц (у фазе маладзіка), праходзячы паміж Зямлёю і Сонцам, поўнасцю ці часткова засланяе Сонца. Поўнае З. Сонца назіраецца там, дзе на Зямлю падае цень Месяца. Дыяметр ценю звычайна не перавышае 250—270 км. Месяц рухаецца, і яго цень перамяшчаецца і вычэрчвае паслядоўна вузкую паласу поўнага З. Фаза поўнага З. доўжыцца да 7 мін 30 с, найчасцей 2—3 мін. Па-за паласой, куды падае паўцень Месяца, назіраецца частковае З.
Сонца Калі бачны вуглавы дыяметр Месяца меншы за сонечны, назіральнік бачыць кольцападобнае З. У час сонечнага З. даследуюць дынаміку і спектральны састаў атмасферы Сонца, сонечную карону, праводзяць эксперыменты для праверкі эфектаў тэорыі адноснасці па адхіленні прамянёў святла, што ідуць ад далёкіх зорак паблізу Сонца ў полі яго прыцягнення. Месяцовыя З. адбываюцца, калі Месяц (у поўню) і Сонца знаходзяцца з процілеглых бакоў ад Зямлі і Месяц часткова ці поўнасцю трапляе ў цень Зямлі. Назіраюцца адначасова на ўсім паўшар’і Зямлі, павернутым да Месяца. Працягласць поўнага З. Месяца 1 гадз 4 мін, а ўсяго З. ад пачатку да канца — больш за 3 гадз. Месяц поўнасцю не знікае ў час З., а слаба бачны з прычыны сонечнага святла, што пераламляецца ў зямной атмасферы.
Літ.:
Дагаев М.М. Солнечные и лунные затмения. М., 1978.
Н.А.Ушакова.
Схема сонечнага зацьмення: 1 — зона поўнага зацьмення; 2 — зона частковага зацьмення; а, б, в — поўнае, частковае, кольцападобнае зацьменні.Схема зацьмення Месяца.Да арт.Зацьменні. Сонечная карона, сфатаграфаваная ў час сонечнага зацьмення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКІ,
нацыянальны парк у Жыткавіцкім, Петрыкаўскім і Лельчыцкім р-нах Гомельскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай захавання і ўзнаўлення унікальных прыродных комплексаў Палесся, развіцця вытв.-гасп. базы рэгіёна, арганізацыі турызму і адпачынку насельніцтва. Пл. 82,4 тыс.га, у т. л. запаведная 29,2 тыс.га.
У склад парку ўвайшлі тэр.Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка і ўчастак р. Прыпяць з пойменнымі і прыпоймавымі землямі левабярэжжа. Займае ч.Палескай нізіны. Рэльеф раўнінны са шматлікімі паніжэннямі і эолавымі ўтварэннямі. Поймавыя і лесабалотныя комплексы складаюць 95% тэр. парку. Поймавыя (пераважна дробназлакавыя) лугі. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты (у правабярэжнай ч. парку буйнейшы ў Еўропе масіў балот пераходнага і вярховага тыпаў). Расліннасць Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акругі, падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. Лясы займаюць 70% тэр., уключаюць 25 відаў дрэвавых і 33 кустовых парод. Хвойныя, шыракалістыя, драбналістыя вытворныя, лісцевыя карэнныя балотныя і поймавыя лясы з хвоі, бярозы пушыстай і павіслай, дуба, вольхі чорнай, ясеня, асіны, граба, елкі (астраўныя мікрапапуляцыі і прымесь у мяшаных насаджэннях). Сярэдні ўзрост лясоў 70 гадоў. У падлеску ляшчына, рабіна, крушына ломкая, свідзіна, чаромха, вярба, парэчкі. Унікальныя поймавыя дубровы (сярэдні ўзрост перавышае 200 гадоў) і зараснікі вярбы (узрост асобных дрэў больш за 100 гадоў). У флоры 827 відаў вышэйшых раслін, 196 імхоў, 184 лішайнікаў, 321 водарасцей, каля 1000 відаў грыбоў. Зубніца клубняносная, купальнік горны, лілея кучаравая, касач сібірскі, сліва калючая, гарлачык белы, сальвінія плывучая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 50 відаў млекакормячых, 246 птушак, 7 рэптылій, 11 амфібій, 36 рыб, больш за 2 тыс. насякомых. Звычайныя дзік, лось, казуля, бабёр, воўк, ліс, заяц-русак, куніцы звычайная і каменная, выдра, вавёрка, глушэц, цецярук, перапёлка, курапатка шэрая, вадаплаўныя птушкі і інш. Зубр, рысь, барсук, некалькі відаў лятучых мышэй, беркут, скапа, арлан-белахвост, пугач, сыч дамавы, бусел чорны, журавель шэры, гальштучнік, кулік-сарока, бугаі малы і вялікі, марадунка, чайка і крачка малыя, чарапаха балотная і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У П. створаны 2 вольнажывучыя статкі зуброў (завезены ў 1987 і 2000 з Белавежскай пушчы), у якім налічваецца больш за 40 жывёл. Адм. цэнтр П. ў г.п. Тураў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«А́РМІЯ ВЫРАТАВА́ННЯ»
(англ. Salvation Army),
міжнародная рэлігійна-філантрапічная арг-цыя. Засн. ў 1865 у Лондане англ. прапаведнікам-метадыстам У.Бутсам, да 1878 наз. Хрысціянская місія. Дзейнасць арг-цыі пабудавана паводле ваен. прынцыпу (кіраўнік мае званне генерала). У рабоце спалучае пропаведзь Евангелля і практычную сац. службу, накіраваную на аблягчэнне становішча тых, хто церпіць нястачу і мае патрэбу ў дапамозе (арганізацыя грамадскіх сталовак, начлежак, бальніц, школ і г.д.). Дзейнічае ў 96 краінах, налічвае больш за 14 тыс. карпусоў-прыходаў (1994). Штаб-кватэра ў Лондане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АСТРО́Н»,
савецкая аўтаматычная касмічная станцыя для астрафізічных даследаванняў галактычных і пазагалактычных крыніц касм. выпрамянення. Выведзены на арбіту 23.3.1983. Створаны на базе міжпланетнай аўтам. станцыі «Венера», частка навук. апаратуры — сумесна са спецыялістамі Францыі. Арбіта «Астрона» (выш. ў перыгеі 2 тыс.км, у апагеі 200 тыс.км; нахіленне 51,5°; перыяд абарачэння 98 гадз) дае магчымасць больш за 90% часу весці вымярэнні па-за ценем Зямлі і радыяцыйных паясоў. Вывучаліся нестацыянарныя з’явы ў зорках, анамаліі іх хім. саставу, уласцівасці ультрафіялетавага выпрамянення галактык, квазараў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯРЭДУЦЭ́НТЫ (ад бія... + рэ... + лац. duco вяду),
біядэструктары, арганізмы, што кормяцца мёртвым арган. рэчывам і раскладаюць яго на больш простыя неарган. злучэнні (напр., двухвокіс вугляроду, вада, аміяк і інш.), якія потым выкарыстоўваюцца прадуцэнтамі; заключнае звяно ў трафічным ланцугу. Да біярэдуцэнтаў належаць пераважна мікраарганізмы (бактэрыі, сапрафітныя грыбы), сапрафагі, некрафагі і інш. і некат. жывёлы (напр., дажджавыя чэрві), у працэсе жыццядзейнасці якіх адбываецца мінералізацыя арган. рэчываў, — кансументы. Біярэдуцэнты ажыццяўляюць замкнутасць біялагічнага кругавароту рэчываў, удзельнічаюць у працэсах самаачышчэння навакольнага асяроддзя, выкарыстоўваюцца пры біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОРАВАДАРО́ДЫ, бараны, гідрыды бору,
злучэнні бору з вадародам, маюць ад 2 да 20 атамаў бору. Бясколерныя, з рэзкім непрыемным пахам. Боравадароды з 2 і 4 атамамі бору — газы, з 5—9 — вадкасці, з 10 і больш — крышт. рэчывы.
Раствараюцца ў арган. растваральніках. Хімічна актыўныя: на паветры акісляюцца, могуць самазагарацца, з вадой утвараюць борную кіслату, схільныя ўтвараць комплексныя злучэнні. Атрымліваюць піролізам дыбарану. Перспектыўныя для атрымання звышчыстага бору, тэрмаўстойлівых палімераў, проціпухлінных прэпаратаў, легіравання розных матэрыялаў. Таксічныя, дзейнічаюць на дыхальныя шляхі, ц. н. с., ныркі, печань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТЧЫКАЎ (Генадзь Іванавіч) (10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),
удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЛЬ, капялюш,
мужчынскі галаўны ўбор беларусаў. Плеценыя з саломы, мятліцы, лазы, чароту брылі насілі летам, валеныя, лямцавыя — у любую пару года. Разнастайнасцю прыёмаў пляцення, тонкасцю паверхневай структуры вызначаліся саламяныя брылі, якія плялі звычайна са сцяблоў жыта (у зубчыкі ці прама) і прашывалі суравымі ніткамі ці конскім воласам. Святочныя брылі паверх палёў абвязвалі каляровай тасьмой і ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі. Валеныя, лямцавыя брылі формай і памерамі амаль не адрозніваліся ад саламяных, аднак аздабленне іх было больш сціплае.